Пра доктара Юльяна Цітыюса
Доктар Юльян Цітыюс (1819–1898), сын віленскага рэстаратара Аўгуста Цітыюса (? –1839), быў у Вільні вельмі вядомай асобай. Працаваў ён у віленскіх шпіталях Савічы і св. Якуба, быў членам Віленскага дабрачыннага і Віленскага медыцынскага таварыстваў. З'яўляўся вядомым калекцыянерам. Пасля заканчэння Віленскай медыцынскай акадэміі Цітыюс вучыўся ў самых вядомых прафесараў у Празе, Лондане і Вене. Пасля вяртання ў Вільню ён ужываў самыя перадавыя метады лячэння, заслужыў давер, любоў і ўдзячнасць пацыентаў. Юльян Цітыюс лячыў не толькі заможных, але і бедных пацыентаў і не проста бясплатна, але нават часта сам матэрыяльна падтрымліваў іх.
Падаю мой пераклад артыкула Чэслава Янкоўскага пра Цітыюса.
Др. Цітыюс
Чэслаў Янкоўскі
Ад перакладчыка: У тэксце не згадваюцца ўспаміны доктара Цітыюса, падобна, ён пісаў іх тайна і не для ўсіх, але, здаецца, Янкоўскі часткова пераказвае ўспаміны доктара, якія, верагодна, праглядаў у рукапісе.
Па-сапраўднаму незвычайны юбілей святкаваўся ў гэтыя дні на рацэ Вілія. Можна сказаць, што гэта не «доктар Цітыюс» двойчы адзначыў паўвекавыя юбілеі 27 верасня 1890 і 12 верасня 1895 года — першы — сваёй медыцынскай кар'еры, другі — свайго членства ў віленскім Імператарскім лекарскім таварыстве, а сам горад адзначыў паўвекавы юбілей самага цёплага сяброўства, якое аб'яднала яго з гэтым высакародным, нястомным і невычэрпным чалавекам.
Др. Цітыюс! Якое працяглае і змястоўнае жыццё! Хто са старэйшых не ведаў яго, а хто з маладзейшых пра яго не чуў! Характэрная, незвычайная і заўсёды надзвычай сімпатычная постаць лекара-філантропа, цесна злучаная з дзесяцігоддзямі віленскай гісторыі, увесь час прысутнічае ў ёй, праходзіць праз усе сацыяльныя класы — ад самых вытанчаных салонаў і сфер, якія кіруюць лёсамі края, да шэрых натоўпаў беднякоў, якіх ён палюбіў усім сэрцам, якім прысвяціў сябе і якія і сёння горнуцца да яго, як да непаўторнага і неадменнага апекуна і абаронцы.
Сёння, не практыкуючы больш, ён пакінуў свае дзверы адчыненымі для натоўпу самых бедных, для гэтых «пацыентаў доктара Цітыюса», якія запаўняюць яго калідор, а часта і яго кабінет з хваробамі ў сваіх знясіленых целах і просьбамі на вуснах. І бадзёрая, маленькая, кволая постаць паўвекавога члена Дабрачыннага таварыства і прэзідэнта розных іншых дабрачынных супольнасцяў, жвава мітусіцца паміж гэтых пацыентаў, покуль не задаволіць усіх і кожнага. Усё змянілася вакол апошняга з жывых зараз выпускнікоў Віленскай медыцынска-хірургічнай акадэміі, якая існавала яшчэ дзесяць гадоў пасля медычнага факультэту Віленскага ўніверсітэта — засталіся нязменнымі толькі прылівы і адлівы пакут і нядолі на яго парозе…
