18+
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818–1825)

Бесплатный фрагмент - Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818–1825)

Объем: 336 бумажных стр.

Формат: epub, fb2, pdfRead, mobi

Подробнее

Крыніца: Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818–1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Ад перакладчыка

Аўтар гэтых успамінаў, др. медыцыны Станіслаў Мараўскі, нарадзіўся 22 ліпеня 1802 г. у Міцкунах пад Вільняй, што ў Лаварышскай парафіі, у маёнтку сваёй маці і быў першым і адзіным сынам шамбаляна караля Станіслава Аўгуста Апалінарыя Мараўскага і Мар'яны з Сямашкаў (памерла ў 1813 г.). Бацька — Апалінар Мараўскі (памёр у 1838 г.), быў вельмі вядомым у той час чалавекам, ведаў і падтрымліваў сяброўства з многімі тагачаснымі інтэлектуаламі, браў удзел у паўстанні 1794 г., асабіста ведаў Тадэвуша Касцюшку і Якуба Ясінскага, быў масонам.

Бацькі аўтара, вельмі заможныя людзі, пабраліся шлюбам па вялікім каханні, але «ў выніку сямейных, драматычных і па-сапраўднаму, з-за сваёй надзвычайнасці, цікавых інтрыг, маці на сямнаццатым годзе свайго жыцця была вымушана законна расстацца са сваім мужам, якога кахала». Пара развялася ў 1810 г. па ініцыятыве бацькі. Каб паскорыць шлюбаразводны працэс, звярталіся нават да імператара Аляксандра I, прычыны разводу ў крыніцах не ўказваюцца. Маці пасялілася ў Вільні, дзе, з-за шлюбаразводнай драмы захварэла ў 1813 г. і «гэтая няшчасная жанчына, прыгнечаная болем і рознымі паразамі, што атручвалі сэрца, памерла ад сухотаў». Пахавана на Бернардынскіх могілках, магіла не захавалася. Адзіны сын Мараўскіх Станіслаў застаўся жыць з бацькам і яго другой жонкай Юзэфай з Храпавіцкіх (1770–1842).

Яго дзяцінства было сумным і не толькі з-за адсутнасці маці (шляхетная мачаха з дому Храпавіцкіх, як магла імкнулася рабіць дабро пасынку), але больш з-за стаўлення бацькі да сына.

Бацька аўтара Апалінары Мараўскі

Бацька, несумненна чалавек выбітны, здольны, інтэлігентны, вынаходлівы, бонвіван і лавелас, «высакародны і паважаны ў свеце», надзіва рэзка, строга і сурова абыходзіўся са сваім адзіным сынам. Аднак для яго ён зрабіў усё, што і належала зрабіць. Выхаваў яго здаровым і даў выдатную адукацыю. Першапачаткова Станіслава вучылі гувернёры — і не абы якія: Міхал Канарскі, перакладчык з французскай мовы (потым ён вучыў Шчэнснага Патоцкага) і Захара Нямчэўскага, будучага прафесара матэматыкі Віленскага ўніверсітэта і дэкана факультэта. Калі Станіслаў падрос, яго аддалі ў Ковенскую павятовую школу, у якой праз год пасля таго, як яе ў 1818 г. скончыў Мараўскі, пачаў настаўнічаць Адам Міцкевіч.

Пад ціскам бацькі Станіслаў паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта, які скончыў у 1823 г. і абараніў ступень доктара медыцыны. Вучоба Мараўскага прыпала на гады максімальнага развіцця Віленскага ўніверсітэта і на кульмінацыю руху філарэтаў сярод моладзі. Мараўскі браў удзел у гэтым руху, быў прыняты ў сакавіку 1819 г. з псеўданімам «Патрокл» і 15 сакавіка прачытаў даклад «Пра свабоду народа», а 7 чэрвеня «Жыццё і справы кардынала Рышэлье». Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце меў зносіны з А. Міцкевічам, Т. Занам. Яму ўдалося пазбегнуць суда над філарэтамі і выгнання з краю. Па сямейнай традыцыі быў членам масонскай ложы «Руплівы ліцвін» («Litwin Gorliwy»).

Маці аўтара Мар’яна Апалінарыева Мараўская з Сямашкаў

Не вытрымаўшы тыраніі бацькі, паехаў у Пецярбург (жыў там у 1827 і 1829–1838 гг.), дзе працаваў лекарам і атрымаў ордэн св. Ганны падчас знакамітай эпідэміі халеры. Меў стасункі з Адамам Міцкевічам, сябраваў з піяністкай М. Шыманоўскай, мастакамі Ю. Аляшкевічам і В. Смакоўскім.

Знаходзячыся ў Парыжы, вырашаў праблемы са спадчынай, якая дасталася яму ад пляменніцы. Падчас знаходжання ў Францыі зблізіўся з эміграцыяй і павінен быў стаць сватам шлюбу Цэліны Шыманоўскай (1812–1855) з Адамам Міцкевічам, з якім зноў сустрэўся ў 1833 г.

Пасля смерці бацькі ў 1838 г. пасяліўся ў маёнтку Устроні Троцкага павета, дзе пісаў свае мемуары. У 1845–1846 гг. жыў у Варшаве. Сучаснікамі характарызаваўся як мізантроп, што бачна і з яго ўспамінаў.

Памёр у 1853 г. у сваіх Устронях і быў пахаваны ў капліцы ў Неманюнах Троцкага павета.


Розныя кнігі ўспамінаў Станіслава Мараўскага неаднаразова выдаваліся на польскай мове і даўно перакладзены на летувіскую мову. Значна больш «роўныя» і менш суб'ектыўныя ўспаміны Мараўскага пра жыццё ў Пецярбургу таксама перакладзены і на расейскую мову. У сваіх росшуках я неаднаразова перакладаў і цытаваў фрагменты ўспамінаў Мараўскага і добра разумеў каштоўнасць, а ў чымсьці ўнікальнасць яго тэкстаў і таму некалькі разоў прапаноўваў асобе, якая магла б арганізаваць высокапрафесійны пераклад, навуковае каментаванне, рэдагаванне і выданне ўспамінаў Мараўскага, зрабіць гэтую працу. Усе разумелі каштоўнасць такога выдання, і таму віленскія ўспаміны Мараўскага рана ці позна павінны былі б з'явіцца ў тым ліку і на беларускай мове. Але сталася так, што верагоднасць гэтага сёння наблізілася да нуля. Таму я і ўзяўся за поўны пераклад віленскіх успамінаў Мараўскага, бо яны, у тым ліку, наўпрост датычаць і маёй Лідчыны, а таксама Ашмяншчыны, Наваградчыны і г. д.

У маім перакладзе амаль што няма скаротаў, касаваў я толькі не зусім дакладныя апісанні аўтарам біяграфій Бенігсена, Зубава і г. д., стамляўся перакладаць адмоўныя характарыстыкі яго непрыяцеля Новамейскага і іншыя, вельмі суб'ектыўныя і малакаштоўныя часткі пра цалкам невядомых сёння асоб, але гэтыя скароты агулам не перавышаюць некалькіх старонак кнігі.

Улічваючы вельмі спецыфічны стыль Мараўскага, яго сказы на паўстаронкі з вялікай колькасцю косак, косак з кропкай, вялікую колькасць састарэлых слоў і г. д., на пачатку я думаў зрабіць пераклад як максімальна набліжаны выклад сэнсу яго ўспамінаў. Але стыль Мараўскага, калі яго думкі абганяюць пяро, да апісання кожнай асобы дадаецца па пяць ці болей эпітэтаў, а самая простая думка можа раскрывацца на некалькіх старонках, захапіў мяне, і таму я маю слабую надзею, што ў пэўнай ступені мне ўдалося перадаць яго вельмі своеасаблівы стыль. Мараўскі ўвесь час працаваў нібыта для сябе ці максімум для сваіх сваякоў і сяброў, бо пісаў пра «вочы і вушы майго прыяцеля ці сваяка, які будзе гэта чытаць», але меў надзею і на нешта значна большае, «бо, хто ведае, можа і мае трызненні часам каму прыдадуцца».

Успаміны, відочна, ён пісаў на адным дыханні, і таму заўважны няроўнасці і нестыкоўкі тэксту. Напрыклад, у адным месцы пра свайго бацьку ён піша, што «вялікія і малыя грошы сыпаліся на яго без аніякага старання, нават, калі ён сам гэтага не чакаў», у іншых месцах неаднаразова згадвае вялікую заможнасць сваёй сям'і, але потым мы даведваемся, што яго бацька ў канцы жыцця ўжо амаль што нічога не меў і нічога не змог пакінуць свайму сыну.

Мая праца — не акадэмічны пераклад, бо перакладаў я віленскія ўспаміны як цікавейшы раман з жыцця нашага краю першай трэці XIX ст. Таму, хоць гэта і было б цікава зрабіць, пераклад не мае навуковага апарата і занадта вялікіх каментароў, выкананых па ўсіх правілах у канцы кнігі. Тым не менш, пераклад разлічаны на дастаткова абазнанага ў нашай гісторыі чытача.

Каб не абцяжарваць і так складаны тэкст, я часта не расшыфроўваў шматлікія французскія і лацінскія словы, прымаўкі, а адразу падаваў іх у перакладзе на беларускую мову.

Успаміны поўняцца анекдотамі, расказамі і аповедамі пра вядомых і невядомых сёння асоб, і, калі ўзяць папраўку на зразумелую суб'ектыўнасць аўтара, яго ўспаміны можна лічыць энцыклапедыяй жыцця сярэдняга і вышэйшага класа былога ВКЛ у XIX ст.

Закончу гэты ўступ думкай, якую былы філамат Францішак Малеўскі паведаміў другому былому філамату Адаму Міцкевічу (яны абодва былі жанаты з сёстрамі Шыманоўскімі) — Малеўскі лічыў тэкст Мараўскага «шклом, праз якое можна бачыць», дадам, чароўным шклом, праз якое можна бачыць гісторыю.


Вельмі цікавым для мяне ёсць апісанне аўтарам прыгожага абраду атрымання ступені доктара медыцыны (MD), я ўжываю для гэтага тэрмін, які мне падабаецца — «дактарацыя». Заўважу, што паступіўшы ў 16 гадоў ва ўніверсітэт, Мараўскі ўжо ў 20 гадоў стаў доктарам медыцыны. Наколькі я ведаю, і сёння ў англамоўным свеце доктар медыцыны (MD) — гэта прафесійная (і апошняя) навуковая ступень лекараў. Па ўзроўні падрыхтоўкі яна прыблізна адпавядае магістратуры немедыцынскіх прафесій, надаецца пасля заканчэння медыцынскага ўніверсітэта і дазваляе займаць медычныя і выкладчыцкія пасады ў медыцыне ажно да прафесарскіх. Тады, як і сёння ў большасці дзяржаў заходняга свету, юрысты атрымлівалі навуковую ступень доктара юрыспрудэнцыі (J.D, JD, D. Jur. ці DJur), а багасловы — доктара тэалогіі (Theology Doctor, ThD). Каб займацца медыцынай, як навукай, сёння трэба мець ступень PhD (гл. ніжэй), напрыклад у галіне біялогіі, такая ступень лекара-навукоўца пішацца як «MD-PhD».

Апроч медыкаў, юрыстаў і тэолагаў, усе іншыя выпускнікі ўніверсітэта, пры жаданні, атрымалі ступень доктара філасофіі (PhD, Philosophiа Doctor) — навуковую ступень, якую і цяпер атрымліваюць спецыялісты ў галінах гуманітарных, прыродазнаўчых і тэхнічных навук на аснове ступені магістра пасля выканання цягам 4–5 гадоў незалежнага даследчага праекта і абароны дысертацыі (PhD Thesis). У той час Віленскі ўніверсітэт не меў інжынерных накірункаў, і ступень магістра, а потым доктара філасофіі прысвойвалася гуманітарыям і прыродазнаўцам. Вядома, напрыклад, што Адам Міцкевіч у 1819 г. скончыў Віленскі ўніверсітэт і ў 1822 г. атрымаў вучоную ступень магістра філасофіі. Загадкай для мяне з'яўляецца згаданы ў гэтых мемуарах хімік Ляхніцкі, які стаў доктарам ва ўзросце 19 гадоў. Невядома, ці тое тычылася вундэркінда, ці гэта проста памылка.

Мае каментары да тэксту ўспамінаў пазначаны літарамі «Л. Л.», а каментары, якія былі зроблены да выдання 1924 г., падаюцца без дадатковых пазнакаў.

У кнізе Мараўскага ўспаміны дадатковыя да асноўнага тэксту падаюцца пры канцы выдання. Гэтыя дадаткі я падаю пасля кожнага раздзела кнігі, пазначаны яны будуць літарай «Д» з адпаведным нумарам.

Перакладчык і каментатар успамінаў Леанід Лаўрэш.

Першая частка

Казалі тады першасвятары Пілату: «Не пішы». Але Пілат адказваў:

«Што напісана, тое напісана».


«Змяніліся пакаленні, і я застаўся блукаць сярод людзей у амаль што невядомай мне краіне, дзе нішто з таго, што мяне раней атачала, не было мне чужым».

Раздзел 1. Пралат Міхал Длускі. Яго характарыстыка. Яго сувязь з Лабаржэўскай. Яго масонства. Ссылка ў 1812 г. Вяртанне, смерць і пахаванне

Адным з блізкіх сяброў майго бацькі ў Вільні быў яго дваюрадны па цётцы брат ксёндз Міхал Длускі, пралат і архідыякан Віленскай катэдры.

