16+
У пошуках S

Объем: 192 бумажных стр.

Формат: epub, fb2, pdfRead, mobi

Подробнее

У пошуках S. Што хаваецца за гэтай літарай? Sandra, self, stalker… Апошнім словам назвала мяне адна журналістка. Інтэрвію зь ёй так і ня выйшла. Ці можна назваць сталкерам таго, хто сутыкнуўся з гостынгам і прагне толькі адной размовы?

Сталкер, які знаходзіцца ў зоне выпраменьваньня згубленага каханьня. Кожны добры чалавек на яго дарозе — новы артэфакт. Гэты сталкер рызыкнуў усім, каб толькі спраўдзіць каханьне. Зрабіў усё дзеля адной сустрэчы…

Тры месяцы незабыцьця

Паціху прыходжу ў сябе. Cяброўства з Вадзімам дало трэшчыну. На пытаньне, што адбывалася ў тыя два дні, як мяне напаілі конскім транквілізатарам, адрэзаў «пра гэта праз год пагаворым». Перастаў тэліць, стаў больш маўклівым. Непераборлівы ў адзеньні, але пераборлівы ў словах. Заўсёды захапляўся яго халодным тэмпэрамэнтам.

Калі я сказаў, што хачу паехаць шукаць S. у Атэны, прыгразіў ігнорам і адзіны сябра. Апанавала адзінота. Побач нікога, апрача Бога.

Раз на тыдзень, часьцей па суботах, еду на ровары ў Сьціклеўскі лес, што адразу за МКАДам. Часам разводжу вогнішча. Сярод дрэў атрымліваецца пачуць тое, што жыве ўнутры. Мая мара зашыцца лесьніком ў глухія Расоны закапалася недзе пад мох сьвядомасьці. Нутро зьмяёй абвіла S.

Як ружанец перабіраю кожны дзень у Італіі, кожнае слова, сказанае й пачутае, а пасьля напісанае й прачытанае.

«Я ніколі не казала, што кахаю цябе, Алесь. Немагчыма пакахаць чалавека за адзін тыдзень. Розныя краіны. Я вырашыла вярнуцца да свайго грэцкага хлопца».

Так. Не казала, але тое казалі твае вочы, твае дотыкі. Як немагчыма, калі я пакахаў. Краіны розныя, але я гатовы ўсё пакінуць дзеля цябе. Добра, вырашыла, але паразмаўляй са мной хаця б па відэа ці тэлефону.

Цішыня. Маўчаньне. Ігнор. Праз тыдзень блок ва ўсіх сацыяльных сетках.

Забыць яе — самы разумны шлях.

Спробы былі марнымі, але былі.


Ціндар

Сустрэча першая. Нейкая дзівачка запрасіла ў рэгі-клюб «Жаваны крот». Аказалася, што гэта быў дзень яе народзінаў і яна там павінна сьпяваць. Куча ейных сяброў, адчуваю сябе на вотшыбе. Нарэсьце яна пачала сьпяваць нейкую лухту пра жоўтыя баціначкі. Лепш бы не пачынала. Падчас другога сьпеву незаўважна зьнікаю.

Сустрэча другая. Сустракаюся з цыцохай, якая спазьнілася на 40 хвілін. Без макіяжу выглядае так сабе. На фота была лепей. Ідзем у той жа «Жаваны крот». На гэты раз сьпявае, дзякуй Богу, не цыцоха, а Андрусь Такінданг. Дзяўчына пастаянна аб мяне трэца. Мне ад гэтага ніякавата. Напэўна хоча ад мяне больш увагі.

— Классно он на балалайке играет.

— Эм… Гэта домбра.

— А…

Сківіцы сьціснула бездапаможная ўсьмешка. Правёў цыцоху да аўтобуса. Яна абняла, я даў сябе абняць.

Сустрэча трэцяя. Цікавая дзяўчына азіяцкай зьнешнасьці. У «Жаваны крот» не пайшлі. Зрабілі трохкутнік ад Нямігі да выспы птушак і да Хінкальні, што за Палацам Рэспублікі. Мелі цікавую размову пра нас, зацюканых і абмежаваных, і пра іх, разьняволеных і бязьмежных. Але…

У маіх мазгах падчас усіх тых патугаў выбіць клін кнілнам была S. Новая дзяўчына не дапаможа забыць тыя гарачыя промні. Яна толькі ўсё ўскладніць. Трэба ехаць у Атэны, трэба ехаць.

Самы танны квіток 250 эўра.

Дзе там жыць і як перасоўвацца?

Ровар.

Ровар? Вар’яцтва!

Заадно праверу, ці сапраўды немагчыма пакахаць за адзін тыдзень. Калі гэта не каханьне, разьвярну ровар і паеду дахаты.

Дзеўбануты рамантык!

Трэба зрабіць усё магчымае, каб пасьля не шкадаваць.

Рацыянальнае ўва мне капітулявала. Стаў плянаваць дарогу, думаць, якія рэчы будуць неабходнымі ў першую, якія ў другую чаргу.

Купіў паходную газьнічку, два газавыя балёнчыкі. Самы танны намёт за 20 эўра. Штодня пракручваў дарогу, штодня плянаваў.

Вагаўся наконт візы: рабіць грэцкую, гішпанскую ці вугорскую. Гішпанскую прапанавала фірма, але б тады прыйшлося спачатку пераплаціць, а пасьля падманваць мытнікаў, што еду ў Гішпанію. Грэцкая была даражэй за вугорскую на 20 эўра, да таго ж не выконваўся прынцып краіны першага ўезду. Да маршруту пасавала вугорская. Заброніў пакой у мястэчку Matula Üdülőház недалёка ад мяжы з Украінай. У консульстве зьдзівіліся, але візу далі. Прыязная дзяўчына папрасіла расьпісаць маршрут не да Грэцыі, а толькі да Вугоршчыны й назад ды зрабіць яшчэ некалькі броняў. Паслухмяна ўсё выканаў. Забіраць пашпарт 13-га траўня.

The Great Cycle Way to the Balkans

Беларусь

Менск


13-га траўня

Шлях у невядомае.


Падчас збораў пошук кожнай патрэбнай рэчы быў як крок праз дрыгву.

— Куда ты собираешься? — халодны матчын голас.

— Да сяброў у Львоў.

— Они тебя ждут?

— Так, я напісаў ім.

— Почему ты не поедешь на поезде?

— Не хачу плаціць.

Выдаю праўду порцыямі. Не шакую маці, і не кажу пра ўвесь свой плян.

Здаецца, усё гатова. Мама нават не пацалавала на разьвітаньне. Пакінула сьвідруючы позірк у сьпіну.

На прапанову правесьці ў невядомы шлях адгукнуўся толькі Вадзім. Дамовіліся сустрэцца ля вугорскай амбасады. Выціснуць гружаны ровар з пад’езду было ня так лёгка. На масту ля Трактарнага багажнік ня вытрымаў высокіх бровак. На рамонт часу няма. Прыйшлося ісьці, трымаючы за багажнік, каб ён ня цёрся аб кола.