Сёння заслужаны і спрактыкаваны лекар усё часцей застаецца ў цішы свайго кабінета, сапраўднага музея, напоўненага памяткамі доўгага і цікавага жыцця. Тут са сцяны на яго глядзіць са старанна выгравіраванага партрэта адзін з заслужаных продкаў віленскага самотніка — dominus Готліб Герхард Цітыюс, рэктар Ляйпцыгскай акадэміі ў канцы XVII стагоддзя. Пад рукой заўсёды знаходзяцца навуковыя працы Яна Цітыюса, рэктара гданьскіх школ у часы Сабескага, таго, хто сустрэў пераможцу пад Венай такім красамоўным і, як гістарычны дакумент цікавым, словам. Тут жа знаходзяцца ўспаміны яго дзеда Фрыдрыха, які прыехаў у Вільню з Саксоніі ў канцы XVIII стагоддзя, аднаго з заснавальнікаў Віленскага дабрачыннага таварыства, у якім яго ўнук потым адыграў такую ганаровую ролю. Тут, у каштоўных, бо старадаўні антыкварыят, сталах і шафах, ляжаць аўтографы Манюшкі, вершы Сыракомлі, лісты Лелявеля, лісты галоўных медыцынскіх аўтарытэтаў Еўропы, з якімі доктар Цітыюс меў цесныя стасункі, памятныя рэчы Крашэўскага і Каржанеўскага, калег па працы і самых блізкіх сяброў, любімых пацыентаў, сяброў, асоб, з якімі адбыліся незабыўныя, выпадковыя знаёмствы ці хвіліны радасці пасля дзён суму… І паўсюдна пануе парадак, саксонская чысціня і наша сардэчнасць разам са старадаўняй гасціннасцю высакароднага гаспадара.
Каля вокнаў кусты, зеляніна якіх не зацемнена ніякім пылам. На стале перад намі свежыя альпійскія фіялкі ў вазоне сярод стосаў пажоўклай паперы і старасвецкіх тэчак, яны квітнеюць як сімвал невылечнага рамантыка, якім доктар Цітыюс застаецца і сёння. Божа мой, ці ж гэты студэнт Шонлайна ў Берліне, Тота ў Лондане, Апольцара ў Празе і Пірагова ў Санкт-Пецярбургу, не дэкламаваў вершы Міцкевіча на гары Біруты ў 1846 годзе разам з… пані Марыляй Путкамероўнай! (У Путкамераў не было дачкі з імем Марыля, пэўна гэта была ці Караліна ці Зоф'я з Путкамераў. — Л. Л.). І ці не дзіўна, што столькі жаночых вобразаў засталося ў памяці доктара і пачуцці да іх яшчэ не згаслі ў ім?
І самыя даўнія ўспаміны гаспадара звязаны з Антокалем. Там, у гэтым знакамітым прадмесці, у віле, ці па-старому «ў двары» «Тывалі», нарадзіўся др. Юльян Цітыюс. Тут ён правёў сваё дзяцінства пад пільным вокам любай маці. Антоні Гарэцкі быў частым госцем, і там жа сённяшні юбіляр пазнаёміўся з паэзіяй Міцкевіча па кнізе першага выдання, падоранага самім аўтарам пані Цітыюсавай.
— Памятаю, — аднойчы сказаў ён, — Як быццам гэта было ўчора, урачыстае святкаванне імянін Андрэя Снядэцкага. Гэта было… о так, гэта было ў 1837 годзе. Зал клінікі ўвесь у кветках і сярод іх белы бюст імянінніка. Размаўлялі на лаціне, а потым Адам Пянкевіч, студэнт апошняга курса, палка прачытаў верш, які заканчваўся так:
Штодзень знікае старая сістэма,
Штодзень нас вучаць новай,
Але Капернік застаецца,
І жыве навука Снядэцкага!
Шаноўны юбіляр мае выключную памяць і добра памятае былыя падзеі.
— Каржанеўскі? (Аўтар твора: Korzeniowski Józef. Wędrówki oryginała. Wilno, 1848. — Л. Л.) Ён прыехаў у Вільню ў 1849 годзе, каб канкурыраваць з Крашэўскім. Утварылася два лагеры — кабеты сталі мурам за Каржанеўскага, а мы, мужчыны, былі на баку Крашэўскага. Памятаю, як я магу гэтага не памятаць? Госця сустракалі шумна і сардэчна. Жонка Габрыэля Агінскага, пані Каміла Слізьнёва, пані Матыльда Бучынская з Гюнтараў (Старэйшая сястра мемуарысткі Габрыэлі Пузыні з Гюнтараў. — Л. Л.), ладзілі для яго цудоўныя вечарыны. Адынец з жонкай прымалі яго ў сваёй летняй кватэры за горадам, Балінскі запрасіў у Яшуны, а я ў гонар Каржанеўскага арганізаваў аматарскі тэатр.