У той час гэты ксёндз-пралат быў свяцілам, зоркай, сонцам капітулы. Сёння ніхто не мае ўяўлення пра тое, якое значэнне, павагу і пашану мелі члены Віленскай капітулы ва ўсім забраным краі і ў самой Вільні, а было гэта яшчэ на маёй памяці.

Але ўжо нават і тады людзі скардзіліся, што ў капітулу ўбіліся інтрыганы. У часы кс.-біскупа Масальскага і потым, не было іншых пралатаў, як толькі арыстакраты. Гэту духоўную пасаду займалі Лапацінскія, Валовічы, Касакоўскія, Страйноўскія, Бжастоўскія, Зянковічы і ім падобныя, святасцю жыцця над іншымі ўзвышаўся біскуп Пільхоўскі. Спалучалі яны сапраўднае выхаванне з уласным, звычайна, вялікім багаццем, і, галоўнае, карысталіся агульнай павагай да сябе. Узнагароджаныя зоркамі св. Станіслава і Белага Арла, засядалі ў парадных тогах за дзіўнай прыгажосці сталамі віленскай капітулы, выглядалі як рымскія сенатары, якія з-за гальскага нашэсця чакаюць смерці.

Станіслаў Мараўскі

Потым, палітычныя змены, заўчасная смерць многіх пралатаў і ідэі, якія з'явіліся пад уплывам універсітэта і сучаснай навукі, пачалі дэмакратызаваць свядомасць і прывялі да таго, што большасць пралатур і пасад у капітуле атрымалі ўніверсітэцкія прафесары святой тэалогіі. Пасады атрымалі пераважна асобы з дробнай і беднай шляхты і, як кажуць, малой высакароднасці. І шапталіся, што былі сярод іх нават сяляне, якія ўзняліся праз моц таленту ці праз інтрыгу.

Аднак заўсёды былі Бжастоўскі, Касакоўскі і Багуслаўскі, а сярод навукоўцаў-матэматыкаў Нарвойш, Міцкевіч, Клангевіч, Хадані і Кундзіч. Цывінскі — шляхціц старажытнага і чыстага паходжання, хаця і быў ужо афіцыялам, але ніколі не думаў, што дачакаецца той ролі, якую пазней яму давялося выконваць. Я часта бачыў Цывінскага выструненым каля дзвярэй Длускага і вельмі цяжка было яго ўгаварыць усяго толькі сесці ў крэсла. Я бачыў гэта, але яно мне не шкодзіла, і з гэтым будучым біскупам у мяне ніколі не было стасункаў, хоць часам я меў іх з асобамі, якімі ён кіраваў. Зрэшты, лепш не заўважаць прыніжанай сціпласці людзей, якія потым узняліся, бо яны не любяць сведкаў сваёй мінулай пакорлівасці. А такія сведкі, часцей за ўсё міжвольна на пачатку глядзелі на іх, як бараны, але потым заўсёды ставаліся вінаватымі: «Чаму глядзелі, чаму бачылі?» Гэта нешта накшталт лёсу Авідзія, які ўвесь час скардзіўся: «Cur aliquid vidi. Cur noxia lumina jeci!» (лац. «Чаму я нешта бачыў. Чаму я падпаліў агонь!». — Л. Л.).

Ксёндз Міхал Длускі быў выхаваны ў школе кс.-біскупа Масальскага, чыя элегантнасць, дасканаласць, вучонасць і ветлівасць славіліся па ўсім краі (Д 1) і дапамагалі біскупу ва ўсіх яго падарожжах за мяжу — яго такт, яго абыходжанне з людзьмі, яго разважлівасць — усё тое, чаго сёння мы ўжо не сустракаем. Дасведчаны, энцыклапедычна адукаваны ва ўсіх галінах ведаў, з веданнем 6 моў і 7-й расейскай, якую потым вывучыў у няшчасці, віртуозны мастак алоўкам і алеем, да гэта ўсяго яшчэ і архітэктар, і аграном, ён вылучаўся нават у часы вялікіх асветнікаў, калі было шмат па-сапраўднаму вучоных людзей, якія атрымалі веды не з газетаў і часопісаў, а з упартага і пастаяннага вывучэння грунтоўных кніг — асоб, якія дзівяць сучасных мудрацоў ведамі — аздобамі свайго розуму і сэрца.


Длускі, кажу я, мог не прымружыўшы вока, мець уладу і надзейна яе трымаць. Калі і быў на свеце хрысціянскі святар, пазначаны рукой Бога анёльскім абліччам, дык гэта, безумоўна, ксёндз Міхал. Прыгожага целаскладу, росту вышэй за сярэдні, з паважнымі і шляхетнымі рухамі, па-сапраўднаму панскімі рукамі, у паводзінах сціплы, ціхі хоць і не па-езуіцку — ён паланіў сэрцы кожнага, хто яго ведаў. Але галоўнай яго аздобай быў твар і нават выраз твару, калі ён размаўляў з людзьмі. Блакітныя вочы, светлыя, доўгія валасы, якія клаліся на шыю прыгожымі, натуральнымі кудзеркамі, лагодны позірк рабілі яго па-сапраўднаму падобным да анёла ці, прынамсі, да таго Габрыэля, якога ў «Вечным жыдзе» сваёй фантазіяй намаляваў Эжэн Сю. З вялікай колькасці партрэтаў ксяндза Міхала толькі мініяцюра, якую я атрымаў ад бацькі, перадае яго воблік. Калі ён нават пры неабавязковай размове пачынаў прамаўляць, ягоныя губы ледзь-ледзь краналі адна адну, нібы ён збіраўся даслаць лёгкі пацалунак — гэтак жа робяць тыя, хто грае на флейце. І сапраўды, яго прыемны голас кранаў вуха, як гук музычнага інструмента. Быў у яго нязначны цік, не ведаю, ці заўважаў гэта хто-небудзь з яго блізкіх ці знаёмых, але мяне, малога, ён звычайна дзівіў, і таму я зачаравана глядзеў на яго. Безумоўна, цік не толькі не псаваў, але рабіў яго яшчэ больш чароўным. Апроч уласнага фундушу, які трымаў як капітал, ксёндз Длускі з’яўляўся яшчэ пробашчам у катэдры і меў дзве значныя бенефіцыі: Рукойні і Міхнішкі.

Рукойні, хоць і ляжаць блізка ад Вільні, аднак да пэўнага часу іх ўважалі мёртвым, журботным і нудным мястэчкам, але гэтую сваю летнюю рэзідэнцыю ён перарабіў на маленькі рай. Купамі маляўніча пасаджаных дрэў стварыў прыгожыя краявіды. Пабудаваў жылы дом, мураваны касцёл і іншыя гмахі. Батанік і аматар кветак, ён стварыў цудоўны сад з каналамі, напоўненымі рыбай, дамкамі для самых прыгожых птушак, швейцарскімі хаткамі, пусташ з высвечаным пустэльнікам-старцам — адным словам, узбагаціў усімі вясковымі аздобамі.

Пасля яго смерці ад усяго гэтага не засталося і следу! Бо Длускага змяніў спарахнелы і здзяцінелы пралат, граф Бжастоўскі, рэферэндарый ВКЛ, які з-за нейкага дзіўнага капрызу і фантазіі загадаў усё спляжыць і высекчы ў пень. Рукойні вярнуліся да ранейшага стану. А быў гэта той самы Бжастоўскі, які ў свае маладыя гады стварыў і арганізаваў Паўлава, мястэчка, слаўнае ў апошнія хвіліны Літвы і Польшчы.


Пры гэтым наш пралат Длускі быў не без граху. Анёлы заняпалі, а як жа часам не саграшыць чалавеку, нават калі ён і падобны да анёла? Прыгожы, вялікі, багаты, адукаваны, таленавіты, яго не маглі абмінуць спакусы. Як зазвычай здараецца, яго спакусіла жанчына. І хоць ён раней не аднойчы казаў дзявулям: «Ідзі прэч, шатан!», але ўсё ж перад чарамі адной з гэтых шатанак ён нарэшце не стрымаўся. Але магу меркаваць, што не вялікае дзіва зваліцца з такога коніка, бо нават праз колькі дзясяткаў гадоў, калі і я ўбачыў гэтую жанчыну, яна ўсё яшчэ заставалася вабнай! Не стану пляткарыць, бо каханне Длускага не было распустай, якой аддаўся гарбаты і страхалюдны пралат Зянковіч, у чые абдымкі кідаліся ці не ўсе модныя віленскія пані, таму што Зянковіч быў багаты і меў надзвычайна вялікую схільнасць да марнатраўства.

Длускі, сціплы чалавек з чулым сэрцам, не вытрымаў і патрапіў у сеткі, якія на яго паставіла прыгожае нябеснае стварэнне, поўнае ўдзячнасці і вабнасці — генаралава Лабаржэўская з дому Нарбутаў. Яна потым прайшла праз рукі, сэрца і кішэню князя Кутузава-Смаленскага, у той час (1799–1801 і ў 1809–1812 гг. — Л. Л.) генерал-губернатара Вільні, і некалькіх яшчэ паноў у Пецярбургу, а пры канцы выйшла замуж за міністра асветы, адмірала Шышкова. Калі я з ёй пазнаёміўся, яна была ўжо старой, але яшчэ моцнай, дзіўна прыгожай і мілай жонкай міністра, адмірала Шышкова. Яна цалкам адпавядала свайму становішчу, узняла дом адмірала, з дзіўнай прыемнасцю і ветлівасцю захоўвала ўсеагульную павагу, асабліва цёплую ад землякоў, як быццам ніколі і не была іншай, а толькі і заўсёды жонкай міністра.

Што ж, магчыма, Длускі не ведаў, што ў сваёй хроніцы пісаў легат і папскі нунцый у Польшчы Энеа Сільвіа Пікаламіні, які потым стаў папам Піям ІІ, аб Нарбутоўнах, і небарака, закахаўся ў гэтую жанчыну па самыя вушы. Ці з-за глупства, ці каб добра яго абдзерці, замест таго каб хаваць стасункі, мілая спакусніца пачала знарок дэманстраваць гэтую сувязь. Выбухнуў скандал, і неабходна было яго хутчэй схаваць і пагасіць. Мой бацька, як Ментар, які скінуў Тэлемака са скалы, гвалтоўна разарваў гэтую сувязь. Лабаржэўская залілася горкімі слязьмі і запатрабавала 2000 дукатаў, каб загаіць сваю каліпсаву рану (у інтэрпрэтацыі рымскім пісьменнікам Гаем Юліям Гігіным старажытнагрэцкага міфа, німфа Каліпса забіла сама сябе з-за кахання да Адысея — Л. Л.). Мой бацька меў каля сябе сястру Лабаржэўскай Далецкую (ці Далінскую — Л. Л.), якую ён раней збаламуціў, і яна аддалася яму і целам, і душой. Пры дапамозе генерала Хацкевіча, які марыў неадкладна ўзяць Лабаржэўскую на свой рахунак, бацька закончыў справу кампрамісам у тысячу дукатаў. Аднак, калі Лабаржэўская развітвалася, дык паклялася помсціць вечна, але не з-за малой сумы грошай, а за сканчэнне такога салодкага кахання. Трэба сказаць, што клятву сваю яна не выканала, бо, відочна, была жанчынай з мяккім, добрым і незлапамятным сэрцам. У 1828 г., ужо будучы жонкай міністра, яна, як сына, прыняла мяне ў Пецярбургу, навучала мяне, дзе магла пратэжыравала, і я меў у сталіцы шмат прыемных момантаў у яе вялікім, знакамітым і бліскучым доме (Д 2).

Ну, і каб хоць коратка закончыць біяграфію Длускага, дадам толькі, што яшчэ падчас вандроўкі па Еўропе разам з біскупам ён уступіў у таварыства масонаў. І калі пазней масоны пачалі множыцца ў Літве і Польшчы як грыбы на моху, аказалася, што ён і наш агульны сваяк генерал граф Караль Мараўскі былі ветэранамі масонскага руху ў краі (гэты графскі тытул для яго быў куплены нясвіжскімі Радзівіламі ў рымскага імператара, ён меў падвойнае сваяцтва з Радзівіламі, бо аддаў сваю адзіную дачку за апошняга нясвіжскага Радзівіла. Ён вельмі хацеў мяне ўсынавіць, але бацька не пагадзіўся). Мараўскі доўгі час жыў у Завушшы, і яго галоўным сябрам стаў пралат Длускі. Праз Длускага міласэрны і шчодры граф часта аказваў значную падтрымку і рабіў складкі для мастакоў, вучоных без сродкаў, для бедных і сірот і таму быў шырока вядомы.

Нарэшце, прыйшоў 1812 г. З'яўленне імператара Напалеона, які па-здрадніцку падараваў нам бразготку, нам, якія яшчэ ўсё памяталі і ўсімі сіламі і шляхамі імкнуліся аднавіць сваю незалежнасць. Гэта дало новы стан, новыя постаці. Руплівы і высакародны Длускі ўсёй душой прыкіпеў да гэтай няспелай яшчэ надзеі. А ў дзень імянін французскага імператара ён сказаў з амбона катэдральнага касцёла слаўнае казанне, якое зрабіла на ўсіх вялікае ўражанне, і шпегі адразу даслалі звесткі ў расейскі лагер. На яго ўжо меўся кампрамат, але, паколькі былі і больш дыскрэдытаваныя асобы, пасля вяртання маскоўскіх войскаў ён неяк выкруціўся. Ды няшчасны лёс абрынуў на яго галаву новую буру.