Візу далі на год. Пасядзелі зь сябрам у суседнім парку, пагаманілі пра Грэцыю (ён там нядаўна быў). Вадзя параіў пачасьцей мыцца, каб пахам не адпужваць людзей.

Пасьля разьвітальных сяброўскіх абдымак узяўся за рамонт багажніка. На дапамогу прыйшоў дрот, самарэзы й дзюбелі. Здаецца, трымаецца. Разьмяў ногі, пасьля адну зь іх закінуў праз раму, уключыў на тэлефоне навігатар.

Ну чо? Панеслася! Плошча Перамогі, прасьпект Незалежнасьці, Інстытут Культуры, Міхалова, Малінаўка, Замкадзьдзе. Выехаў надвячоркам, таму й праехаў усяго 29 км. Да Пцічы дабраўся ў поўнай цемры. Зашыўся ў кустах падалей ад п’яных галасоў. Першая ноч у намёце.

* * *

Buongiorno, Trettenero! Ciao, Recoaro! Начны халодны Менск і знаёмая, якую я бачу другі раз у жыцьці, цалуюць мяне на разьвітаньне. Аўтобус скрозь цемру імчыць да страчанай Вільні. Сябра пастаянна сьпіць. У мой бок Марфей нават ня хоча кінуць вокам, ня гледзячы на ціхія пагойдваньні аўтобусу.


14-га траўня

Не шкадуй грошай на свой дом, каб у ім не было сыра й ён не працякаў.


На тонкім дыванку спалося мулкавата. Нічога. Прызвычаюся. Паставіў кіпяціць ваду для аўсянкі. Дастаў вуду. Доўга калупаўся з кадушкай, каб зразумець прынцып яе работы. Закінуў на блясну раз-другі. На трэці тая зачапілася за галіну таполі. Рыбалка скончана. Рыбы зларадна плёскаліся ля берага. Але мачыць ногі ў халоднай вадзе не хацелася. Сабраў рэчы — і ў шлях.

Койданава

У Койданава багажнік пасьля чарговага бардзюру зламаўся ізноў. Засунуў у разьбітыя адтуліны ў задняй вілцы дзюбелі — не надзейна, але варыянтаў няма. Ніз багажніка замацаваў дротам. На суседняй чыгуначнай станцыі інтэрнэту не аказалася. Шлях у грэкі на ровары — гэта як запампоўка відэа ў пачатку дзевяностых. Працэс ідзе, а вынік бачыш далёка не адразу

Троху не дабраў да Баранавіч. Паставіў намёт на полі ў пяці мэтрах ад дарогі.

* * *

У летаку сон адганялі дзеці, раз-пораз б'ючы пад азадак майму сядзеньню. Як спраўны ціхмяны беларус, заўваг не рабіў. Седзячы з краю ля ілюмінатару, моўчкі цярпеў і глядзеў на аблокі, сонца, горы. А праваруч пасапваў сябра, сьмешна клюючы галавой у сьне. Знаёмства з Вадзімам трывае ўжо 13 год. Вышэйшы за мяне, з доўгімі валасамі да канца сьпіны. Знешне нагадвае індзейца. Нардычны і спакайнейшы за мяне, відаць эстонскія карані на тое станоўча ўплываюць. Бліжэй за яго ў мяне сяброў няма.


15-га траўня

Калі зьбіраешся спаць пад мастом, будзь гатовы да гасьцей…


Сплю ля дарогі, як сапраўдны валацуга. Першыя думкі перад тым, як расплюшчыць вочы: дзеля чаго? Дзеля каго?

У намёце можна стаяць толькі на каленях. Цягнуся за фляжкай. Каля яе ляжыць маленькая сякера, насупраць нож. Так спакайней. Раз-пораз жухаюць машыны. Падымаю ўверх маланку, высоўваю ногі, абуваюся. Спаў у спальніку, не разьдзяваючыся. Па начах зімна.

Кіпячу ваду. Малы тэрмас — для гарбаты, вялікі — для аўсянкі. Хапае на дзень. Хлеб, аўсянка, гарбата — няхітры сьняданак. Чытаю Новы Запавет, «Сны сноў» Антоніа Табукі, што падарыла знаёмая паэтка. Складваю намёт. Хмарна.

У адной зь вёсак прычапіліся сабакі. Гарачыя ад голаду. «ПаФУ!!!каў», каб астылі. Галоўнае крычаць грамчэй за іхны брэх, каб спужаліся ды адчапіліся.

У ста мэтрах ад дарогі — сажалка. Ня мыўся два дні, дый вада скончылася. Закінуў вуду, расклаў вогнішча, паставіў кіпяціцца ваду з возера. Каб зрабіць яе пітной, прапускаю праз марлю, кіпячу, пасьля зноў — праз марлю. Доўга. Углядаючыся ў празрыстую падлогу сажалкі, чую грымоты. Кропля кранае руку, іншая — твар. Неўзабаве — навальніца. Толькі пасьпяваю накінуць тэнт на ровар, які перад гэтым падпёр палкай. Убіваю чацьвёрку калкоў — і куляй у шалаш. Вецер зрывае адзін рог тэнту — і мяне залівае. Перапаўзаю на супрацьлеглы край. Толькі праз гадзіну неба сунялося.

Берасьцейшчына. Паабапал трасы лес. На маім рахунку 1 заяц, 4 касулі. Пераймаюся, каб не сустрэць хіжакоў.


Лясная

Сьцямнела. Дождж і прадчуваньне, што танны намёт можа працякаць, прымусілі спыніцца пад мастом. Калі ўжо расклаў прыдарожны кэмп і хацеў вячэраць, паветра разрэзаў крык:

— Ты хто такой?!

Я азірнуўся да іншага боку магістралі, адкуль даносіўся агрэсыўны голас.

З супрацьлеглага боку дарогі ізноў праявілі зацікаўленасьць да маёй пэрсоны:

— Ты што тут дзелаеш?! Ідзі сюда!

— Я турыст, зь Менску!

— Ідзі сюда, цібе сказалі!

Падыйшоў да ровара, дастаў з падрамнай торбачкі нож, схаваў за сьпінай. Сэрца адбівае біт.

Патрабаваньні да камунікацыі паўтарыліся. Я не адказваю. Пачуліся крокі. За выразным абрысам віднеецца шчэ адзін. «Прыехалі…» — думаю. Рука за сьпінай.

— Ты хто такой?

— Зь мірам я. Турыст, зь Менску.

— Што? У глаза не сьвяці!

— Што тут дзелаеш, ты хто такой?

— На адну ноч я тут, зь Менску, турыст я.

— А, мы думалі брадзяга тут. А чыво пад мастом палатку паставіў? Вунь там жа ж лучша? — паказвае начны госьць у бок лесу, зь якога яны выйшлі зь сябрам.

— Там жывёлы дзікія. Ды й мокра. Тутака лацьвей. Ну й напужалі вы мяне, хлопцы.

— Якія там жывёлы! Ну ладна, ты эта, стрыхні там.