Трэба ведаць, што доктар Цітыюс ў свой час быў абаронцам, прадстаўніком і ў нейкай ступені, кіраўніком гарадскога тэатра. Ён любіў гэтую інстытуцыю.
І з туману ўспамінаў гэтага апошняга з апошніх нашых сведкаў столькіх падзей, у якіх ён часта адыгрываў не апошнюю ролю, выплываюць эпізод за эпізодам, постаць за постаццю.
Вось 1848 год. Прызначэнне лекарам першага класу і праз некалькі гадоў выезд за мяжу. Вучоба ў Берліне, Лондане, спатканне і сяброўства ў Дрэздане з Каралем Ліпінскім, вучоба ў Празе і сустрэчы там з Шафарыкам (Павел Ёзеф Шафарык (1795–1861) — чэшскі і славацкі філолаг, гісторык, паэт, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху. — Л. Л.), Палацкім (Францішак Палацкі (1798–1876) — чэшскі гісторык, філосаф і палітычны дзеяч, «бацька чэшскай гістарыяграфіі». — Л. Л.), Ганкам (Вацлаў Ганка (1791–1861) — чэшскі філолаг і паэт, дзеяч нацыянальнага адраджэння. Вядомы як складальнік фальшывых Краледворскага і Зеленагорскага рукапісаў, якія, верагодна, натхнілі Тэадора Нарбута на складанне аналагічных фальшывак. — Л. Л.). Потым жыццё у Вене, якая весела бавілася пад уладай Метэрніха. Вяртанне ў Вільню праз паўночную Італію і пачатак медыцынскай практыкі ў шпіталі Савіч. Далей, вялікая практыка ў самых арыстакратычных колах, і паралельна пачатак філантрапічнай дзейнасці. Потым былі частыя паездкі ў Пецярбург, а ў 1856 годзе знакаміты баль шляхты Ковенскай, Гарадзенскай і Віленскай губерняў для генерал-губернатара Назімава. Блізкае знаёмства з гэтым саноўнікам паклала пачатак стасункаў Цітыюса з усімі наступнымі начальнікамі края, адносна якіх яго трапны і аб'ектыўны суд павінен калі-небудзь вызначыць стаўленне да іх гісторыкаў.
Потым другое падарожжа за мяжу, падчас якога ён сустрэўся ў Бруселі з Лелявелем, а ў Парыжы з такімі медыцынскімі аўтарытэтамі як Нелатон, Рыкард і Трусо. Асабліва з апошнім з іх доктар Цітыюс меў сяброўскія, шматгадовыя стасункі, якія адлюстроўваюцца ў лістах яго папярэдніка Шарко, лістах настолькі прыгожых, што толькі абмежаваная прастора не дазваляе нам прывесці некаторыя з іх ва ўсім іх багацці.
Далей усё больш руплівая і шырокая медыцынская дзейнасць у віленскім шпіталі св. Якуба і незвычайная папулярнасць, якая супала з памятным прыездам імператара Аляксандра ІІ у Вільню ў 1857 годзе. Яго сустракалі з энтузіязмам, праявай якога стала ўручэнне манарху праўленнем Віленскага музея старажытнасцяў памятнай кнігі са знакамітай вершам Адынца і творамі Ходзькі, Кіркора і Маліноўскага.