Калі ўжо расейскія войскі падышлі да Вільні, французы адступалі і хаваліся, дзе маглі, бо мелі спадзяванні, што перамога, якая выпала з іхніх рук, вернецца ў кожны момант. Вышэйшыя афіцэры хаваліся ў цывільным адзенні ці ў салдацкіх мундзірах ад простага люду, раззлаванага нядаўнім рабаўніцтвам, і асабліва ад цікаўных і спрактыкаваных вачэй яўрэяў, якія пра ўсё даносілі расейскаму войску. Адзін з французскіх генералаў, масон, які раней бываў у віленскай ложы і ведаў Длускага, пайшоў да яго з просьбай дапамагчы ўцячы. Пралат са сваіх ці з масонскіх грошай даў яму 100 злотых, і генерал рознымі шляхамі дабраўся да Дрэздэна. Але ў Вільні застаўся яго сябар і, не падумаўшы, што ён робіць, генерал праз пошту напісаў яму, што той мае рабіць і расказаў, як ён сам уцёк у Саксонію. «Калі ў цябе няма грошай, ідзі да высакароднага і свентаблівага каплана, пралата Длускага, які дапамог мне, і цябе, дакладна, не пакіне». Гэты ліст патрапіў у рукі Кутузава, адтуль да імператара Аляксандра І, які загадаў саслаць Длускага ў Сібір! Нечакана для святара прыйшла кібітка і яго, ужо сталага чалавека, павезлі ў Табольск і, як вялікую ласку, дазволілі ўзяць з сабой для паслуг прывязанага да яго камердынера Тавянскага.

Даведаўшыся пра гэта, мой бацька, як кіпенем абліты, паляцеў у Вільню, націснуў на ўсе спружыны, два гады праціраў усе парогі і нарэшце, дачакаўся вяртання Длускага. Але гэта ўжо быў не той Длускі! І хоць ён карыстаўся яшчэ большай павагай сярод людзей, але цяжкая дарога, маральныя пакуты, клімат, пераслед, хамства, ганьба — усё тое, ахвярай чаго ён стаў сярод раз'юшаных расейцаў падчас выгнання, сумна паўплывалі на яго розум, на стабільнасць яго характару і на яго здароўе. З таго часу ён вёў замкнёнае і сумнае жыццё, бачыўся толькі з намі, з блізкімі яго сэрцу людзьмі і выглядаў, як перад самай смерцю. Праз некалькі гадоў, у 1820 г., прыехаў у касцёл св. Стэфана, дзе звычайна па пэўных днях адпраўляў святую імшу для мар'явітак і, калі выходзіў з карэты, нешчасліва ступіў і так паламаў нагу ў галёнцы, што ажно косць выйшла вонкі.

Не далі выніку самыя прачулыя старанні, руплівы нагляд лепшых лекараў і хірургаў, бо ён не згаджаўся, каб яму адрэзалі нагу. І няшчасны выпадак звёў пралата ў магілу.

Такі быў канец гэтай выключнай для краю і чалавецтва асобы, якая была вартая зусім іншага лёсу. Ні тады, ні сёння няма ў нашым краі каталіцкага ксяндза, які быў бы такім адукаваным і меў бы такое сэрца, такі характар і такую постаць.

Ягоная сястра Канстанцыя, вось ужо цягам больш як 30 гадоў абатыса віленскіх візітак, жанчына святая, шырока вядомая ў краі і за яго межамі, поўная лагоднасці, веры і сапраўднага хрысціянскага святла, у пансіёне свайго кляштара выхавала тысячы маладых, багатых і бедных паненак — цяпер яны ўжо маці, а можа і бабулі і павінны з удзячнасцю ўспамінаць абатысу. А я ўдзячны ёй за смачныя пернікі і іншыя мілыя прысмакі, якімі яна заўсёды адорвала. Апроч гэтай сястры, Длускі меў яшчэ адну, таксама візітку, але яна даўно ўжо памерла, і ксёндз Міхал акрамя майго бацькі не меў больш блізкіх сваякоў. Воля пралата, пра што мне неаднаразова казалі ў розных абставінах, заключалася ў тым, каб усё, чым ён валодаў, пасля яго смерці перайшло да майго бацькі. Але бацька быў высакародны і па-сапраўднаму бескарыслівы чалавек і таму адкінуў не толькі думку пра маёмасць Длускага, але і пра ўсе наступствы, якія вынікалі з гэтай думкі. Памятаю, калі я меў каля 10 гадоў, мяне прывезлі ў Вільню, і я абедаў з бацькам у пралата. Са сваёй вялікай і добра ўкамплектаванай бібліятэкі, пралат дастаў пераплеценую французскую кнігу з каляровымі гравюрамі жывёл, як на той час — вельмі прыгожую, і падарыў яе мне на памяць. Бацька, шкадуючы, што я сапсую кнігу (а яна ў мяне, хоць і парваная, але захавалася дагэтуль), пачаў угаворваць яго не рабіць гэтага, каб не шкодзіць свайму кнігазбору. Тады ксёндз Длускі сказаў: «Браце мой, чаму хочаш ваяваць з самім сабой? Гэта твой сын, і неўзабаве і гэта (паказвае на бібліятэку), і тое (паказвае на вялікую калекцыю карцін), і ўсе, што я маю, не каму іншаму, а вам дастанецца. Чаму ты так шкадуеш аб гэтай кнізе?» Ні тады, ні пазней я не думаў пра гэта, бо лічыў за ганьбу чакаць чужую смерць. Я згадаў гэтую акалічнасць, бо яна потым можа спатрэбіцца для тлумачэння некаторых пазнейшых падзей майго жыцця.

Пахаванне ксяндза Міхала было прыгожым, можа, самым прыгожым у Вільні. Не таму, што за труной ва усім сваім бляску ішла капітула, ішла і радавалася, бо дзве значныя бенефіцыі напэўна дастануцца камусьці з іх, але таму, што пахаванне суправаджалася шчырым і аднадушным смуткам усяго горада. Бо ўсе прыйшлі сюды, каб аказаць пашану памерламу. Ад натоўпаў немагчыма прайсці было ад Замкавай брамы да катакомбаў. Магістр масонаў жадаў сваіх паказаць лепш, чым капітула сваіх. І ўсе віленскія масоны, са згоды ўладаў ішлі ў чорных цывільных уборах са свечкамі ў руках следам за намі, сваякамі, што добра прычынілася да бляску пахавання. Гледзячы на гэта, канвенты (манаскія законы — Л. Л.) сціскалі зубы і моўчкі скрыгаталі імі ад вечнага няшчаснага пераканання ксяндзоў, што масанэрыя ёсць справа і выдумка д'ябла (Д 3).

Калі на катафалк неабходна было павесіць партрэт нябожчыка пэндзля Рустэма, а партрэт, верагодна, да гэтага часу знаходзіўся ў ложы і меў інсыгніі магістра масонаў, яго забралі з ложы, Рустэм неяк хуценька зафарбаваў інсыгніі і пакінуў толькі свецкія ўзнагароды і знакі. Як на ліха, калі ставілі гэты партрэт, адзін з бернардынаў рукавом сцёр частку яшчэ нявысахлай фарбы і ўсе ўбачылі цыркуль ці кельню. І пачаліся выдумкі і доказы, што касцёл апаганены блюзнерамі. Ад айцоў-бернардынаў чуткі разышліся па касцёлах, уздымаліся і грымелі, і чым далей, тым болей усе прыслухоўваліся да гэтага глупства, аж пакуль справа не дайшла да скандальных сцэн у сакрыстыі.

Калі мы ўжо збіраліся выходзіць за целам, я з запаленай свечкай у руцэ чакаў сігналу рухацца наперад і размаўляў з панам Канстантым Новамейскім, сваяком і вось ужо 4 гады адміністратарам маёнткаў і інтарэсаў ксяндза Длускага. Да мяне наблізіўся малады масон з надзвычай прыемным тварам і папрасіў дазволу запаліць свечку. Я ветліва дазволіў бы зрабіць гэта любому, але ў той момант адчуў такі інтарэс і цікавасць да гэтага чалавека, што цікавасць адбілася на маім твары на якім немагчыма было нешта схаваць. Новамейскі гэта заўважыў і сказаў: «Я бачу, панове, што вы не ведаеце адзін аднаго, пры тым, што вы аднафамільцы». Гэта быў шляхетны Караль Мараўскі, чалавек пачцівага сэрца і непаспалітай галавы, у той час ужо буйны праўнік, суддзя крымінальнага дэпартамента. Так я пазнаёміўся з Каралем Мараўскім, з якім, дзякуючы яго рэдкім якасцям, неўзабаве склалася блізкае сяброўства.

Перад тым, як расказаць вам пра гэта і ўсё іншае, што моцна паўплывала на маё жыццё, трэба згадаць пана Новамейскага, пра якога я наўмысна дагэтуль нічога не сказаў, бо вырашыў прысвяціць яму асобны раздзел, а можа, і болей.

Дадаткі

1. Віленскі ксёндз-біскуп выказваў вялікую прыязнасць і пашану да майго тады яшчэ зусім маладога бацькі. Адным з галоўных доказаў гэтага, які і прывабіў маю ўвагу, стаў падарунак сарака бутэлек венгерскага віна шасцідзесяцігадовай вытрымкі толькі за тое, што бацька аднойчы за сталом біскупа пахваліў гэтае віно. Шмат хто хваліў віно, але гэтакай увагі да сябе не меў. Гэтае віно ў нас на працягу многіх гадоў выстаўлялася толькі падчас вялікіх святаў і перажыло бацьку адной бутэлькай. Я стаў спадчыннікам гэтай бутэлькі, калі мой высакародны калега і сябар, сапраўдны стацкі дарадца Францішак Малеўскі, вяртаўся з-за мяжы і знарок збочыў з дарогі, каб па глыбокім снезе наведаць мяне ў маёй вёсцы — мы разам выпілі віно за здароўе і за памяць пра лепшыя часы.

Можа будзе не залішнім і павучальным згадаць адзін не вельмі вядомы анекдот.

Задоўга да 1794 г., кс.-біскуп з-за мяжы вяртаўся з прычыны розных палітычных інтрыг, галоўнай апорай якіх у сваёй групоўцы быў ён сам, і заехаў у Дрэздэн. Там жыла варажбітка, якая здзіўляла ўсіх дакладнасцю сваіх прадказанняў будучыні і веданнем мінулых падзей. Кс.-біскуп, чалавек XVIII ст., верыў толькі ў правераную свецкую мудрасць тым не менш раптам арганізаваў для сваіх дамачадцаў візіт да варажбіткі. Біскуп, каб яго не пазналі, усклаў на сябе свецкае адзенне. Варажбітка паведаміла кожнаму нешта больш-менш вартае. І калі нарэшце да яе падышоў сам біскуп, сказала яму: «Ты ў думках здзекуешся і смяешся з усяго гэтага. Але памятай, і хай памятаюць усе, хто сёння з табой, што цябе чакае кепская будучыня. Ведай, ты загінеш на шыбеніцы!»

Біскуп з усмешкай даў ёй жменю золата і выйшаў на свежае паветра. Там, зусім не разгублены, сказаў сваім спадарожнікам: «Мосці панове, бачыце, ці можна верыць такім ведзьмам. З усіх смерцяў, якія мне магла прадказаць варажбітка, толькі гэтая цалкам немагчымая і несумяшчальная з маімі санам і таму ніколі не можа адбыцца са мной».

Небарака, ці мог ён падумаць тады, што ягоны сан не ўратуе ад ганебнага канца.

Рукі свярбяць накрэмзаць тут яшчэ адзін, весялейшы анекдот пра гэтага магната.

Віленскі кс.-біскуп, вельмі свецкі пан, не заўсёды насіў сутану і, нягледзячы на тое, што сан прымушаў яго ўстрымлівацца ад многіх зямных забаў, вельмі любіў паляванне. Падчас адной з такіх выпраў ён пагнаўся за аленем ці зайцам і заблукаў у глухім лесе. Згубіўшы набліжаных, біскуп не меў іншага выйсця, як ісці наўдачу па вузкай і вельмі ненадзейнай сцежцы, на якую выбраўся выпадкова.

Ішоў, ішоў па гэтай сцяжынцы і нарэшце выйшаў да нейкага незнаёмага засценка, новыя і чыстыя пабудовы якога сведчылі пра руплівасць тамтэйшага гаспадара. Жыў тут багаты чалавек, які сваю сядзібу заклаў у лесе. Стомлены біскуп ужо ледзьве стаўляў ногі і яму патрэбныя былі адпачынак і ежа. Гаспадар з паклонам прыняў падарожнага і не здагадваўся, хто гэта такі. Біскуп уціснуў яму ў руку талер і папрасіў, каб яго жонка зарэзала курыцу, якая гуляла па двары і зварыла з яе крупнік. Гаспадары з радасцю ўзяліся за справу для такога шчодрага і ветлівага госця. А біскуп на хвіліну прыснуў на сене.

Будзяць яго: «Ягамосць, ягамосць! Курыца гатовая. Галодны біскуп ідзе ў хату. Пах булёну радуе і казыча вантробы. Стаіць стол, накрыты чыстым абрусам, з чыстай алавянай лыжкай, нажом і відэльцам. Брава! Шчаслівы біскуп хваліць парадак у хаце і сядае за стол. А гаспадар з трыумфам і мінай, якая здаецца, кажа: «Пачакай, куме, будзе яшчэ і не тое!», ставіць перад ім курыны булён… думаеце ў чым?

У глінянай місе? Не!

У алавянай? Не!

А ў чым?

У белым фаянсавым начным гаршку!