Ніякавата ўсьміхаючыся, дзёргаю штаніну на прыўзьнятай назе.

Слава Богу, абыйшлося.

Ля гасьціннай вёскі Лясная ня мог заснуць да трох ночы. Калацілася сэрца.

* * *

У 2007-ым я ня спаў тыдзень, праз што згубіў кантроль за мэнтальнасьцю й сувязь з рэальнасьцю. З тых часоў Вадзім адзіны, хто працягнуў са мной камунікаваць.

З аўтобусу нас сустракалі эмігранты з букетамі сэлфі-палак. Мы ветліва адмаўляемся.

На міланскім вакзале ля мяне сядзела жанчына. Мяняла пампэрс свайму немаўляці. Больш за 10 хвілін у нос біў рэзкі пах эміграцыі. Я не перасаджваўся, але прагна ўдыхаў водар і зь цікавасьцю сачыў, колькі часу можа праляжаць расчыненай белая ракаўка з духмянай карычневай пярлінай сярод мора людзей.


16-га траўня

Калі ўсё наскрозь мокрае й працінае холад, ці маеш тое, што цябе сугрэе?


Iмжа загнала на АЗС. Сьлёзы сьцякаюць па празрыстых шчоках шыбаў. Пішу рэрайт, паралельна паглядаючы, хто на чым прыязджае. Першы мікрааўтобус быў цалкам загружаны. А вось у другім бусіку для мяне й майго ровару мейсца знайшлося. Дзядзька Вова вязе ў Бярозу.


Бяроза

Выгрузілі будматэрыялы з бусіка. Я ў гэты час ад’ехаў да паштовай скрыні, закінуў туды ліст з дысконтам Віталюра й ліст маці, у якім прасіў не турбавацца за мяне.

Едзем далей.


Кобрынь

Пад вечар дождж мацнее. Разьвітваемся. Вова зычыць мне ўдачы.


Пецькі

Ехаць супраць залевы цяжка. Спыняюся пад вёскай Пецькі. Дажджавік прамакае. Боты хлюпаюць. Перасмыкаюць дрыжыкі. Ад холаду й вільгаці калоцяцца пальцы.

Стаўлю намёт ля дарогі ў густым гаю. Мой паходны дом працякае. Распранаюся цалкам. Разьвешваю майткі, ды шкарпэткі, пад імі стаўлю плітку з газавым балёнчыкам. Грэю ногі, рукі, сушу бялізну.

Засынаць у мокрым спальніку брыдка толькі першыя 15 хвілін. Пасьля здаецца, што так і трэба, асабліва калі ня рухацца.

* * *

Вось і наш цягнік. Насупраць сядзела маці з дачкой. Раз-пораз нашыя вочы сустракаліся. Маю на ўвазе дачку. Размову не пачаў. Пасьпеецца. Яны выйшлі каля Вэроны.


17-га траўня

Калі сэрца не на месцы, рабі новае й недасяжнае.


Зьбіраючы намёт, знайшоў каля яго гняздо зь яйкамі. «Мо засмажыць? Хм… Не, я пакуль не настолькі галодны.»

Чарняны

Едучы ля чарговай вёсцы ўбачыў чалавека. Папрасіў набраць вады. Дзед спытаў куды трымаю шлях. «Што, ад нечава дзелаць едзеш?»

Мо й так. Дзелаць нечава, пакуль ня ўбачу пустыя чорныя вочы.


Макраны

Пераехаў памежны пераход Макраны. На 20 км падвёз украінец Толік.

Україна

Да вёскі Гірнікі прадзіраўся празь лес і разьбітую дарогу. Віхляючы між варонак, ехаў амаль па сярэдзіне дарогі. Часам сустрэчныя машыны сыгналілі, але я ўжо не зьвяртаў на такія дробязі ўвагі.


Гірники

Заехаў на стаянку для фур, шукаючы вольны WiFi. Сустрэў баранавіцкіх дальнабояў Русланчыка й Юрасіка. Дамовіліся, што заўтра дакінуць да Львову.

У мясцовай краме купіў крыху харчоў. Сачу, каб дзённыя выдаткі не перавышалі 10 беларускіх рублёў. Дарослыя й дзеці вітаюць «добри дєнь». А я ў адказ добрадзенькаю.

Прысеў у адной з альтанак. Дастаў ноўтбук. Пішу рэрайт на адну з эканамічных навін, якая мне падаецца найбольш актуальнай. Вечарэе. На ўсё кладзецца налёт пазалоты — на дамы, дарогу, альтанку, ровар.

Хлопцы прапанавалі заночыць на базе, маўляў, мейсца знойдзецца. Але я паехаў на бліжэйшае возера Радожычы.

* * *

У Вічэнса селі ў бус перапоўнены старшаклясьнікамі. Калёнка аднаго з хлапцоў гайдала бус бітамі рэпчыку. Падчас рэзкіх паваротаў па серпанціну з паліцы ўпаў Вадзікавы заплечнік.

— Вось блін! — дастаў ён бутэльку, зь якой пачалі капаць сьлёзы. — Гэта ж мне Вольга падарыла.

Разам выжлукцілі флян, каб не пакінуць пасьля сябе мокрых сьлядоў.


18-га траўня

Коли згубив сенс життя і стало неймовірно скрутно, знай, що куди б тебе не загнали шалені свині, ти можеш здобути з їх сала. Дядько Жека це знає.


А палове на пятую абрынулася залева зь перунамі. Ізноў увесь мокры. Ня ведаючы за што хапацца, пхаю рэчы па кішэнях саквы, складваю няшчасны намёт і лячу на базу. Калі даехаў, дождж ужо скончыўся, пакінуўшы мяне з мокрымі майткамі й спальнікам.

Руслан, мажны хлопец, Юрка пастаянна называе яго «медвежёнком», дазваляе разьвесіць рэчы ўнутры кабіны, уключае печку.

Юрка, хударлявы высокі, п’яны ў гламазду. Чапляецца да маладых украінак, яго рот не затуляецца. Ляскачыць, як калаўрот трышчыць. Ад пастаяннага паносу слоў і запору думак цяжка сфакусавацца. Чакаем, пакуль хлопці выгрузяць бульбу з фуры. Руслан кажа па справе, адзінае што паўтарае па некалькі разоў, каб Юрка забіў зяпу.

Баўбатун пачынае сумняваецца, што я накіроўваюся ў Грэцыю. Я не спрабую даказаць праўдзівасьць сваіх намераў. Цярплю.

Урэсьце мяне высаджваюць пад Львовам. Тамака адразу сустракаю каржакаватага дзядзьку. Слова за слова, і я апынаюся ў яго кабіне.

Дзядзька Жэка ўгаворвае застацца й паставіць намёт каля яго фуры. З усмешкай падпарадкоўваюся. Жэка запрашае на вячэру мяне й яшчэ аднаго хлопца, які працуе на АЗС. П’ем за знаёмства — яны горілку, я — колу. Гасьцінны дальнабой частуе супам з салам.