Ад'езд Манюшкі ў Варшаву і страта сардэчнага сябра, адкрыццё Панарскага тунэля на Варшаўска-Пецярбургскай чыгунцы. Выезд у навуковых мэтах за мяжу ў 1862 годзе, сустрэчы са шматлікімі прадстаўнікамі польскай, рускай і французскай арыстакратыі, з князем Пятром Вяземскім і Бібікавым, з паэтам Цютчавым у Дрэздане 1864 года. Хто зможа пералічыць усіх дзяржаўных дзеячаў, магнатаў, мастакоў, якіх памятае гэты віленскі доктар, сам добра адукаваны мастак-аматар.
І на тле гэтых падзей, колькі было постацяў, з якімі сённяшні юбіляр меў стасункі, як з пацыентамі ці як з сябрамі? Пацыенты доктара Цітыюса? Сярод іх былі і арцыбіскуп Жылінскі і мітрапаліт Сямашка, які бываў у яго Трынаполі каля горада. Колькі іх было, прасцей сказаць, хто з вядомых постацяў таго часу ў Вільні не быў яго пацыентам! І вочы Сыракомлі заплюшчыў доктар Цітыюс разам з доктарам Вікшэмскім 15 верасня 1862 года. А калі, дзякуючы клопату двух доктараў Юльянаў (Цітыюса і Машынскага), у 1853 годзе бедны «вясковы лірнік» ачуняў пасля цяжкай пнеўманіі, дык напісаў пра іх верш.
А яго ўспаміны пра грамадскае жыццё ў 1850-я гады, анекдоты, характэрныя рысы і паводзіны людзей, якія збіраліся ў віленскіх салонах Сапегаў, пані Дароты Лапацінскай, Феліцыі гр. Плятэравай, гр. Несялоўскай, апошняй Пацоўны, кн. Агінскай, Слізняў, гр. Тышкевічавай (жонкі Міхала), Снядэцкай з Сулістроўскіх, пані Зоф'і Балінскай, Беніслаўскіх і г. д. Гэта сапраўдная галерэя постацяў складаецца з цікавых успамінаў чалавека, які і сам пакінуў пасля сябе самую добрую памяць. Свае і чужыя любілі яго, цанілі і шанавалі. Ён прайшоў столькі жыццёвых дарог, прайшоў праз разрывы сяброўскіх стасункаў, столькі часу патраціў на лекарскую практыку і дабрачынную філантрапічную працу і ўсё сваё жыццё быў патрэбным, карысным і любімым — і ў палацах, і ў хатках.
Калегі юбіляра, жадаючы выказаць ўсеагульную павагу і ўдзячнасць, прысвяцілі сесію Віленскага імператарскага лекарскага таварыства ў верасні 1890 года юбілею доктара Цітыюса, на якой доктар Бялінскі красамоўнымі і гарачымі словамі апісаў біяграфію і прафесійную кар'еру заслужанага лекара. Гэтая справаздача была апублікавана і далучана да пратакола згаданай сесіі. У лютым гэтага ж года, з нагоды пяцідзесяцігоддзя ўступлення доктара ў вышэйзгаданае медыцынскае таварыства, яно вырашыла ўзнагародзіць Цітыюса дыпломам ганаровага пажыццёвага прэзідэнта лекарскага таварыства. Такая адзнака доктара Цітыюса, бадай што, адзіная ў гісторыі не толькі віленскага але і іншых навуковых таварыстваў.
Грамадскасць, сярод якой было і некалькі аднагодкаў юбіляра, паспяшалася з самых далёкіх куткоў, каб далучыцца да ўрачыстага свята і выказаць свае пачуцці выдатнаму лекару. Новае пакаленне вяртала доўг удзячнасці ад імя сваіх папярэднікаў. Старонкі часопісаў не маглі не расказаць пра гэтае свята, хаця б таму, што пяро журналіста часта трымаў і сам доктар-юбіляр. І варта было б расказаць пра яго захапленне археалогіяй і пра паслугі, якія ён аказаў і да гэтага часу працягвае аказваць прыватным і дзяржаўным калекцыям. Але сёння, дзякуй Богу, яшчэ не час складаць поўную біяграфію доктара Цітыюса. Маючы яго сярод нас, мы жадаем яму толькі доўгіх гадоў жыцця і невычэрпных сіл!