Пачцівы гаспадар, каб мець у хаце нешта не з гліны, а штосьці багатае, што пакажа гасцям дастатак у доме, у Вільні ўбачыў у вітрыне крамы розныя вырабы з фаянсу і вырашыў купіць сабе вазон. Прыгледзеўся — і не адзін фасон посуду не спадабаўся яму так, як фасон начнога гаршка. І набыў яго, бо вырашыў, што гэта супніца.

Біскуп нярэдка згадваў сваю прыгоду. І рабіў гэта у супрацьвагу выхваленнем свайго супраціўніка князя Радзівіла Пане Каханку, які ўвесь час выдумляў пра сябе тысячы розных гісторый.


2. Не ведаю, ці хопіць мне часу, ахвоты і жыцця, каб напісаць успаміны пра мой побыт у Пецярбургу і асоб, якіх там сустрэў. Таму напішу тут, бо ў нядаўнім лісце са сталіцы мне паведамілі пра смерць 6 ліпеня 1849 г. адміралавай і міністравай Шышковай (некалі, Лабаржэўскай). Памерла за колькі гадзін ад халеры, якая там лютавала ўжо некалькі гадоў. Гэта была дзіўная жанчына, каля васьмідзесяці гадоў яе цела і душа ішлі рознымі шляхамі, яе вялікія памылкі, як звычайна, праз нейкі час забыліся на тле дабра, якое яна зрабіла ў глыбокай старасці, у той непрацяглы час, калі нарэшце яе ўжо адпусцілі грахі, бо яна доўга, доўга трымалася за іх абедзвюма рукамі і расстацца з імі ніяк не магла. Гэта наша Нінон дэ Ланкно, гэта наша сучасная Аспазія, яна памерла з вялікая пакорай ды з нейкім богабаязным зычэннем і прагай смерці. Яе апошнія словы да тых, хто стаяў каля ложка, былі: «Comme le cholera est bon… on en meurt».

Я ўжо згадваў вышэй, што, нягледзячы на сталы ўзрост, пра які немагчыма было і падумаць, яна заўсёды заставалася прыгожай.

Мне пішуць, што да самага канца яна захавала тую абаяльнасць твару, якая разбіла столькі сэрцаў. Але вось якое дзіва — смерць так амаладзіла яе рысы, што тыя, хто яе не ведаў, а ўбачыў толькі ў труне, давалі ёй дваццаць пяць ці найбольш трыццаць гадоў.

Так яна жыла, карысталася і злоўжывала ўсім, з чаго складаецца зямное задавальненне. І нават яе парэшткі сведчылі, што нейкая больш магутная, чым чалавечая рука, паслала яе на гэты свет менавіта з такой мэтай. Бо яна, як некалі Венера, была зроблена з белай і бязважкай марской пены.

(Запіс зроблены 28 ліпеня 1849 г.)


3. Ксёндз Алойзы Каржанеўскі, дамініканін, адзін з нашых самых адукаваных святароў, аўтар і перакладчык шматлікіх карысных твораў, славуты прапаведнік, а таксама выкладчык фізікі і галоўны наглядчык знакамітага фізічнага кабінета, які знаходзіцца пры школе айцоў дамініканаў у Гародні, чалавек найлепшага сэрца і анёльскай душы, аднак, як і кожны з нас, меў свае заганы. Пры ўсёй сваёй вучонасці — быў зацятым, гарачым католікам. Напрыклад ён уважаў, што масонства — справа сатаны. І як прапаведнік, самымі рознымі спосабамі пераконваў у гэтай думцы віленскіх вернікаў. Чалавек красамоўны, поўны энтузіязму і агульнай павагі, пакрыты мантыяй, ён і сапраўдны нарабіў шмат шкоды масонам, хоць і сам таго не ведаючы, нямала ў каго ўзбудзіў цікаўнасць да вольных муляраў і зрабіў масонамі. Увогуле, усё, што тхнула нейкім махлярствам, хітрасцю ці здрадай, ніколі не магло чакаць ад яго паблажлівасці.

А зараз паглядзім на другі бок нашай карціны і на хвіліну прыглядзімся да чалавека іншага кшталту.

Мала хто ў нас зрабіў сваё імя такім папулярным, як вядомы і сёння, геніяльны італьянец Пінеці. Ён быў фокуснікам і, як казалі, у свеце чараўнікоў валодаў рэдкім талентам і бязмежнай сілай. Сабе і іншым адкручваў галавы, рукі, ногі без найменшай шкоды для здароўя. Уваскрашаў памерлых і, наогул, мог зрабіць усё, што хацеў. Ён мог пераўвасобіцца ва ўсё, пра што мог падумаць! У нашым грамадстве пра яго хадзілі тысячы дзіўных гісторый, якія і сёння, калі мінулі гады, час ад часу пераказвае мясцовая шляхта. Той, хто здолеў так моцна замацавацца ў памяці, не мог быць чалавекам звычайным. Наступныя пасля яго — Боска, Мальдуана — не вартыя нават яго пальца і не змаглі наблізіцца да яго славы.

Прыезду Пінеці ў Вільню папярэднічаў моцны розгалас. А Вільня тады поўнілася чыстым золатам не раўнуючы, як Эльдарада. Яго жыццё больш ніколі не было такім багатым, як пасля ўзыходжання на прастол Аляксандра І. Усё жывое бегла дзівіцца і пляскаць у далоні цудоўным справам Пінеці. Зразумела, што простыя людзі тут жа пачалі тлумачыць яго справы звышнатуральнымі сіламі, і канешне ж, Пінеці, не перашкаджаў гэтаму.

Ксёндз Каржанеўскі быў тады прапаведнікам айцоў дамініканаў у Вільні, і яго гэта абурала. На некаторы час ён пакінуў масонаў у спакоі і напаў на Пінеці. Не было казані, навучання, размовы, наведзін, каб ксёндз Алойзы не пёк ямы лыткі. Хутка Пінеці адчуў вынікі намаганняў святара. Гледачоў у яго станавілася ўсё менш і менш. Усё радзей запрашалі ў панскія дамы і справы яго, відочна, пачалі пагаршацца.

Аднойчы раніцай ксёндз Алойзы сядзеў над брэвіярам (часасловам. — Л. Л.), калі ў яго келлю ўвайшоў прыстойна апрануты чалавек не першай маладосці з прывабным і прыемным тварам.

— Якую маеце справу і чым я мушу вам служыць? — сказаў ксёндз Каржанеўскі з паклонам.

— Я — няшчасная ахвяра незаслужанай нянавісці васпана дабрадзея! Я чалавек, загублены і даведзены вамі да мяжы жабрацтва, — сказаў незнаёмец з уздыхам.

— Хрысце Езу! — усклікнуў ксёндз, заломваючы рукі. — Што вы кажаце! Пэўна, вы памыляецеся!

— Скажу толькі адно слова. І гэта слова адразу пераканае дабрадзея ў тым, што я кажу праўду. Я… Пінеці!

— А калі так, — прамовіў святар пагрозліва, — дык дазволь, васпан, сказаць табе ў вочы, тое, што я казаў пра цябе раней. Ты, васпан, выбраў злое і грэшнае рамяство. Апамятайся, чалавеча! Дурыш людзей. Цягнеш з іх грошы. Робіш выгляд, што маеш нейкія звышнатуральныя здольнасці. Гэта вялікі грэх! Гэта смяротны грэх! Гэта недапушчальна! Так нельга!

— Пры ўсёй павазе, якую маю да ксяндза, — сказаў Пінеці, — дазвольце мне заўважыць, што я нават не магу ўявіць сабе, як вы, чалавек вучоны, чалавек адданы фізіцы, маеце рабіць падобныя закіды? Калі і дзе я казаў, што выкарыстоўваю звышнатуральныя здольнасці ў сваім рамястве? Усё, што я раблю, з'яўляецца вынікам ведаў фізічных навук у спалучэнні з пэўным спрытам рук. Я пакажу пану дабрадзею, як вялікаму знаўцу фізікі, усе свае штукарствы і пераканаю — тое, што здзіўляе людзей недасведчаных, насамрэч, вельмі проста тлумачыцца. І калі кожны чалавек мае права зарабляць сваімі талентамі, дык чаму і мне не скарыстацца гэтым жа правам?

Ксёндз трошкі знудзіўся размовай і сказаў:

— Ну, калі так, пан Пінеці, даю слова, што больш ніколі не згадаю пра вас.

— Але, пане, гэтага мала! — сказаў Пінеці са слязьмі на вачах. — Што мне з таго, калі станеце пра мяне маўчаць? Загубілі мяне, і ніхто больш не ходзіць на мае прадстаўленні. Я страціў заробак. Я сірата ў чужым краі і нават не маю грошаў, каб вярнуцца дахаты.

— Шкадую васпана, — сказаў ксёндз. — Але што я магу з гэтым зрабіць?

— Можаце! — адказаў Пінеці. — Калі толькі як добры чалавек, як хрысціянін, зразумееце, што не толькі мяне аднаго загубілі але і ўсю маю няшчасную сям'ю. Загубілі маю жонку і шасцёх бязвінных дзетак! Загубілі столькі нявінных людзей, якія ані думкамі, ані словамі, ані ўчынкамі, не зрабілі нічога ліхога! — і зноў зайшоўся ў плачы.

— Як я магу вам дапамагчы? — добры ксёндз заплакаў разам з ім. — Як я магу вам дапамагчы? Скажыце мне?

— Гэта нескладана! Мяне назаўтра запрасілі да графа Тышкевіча. Вы там часта бываеце, ведаю пра гэта. Прыйдзіце туды. Я скажу, што маю чароўную скрыпку, і кожны, на каго я пакажу, будзе танчыць пад яе. Я выберу вас. Калі жадаеце ўратаваць мяне, як толькі я зайграю, прыкіньцеся, што не можаце вытрымаць, устаньце з крэсла і хоць адзін раз тупніце нагой! Вам гэта не зашкодзіць, а я, бядак, вярну сваю славу і лад жыцця.

Сумленны святар пачмыхаў, пачухаў патыліцу, але ўсё ж, каб уратаваць бліжняга, згадзіўся на такія фіглі і даў слова гонару, што стрымае абяцанне.

На наступны дзень Пінеці, з прадчуваннем трыумфу, паказаў гасцям Тышкевіча сваю скрыпку, паведаміў пра яе ўласцівасці і сказаў прысутным: «У доказ гэтага я выбіраю таго чалавека, які больш за ўсіх зрабіў мне зла, які ніколі не верыў мне. Паны і дамы, пэўна ўжо здагадаліся, каго я маю на ўвазе, і вы ўбачыце, што як толькі я зайграю, сам ксёндз Каржанеўскі пойдзе ў скокі!»

Усе з цікавасцю чакалі. Пінеці зайграў. Ксёндз, верны свайму слову, уздрыгнуў раз, другі, трэці, як быццам змагаўся сам з сабой. Весткі пра гэты цуд разнесліся па ўсёй Вільні. І справы фокусніка зноў пайшлі ўгару.

Раздзел 2. Канстанты Новамейскі. Яго характарыстыка. Яго стасункі з аўтарам. Стасункі з бацькам аўтара. Працэс аўтара са спадкаемцамі Станіслава Карвіцкага

Канстанты Новамейскі, кармазынавы, але небагаты шляхціц, здаецца, паходзіў з Ваўкавыскага павета, падобна, з нейкіх Длускіх. Прайшоў праз суседскія дамы і народныя школы, меў прыродны, чысты розум, і яму было не цяжка вучыцца і пераймаць чужыя здольнасці. Ён адправіўся ў Гародню, каб паступіць на дзяржаўную службу ў якую-небудзь тутэйшую канцылярыю. Абаяльны і сціплы, не прыгожы, але з мілым тварам, ён меў станоўчую рэпутацыю. Неяк у нядзелю ў касцёле ён убачыў старога чалавека ў даволі паношанай вопратцы, які стаяў каля яго лаўкі, бо не было дзе сесці. Новамейскі адразу ўскочыў і, не ведаючы з кім мае справу, прапанаваў старому сваё месца.

Гэта быў паважаны, мажны, разумны, але і горды чалавек, палкоўнік Ляхніцкі. Учынак маладога чалавека і яго павага да ўзросту, што тады было ўжо не надта распаўсюджаным, зрабілі добрае ўражанне на палкоўніка: ён прытрымаў Новамейскага за руку, выйшаў разам з ім з касцёла, распытаў яго пра ўсё, прывёў у свой самы шыкоўны ў Гародні дом і заняўся яго лёсам.

Тады ўжо была створаная камісія па ацэнцы кампенсацыі для жыхароў Літвы за пастаўкі прадуктаў расейскай арміі ў 1812 г. Планавалася заплаціць вялікія грошы, з якіх на працягу дзесяці гадоў была выплачана толькі малая частка. Ляхніцкі быў членам гэтага камітэта, які засядаў у Вільні. Старшынёй камітэта з'яўляўся швагер майго бацькі Антоні Храпавіцкі, Новамейскі атрымаў пасаду сакратара праз яго пратэкцыю (Д 4). Плацілі тут добра, і з гэтага моманту кар'ера Новамейскага пайшла ўгару. Не ведаю, як ён пазнаёміўся са сваім сваяком Длускім. Але неўзабаве, пасля закрыцця камітэта, ён стаў сакратаром Радзівілаўскай камісіі, наладзіў з Длускім самыя блізкія адносіны і не толькі заняўся ягонымі справамі, але пераехаў у яго дом і жыў тут з тымі самымі выгодамі і паслугамі, як і сам Длускі. Але мне здаецца, што мой бацька, які ўсёй душой любіў Длускага, сам зрабіў шмат намаганняў, каб вызваліць добрага пралата ад гаспадарчых клопатаў. З іншага боку, ён вельмі любіў Новамейскага, высока цаніў яго склад характару, розум, досціп, такт і, больш за ўсё, акуратнасць, лагоднасць і парадак. Ведаю, што мой бацька і сам па сябе, і па просьбе Новамейскага рэкамендаваў яго ў спадчыннікі Длускага. Сяброўства і зычлівасць да Новамейскага захавалася ў яго да смерці. Адзін толькі Бог ведае ці належным чынам разумеў усё гэта Новамейскі, ці наадварот, ён меў нейкую патаемную думку пра нас, якая потым стала прычынай унутранага злому, што бывае ў людзей, якія лічаць іншых адказнымі за свае праблемы — пра гэта я ўжо ніколі не даведаюся.