Каля гадзіны гаворка йдзе пра спосабы нарыхтоўкі сала, як зрабіць нацыянальны прадукт смачнейшым. Параўноўваем палітыку нашых краін, беларускія й украінскія заробкі. Жэка настальгуе па СССР, захапляецца нашым нязьменным, але лае Пуціна. Я яго не разумею, але й не спрачаюся, бо надта ж смачнае ў яго сала.

* * *

Дарога да Рэкоаро нагадвала даўжэзны язык пачвары. Чым больш мы набліжаліся, тым больш велічэзнымі паўставалі зубы-горы альпійскага цмока.

Цяпер мы ў пашчы. Вось і «васьмікласьніца-а-а-а-а» з пырсынгам і татуяваньнем на ўсю аголеную сьпіну выйшла. Вадзік часам пачынае фрыстайліць, а я яму ў адказ — рыфмаплёціць, грудзі пераўтвараюцца ў кахон, калені — у там-там, а жывот — у бубен.


19-га траўня

Часам на чымсьці трэба паставіць крыж. Толькі не на свабодзе.


Жэка дае ў дарогу сала, зычыць удачы.


Львів

Сталіца Заходняй Украіны. Роварныя дарожкі, запоўненыя мінакамі. У цэнтры па ходніках ехаць амаль немагчыма. Перасоўваюся па брукаванцы, часам па трамвайных пуцях.

Пашукаў пячор па ваколіцах. Здаецца, дабраўся да адной, але ўсе падыходы зачыненыя.

Разгаварыўся з двума хлопцамі каля крыжа ваярам за свабоду Украіны. Гаворка пайшла пра хрысьціянства. Хлопец, які займаў у размове пазыцыю эвангеліста, параіў два пратэстанскія прыходы. Забіў адрэсы ў навігатар і паехаў.

Прыехаў пад канец набажэнства. Прывітацца ды пазнаёміцца ніхто не падыйшоў. Мабыць, таму, што я быў у спакусьлівых роварных шортах.

Навігатар паказаў некалькі пячор каля Львову. Выбраў тую, што побач з крыніцай. Буду спаць там.

* * *

Да Рэкоаро Тэрмэ даехала некалькі чалавек. Іншыя захрасьлі ў зубах пачвары. Сеньёра дала нам ключ і забрала пашпарты. «Толькі б не сэксуальнае рабства» — падумаў з прыхаваным спадзяваньнем.


20-га траўня

Пасьля ночы пад адкрытым зорным небам чакай на дзень з адкрытымі зорнымі сустрэчамі.


Учора лянотна было ставіць намёт. Спаў у адным спальніку. У 500 мэтрах ад мяне пячора, дзе ў другую сьветавую хавалі танкі, у ста мэтрах — крыніца, у двухстах — купель. Усё выкарыстоўваю па прызначэньні. Акрамя пячоры. Танка ў мяне няма, а ўнутры досыць зімна.

Падыходзячы да купелі, падумалася, што яна для нудыстаў. Раптоўнае «Куди йдеш?! Тут жінка!»

Выбачыўся. Перакінуўся слоўцам з чоловіком. У голасе й у манэрах суразмоўцы адчувалася шляхетнасьць.

Выбрацца зь нізіны, дзе я ночыў, было ня так і проста. Узгоркі абдымалі лагчыну з усіх бакоў. Напружваючы жылы, цягнуў цяжкі гружаны ровар угару.

Заехаў у краму па кіпень і хлеб. Грыўні ў гаманцы шчэ не завяліся, тэрміналу ў крамцы не было. Прадавачка аддала хлеб бясплатна. Украінцы любяць беларусаў больш, чым беларусы адно аднаго.

Пасьля абеду лупцануў дождж, які працягваў ісьці наступныя два дні. Хаваўся ад яго ў «Макдональдсе». Дамовіўся сустрэцца з Таняй. Яна таксама была ў Recoaro ў лютым. Чакаў і мок пад бясконцым львоўскім дажджом. Вось і Таня. А зь ёй Карлас!

— Carlito! What do you do here?

Мой барсэлёнскі смуглявы пухленькі сябручок толькі пасьміхаецца.

Яны сустрэліся ў Будапэшце, а пасьля цягніком рушылі ў Львоў.

Таня завяла мяне ва ўкраінскую рэстарацыю, накшталт нашага «Лідо». Украінскі духмяны боршчык, смажаная бульбачка праваліліся ў прасырэлае беларускае нутро.

— Тань, ты ўжо частавала Карласа салам?

— Ще ні.

— Як так? Carlos, do you tasty a pig fat?

— Pig fat? WTF? — Карлас крывіцца нібыта гаворка зайшла пра капрафагію.

Пакуль Таня, нібы навігатар, вяла ў натаньнейшы львоўскі хостэл Cherry, распавядаю Карласу пра сваю сардэчную хваробу.

Таня плоціць за мой першы дзень у хостэле. Стаўлю ровар у гатэльны гараж.

— I hope we will meet again, mi amigo.

— Yes. Of course. — Карлас заўсёды пасьміхаецца, падчас маіх гішпанскіх уставачак.

— Таня, ты чудова жінка. Дзякуй табе за ўсё. Я бязьмерна шчасьлівы, што сустрэў вас.

У маім пакоі тры хлопцы з Кіеву. Маладыя, шумныя, тлумныя. Зь юнацкага гармідару пачаліся хостэльныя дні.

* * *

Наш пакой месьціўся на гарышчы, адна чацьвёртая частка столі спускалася пад 30 градусаў да ўзроўню вакна, зь якога можна было ўбачыць суседні незаселены будынак, дзе па ўсіх прыкметах ішоў рамонт.


21-га траўня

Нават калі на сваёй зямлі ты выгнанец і непатрэба, знойдуцца іншыя народы, якія прымуць цябе, як роднага. Сьвет вялікі.


Прачнуўся з асэнсаваньнем, што я сапраўды цудам дабраўся так далёка. Бо я ні халеры не падрыхтаваны да такіх далёкіх роварных вандровак.

Каб рухацца далей, неабходна:

1) Заварыць перкі ў мейсцах дзе мацуецца багажнік;

2) Дажджавік, які не прамакае. Дажджавік, які прамакае, ў мяне ўжо ёсьць;

3) Плёнка, каб накрываць намёт у дажджлівыя ночы;

4) Налобны ліхтарык, каб ставіць намёт у начы і не прачынацца раніцай на адходах чалавечай жыцьцядзейнасьці;

4) Паспрабаваць знайсьці пярэдні багажнік, каб разгрузіць азадак;

5) Пастрыгчы патлы пад нуль, каб радзей мыць галаву.

Напачатку паеў чорнага хлеба з салам і гарбатай. Сала ад дзядзькі Жэкі.

Аб’езьдзіў рынак. Пункты два й тры выкананы. На запыты пра пярэдні багажнік, які можа разгрузіць зад, львоўскія гандляры ледзь не садзілі на расейскі ваенны карабель.