На вышэйзгаданым сходзе таварыства, адказваючы на выступы калег, доктар Цітыюс з уласцівай яму сціпласцю і цеплынёй сказаў, задаволены тым, што ў жыцці змог зрабіць больш і лепш, чым насамрэч меў магчымасцяў, і завяршыў сваю прамову словамі, якімі кіраваўся ўсё жыццё: «Няхай найвышэйшай ўзнагародай для нас будуць слёзы ўдзячнасці ўбогіх».
Cz. J. [Чэслаў Янкоўскі] Dr. Titius // Tygodnik Ilustrowany 1895. №14. S. 227–228.
* * *
Ніжэй падаецца пераклад успамінаў доктара Цітыюса, якія друкаваліся ў 1922 г. у віленскім «Пшэглёндзе Віленскім» і каментары Уладзіслава Талочкі (1887— 1942) да часткі ўспамінаў віленскага доктара, якія надрукаваны ў тым жа выданні.
Перакладчык і складальнік кнігі Леанід Лаўрэш
З успамінаў д-ра Юльяна Цітыюса
Ад рэдакцыі «Пшэглёнда Віленскага»:
Пра ўспаміны д-ра Юльяна Цітыюса (1820–1898) напісаў др. Юзаф Бялінскі ў №10 «Тыгодніка Віленскага» за 1911 г. Успаміны Цітыюса — фаліянт у 42 аркушы ў скураной вокладцы, напісаны добрым почыркам, захоўваецца ў бібліятэцы імя Урублеўскіх. Успаміны ахопліваюць значную частку XIX ст., змяшчаюць цікавыя матэрыялы пра незвычайна разгалінаваныя стасункі папулярнага ў Вільні лекара і маюць не толькі аўтабіяграфічную, але і гістарычную каштоўнасць. Не чакаючы поўнага выдання гэтых мемуараў, пачынаем друкаваць цікавыя фрагменты ў храналагічным парадку, так, як іх запісваў сам аўтар.
Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша
1.
1838 г. памятны тым, што вясной памёр слаўны доктар і прафесар Віленскай акадэміі Андрэй Снядэцкі, брат астранома Яна Снядэцкага, які шэсць гадоў быў рэктарам універсітэта і памёр, здаецца, у 1830 г.
Імяніны Андрэя студэнты апошні раз святкавалі ў 1837 г. у мурах клінікі, дзе ён выкладаў практычную медыцыну. Зала была аздоблена пальмамі і кветкамі, і сярод іх стаяў бюст шаноўнага віноўніка свята. Выступалі на лаціне, але апошняя прамова студэнта старэйшага курса Адама Пянкевіча была імправізацыяй, якая пачыналася наступнай страфой:
Штодзень даўні ўклад знікае,
Штодзень да новага заве,
Ды сістэма Каперніка трывае,
Ды тэорыя Снядэцкага жыве.
Прычынай яго смерці была язва на карку. Ганаровае пахаванне ў касцёле св. Яна. Знакаміты прамоўца кафедры, ксёндз Людвік Трункоўскі, сказаў прамову, а труну вучні неслі ажно да Вострабрамскай рагаткі, дзе яе паклалі на воз і павезлі ў маёнтак Болтупі ў Ашмянскім павеце. У памяць пра Снядэцкага, злева ад паштовага тракту, студэнты насыпалі курган. Было мала рук і часу, таму гэты курган не стаў сапраўдным помнікам пасярод суседніх пагоркаў.
Калі імправізаваная праца падыходзіла да канца, пайшоў вясенні дождж і ўдарылі маланкі. Тлум асоб рознага ўзросту, полу і стану хутка вярнуўся ў горад.
Анекдот па тэме.
Была тады ў Вільні пры Акадэміі тыповая і папулярная ў горадзе рэстарацыя панны Ганны Хольснер. У зале шмат гасцей. Уваходзіць тоўсты пан, бландзін з вусамі і ў віц-мундзіравым фраку і падае ў крэсла, выціраючы пот з румянага твару. Вітае знаёмых і кажа: «Але і змучыўся! Спачатку сагрэўся, а потым дождж мяне заліў. Ажно за горад праводзіў калегу».