Але як я ўжо казаў, мой бацька любіў Новамейскага. Маці, ці дакладней, мачаха, якую я прывык зваць маці, ці жаночым інстынктам, ці праз прыроджаную хітрасць, заўсёды казала пра яго дваіста, але часцей за ўсё добра. Усе гэта стала прычынай, што калі на свята і на вакацыі я прыязджаў дахаты з Коўні, заўсёды і ва ўсіх справах яго ставілі мне ў прыклад. Яны мне вушы ім прабубнілі. Тым не менш, пазбаўлены ўсякай зайздрасці, я і сёння з захапленнем стаўлюся, цягнуся да людзей, якія маюць прыгожыя таленты, нават калі іх раней ніколі не бачыў і не меў з імі асабістых стасункаў. І да Новамейскага я міжвольна неяк прывязаўся сэрцам. Прагнуў з ім пазнаёміцца і ў той жа час баяўся яго перавагі. Я бачыў яго лісты да маіх бацькоў, напісаныя добрым стылем, чыстым і прыгожым почыркам ад пачатку і да канца ліста. Ніколі ў жыцці я не мог гэтак пісаць. Пачынаў я ліст добра, але заканчваў такім лятучым почыркам, што пачатак заўсёды адрозніваўся ад заканчэння. Лісты Новамейскага часцей за ўсё былі віншаваннямі з імянінамі і святамі. Новая перамога нада мной! Бо імяніны нікога, апроч сваіх бацькоў, я не мог дапільнаваць. Нарэшце наспеў час майго з'яўлення ва ўніверсітэце. Мне тады заканчваўся 15-ты год. Галава поўная школьных навук, якія я вывучаў, але яшчэ больш поўная тым, што я ўзяў урыўкамі з чытання кніг па начах ці на ранку. Мы вярнуліся з Варшавы. З бацькам заходзім да Длускага. Прызнаюся, я крыху хваляваўся, чакаючы яго сястру. Заходзіць Новамейскі, вітаецца з бацькам і без усялякіх цырымоній, з самай прыемнай і вясёлай усмешкай цалуе мяне ў абедзве шчакі і ў вусны, нібы мы сто гадоў знаёмыя! Гэтак ён мяне заваяваў адразу, як нявольніка, як ілота.

Гэта быў чалавек гадоў на 10–15 старэйшы за мяне. Вышэй сярэдняга росту, стройны, з даволі поўным і смуглявым тварам са знакамі воспы, якія яго не знявечвалі. Губы тоўстыя і мясістыя, але з прыемнай усмешкай. Зубы рэдкія і непрывабныя, пазногці на некаторых пальцах паламаныя, рукі надзвычай доўгія, і калі б ён іх выпрастаў, пальцы дасталі б да каленяў. Але ці з-за інстынкту, ці з-за ведання гэтай заганы, ён заўсёды ўмеў так нахіляцца і браць такія паставы, што вельмі рэдкае вока магло заўважыць гэтую акалічнасць. Валасы меў цёмна-каштанавыя, а цела, як я потым убачыў, было зарослае валасамі, як у мядзведзя, у сваім жыцці я бачыў гэта толькі ў трох мужчын. Да таго ж, усё гэта спалучалася з незвычайным і рэдкім талентам пераймаць іншых у рухах, гаворцы, голасе — гэтыя невялікія досціпы не адрозніваліся арыгінальнасцю і вынаходлівасцю, але былі часткай яго таленту. У той жа час уменне не смяяцца нават са смешных рэчаў, якія ён расказваў, услужлівасць кожнаму без найменшай прыкметы неахвоты ці нуды, увага да дробязей, якую любяць кабеты, і веданне моды, рабілі яго фаварытам у жанчын. Жанчыны, якія, як я потым пераканаўся, бяруць такіх асоб пад сваю апеку і ўдаюць, што іх вельмі цэняць, але насамрэч, выкарыстоўваюць як шырму, якой прыкрываюць іншых, больш смелых, зухаватых, тых, хто лепш кладзецца ім на сэрцы і падабаецца вачам. Гэтага ён, падобна, не адчуваў ці нават не здагадваўся! Пасля першай жа размовы з ім я адразу зразумеў, што значна пераўзыходжу майго прыяцеля ў адукаванасці. Аднак у душы я заўсёды лічыў сябе сціплым чалавекам і казаў сам сябе: «Што ж дзіўнага? Я вучуся, і ў мяне ў памяці яшчэ ўсё свежае, а ён ужо ўсё забыў». Што ж тычыцца маралі, дык ён не толькі прыгожа казаў тое, што я ведаў і без яго, але і рабіў тое, што казаў — гэта рэдкая з'ява паміж людзей. Я ніколі не заўважаў, каб ён адступаўся ад сваіх галоўных прынцыпаў, і ніхто ніколі ні ў чым яго не мог абвінаваціць. У той час я яшчэ не ведаў меркавання адной вядомай кабеты: «Таго, хто сумленны толькі ў межах закона, паважае выключна кат».

Тады я быў лёгкім чалавекам з сэрцам, якое любіла, і таму ўсёй сваёй душой, усёй істотай прывязаўся да яго. Мой бацька не перашкаджаў і быў рады гэтаму. Такім чынам, гэты чалавек з рэдкім сярод людзей талентам, стаў, ці прынамсі, лічыўся кожным з нашай сям'і, кожным з нас траіх, даверанай асобай, сябрам бацькі, маці і сына, хоць інтарэсы, памкненні, мэты, ідэі і густы ў нас траіх былі вельмі рознымі. Нікому з нас траіх, якія не мелі цяжару на сэрцы, не прыходзіла да галавы, што ён, які так шчыра любіць усіх нас, ні да каго з нас не можа мець сапраўднага сяброўства, сяброўства цёплага, адданага і гатовага зняць з сабе скуру для дабра асобы, з якой сябруеш. Менавіта так да самой смерці разумеў сяброўства мой бацька і даказаў гэта ўсім сваім жыццём. Гэтак думаў і я, і здаецца, не раз гэта давёў. Сказаць: «Сябрую, сябрую», — і нічым гэтага не даказаць — сапраўднае духоўнае махлярства, у сто разоў горшае за тое, якое мае месца на Шкляной вуліцы.

Праз колькі гадоў, яшчэ да майго выхаду ў свет, я меў магчымасць пераканацца ў яго сэрцы, г. з. яго сяброўскіх пачуццях да мяне. Але гэта былі толькі справы студэнта. Мелі месца наступныя абставіны. На гадавое ўтрыманне мой бацька даваў ад 450 да 500 срэбных рублёў. З гэтага я павінен быў зняць кватэру, стол, апранацца, купіць кнігі, аплачваць урокі фартэпіяна, нямецкай і італьянскай моў, танцаў і фехтавання. На працягу вакацый у Езне я браў урокі верхавой язды ў бярэйтара Пянчкоўскіх Габленса, якому тата плаціў сам. Бялізну мне куплялі, бо цана на тканіну ў Варшаве была ніжэй, чым у Вільні, а мае бацькі кожную зіму ездзілі ў Варшаву і заўсёды прывозілі адтуль ўсё неабходнае (Д 5).

Хаця кожны з вышэйзгаданых урокаў каштаваў ад аднаго да двух дукатаў у месяц, хоць падручнікі на факультэце, дзе я вучыўся, былі дарагімі, пры разумным жыцці і не ўцягваючыся ў карты, у якія я і сёння не гуляю, грошай для мяне было больш, чым дастаткова, калі б гэтая сума замацоўвалася за мной назаўсёды і я мог атрымліваць грошы ці адразу, ці ў вызначаныя даты. Але мой бацька насамрэч хацеў, каб я разглядаў яго грошы не як гарантаваны заробак, а як ласку і яго асаблівую літасць да мяне. Каб я заўсёды ведаў, што грошы могуць прайсці паўз мяне, і адно яго слова можа пакінуць мяне на бруку без грошай. Я меў намер упарадкаваць сваё жыццё, бо мае грошы маглі залежаць ад кожнага выпадку, што было вельмі нязручна, і я жадаў, каб грошы ператварыліся ў мой фіксаваны заробак. Мае добрыя паводзіны ў такім маладым веку, без ніякага дадатковага нагляду за мной, былі дастатковай гарантыяй, што я не выкарыстаю грошы на ліхую справу і не пушчу іх неабдумана на вецер. Мае довады здаваліся мне важкімі. Аднойчы пра гэта сказала маці, і тады бацька, ці па-сапраўднаму, ці граў ролю, як леў разышоўся перад ёй, як зубр! І таму мне трэба было маўчаць.

У кожнай справе ў маім жыцці, у кожнай дамове, першай думкай заўсёды было не зарабіць ці выдаткаваць грошы, але мець душэўны спакой. Ведаючы стасункі майго бацькі з Новамейскім, калі аднойчы мой тата прыехаў у Вільню на некалькі дзён, я зайшоў да свайго дарагога сябра і са слязьмі ў вачах расказаў яму пра цяжкасці, якія я меў у сваім звычайным і беззаганным жыцці. Першы раз пасля нашага знаёмства я прасіў яго паўплываць — хай бацька дае мне толькі 400 рублёў у год — на 100 рублёў менш, але каб ці ўсё разам, ці вызначанымі часткамі. Я папярэдзіў, што тата прабудзе ў Вільні толькі суткі ці максімум двое, і мы павінны скарыстаць час. Новамейскі з дробнай хмурынкай на ілбе, якую я прыняў як праяву спагады, палічыў слушным усё, што я казаў і паабяцаў дапамагчы. Аднак ён разумеў, як цяжка будзе пераадолець упартасць старога, і нічога не абяцаў. Гэта было разумна. Я сышоў супакоены, і калі наступнай раніцай прыйшоў да яго, мне сказалі, што ўчора, адразу як я пайшоў, ён загадаў закласці коней і на тры дні паехаў на паляванне да Гарноўскіх!

Бацька на другі дзень пакінуў Вільню. Новамейскага ён, натуральна, не бачыў. З болем у сэрцы ад нячуласці свайго сябра я вырашыў сам напісаць тату. Пераказаў яму свае цяжкасці. Патрапіў на добры настрой, і ён пагадзіўся. Я сам зрабіў тое, што хацеў атрымаць праз сяброўства.

Але другі выпадак быў значна больш важны і ўшчэнт садраў шоры з маіх вачэй. Людзі шукаюць моцныя эмоцыі як прычыны вялікіх злачынстваў, каб лагічна наракаць на той тып істот, да якога і самі яны належаць. Яны памыляюцца. Менавіта сукупнасць невялікіх але працяглых падзей, якія як кропля вады точыць камень, стварае нашы перакананні. Вялікае зло, як метэор, б'е па нас, здзіўляе, хвалюе, абурае. Але мы цешымся, што гэты метэор — толькі метэор. Што ў памяці ён застанецца толькі як падзея. Але малыя і брудныя заганы нашай натуры, як восеньскі дождж, крыўдзяць і труцяць нас, як лыжка гразі псуе цэлае вядро вады.

Памёр Нямчэўскі, дэкан фізічнага факультэта ўніверсітэта, некалі мой гувернёр, давераная асоба майго дзядзькі, у той час ужо эмігранта ў Парыжы. Нямчэўскі, які таптаўся па габеленах, узятых у маёй роднай маці разам з іншымі рэчамі — не ведаю, з якім сумленнем ён памёр. Дэкан юрыдычнага факультэта быў яго душапрыказчыкам (ці хопіць мне часу і жадання, апісаць усе маё жыццё, таму для яснасці я павінен дадаць, што ў выніку фамільных драматычных і па-сапраўднаму цікавых інтрыг, мая маці ў сямнаццацігадовым узросце была вымушана юрыдычна расстацца з мужам, якога кахала. Праз некалькі гадоў, гэтая няшчасная жанчына, прыгнечаная болем і рознымі паразамі, якія труцілі сэрца, памерла ад сухотаў. Давераная асоба яе брата Нямчэўскі, як быццам забыўся пра тое, што я ёсць на свеце і ўсё, што засталося пасля маці як спадкі, адправіў яе брату ў Парыж, а нешта ўзяў сябе, каб пакінуць памяць пра свой добры ўчынак. Мой бацька не любіў спрэчак і судоў і таму не хацеў у гэта ўвязвацца. І толькі праз шмат гадоў справядлівы Божы суд вярнуў мне частку забранай маёмасці, тады, калі я гэтага менш за ўсё чакаў і думаў пра тое. Калі Нямчэўскі хварэў, мой бацька падчас побыту ў Вільні часта казаў мне: «Пайдзі, пакажыся яму, можа гэта ўзрушыць яго сумленне». Але я не хадзіў. Не жадаў стаць жывым сімвалам пакаяння перад яго смерцю.