Віхляючы па ўскрайках Львову, шукаю аргонную зварку. Спачатку зваршчык, твар якога сьвяціўся ад мазуту й поту, не хацеў брацца за мой ровар: працоўны дзень сканчваўся. Але калі даведаўся, што я беларус, пагадзіўся. Дзядзька Андрій згадваў сваіх саслужыўцаў зь Беларусі. Размова перамешвалася валтузьнёй з роварам і узгадкамі пра мазалі, што нацёрлі маскалі. Грошы ён браць не захацеў. А вось выпіць — абавязкова. Ізноў дуэт колы й горілкі.

Дзядзька Андрій даў кантакт свайго сябра «экстрэмала», які абавязкова дапаможа знайсьці пярэдні багажнік.

* * *

Калі прысесьці на кукішкі, то можна ўбачыць кавалачкі гор. На правай сьцяне — люстра, зьлева — шафа й прыбіральня, насупраць — стол з тэлевізарам, ззаду — нашыя ложкі, падзеленыя тумбачкай. Апошні раз спаў у адным пакоі з Вадзікам, здаецца, у 2015-м у хаце расонскага лесьніка. Тады, здаецца, ён не храпеў.


22-га траўня

Потерявшие голову по волосам не плачут.


Львоў вязкі. Перасоўваюся па ім як пчолка, што захрасла ў мёдзе ці муха ў…

Сустрэўся з Машай і яе хлопцам Ёзафам. Ёзаф са Славаччыны. Маша з Крыму, у 2014 г. зьехала на Захад Украіны. Пасьля зімовай размовы зь ёй пра растрэл нябеснай сотні я першы раз сарваўся, і мяне прабіла на плач. Я тады дрэнна спаў, рэшткі сьліны таго дэмана, што вякамі аблізваецца на Беларусь, капнулі мне на вочы й розум, і асьляпілі.

Маша зьвярнула ўвагу, што мая ангельская палепшала.

Заехаў у цырульню. Пастрыгся пад нуль. Згубіўшы галаву, не варта перажываць на конт валасоў. Новы дажджавік аказаўся горшы за папярэдні. Ён хоць і не працякае, але й не дае дыхаць скуры. Праз кожныя 10 хвілін прыходзілася здымаць.

* * *

Прыбіральню аздабляла вакно зь фіранкамі, мыйка з парэнчамі (відаць, для інвалідаў), люстра, унітаз, і, O, sacramento! сракамыйня! Па іхняму «бідэ». Як я жыў безь яе раней! Гэта сапраўдны рай.


23-га траўня

Калі цябе перасьледуе дождж, значыць, ён знайшоў у табе родную душу.


Зьміцер, той самы «экстрэмал» дядько Андрія, дапамог знайсьці ў Львове краму, дзе можна набыць пярэднія саквы. А гэта значыць, што з хостэлаўскай цеснатой і гармідарам скончана, можна рухацца далей.

Хлопец, якога параіў Зьміцер, натхнёна распавядаў пра свае вялікія вандроўкі ў Турцыю, Расею, Сэрбію, Італію… Расказаў пра свайго польскага сябрука, які два гады катаўся па сьвеце ды езьдзіў на зімоўку ў Туніс. Даў каштоўныя ўказаньні:

— Ваду трэба піць кожныя 10 хвілін, каб не балелі калені;

— Варта мець пры сабе ледзяшы. Хуткія вугляводы спатрэбяцца, калі ўся ежа скончыцца;

— Лепей спаць падалей ад людзей, а ровар прыматваць матузком да намёту;

— Пры падвозах на фурах варта што-небудзь падкладваць пад шатун, каб той не зламаўся.

Каля гадзіны доўжылася размова, пасьля якой падарыў роварнаму крамніку-вандроўніку свой прамакальны дажджавік. На памяць.

Заехаў да дзядзькі Андрэя:

— На перевалі буде холодно. В тебе ж е тёпли речі?

— Канечне.

— Будь обережні. Эх, білорусі, шалені люді!

Пабратаўшся з дзядзькам і толькі ад’ехаў ад СТО, як распачаўся дождж. Тэлефон даводзілася пастаянна хаваць. Некалькі разоў зьбіваўся са шляху, пад’язджаў пад якісь гаўбец, каб у адноснай сухасьці пераправерыць дарогу.

Нарэсьце выехаў. Good bye, my LVOVer, good bye, my friend.

Ноч. Гарадскі тлум зьмяніўся пошумам машын у такіх дарагіх прыдарожных кустах.

* * *

Панядзелкавае знаёмства прайшло млява, але смачна. Даўно так ня еў.


24-га траўня

Калі жыцьцё кідае з мейсца ў кар'ер і з кар'еру ў мейсца, не забывай тых, хто ля кар'еру працягваў табе руку.


Карпати

Узгоркі пачалі мяняцца невысокімі гарамі. Смуга атачала купіны волатаў, нібы дым канабісу шапкаі растаманаў. Першы пракол. Але й тут Джа мяне не пакінуў.

Саня й Воўчык. Працуюць на кар’ерах. Пад барознамі іх загарэлай скуры хаваецца вясёлае хуліганскае мінулае.

— Ну, значит, берем мы Вовчика, бросаем на барную стойку. Он летит, хватает флян, засовывает его в штаны — и дёру! Вот так мы и веселились.

Воўчык зрэдку кідае ўкраінскія выразы. Саня з Палтавы. Больш гаваркі. Хлопцы аднолькава хударлявыя.

Пасьля ўкраінскага пачастунку рушыў далей. Праз працяглыя дажджы магутны Стрый афарбаваўся ў колеры бруду. Папераменна адзяваю-здымаю дажджавік.


Сколе

Каля адзінаццаці ночы дабраўся да мястэчка. АЗС. Фура з Вугорскімі нумарамі. Пухленькі з вусікамі кіроўца толькі вылез з кабіны.

— Hello. Can you help me to drive to Mukachevo?

— Hello. Where are you from?

— I’m from Belarus.

— По-русски умеешь говорить?

— Конечно — расьцягваю лябіяльныя органы, трансвармуючы артыкуляцыю.

Габа. Першы й апошні мадзьяр, які гаварыў са мной на мове, узровень якой у мяне вышэй за сярэдні.

АЗШ-ны мент стральнуў 2 эўра за права паставіць мой намёт на яго тэрыторыі. Габа ад такога нахабства закіпяціўся, ледзь здолеў яго астудзіць. Ставячы намёт, лавіў позіркі застылага непаразуменьня турыстаў, якія раз-пораз выходзілі з прыпаркаваных турыстычных аўтобусаў.

* * *

У аўторак прачнуўся а чацьвёртай раніцы. Ціха адзеўся, узяў вады, печыва, пернікаў, ледзяшоў ды пайшоў да бліжэйшага view point, што паказваў Maps.me. Парадныя дзьверы змог прыадчыніць толькі напалову. Неяк прасачыўся. На дварэ сьвяцілі толькі рэдкія ліхтары. Па дарозе зьбіўся з навігацыі й першы раз трапіў у церні. Пад гаўканьне пільных тутэйшых гадаванцаў неяк выбраўся на дарогу. Пакрысе чарнеча зьмянялася сінечай. 3 км прайшліся за паўтары гадзіны. З агляднай пляцоўкі накіроўвала ў неба сьпічак царква. Побач пара хацін і сухое дрэва.