На гэта адзін з сучаснікаў, хуткі і праўдзівы, не апошні ў Вільні чалавек (Шкультэцкі) адказаў: «Ты — асёл, калі называеш Снядэцкага сваім калегам. Не кажы так, бо ўсе будуць смяяцца». «Брава, Шкултэцкі!», — закрычалі ўсе тыя, хто вяртаўся з пахавання.
Нефартунны ягамосць аднак усё ж у нейкім сэнсе быў калегам, бо выкладаў студэнтам акадэміі курс… коннай язды, г. зн. быў прафесійным бярэйтарам. Ён заўсёды насіў прафесарскі віц-мундзір, прозвішча яго было Хебах, і паходзіў ён з Кракава.
1844. У траўні, падчас прыезду ўдзельнікаў на так званыя кантракты, інтэлігентныя аматары давалі дабрачыннае тэатральнае прадстаўленне ў Вялікім тэатры які знаходзіўся на Віленскай вуліцы. Тады гралі камедыю графа Ал. Фрэдры «Помста». Прыпамінаюцца былыя ўніверсітэцкія часы. Каля 1820 г. аўтар — арыстакрат адмыслова напісаў свой твор у 5 ці 6 актах. У горадзе распаўсюдзіліся лісты з не зусім прыстойным вершыкам:
Перад святасцю намеру хай укленчыць кожны,
Для любові бліжняга і… паплакаць можна.
З часам існаванне тэатра пачало камусьці муляць. Было вырашана ўжываць рускую мову разам з польскай і з даходаў горада заплаціць на гэта 3000 руб. Але цывільны губернатар пажадаў купіць гэты тэатр і патрабаваў не малых рэпарацый у памеры 12 ці 14 тысяч рублёў за гмах і плошчу перад ім. Гаспадыня (Кажынская) не пагадзілася, і яе зяць хутка перарабіў верхні паверх тэатра ў кватэры, а ніжні ў аптэку (Мікутовіча) і крамы.
Паўвека гэта быў дом муз. Пабудаваны Мараўскім у 1796 г. і прададзены яго ўдавой знакамітаму акцёру і антрэпрэнёру Мацею Кажынскаму, які са сваёй віленскай операй ездзіў у Пецярбург і Маскву. Першы публічны тэатр у Вільні адчыніў слаўны Войцех Багуслаўскі ў 1785 г. у палацы Аскеркі, які потым быў перароблены Мікалаем Абрамовічам і набыты для віленскіх губернатараў.
1846. Адкрыццё дзяржаўнага польска-рускага тэатра ў вялікай зале Ратушы, дзе адбываліся соймікі і канцэрты.
Цывільны губернатар Жарабцоў чынна гэтым займаўся. У абодвух канцах зала былі збіты каланады, усталявана сцэна і на слупах зроблена ложа. Вось ужо паўвеку, на шчасце, не было пажару, і тая ложа ўсё гэтак жа трымаецца на драўляных слупах.
Пра гэты зал з захапленнем успамінаў у Дрэздане слаўны скрыпач Караль Ліпінскі, і ўсе спявачкі таксама хвалілі цудоўную акустыку. Тут горад даваў баль для цара Аляксандра І.
1848. Зачынены заслужаны інстытут спадарыняў Герман, у якім шмат бедных дзяўчатак бясплатна атрымала адукацыю. Гэтыя шляхетныя людзі сталі ахвярай інтрыг.
Год запомніўся страшнай халерай улетку.
1851. 17 кастрычніка смерць пачцівага прафесара Віленскага ўніверсітэта, а потым Віленскай акадэміі Фелікса Рымкевіча. Меў незвычайную памяць. Слаўны Андрэй Снядэцкі называў яго «ходнай бібліятэкай».