Праз нейкі час пасля смерці Нямчэўскага да мяне прыйшоў сакратар універсітэта з позвай да Зноскі па нейкай важнай справе. Я пайшоў на наступны дзень. Зноска дастаў з бюро запячатаную капэрту і сказаў: «Вось вашы паперы, якія па жаданні с. п. Нямчэўскага я павінен вам перадаць». Я паглядзеў на пакет. На ім рукой Нямчэўскага было напісана: «Паперы Станіслава Мараўскага, якія належыць аддаць яму пасля маёй смерці». Здзівіўся, бо Нямчэўскі кожныя вакацыі бачыў мяне на вёсцы і вось ужо два гады як штомесяц падпісваў маё акадэмічнае пасведчанне, але ніколі мне пра штосьці падобнае не казаў. Узяў пакунак і пайшоў да сябе. Быў позні вечар. Карцела даведацца пра змесціва пакета, але я пераадолеў сябе, лёг спаць і заснуў як мёртвы. Раніцай знайшоў у пакеце некалькі дакументаў датычных маёй маці, тастамент майго дзядзькі, які запісаў на мяне ўсю сваю вялізную маёмасць (тастамент быў нячынны, бо меўся ўжо пазнейшы), але я знайшоў там і дакумент майго бацькі, існаванне якога не мог нават уявіць сабе: пры разводзе з маці ён запавядаў мне, незалежна ад іншых сродкаў, якія я буду мець, 60 000 злотых. Гэта, як гарантыя майго лёсу, з'яўлялася абавязковай умовай разводу. Мяне вельмі здзівіла, што я, тады васемнаццацігадовы юнак, ані ад бацькі, ані ад Бабацянскага, які потым памёр сенатарам у Маскве, ані ад іншых сведкаў, якія падпісалі дакумент, ані ад Нямчэўскага, з якім кожны год жыў па суседстве ўсё лета, калі ён гасцяваў у нейкага Прускага, карацей, ад усіх гэтых асоб я ніколі і нічога пра гэта не чуў. Што мне рабіць? Паклаў пакет у кішэню і пайшоў па параду да свайго лепшага сябра Новамейскага.

Ён сказаў мне наступнае: «Нядаўні ўказ манарха абвяшчае, што для ўсіх дакументаў і абавязацельстваў, не аформленых у разумны тэрмін па ўстаноўленай форме, дадзены тэрмін у адзін год, пасля чаго яны страчваюць сваю актуальнасць. Тэрмін гэты сыходзіць. Калі не ўнясеш свае дакументы ў акты, згубіш іх. Я не адмаўляю таго, што твой бацька заўсёды быў і застанецца бацькам. Але паколькі ён так часта кажа, што пры найменшым капрызе пазбавіць цябе спадчыны, то хто зможа гарантаваць, што ўсё сказанае ім, каб толькі напалохаць і трымаць цябе ў лейцах, калісьці не прыйдзе яму да галавы і ён гэтага не зробіць? Між тым яго жонка цяжка хворая і можа памерці ў кожны момант. Твой бацька яшчэ прыгожы стары і горача любіць жанчын. Калі так здарыцца, ён адразу ажэніцца зноў і будзе мець дзяцей. І тады тое, чым ён толькі палохае, можа стаць рэальнасцю, прынамсі, пры пэўных умовах. Таму ідзі і неадкладна зарэгіструй гэты дакумент у актавых кнігах».

Усе што ён сказаў цалкам адпавядала маім адчуванням і расплюшчыла мне вочы. Аднак я звярнуў увагу, што хаця ўсе гэтыя довады з'яўляюцца рацыянальнымі, меўся і іншы бок, іншая думка, якая прымусіла мяне спыніцца: у той час у Літве ўнясенне грашовых дакументаў у акты па-ранейшаму лічылася недалікатнай справай і знакам недаверу — што падумае мой дзіўна чуйны ў такіх справах бацька, ці не атрымае ён першы раз у жыцці сапраўднай падставы, каб абурыцца на мяне? На гэта Новамейскі адказаў, што я — яшчэ дзіцё, а людзі, якія доўга жывуць на свеце, ведаюць — актывізацыя дакументаў не можа нікога абразіць, і мой бацька, калі ён выдаў такі дакумент, ёсць высакародным чалавекам і не можа адмовіцца ад сваёй волі. І што, нарэшце, калі ён ніколі не казаў мне пра гэта, дык толькі таму, што не хацеў, каб я ў такім узросце ведаў, што маю нешта сваё, а можа нават і думаў, нібыта яго папера загінула ў дзядзькі ў Парыжы.

Супакоіўшы мяне такім чынам, ён адразу ж паслаў свайго пісара, які заўсёды сядзеў за сталом, да нейкага пана Окалава, як сёння памятаю, земскага рэгента, з папярэджаннем, што сёння прыйдзе яго сябар з дакументамі і трэба пасадзейнічаць яму з афармленнем, бо увесь яго час заняты заняткамі ва ўніверсітэце.

Удзень я наведаўся да Окалава, і той зрабіў усё, як найлепей: імгненна вырабіў паперы, прыняў аплату ў памеры 12 рублёў срэбрам і вярнуў мне легалізаваны дакумент. Усё прайшло хутка і гладка, і больш я не звяртаў увагі на гэтую справу.

У тую зіму мае бацькі жылі ў Варшаве. Пісаць да таты па яго загадзе я мусіў раз на месяц (Д 6). Нявінны, як авечка, не ў стане нешта схаваць ад блізкага мне чалавека і, нарэшце, перакананы маім дасведчаным сябрам у тым, што зрабіў добрую справу, я апісаў бацьку нечаканае вяртанне гэтага дакумента праз Зноску і тое, што афармленне дакументаў выцягнула ў мяне больш за 4 дукаты, якія я хацеў бы скарыстаць на нешта лепшае. Напісаў гэта без ніякай думкі і забыўся пра ўсё, як быццам нічога і не было. Дадам, што жывучы сярод людзей, не трэба хітра хаваць свае дзеянні ад тых, з кім маеш больш-менш блізкія адносіны. Каб я быў больш разумны і хітры і ўтаіў усю справу ад бацькі, дык максімум праз год яна выявілася б сама па сабе, але ў больш шкодным для мяне святле. Калі праз год для нейкай справы майму бацьку стала патрэбна даведка, якая пацвярджала поўную закладную чысціню яго нерухомасці, дык віленская Цывільная палата ў якасці пярэчання якраз і выставіла мой дакумент і не выдала яму неабходнай даведкі, пакуль я не адмовіўся ад свайго першынства. Таму, калі не ад мяне, дык потым, мой бацька ўсё адно даведаўся б пра гэту справу, але выглядала б яна ўжо па-іншаму.

Тыдні праз тры, калі я, задумаўшыся, сядзеў над пудовай працай Парацэльса, у якой не разумеў ані слова з таго, што чытаў ужо цэлую гадзіну і спытаў сябе, ці не здзекуецца гэты чалавек з нас усіх, ці яго кніга сталася ўжо для нас незразумелай як егіпецкія іерогліфы, пошта прынесла мне з Варшавы адказ бацькі. Прызнаюся, што само з’яўленне яго лістоў, заўсёды ўводзіла мяне ў хваравіты і нервовы стан.

За прыгожым, узорным і непаўторным стылем ліста, мелася столькі грубых, жоўцевых і незаслужаных абразаў і заўваг, што маё захапленне да такога ўмелага і гладкага аўтара і павага да яго, толькі павялічвала боль, які прычыняў грубы змест ліста. Змяніць майго бацьку не магла ніякая чалавечая сіла. Старадаўнія шляхецкія правілы, якія былі часткай яго натуры, вучылі: «Сын ёсць поўная ўласнасць бацькі. Ганьбі і карай сына, калі ён дрэнны, каб стаў лепшым. А калі ён добры, ганьбі яго і карай, каб не сапсаваўся». Ад гэтага правіла ён да самай смерці не адступіўся ні на валасок і гэтак жа паводзіў сябе на семдзесят трэцім годзе жыцця, калі я меў ужо трыццаць шэсць гадоў.

Кожны бацькаў ліст быў горкім для мяне, пра што сведчыць сшытак лістоў, якія ён дасылаў з самага майго дзяцінства. Што ж я павінен быў адчуць, калі атрымаў гэты, не толькі напоўнены ўсімі навальніцамі бацькоўскага гневу і бацькаўскай улады ліст, але і ліст, які біў мяне па ўсім часткам сэрца і розуму. Мяне апанаваў жах. Яго вымовы і папрокі былі мацнейшыя за прычыну, з-за якой ён іх мне закідаў. Магчыма, гэта адбывалася з-за маёй залішняй раздражняльнасці? Але што зробіш, калі прырода цябе ўжо такім стварыла? Напэўна, было б лепей, каб я стаў каменем ці мурам, ад якой адскоквае кожная кінутая ў яе гарошына.

Праляжаўшы амаль гадзіну ў сваёй кватэры без прытомнасці, маёй першай здаровай думкай было бегчы да Новамейскага, майго любімага сябра і дарадцы, каб паказаць яму ўсё гэта і шукаць суцяшэння на яго грудзях. Так і зрабіў. Хто можа ўявіць сябе гэтую новую пакуту майго і без таго збалелага, маладога сэрца, гэта расплюшчванне вачэй і выраз майго твару, калі ён, прачытаў ліст і холадна сказаў мне: «Ці не баяліся вы Бога, калі такое рабілі? Як вы маглі? Ведаючы вашага бацьку, яго суровасць, яго слынны на ўсю Літву дэспатызм у стаўленні да вас, вы актывавалі выдадзены ім дакумент? Няўжо вы адважыліся выказаць яму недавер?» Ах! У гэты момант маё сэрца ўмацавалася, мой дух загартаваўся сілай і цвёрдасцю, якую ў сумленных душах выклікаюць неаднаразовыя паразы. За адно імгненне я пражыў некалькі гадоў! Не сказаў ані слова. Паклаў ліст за пазуху і як звычайна развітаўся. Пане Канстанты, ты яшчэ жывы, хоць без ног і ўлады, але, пане Канстанты, твая рука нанесла такую рану майму сэрцу, якая з таго часу не можа як след загаіцца.

Увесну на Святаянскія кантракты з Варшавы прыехаў мой бацька. Хаця злосць і крыўда на людзей не заставалася доўга ў яго сэрцы, але ўбачыўшы мяне, ён закіпеў ад абурэння і жоўці. Усё, што толькі можна ўявіць сабе ў вуснах імпульсіўнага, злога, красамоўнага і дакладнага ў падборы слоў чалавека, як лава вылілася на мяне! Вытрымаў напад. Думаў, што гэтым усё, як звычайна, і скончыцца. Як жыць! Бо праз дзень тое самае! І на наступны дзень тое самае! Я зразумеў, што ўся гэта гісторыя і сапраўды моцна параніла яго сэрца. І да гэтага спрычыніўся я, той, хто павінен быў падсаладзіць яму жыццё, хто, хоць і ў справядлівай і святой справе, сваёй уласнай рукой распаліў пажар!

Ні раячыся больш ні з кім апроч свайго сэрца, на чацвёрты дзень, калі ўбачыўшы мяне, тата зноў выбухнуў яркім полымем, я, не кажучы ані слова, паклаў дакумент у яго ўласныя рукі. Мая душа, якая, нягледзячы на мой гарачы тэмперамент, заўсёды жадала толькі міру і згоды, і маё сэрца, якое прагнула толькі ласкавага позірку — адзінай магчымай узнагароды за шматлікія згрызоты ўнутры самога сябе, падказвалі мне, што я нарэшце дасягнуў мэты. Ён узяў дакумент, кінуў яго на стол і каля паўгадзіны яшчэ лаяў мяне, але, здаецца, толькі для праформы. Ён не сказаў ані слова пра тое, што мой учынак ўразіў яго. Дадам, ён не знішчыў дакумент, а пакінуў яго мне пасля смерці і ўзгадаў яго ў сваім тастаменце.

Так шчасліва завяршыў я далікатную сямейную справу і праз такую ахвяру набыў душэўны спакой. Я адчуваў вялікі боль і не мог не радавацца, бо як сапраўдны спартанец вытрымаў гэтыя чатыры дні, пры тым, што мог адным словам перакінуць віну на Новамейскага, калі б засведчыў, што толькі выконваў яго параду. Але такая моц і годнасць схаваныя ў сумленным сэрцы шляхетнага сяброўства, што разумеючы ўжо ўсё пра яго, ужо здраджаны і пакінуты гэтым чалавекам, у тую хвіліну я палічыў за лепшае маўчаць і ўсю адказнасць узяць на сябе, адмовіцца ад 60 000 злотых і больш за тое, змірыцца з усімі наступствамі, але не выкрыць свайго сябра, што непазбежна прывяло б да разрыву стасункаў, якія працяглы час лучылі Новамейскага з маім бацькам.

Немагчыма было ўявіць сабе, каб бацька, задыхаючыся ад майго ўчынку, не паскардзіўся Новамейскаму на мяне. Цікава было б даведацца, што ён сказаў, і з якой мінай той адказваў. Сумняваюся, што ён мяне бараніў, бо на гэта ў яго не хапіла б, бадай, ні волі, ні сілы духу. І для ліха, і для дабра заўсёды патрэбна пэўная доля стойкасці. Першае і другое мала ўласціва духоўным кастратам.

Новамейскі ніколі не згадваў мне гэту гісторыю.