Бель гор афарбавалася ў чырвань. Я чакаў на сваё сонца. І яно ўзыйшло.


25-га траўня

Калі на фуры венгерскія нумары, наўрад ці гэта фанат расейскага шансону.


Стартуем. Нешматслоўны Габа вязе да Будапэшту. Спыняемся ля кавярні сярод гор, ахутаных парай.

— Спасибо, было очень вкусно.

— Чего ты меня благодаришь? Не я же готовил.

Мяжу давялося праходзіць цягніком, праехаўшы адну станцыю. Чоп. На вакзале шмат ромаў, якія ня надта падабаюцца Габу, і якімі ён мяне пужаў усю дарогу. Плачу 6 даляраў за перавоз сябе й свайго мэталёвага сябра. На мытні сустракаю красуню з Баранавіч:

— Ну как там батька? В Беларуси уже пять лет не была.

— У нас усё стабільна.

— Ясна.

— Хто цє? — запытваецца іншая мытніца.

— Сябры. Из Беларусі.

Яе валасы крыху даўжэйшыя за мае. Тонкія вусны, стройны стан.

Праваднік дапамагае ўскараскаць ровар у вагон. Зямлячка ў форме ўкраінскага жаўнера з кабурой на пасе праважае цягнік, двойчы ўсьміхаецца ды махае рукой на разьвітаньне.

Паўнаватыя мадзьярскія памежнікі праверылі пашпарт, паставілі пячатку.

Magyarország

Калі вылазіў зь цягніка, вырашылі дапамагчы з выгрузкай ровара. У канцы памежнік выпусьціў багажнік. Ад удару аб зямлю той пагнуўся.

Чакаў Габу ля першай АЗС.

— Ты едешь или нет?

Падхопліваюся, хаваю кавалак каўбасы, што толькі што дастаў, каб падмацавацца, і бягу грузіць ровар.

Едучы да Будапэшта, Габа распавядае пра сваю беларускую сяброўку, да якой ён езьдзіў па маладосьці. Зь ёй, відаць, і расейскую падвучыў.

Мадзьяр высадзіў мяне недалёка ад вугорскай сталіцы. Праехалі разам больш за 500 км. Разьвіталіся даволі позна. Намёт паставіў зноў каля АЗС.

* * *

Неўзабаве страўнік сказаў: «харэ сядзець ды прастату марозіць, вяртайся, горац, пакуль не спазьніўся на сьняданак».

Оh Italian village.

Спускацца было цяжэй, чым уздымацца. На некаторых участках проста бег. І раптам — «М!..» — пляснуўся дупай на абледзянелы брук. З пальцу пайшла кроў.


26-га траўня

Сустрэчы кантынентаў і цывілізацый даюць магчымасьць ня праць шкарпэткі ў Бургеркінгу.


Стартануўшы ад запраўкі давялося кілямэтар-паўтара ехаць па хайвэю. Больш законапаслухмяных кіроўцаў я больш нідзе ня бачыў — кожны лічыў сваім абавязкам бібікнуць, маўляў, «дарога для нас, а не для цябе, смоўжа!».


Budapest

Тры дні ня мыўся. Габа сказаў, што ў тутэйшым офісе Чырвонага Крыжа можна папрасіцца ў душ. Знайшоў, прыехаў ды шчасна быў пасланы ў накірунку расейскага карабля. Мо гэта такі вугорскі дальнабойніцкі гумар, who knows. Непадалёк развалілася пузіка Бургеркінгу. Узяў чыстыя шкарпэткі. Паставіў ровар на замок і пакрочыў у край тлустых берагоў і газаваных рэк. Надзеўшы чыстыя шкарпэткі, пачаў праць брудныя. На мыцьці другой шкарпэткі — на табе! — knock-knock in the burger doors! Засунуўшы мокрую матэрыю ў кішэню, з тупым позіркам выйшаў з прыстанішча full stomachs і WC open space.

Будапэшт зьдзівіў беларускае вока сьветлафорамі для ровараў. Нават калі ехаў па ходніках без разметкі, мне паважна саступалі дарогу. Пад’ехаўшы да вялізнага мосту праз Дунай, спыніўся перакусіць.

І тут здарыўся мой першы «Hello! Where are you from?» Парачка з Аргентыны. Яны ўжо адужалі Італію, Аўстрыю, Славакію. У сваю чаргу я ім распавёў пра свае пляны й пра бургеркінгаўскія прыгоды. Парагатаўшы, яны падзяліліся са мной сэрвісам Warmshowers, празь які можна спакойна праць шкарпэткі, есьці й ночыць.

Але гэтым разам дамываў майткі й другую шкарпэтку на лясістым беразе Дунаю, дзе й паставіў намёт.

* * *

Хутка ўзьляцеў у наш 404 нумар. Дзьверы зачыняліся на замок аўтаматычна без ключа (як некаторыя людзі, да якіх пасьля недагрукацца), ускочыў у пакой. У люстэрку мільгануў апантаны з палаючымі вачыма, які чымсьці нагадваў мяне.


27-га траўня

Роўнядзь аднастайнасьці, нават якая ап'яняе, рана ці позна надакучыць.


Вёскі, мястэчкі, палі, гоні, фэрмы, п’янкі пах макаў. Заехаўшы ў адно мястэчка прыкупіцца тым-сім зьясным, зазнаў праблему ў камунікацыі. Па-ангельску ніхто не разумеў. Прадавачка паклікала дачку, каб зразумець, што трэба прыхадню. У іншым мейсцы на пытаньне «How much?» у твар мне тыцкалі калькулятарам.

Ізноў вёскі, мястэчкі, палі, гоні, фэрмы. Пах макаў ужо не такі п’янкі.

Роўнядзь аднастайнасьці. Аднастайная роўнядзь.

* * *

Бабілён не такі страшны, калі ё працоўная мова, нават якой і ня так добра валодаеш.

Навучаньне правам чалавека й бежанцаў, творчыя заданьні, ад замежнай мовы ў рэжыме full time голаў закіпае.

У сераду стала ясна, што з усіх сонцаў мяне больш за ўсё грэе грэцкае з нумару 106.


28-га траўня

Нават у краіне зь невядомай складанай мовай хтосьці можа без дай прычыны спыніцца, каб проста дапамагчы.


Паўсюль вінаграднікі, машыны нават у яснае надвор'е езьдзяць з уключанымі фарамі. Едучы ад мястэчка да мястэчка па роварнай дарожцы, зьехаўшы зь невысокага бардзюру, зламаў ўшчэнт задні багажнік. Дастаў львоўскі дрот, які прэзэнтаваў дядько Андрій. Спрабуючы даць рады майму шматпакутнаму азадку, злавіў бакавым зрокам, што ля мяне спынілася нешта белае чатырохколавае.

— Do you need help?

— Yep. My trunk crashed.

— Let’s go. Follow me.