Пасля смерці Снядэцкага Рымкевіч быў абраны дырэктарам клінікі ўнутраных хвароб, а пасля забароны ўніверсітэта і акадэміі не прыняў прапановы працаваць у іншых універсітэтах. З Абіхтам меў братэрскае сяброўства з маладосці да труны. Калі яшчэ не быў жанаты, разам з ім улетку жыў ў прыгожых Маркуцях. Абодва мелі праўдзівы і лагодны характар. Пагарджалі самым нявінным шарлатанствам і былі ўзорам для цэлага пакалення практыкуючых лекараў, іх глыбока шанавалі, а пад стараць нават любілі.
Дзякуючы ім, я маю свае прынцыпы і веды.
Рымкевіч пасля адпачынку і лекавання ў Бадзе-Кісінгене паехаў лячыцца ў Лондан, але дарэмна, бо рак страўніка невылечны. Абіхт закрыў яму вочы. Халодны быў чалавек, але заплакаў.
1855. 27 траўня шляхта Віленскай, Гарадзенскай і Ковенскай губерняў сустрэла Назімава прыгожым балем у залах дома Мюлера (потым Шышкі, зараз яго зяця Слатвінскага), дзе раней была Рэсурса.
З-за манаршай ласкі мелі вялікую радасць ва ўсім краі, бо цар прыслаў чалавека справядлівага, праўдзівага і сардэчнага. Яшчэ ў 1841 г. ён выявіў інтрыгі некалькіх вышэйшых чыноўнікаў, якія з дапамогай сфальшаваных сведчанняў абвінавацілі мноства заможных і ўплывовых асоб і трымалі іх у вязніцы больш за год.
Назімаў расказаў цару Мікалаю ўсю праўду, і цар, які на пачатку не паверыў, паслаў у Вільню генерал-ад'ютанта Кавеліна, які выпусціў нявінных з турмы. […] Пасля гэтага Назімаў атрымаў чын генерала світы. […]
Калі б на тым вясёлым балі (я быў на ім) знайшоўся нейкі прарок, які б сказаў: «Роўна праз сем гадоў тут у Вільні будуць стаяць шыбеніцы і пацячэ кроў вінаватых і невінаватых. Ухіліцеся ад гэтага, покуль яшчэ магчыма, вы бацькі сямействаў!» — усе палічылі б яго за вар'ята, за шаленца. Аднак ідэі Гарыбальдзі і Мераслаўскага з Варшавы прыйшлі на ціхія вулачкі Вільні. Маладое, недасведчанае пакаленне не паслухала старэйшых, бацькі спрабавалі з імі змагацца, але дэкламацыі, запал і энергія моладзі перамагалі.
Толькі Назімаву Вільня павінна быць удзячнай за чыгуначную лінію, бо па планах французскай кампаніі, каб скараціць шлях, чыгунка на ўчастку ад Пецярбурга да Гародні павінна была абмінуць Вільню. Таксам яму трэба быць удзячным за набярэжную Віліі, сквер каля Кафедры і перанос Берасцейскага кадэцкага корпуса з Масквы ў Вільню. А яго жонцы трэба быць удзячнымі за школу швачак і краўчых, якая атрымала назву Вострабрамскай і ў якой да 50 бедных дзяўчынак вучыліся на поўным утрыманні і мелі навуку за кошт гэтай спадарыні.
2.
1856. На пачатку жніўня я з мітрапалітам Жылінскім выехаў праз Мінск і Бабруйск у Маскву на каранацыю. Па дарозе, у Лебедзеве, у шамбеляна Ц. Цывінскага пазнаёміўся з маладзенькім доктарам Зянонам Цывінскім, які толькі што прыехаў з Масквы, а ў Радашковічах з інтэлігентнай спадарыняй В. Паміж Мінскам і павятовым горадам Ігуменам мы на цэлы дзень спыніліся ў прыгожай і стаўшай нядаўна вядомай рэзідэнцыі Дукоры, маёмасці шматгадовага маршалка Мінскай губерні Оштарпа. Ён быў агульнавядомы сваёй гасціннасцю. Чаго там не было! Уласны аркестр, з Мінска часта прыязджаў польскі тэатр ці конны цырк. Пасля пераносу Віленскай акадэміі ў Кіеў ў Дукоры ціха жыў «як быццам калега» Снядэцкага Хебах, ён служыў настаўнікам коннай язды для трох дачок маршалка.