Каб не збочваць ад маёй тэмы, сцісла скажу толькі, што маладыя людзі спрадвеку абвінавачваюць старэйшых у фальшывым поглядзе на сучасны стан рэчаў. Старыя сапраўды ганяць сучаснасць, бо не бачаць у ёй добрага, але часцей за ўсё яны самі сапсаваліся, і таму старажытныя філосафы і нават наш любімы Гарацый, здзекуецца з тых, каго называе laudatores temporis acti (лац., «тых, хто хваліць старызну». — Л. Л.), аднак у часы, у якія жыву, я магу прызнаць не саромеючыся, што і сам належу да гэтых людзей, якіх меў на ўвазе Гарацый. Сачу за прагрэсам нашага веку, наколькі мне дазваляе розум, і прызнаюся шчыра, што не з'яўляюся яго прыхільнікам. Бог сваёй уладай усталяваў пэўны баланс паміж рэчамі, пачуццямі і думкамі. Магчыма, дабро і зло на працягу стагоддзяў не мелі перавагі паміж сабой. Але кожнае, асобна ўзятае стагоддзе, мае свае моцныя і слабыя бакі. Што выбраць? Калі вы шануеце матэрыяльнае, трэба быць сляпым, каб параўноўваць мінулыя часы і наша XIX стагоддзе. Але, калі вы вышэй за ўсё ставіце дух, вы павінны пачырванець і прызнаць, што людзі сёння горшыя, чым былі раней, і што калі яны носяць больш чыстае адзенне, яны ўсё адно ўнутры бруднейшыя, чым раней.

Але разважанняў мала, патрэбны факты. І гісторыя з маімі дакументамі, а дакладней з адным дакументам, чалавечы гонар і добрасумленнасць пры гэтым, дазваляе зрабіць бясспрэчныя высновы. Пра таемныя даносы і абвінавачванні, якіх раней не ведалі, пра поўнае знікненне гасціннасці і шмат чаго іншага, пэўна, я яшчэ раскажу. Нашы бацькі не ўмелі ці не здагадваліся, што можна адмовіцца ад дакумента ці ад абавязацельстваў, адмовіцца ад паперы, калі яна не ўнесена ў акты. Стары кунтуш (маецца на ўвазе, ранейшы шляхціц — Л. Л.) павесіўся б, калі б яго абвінавацілі ў такой падступнасці! Дастаткова было толькі слова, а паперы людзям даваліся для памяці, маленькія паперкі, часцей за ўсё без подпісаў сведкаў. І на гэтым усё, святая справа! Перагледзьце, калі ласка, абавязацельствы Радзівілаў, Пацаў, Пацеяў і г. д. Не было прыкладаў, каб нехта адмовіўся ад іх. Каб дзеці, нават у галечы, не плацілі за свайго бацьку згодна з самай малой паперкай. Мой бацька ўжо пры расейскім урадзе стаў гарантам аблігацый сваіх сяброў Пянчкоўскіх на суму каля 600 000 злотых, і натуральна, атрымаў ад іх паперу-распіску, у тым, што гэтыя грошы ўзяты не для яго, а для іх і іхняга ўжытку. Меў ён такую паперу. Я трымаў яе ў руках. І што? … Гэта чацвёртая частка чвэрці сіняй паперы (маецца на ўвазе — ад in-quarto. — Л. Л.). падпісаная абодвума братамі Пячкоўскімі без сведкаў. І тыя, хто даваў распіску, і той, хто яе браў, добра ведалі, што робяць, і ўсё рабілі правільна. Гэтай паперкі было дастаткова, каб вызваліць майго бацьку ад далейшай адказнасці (Д 7).

Першым у Літве, хто адмовіўся ад распіскі толькі таму, што яна не была зарэгістравана і не складзена на гербавай паперы, быў граф Юзаф Забела, былы ковенскі маршалак. І зрабіў ён гэта ў дачыненні да Юзафа Горскага, здаецца, у 1822 г. Адказам грамадства стала ўсеагульнае абурэнне і пагарда да нягодніка, яму давялося цішком пакінуць кантракты і з'ехаць з горада.

Чаму гэта было ўспрынята тады так адмоўна ўсімі і моцна запала ў сэрцы, і чаму сёння ніхто ні на цалю не варухнецца супраць тысяч такіх жа ўчынкаў? Прызвычаіліся да ліха, сораму і жаху. Да таго, чаго раней не было.

Я сам, калі пішу гэтыя радкі, прайграў у Сенаце найважнейшую справу супраць зяцёў Станіслава Карвіцкага, багатага абшарніка з-пад Жытоміра, які кожнай са сваіх дачок пакінуў у пасаг па мільёну. Адна з іх выйшла замуж за Златніцкага, другая за Мадэйскага. А сам Карвіцкі быў зняволены ў парыжскім кляштары св. Пелагеі за даўгі і выкуплены праз літасць майго дзядзькі за 2000 дукатаў. Частку грошай Карвіцкі выплаціў, на рэшту ў 1300 злотых выдаў распіску і занёс яе ў акты, заплаціць павінен быў, калі вернецца дадому. Але неўзабаве заняўся палітыкай і быў сасланы жаўнерам у Сібір, дзе і памёр. Дочкі і зяці перанялі яго маёнткі і не захацелі плаціць мне па асабістых абавязацельствах свайго бацькі і цесця, хоць я ў Францыі і ў Расеі з'яўляўся афіцыйным спадчыннікам свайго дзядзькі. Яны адхілялі ўсе мае прапановы. Абавязацельствы хоць і былі падпісаны іх бацькам, але не былі своечасова актывізаваны ў Расеі. І я прайграў гэты суд і нават заплаціў яшчэ 400 рублёў срэбрам за неправамерную скаргу ў Сенат. Я не вінавачу ўрад, бо ён прытрымліваецца літары закону, але тым зладзеям, якія раней распачалі б падобную справу, далі б ў пысу і плюнулі б у вочы. Яшчэ дзесяць гадоў таму ніхто з сумленнай шляхты ў знак пагарды не загаварыў бы з імі. Сёння яны абодва — маршалкі сваіх паветаў і кіруюць шляхтай, яны — перлы, яны — узор, ім зайздросціць усё грамадства! Сёння мы sic itur ad astra (лац. «ідзём да зорак». — Л. Л.).

Патрыятызм, рэлігія, гонар, узвышанае каханне, лютае стаўленне да злоўжыванняў, гарачая абарона правоў чалавека былі тым маятнікам, які прыводзіў у рух папярэднія стагоддзі. Сёння галоўнай спружынай гэтага руху ёсць грошы. Як-небудзь выдраць грошы з рук суседа — цяпер вяршыня годнасці. І калі ў гэтым брудным тыглі, які сёння мы называем цывілізаваным светам, бачыш цень нейкага нематэрыяльнага пачуцця, дык знаходзіш толькі зайздрасць лайдакоў і нягоднікаў да кожнага, хто ашчаднасцю і працай мае кавалак хлеба для сябе і дзяцей! Знаходзіш толькі зайздрасць невука і асла да чалавека, які цяжкай працай здабывае свае веды! Але можа быць, усе яны толькі нікчэмныя і подлыя ілоты, якія па-свойму працуюць для шчасця будучых пакаленняў Спарты?

Дадаткі

4. Дзед Антонія Храпавіцкага Яўстах быў літоўскім існтыгатарам і паводле звычаю і па закону, перадаў сваю дыгнітарскую пасаду свайму сыну Юзафу, які потым, у часы Кацярыны ІІ, быў маршалкам Полацкай губерні.

Пасля ўступлення Напалеона ў Літву ў 1812 г., Антоні Храпавіцкі быў адным з той бліскучай моладзі, якая ахвотна ўзялася за свой кошт набіраць літоўскія палкі. […] Храпавіцкі павінен быў выставіць полк жандараў і быў прызначаны яго палкоўнікам. Розныя акалічнасці перашкодзілі цалкам ажыццявіць гэтыя высакародныя намеры. Але з тымі, каго сабраў пад сваю харугву, рушыў услед за адступаючым войскам Напалеона і толькі пад Ляйпцыгам трапіў ў палон і таму быў вымушаны пакінуць імператара Напалеона. Потым яго абралі прэзідэнтам Галоўнага крымінальнага суда Віленскай губерні, потым стаў прэзідэнтам Віленскага дабрачыннага таварыства і пакінуў яго ў добрым стане, бо праз забавы і тэатры заахвочваў жыхароў Вільні і Віленшчыны падтрымліваць бедных, якім патрэбная дапамога.

Палац у Коўні, ужо тры чвэрці стагоддзя вядомы ў народзе як палац Храпавіцкіх, быў пастаўлены і аздоблены ў гэтым горадзе праз гандаль і багацце прабабкі Антонія Храпавіцкага, Шчытовай, у другім шлюбе Сыруцёвай. Здаецца, ён складаўся з некалькіх асобных будынкаў, набытых разам, каб пабудаваць палац, і не меў нават найменшых прыкмет якой-небудзь шляхетнай архітэктуры, але ўражваў вялікімі, як для Коўні, памерамі. Унутры палац быў багата аздоблены. Прыгожыя, драўляныя панелі, падлога з кафлянай узорчатай пліткі і шмат іншых упрыгожанняў, якія за паўстагоддзя перажылі ўсе разбуральныя перыпетыі. Ні шпіталі расейцаў, ні сваволя французаў, не здолелі пазбавіць яго ўсіх слядоў былой велічы. У гэтым палацы, хоць ён і шмат гадоў пуставаў і руйнаваўся да 1843 г., калі я яго бачыў, і да сённяшняга дня, калі гэты будынак спешна аднавілі ўнутры, мелася вялізная бальная зала, якую ў народзе называлі парцалянавай. Яе сцены выкладзены квадратнай кафлянай пліткай белага колеру, пасаджанай на тынкоўку, з малюнкам блакітнага пейзажа на кожнай плітцы.


5. Ці чулі вы, хоць бы дзеля жарту, што ёсць на свеце Езна? Але ж тут стаіць палац Антонія Паца, пісара ВКЛ, пра Пацаў мы маем прымаўку: «Варты Пац палаца, а палац Паца».

Гэты сапраўдны гмах прыцягвае ўвагу не прыгажосцю пабудовы, не вытанчанасцю абрысаў, бо пабудаваны па-за стылямі, але сваёй велізарнасцю. Пажар, які адбыўся ў 1837 г. цалкам знішчыў рэзідэнцыю магната, якая трыццаць гадоў да гэтага стаяла занядбанай і напаўзакінутай. Пажар знішчыў увесь корпус палаца разам з яго аздобамі. З гэтага часу ён стаў падобны да руін. Ацалелі толькі павільёны, два паверхі аднаго з іх сёння заселены. З павільёна бачны бліскучы крышталь возера, якое яшчэ нядаўна было багатае на смачную рыбу. Не бракуе пра гэты палац розных расказаў і баек.

Напрыклад, у першай гісторыі, наконт праўдзівасці якой прысягнулі б многія тутэйшыя жыхары, і якая законна можа лічыцца галоўнай, расказваецца, што калі Пац будаваў гмах, ён патаемна замураваў дзесьці ў ім сто тысяч дукатаў і перад смерцю расказаў пра гэта спадчыннікам, каб пры ўпадку і збяднення фаміліі яны зламалі палац, выкарысталі грошы для падтрымкі сям'і і прывялі яе да новай славы.

Кажуць таксама, што гэты палац першапачаткова задумваўся як сапраўдны велізарных памераў каляндар. Меў 365 вокнаў з адным, так званым валовым вокам на высакосны год. Уваход у яго нібыта быў праз дванаццаць брам, а пяцьдзесят двое дзвярэй павінны былі спрыяць камфортнаму жыццю. Калі казаць пра вокны, дык магчыма і можна налічыць неабходную колькасць, але дванаццаці брам няма і не было.

Ёсць яшчэ цалкам гістарычнае паданне, якое сведчыць пра сумную распуснасць нашых магнатаў, якіх не каралі закон і моц цвёрдай выканаўчай улады. Апавядаецца, што Пац спяшаўся будаваць свой палац, жадаў як мага хутчэй убачыць яго гатовым і таму паўсюдна шукаў рабочых. Праз Езну ў той час праходзіў Прэнскі гасцінец, адзін з галоўных у ВКЛ. І хцівы на рабочых Пац, які яшчэ быў ковенскім старастам, загадаў бязбожна, самавольна і злачынна хапаць падарожнікаў — купцоў, яўрэяў, сялян і нават бедную шляхту, якія ехалі гасцінцам. Закоўваць іх у кайданы і прымушаць, як у фараонаў, не менш чым тры тыдні працаваць мулярамі, ці цягаць цэглу і жвір з цагельні. Шмат пакутнікаў загінула з-за прыніжэння, адчаю і цяжкай працы. І таму ў народзе жыло павер'е, што душы гэтых ахвяр увесь час стогнуць у палацы.

І сапраўды, калідораў і праходаў тут было столькі, што пры найменшым ветры стаяў жудасны свіст і лямант, што і нарадзіла байкі.

Яшчэ ўсе мясцовыя расказваюць, што Пац за булку хлеба купіў у шляхціца з Шулянаў валоку сасновага лесу, які атрымаў назву Шулянскі бор.