Soltvadkert

Робэрт, высокі прыязны мужчына, пад’ехаў, закінуў торбу ў машыну, я паехаў за ім. Ад мейсца маёй аварыі ён жыў ў 500—700 мэтрах. Мястэчка Шольтвадкерт усьміхнлася мне доўгачаканым англамоўным суразмоўцам.

Бацькі Робэрта жывуць побач. Рамантаваць багажнік накіраваліся да іх. Падчас супольнага рамонту я спытаў, ці гаворыць яго бацька па-расейску. Ён жа мусіў быў вывучаць гэтую мову ў свой час у школе.

— Hungarians hated Russian teachers. They didn’t want to learn this language.

Пасталаваўшыся ў бацькоў, рушылі да Робэрта. Дом, гараж, ставок, лужок, падпёрты ляском. Ганна. Жонка. Яе ангельская крыху горшая за Робэртаву, што дазваляе мне лепш разумець яе, усё ж мой інгліш стаў расьці толькі з гэтага году. Пітэр. Сын. Зь ім размўляем жэстамі. Бодзьо. Сабака. З кашлатым камунікуем на родных нам мовах і няблага разумеем адзін аднога.

* * *

З-пад чорных густых і цягучых, як церні, кудзераў паўмесяцам зьзяе маладзік. Нос невялікі, зусім ня грэцкі, але здольны трымаць ледзь заўважны нострыл і шкельцы акуляраў. Чарната вачэй нібы парталы ў пекла, вабяць і пужаюць адначасова. Я зрабіў крок насустрач цемры. Цяпер я сьляпы. Бо закаханы.


29-га траўня

Калі раніцай прачнуўся ў чужым гаражы, увечары можа чакаць Майдан.


Ночыў у гаражы Роберта. Дапісаўшы артыкул пра заробкі бугальтараў на пачатак чэрвеня, сабраў рэчы, зачыніў гараж і накіраваўся да Робэрта й Ганны. У іх сямейны пякарны бізнэс. Крама Király pékség, дзе можна набыць разнастайных прысмакаў. Даўшы ў дарогу два сэндвічы й заправіўшы мой тэрмас гарбаткай, пазычылі мне ўдачы.

Сёньня я мушу даехаць да Сэрбіі. Пад’ехаў да мяжы, мяне не прапусьцілі. Аказваецца, пераход тут дазволены толькі сэрбам і прадстаўнікам European union countries. Давялося ехаць яшчэ 32 км да Томпы, так званага вялікага памежнага пераходу.

Пачаўся дождж. Адзеў свой непрамакальны нядыхаючы дажджавік. Ногі ізноў прамоклі. Дождж узмацніўся. Супраць залевы цяжка круціць пэдалі. Спыніўся на аўтобусным прыпынку адпачыць і перакусіць сэндвічамі з Király pékség.

Tompa

Даехаў да памежнага пераходу, адстаяў чаргу з машын — і вось я ў Сэрбіі. Ночыў на возеры Majдан. У кожнага ў жыцьці павінны быць свой Майдан, каб здабыць свабоду.

* * *

— You are nice for a programmer, — нарэсьце ўдалы жартоўны камплімэнт.

— Oh, thanks. — ніколі не забуду яе звонка-пяшчотны сьмех, які бруіўся, нібы той горны ручай, які я прамінуў пасьля сустрэчы сьвітанку на агляднай пляцоўцы.

Варта мне было толькі ўстаўляць у сваю ламаную ангельскую гішпанскія «la chica bonita» або «muchacha hermosa», ручай пачынаў цурчэць з новай сілай. Відавочна, што гішпанская запальвала й весяліла яе. Словы сходзілі па прыступках яе вуснаў нетаропка, узважана, каб я мог усё зразумець.

Srbija

30-га траўня

Калі ноччу спатрэбіцца спатрэбіць патрэбу, у садочку можа аказацца непрывязаны адвязны прыязны прыяцель…


Прачнуўся ад таго, што па мне нехта поўзае. Процьма мурашоў запаланіла намёт. Акупанты прыйшлі, ім імя легіён… Другі раз закінуў вуду. Ізноў толькі змарнаваў час. Спыніўся пад Субоціцай (яна ж Szabadka па-мадзьярску) на АЗС, зь якой даносіўся мэлядычны сэрбскі блюз. Высокі мажны апэратар гасьцінна й бескаштоўна заліў у мой тэрмас кавы.

— Thank you. What’s the music?

— It’s a very popular group from Yugoslavia.

— It sounds like modern rock.

— It’s 80s.

— Nice. — прыплюшчыўшы вочы, пасёрбваю каву.


Суботица

(Szabadka, Subotica, Maria-Theresiopolis, Maria-Theresianopel)

На адным з дамоў чарнелі да болю знаёмыя валасы — мурал дзяўчыны. Але гэта ня тая, каго я хачу адшукаць у Грэцыі, а Ціяна Юрыч. Гады жыцьця 1999—2014. Дзяўчынка, якая нечым падобна на S., трымае ў руках Мікі-Маўса. У 2014-м яе забіў мясьнік з-пад Бялграда. Забойцу далі 40 год. Пасьля бацька Ціяны дамагаўся, каб у Сэрбіі ўвялі пажыцьцёвае зьняволеньне для забойцаў непаўнагадовых і цяжарных.

З WS першы водгук. Міямір. Ён жыве ў мястэчку Бачка-Таполя, крыху паўднёвей за Субоціцу. Міямір на пару год старэйшы за мяне. Езьдзіў на ровары ў Францыю, я быў у шоку, калі ён прадставіў мне сваю жонку.

— Sandra?! It’s impossible!

Не, аказваецца ўсё ў гэтым сьвеце яшчэ як посібл. Маленькая дачка, сын і дурасьлівы сабака Баз. Сям’я Міяміра жыве ў прыватным двухпавярховым доме. На другім паверсе шчэ няскончаны рамонт і мне прапанавалі спаць там.

Спраўляць патрэбы Міямір дазволіў у садочку, аточаным сьценамі зь вінаградных лозаў. Кожны раз, калі жоўтая вільгаць вось-вось павінна была выліцца з майго стомленнага соннага цела, вар’ят Баз кідаўся на мяне спрабуючы абняць і пацалаваць у вусны. Пакуль посьпех у жывёл у мяне большы, чым у жанчын.

* * *

Нумар 404. Праньне бялізны, чыстка зубоў, душ ды выцісканьне прышчынкаў — усё як звычайна й незвычайна. Падлога ўсё ж у прыбіральні дужа халодная. Седучы на стальцы або вышукваючы на твары дывэрсантаў, даводзілася класьці ручнік на падлогу. Паспаў 4, гадзіны, здаецца, сон ідзе на папраўку.


31-га траўня

Калі пачаў дзень сустрэчай з парыжанкай, сьцеражыся, каб не скончыць яго ў тэатры.

Міямір падняўся на золку. Мясакамбінат ня любіць чакаць. Я ж яшчэ пасядзеў за ноўтбукам, спрабуючы што-кольвек напісаць для свайго выданьня. Нясьпешна сабраўшыся, разьвітаўся зь сямейнікмі гаспадара. Трэба ехаць, я мушу зрабіць усё, каб знайсьці сваю Сандру.