Дасціпны, але трошкі зласлівы паэт, у старасці страціўшы зрок, аўтар надрукаваных эпіграм Ігнат Легатовіч, увекавечыў гэту рэзідэнцыю двухрадковым вершам:
Па смерці Оштрапа ў Дукоры
Змены значныя прайшлі,
Паны піць перасталі ад учора,
А мужыкі там есці пачалі.
Залатыя купалы «сорока сороков» цэркваў асляпілі нас здалёк. Чароўны від з гары, з якой ішла ўніз дарога. Сонца свяціла нам у спіны і перад сваім заходам асвяціла горад, які раскінуўся перад намі, а іскры золата на купалах мігацелі і блішчэлі так, што трэба было прыжмурваць ці нават заплюшчваць вочы. Толькі адсутнасць сіняга мора, як у Басфоры, падказвала, што перад намі Масква, а не Канстанцінопаль.
У той час была не надта моцная эпідэмія халеры. Але мне давялося лячыць ад халеры нашых землякоў, якія таксама прыехалі сюды: гр. Рэйнальда Тызенгаўза, маршалкаў Дамейку і Станіслава Хамінскага, а таксама Калікста Ажэшку. Усе яны выздаравелі.
Ажэшка і Дамейка як губернскія маршалкі запрашаліся да міністра ўнутраных спраў Ланскога, дзе іх сакрэтна агітавалі за вызваленне сялян. Рускія маршалкі і саноўнікі працівіліся гэтаму, і на іх чале стаяў міністр дзяржаўнай маёмасці Міхаіл Мураўёў. Нашы нагадалі, што віленскія соймікі яшчэ ў 1818 г. хацелі даць сялянам волю, але тагачасны генерал-губернатар соймікі закрыў, а маршалка Міхала Ромера арыштаваў.
На дадзеным нам літаратурным вечары да мяне падышоў нейкі спадар і сказаў: «Вы з Вільні, і мы можам размаўляць па-польску». Гэты быў Каткоў, які праз сем гадоў атрымае вядомасць. Каткоў меў першую жонку польку з Любічанкоўскіх, сястру двух братоў — дактароў. Пасля яе смерці жаніўся з княжной, з якой меў цэлы тузін нашчадкаў.
1857. Падарожжа за мяжу. Меў вялікі смутак. Мой калега па шпіталю св. Якуба і галоўны лекар Юльян Машынскі (бацька сучаснага доктара Стэфана Машынскага), пасля кароткай хваробы (флебіт) памёр. Калі выязджаў з краю, ён праводзіў мяне за горад, потым мы перапісваліся, нават калі я быў у Парыжы. Смерць забрала майго добрага сябра і выдатнага, паважанага грамадствам лекара. Яго смерць зрабіла бессэнсоўнай маю працу ў шпіталі. Паветра там не для мяне. Часу забірала шмат, а аплата малая. Жадалі прызначыць галоўным лекарам мяне, але я не пагадзіўся, тым не менш на працягу года выконваў гэтыя абавязкі. У 1858 г. расстаўся са шпіталем, адпрацаваўшы 8 гадоў у шпіталі ў Савічах (толькі ўнутраныя хваробы) і 8 гадоў у шпіталі св. Якуба (хваробы ўнутраныя і акушэрства). Пасля гэтага заняўся прыватнай практыкай у горадзе.
У тым жа годзе пайшоў у вечнасць заслужаны, светлы і самы папулярны віленскі практык др. Францішак Урублеўскі, некалі ад'юнкт прафесара Франка, чалавек рэдкай сціпласці.
Бесплатный фрагмент закончился.
Купите книгу, чтобы продолжить чтение.