Толькі выехаў на скрыжаваньне, азірнуўся — жанчына на ровары зь пярэднімі й заднімі саквамі:

— Hello! Where are you from?

— I’m from France. And you?

— From Belarus.

Так я сустрэў Мэры Поль. Гады выкладаньня матэматыкі скончыліся, й яна цяпер вольная птушка, якую вабіць антычнасьць. Едзем у Новы Сад.

— You know, my granddaughter told her teacher that I have cycled to Greece.

— And?

— The teacher didn’t believe her. «It’s impossible, you thought up all»

— Stupid teacher.

— Yep. And my son said: «No, my daughter said true, my mom cycled to Greece». And She: «Oh, I’m sorry…» And bla-bla-bla…

— Your granddaughter has a crazy granny.

— And your mother has a crazy son.

— Yep.

Едзем адзін за адным толькі каб саступіць дарогу машынам.

Заязджаем у рэстарацыю. Французская бабуля частуе беларускага валацугу.


Нови-Сад

— A lot of trash.

— Yea.

Сьмецьце ўздыманае ветрам вітала нас у Новым Садзе.

Мэры-Поль па нейкай цікавай схеме шукала дах над галавой праз знаёмых знаёмых сваіх сяброў, што дазваляла ёй вазіць менш рыштунку, чым мне.

Мой багажнік зноў прагнуўся. Відаць пасьля дарогі з бэтонных блёкаў.

Прыйшлося заўчасна разьвітацца. І я каторы раз прыняўся за рамонт.

У Новым Садзе сустрэўся зь Сінішам, другім новым знаёмым з Warmshowers. Ён пачаставаў мяне сэндвічам і салатай, а пасьля мы рушылі да яго на працу, у тэатар, дзе ён працуе кантрабасістам.

Увечары пачаўся дождж. Ночыў у бацькоўскім доме Сінішы, у пакоі, дзе ён жыў да вясельля. На стале ляжаў томік Кафкі, каля ложку — паліцы з кнігамі, у канцы пакоя — душ.

* * *

Чацьвер, 14-га лютага, дзень усіх закаханых. Work shop доўжыўся да абеду. Пасьля была магчымасьць паглядзець бліжэйшыя славутыя месты: Вэрону, Венэцыю. А мой атрад, канечне ж, рушыў у горы. Геліяс застаўся ў гатэлі. Плямы на сонцы. Нішто не ідэальна ў гэтым сьвеце.


1-га чэрвеня

Кроплі адбівалі піцэката па шыбах, рына вяла легата партыю флейты.


Бацька Сінішы падарыў мне тэрмас. Заліўшы гарбату, надзеў салафанавыя пакеты на ногі, разьвітаўся з бацькам і сынам. Рушыў.

Дождж з перапынкамі яшчэ ліў гадзіны дзьве. На выездзе з Новага Саду сустрэў Мэры Поль. Яна была без ровара. У звычайным адзеньні. Скрозь зморшчыны па-за шаблённай маладосьці зьзяла сонца. Абняліся на разьвітаньне. На беразе Дунаю запісаў відэа для сваёй сястры зь віншаваньнямі й прабачэньнямі. Сёньня ў яе вясельле.

Адолеў найвялікшы пад’ём перад Бялградам, спыніўся ля чарэшні. Салодкая, буйная, мейсцамі чорная дзялілася са мной сваім сокам. Мазаліцаў тэрмас, як высьветлілася, працякаў. Сабраў туды ўсё, што ня змог зьесьці, а да чаго ня дацягнуўся, пакінуў на дрэве.

Пад’язджаў да Бялграду ў цемры. Стомленымі вачыма шукаў дрэвы-кусты, але паўсюль адны дамы, заводы. Нарэсьце нейкае поле зь невялікай купкай дрэў. Паставіў намёт там. Раз-пораз пад ногі трапляла сьмецьце: плястык, шкло, аскепкі. Зь дзясятак кілямэтраў не даехаў да сэрбскай сталіцы. Стома. Сон.

* * *

У ста мэтрах ад Trettenero высілася царква Chiesa parrocchiale di Recoaro Terme.


2-га чэрвеня

Сьцены ўжо не трымаюць і зямля каціцца з-пад ног.


Београд


У сэрбскай сталіцы сустрэў нямецкіх турыстак, якіх бачыў на экскурсіі ў Новым Садзе. Цяпер яны былі на роварах, магчыма я іх натхніў. Насупраць гатэль «Югаславія».

У мястэчку Врчын дамовіўся сустрэцца з новым цёпла-душаўскім таварышам. Бялград праскочыў за пару гадзін. Спыніўся толькі ля гандлёвага цэнтру.

Але ўсё ж аддаю перавагу пошуму лясоў.


Врчин

Андрэя знайшоў не адразу. Узьняўся ледзь не на самую вяршыню пагорку, на якой стаіць Врчын. Адзін харошы чалавек падзяліўся тэлефонам, і Андрэй патлумачыў, што трэба ехаць назад, уніз. На сімкартках я вырашыў эканоміць.

Чарнявы, хударлявы, барадаты. Мы хутка знайшлі агульную мову. Размаўлялі пра музыку й прыгоды.

Я разьмесьціўся ў пакоі Андрэя. У іншым, за дзьвярыма, на якіх вісеў сэрбскі сьцяг, жыў ягоны брат з жонкай, а на першым паверсе — бацька.

Пасьля душу, стрыгучы пазногці на адведзенай мне канапе, балакаў з новым сябрам на беларуска-сэрбскай трасянцы, каб зразумець агульнасьць-адрознасьць славянскіх моў. Пераходзілі на ангельскую, каб паразумецца зь меншай доляй здагадак.

Схадзілі малодшай часткай сямейства ў Врчынскую краму. Надвячоркам жлукцілі колу, заядаючы чыпсамі. Слухалі сэрбскі й беларускі мэтал. Пасьля пад’ехаў мой цёзка, родам з украінскага Нікалаева. Размаўляючы па-расейску, было крыху нязвыкла пастаянна чуць у мове суразмоўцы дзеяслоў иметь. «Я имел работу, я имел девушку» і гэтак далей.

— Чувак, я хочу сказать тебе, что ты имеешь железные яйца.

Сьціпла ўсьміхаюся.

* * *

Так вось, Сонца засталося за гарамі. Нас чакалі два cave entrance і два view point, агулам 10 км. Дзяўчаты пастаянна спыняліся фоткацца. Мой плян быў выкананы толькі на палову.

3-га чэрвеня

Пот перамешваецца зь нябеснымі сьлязьмі, набрынялыя шкарпэткі надаюць абутку адмысловы пах — замест ног — кветкі.


Выехаў з Врчына крыху пазьней за Андрэя. Заправіў свой і ягоны ложак і адправіўся да Нішу. Атрымаў паведамленьне ад Слобадана зь ягонай адрэсай.

Бесплатный фрагмент закончился.

Купите книгу, чтобы продолжить чтение.