Калі прысутнасць манархаў у дамах прыватных асоб робіць такія дамы гістарычнымі, дык палац у Езне можа ганарыцца двухразовым хуткацечным побытам цара Аляксандра І. […]


6. Лісты павінны былі мець дату ўверсе і пачынацца са слоў: «Найласкавейшы Ойча, Найасаблівейшы Дабрадзей» і заканчвацца: «Застаюся, з глыбокай пашанай, вашым самым ласкавым сынам і ніжэйшым слугой». Калі б, крый Божа, у лістах гэтага не было, мой бацька, добра надраў бы мне вушы і вярнуў бы перапісаць лісты. Нягледзячы на тое, што гэта можа здавацца дзіўным і смешным, але ў ранейшыя часы пачатак і канец ліста меў вялікую вагу. Лічылася, што гжэчнасці тут ніколі не можа быць зашмат. І нават у наш час я быў сведкам спрэчак, якія даходзілі ажно да ўзроўню міністра, наконт таго, што трэба пісаць у канцы ліста.

Яшчэ ў маладосці адзін з маіх сяброў, закончыўшы ўніверсітэт у Вільні, паехаў за мяжу, каб прадставіцца тагачаснаму куратару ўніверсітэта князю Адаму Чартарыйскаму. Па сваім звычаі князь у Пулавах прыняў яго вельмі прыязна і пакінуў гасцяваць на тры тыдні. За гэты час здарылася неяк так, што князь не меў пад рукой свайго сакратара, каб прадыктаваць вельмі тэрміновы ліст у Варшаву. Ён запрасіў майго сябра ў свой кабінет і прадыктаваў ліст яму. Але князь пачаў дапрацоўваць і ўвесь час змяняць ліст — то «застаюся з шацункам», то «з рэспектам і шацункам», то «з высокім шацункам», то «з вялікай павагай». Цэлую гадзіну ён не мог выбраць канец ліста, чым вельмі здзівіў свайго імправізаванага сакратара.

Юзаф Храпавіцкі, інстыгатар літоўскі, светлы і магутны чалавек жыў у сваім віленскім доме і завозіў у віленскую спіжарню прадукты са сваіх блізкіх фальваркаў. Аканом адной з такіх гаспадарак у падобных выпадках заўсёды пісаў наступны радок: «Пасылаю ЯВ пану столькі качак, столькі курэй, столькі індыкоў, з якімі застаюся найніжэйшым слугой ЯВ пана». Інстыгатара на пачатку гэта бавіла, але потым знудзіла. А паколькі раней гаспадары лічылі сябе абавязанымі цывілізаваць сваіх падданых, дык калі аканом з'явіўся ў Вільні, Храпавіцікі растлумачыў яму, што не трэба пісаць так смешна, не трэба заставацца яго найніжэйшым слугой разам з індыкамі. Прыняў да ўвагі і паправіўся. У наступным лісце напісаў: «ЯВ пане, пасылаю для панскага стала шэсць пар індыкоў, дзесяць каплуноў і чатырох парасят. Яйкаў не дасылаю і без іх застаюся ЯВ пана найніжэйшым слугой».


7. Калі пакаленне, якое жыло перад ці адначасова з нашымі бацькамі, не заўсёды магло выканаць свае абавязкі, яны часам шукалі паратунку ў дасціпным жарце, а не ў юрыдычнай формуле са «Зводу законаў». Пішу гэта, бо хачу расказаць анекдот пра ваяводу Хамінскага, які, нягледзячы на значныя даходы і добрую галаву, як турэцкі святы меў талент заўсёды не мець грошай! Відочна, увесь час ён мусіў шукаць пазыкі і меў вялікія даўгі. Паволі вестка пра гэта разнеслася па ўсёй Літве, і яго крэдыторы ўстрывожыліся. Яны пачалі патрабаваць свае грошы і гэтым знудзілі ваяводу. Аднойчы шляхціц, які даверыў Хамінскаму добрую суму грошай, занепакоены фінансавым станам ваяводы вырашыў неадкладна спагнаць з яго пазыку. У Хамінскага было шмат гасцей, калі яму паведамілі, што нейкі шляхціц хоча з ім паразмаўляць.

— Прасі яго сюды, — сказаў ваявода.

Шляхціц увайшоў, і ваявода спытаў у яго:

— Што цікавага можаш сказаць?

Шляхціц паважліва, напаўголаса, каб не пачулі госці:

— Я прыйшоў прасіць ЯВ пана вярнуць мне мой невялікі капітал, бо я знайшоў выгадны фальварак у арэнду.

— Што, што? — прамовіў ваявода, зрабіўшы выгляд, што не чуе і прыклаў вуха да вуснаў шляхціца.

— Прасіў бы ЯВ ваяводу вярнуць мне мае грошы.

Тады ваявода, нібы з агідай адступіў ад шляхціца, нахмурыўся і сказаў:

— Ах, пане, фу! У цябе з рота смярдзіць!

І са смехам адышоў ад яго. Шляхціц быў настолькі разгублены цалкам незаслужанай і выдуманай заўвагай, што пачырванеў і адразу ж выслізнуў з пакоя, сеў у воз і на цэлы год вызваліў ваяводу ад выплаты доўгу.

Хамінскі славіўся яшчэ тым, што кожны, каго да яго пасылалі з лістом, павінен быў тры — чатыры тыдні чакаць на кошце і выгодах ваяводы, першы чым ваявода адкажа нават на самае малое пытанне.

Раздзел 3. Маладосць аўтара. Поспехі ў жанчын. Тры пацалункі. Пані стольнікава Яновічава, яе дом і акружэнне. Тамаш Умястоўскі, старшыня Галоўнага віленскага суда. Пані Гарэцкая, віленская войская, яе дом і акружэнне. Пані Высагердава. Прыгожая Юлія

Вяртаюся да Новамейскага і чакаю, што пасля двух прыведзеных вышэй прыкладаў, ніхто мне не адмовіць — быў ён архідыяканам, біскупам і кардыналам усіх эгаістаў. Але эгаізм гэтага чалавека быў асаблівага роду. Ён змалку прызвычаіўся гнуцца, шукаць абароны і дапамогі, меў за мэту жыцця трымацца фартуны, а справай гонару ўсім дагадзіць і ўслужыць, прыкрываць свой эгаізм плашчом самаахвярнасці, шмат казаць пры цноты, выконваць кожную літару дамовы, прыкідвацца сапраўдным філантропам, ніколі нікога не крыўдзіць, ніколі ні дэманстраваць свае сапраўдныя мэты і такім чынам заўсёды падымацца ўгару.

Калі чалавек жыве ў грамадстве, ён не можа час ад часу не пакрыўдзіць свайго бліжняга. І калі ў Новамейскім сутыкаліся два супярэчлівыя інтарэсы, ад яго можна было не чакаць дапамогі, ён тады, натуральна, уважаў за лепшае крыўдзіць слабейшага. Гэтак адбылося і са мной. Ён быў сябрам усіх, а гэта значыць — нікога. Бо немагчыма любіць увесь сусвет. А для яго галоўнай маніяй быў поспех, уздым, пыха. У выніку ён нават няздольны быў зразумець, што такое сяброўства. Хаваючы сваё сапраўднае аблічча, ён кожнаму казаў пра іншага, што той эгаіст, аднак, калі на кожным кроку бачыць чалавечы эгаізм, дык сам напоўніш ім сваю душу, але тыя, хто яго слухаў, не разумелі гэтага. Палахлівы баязлівец па натуры, ён выдаваў сябе за спартанца. Але ён хаваўся, калі трэба было нечым трошкі ахвяраваць дзеля сябра. Было шмат людзей, якія разумелі, хто ён такі насамрэч, і адной з іх была мая маці.


Нарэшце, прыйшоў час і мне паказацца ў свеце. Мой бацька рабіў гэта па сваім разуменні — для стасункаў, сувязяў і далейшых перспектыў. А яшчэ яму хацелася пакрасавацца сынам-няўломкам, паказваць жонку і сына было яго слабасцю. Са свайго боку я жадаў гэтага, каб лепш пазнаёміцца за звычаямі свету, асвойтацца, выкарыстаць набытыя веды і свае таленты ў грамадскім жыцці. А яшчэ больш — каб хоць калі быць бліжэй да гэтых прыгожых і стройных жанчын, да гэтых маладых і ладных дзяўчат, якія вабілі маю душу і цела, распальвалі палымяныя фантазіі. Больш спрыяльных абставін, каб пусціцца ў хвалі жыцця, меў мала хто з маладых людзей. Маё імя было вядома ўжо ўсёй Вільні. Мяне запрашалі ў шматлікія дамы. Так бывае заўсёды — тое, што людзі не шукаюць самі, заўсёды шукае іх саміх. Меліся і іншыя прычыны гэтага. Бо мяне бачылі толькі ў двух паважаных дамах сябровак майго бацькі: пані стольнікавай Яновічавай і пані войскай Гарэцкай. Паважаная і любімая ўсімі дачка пані Гарэцкай — Высагердава, сяброўка майго бацькі, таксама была вельмі ласкавая да мяне.

Агульнавядомай з'яўлялася празмерная і большая, чым патрабуе старая традыцыя, суровасць майго бацькі, а таксама тая пакора, з якой я яе зносіў. Як студэнт медыцынскага факультэта ўніверсітэта я быў вядомы сваёй стараннасцю і пільнасцю да навук. Я заўсёды з павагай ставіўся да старых, каб нечаму ад іх навучыцца, і таму шмат старцаў былі адданыя мне душой і сэрцам і вельмі добра казалі пра мяне. Маладыя ж, не бачылі мяне ў сваім модным коле і тым самым не лічылі мяне канкурэнтам у салонах, якія наведвалі і не думалі калі-небудзь мяне там убачыць. Таму яны не мелі да мяне зайздрасці і ставіліся нават паблажліва. Таксама цікаўнасць да мяне ўзбудзіла прывязанасць панны-красуні Веранікі Сакен, якая з'явілася без папярэдняга знаёмства і толькі з-за ўзаемных позіркаў праз акно, пра гэта яна расказала свайму крэўнаму, шаноўнаму Ігнацыю Ляхніцкаму, а ён гэты сакрэт разнёс па ўсім горадзе. Таксама і геніяльны, шаноўны і высакародны аматар ўсяго прыгожага і добрага, доктар Юзаф Франк, які больш за 20 гадоў штодзень наведваў розныя дамы, лекар, які сваім прыходам заўсёды ўзбуджаў надзею у хворых, расказаў усёй Літве пра маю вялікую пільнасць і дакладнасць вока, і пра тое, што я хутка стану мясцовым Бюфонам ці Рэмюрам. Пачцівы немец меркаваў, што я ўсё сваё жыццё па-нямецку закапаю ў навуку! А я і тады, і сёння нічога так у сваёй душы не баюся, як быць літаратарам ці вучоным! Сама арыгінальнасць майго прысвячэння медыцыне, выклікала цікавасць жанчын, якія вядуць рэй у салонах. Бо нармальным лічылі, каб малады 19-ці гадовы юнак быў пад пазногцем мезенца ножкі маладой дзяўчыны ці жанчыны. І таму «старыя кунтушы» і нават не «кунтушы» здзіўлена знізвалі плячыма і не разумелі, як я мог на гэта адважыцца. Памятаю, стары Залескі, стараста швянтоўскі і сябар майго бацькі, якога немагчыма было нечым здзівіць, бо ён быў юрыстам, тым не менш, у пакоі сваіх сыноў са здзіўленнем сказаў мне: «Як гэта можа быць, каб я, кармазынавы шляхціц ды вывучыў медыцыну?» Такія былі забабоны таго часу! Забабоны ўжо канаючай фалангі старых шляхціцаў канца папярэдняга стагоддзя. Лекарам гэтыя мосці-дабрадзеі маглі ўявіць толькі француза, немца, італьянца ці венгра, г. з. усіх тых, хто не мог атрымаць шляхецтва. Гэты забабон жыве і сёння, бо я не чуў, каб мой прыклад атрымаў паслядоўнікаў.

Павінен сказаць, што ў маёй маладосці моцна дапамагала тое, што мяне звалі «прыгожым Мараўскім». Насамрэч гэта быў прыдомак да прозвішча майго бацькі Апалінарыя, які сапраўды быў прыгожым чалавекам. Мой бацька з маці, ці таму, што хацелі каб я быў больш прыгожы, ці каб пашарпаць мне нервы, ці і сапраўды мой твар і постаць былі ім не даспадобы, але па некалькі разоў на дзень казалі мне, каб я быў удзячны за тое, што Бог даў мне, як казаў мой бацька, добры рэкамендацыйны ліст у жыццё, але да сапраўднай прыгажосці мне далёка. Я потым усё думаў і чухаў патыліцу, бо не разумеў, чаго яны ад мяне хацелі. Мушу шчыра, як на святой споведзі, прызнацца, што я праз навуку, выхаванне і па прыкладзе бацькоўскага дому прызвычаіўся пакланяцца ўсяму прыгожаму і ўзвышанаму і таму, далібог, не знаходзіў у форме свайго твару нейкія перавагі ці недахопы і ніколі не пераймаўся з-за гэтага. Але, як я цяпер здагадваюся, павінна было нешта быць у маім твары, постаці, складзе ці жэстах, рухах ці выразах фізіяноміі, бо са мной увесь час здараліся падзеі, якія маглі б сапсаваць менш сціплага хлопца. Праз шмат гадоў, калі я ўжо стаў дарослым мужчынам, меў высакароднага і пачцівага сябра Канстанты князя Гейдройца, сына рыцара, які ў паўстанні Касцюшкі паказаў выключную мужнасць і таму да яго добра потым ставіўся і меў вялікую пашану імператар французаў. Неяк у Пецярбургу Гейдройц знаходзіўся разам са мной у доме адной шаноўнай і высакароднай пані. Падчас размовы, некалькі непрыгожых жанчын казалі пра сябе: «Была я тады маладая і прыгожая», тады Канстанты, павярнуўся да мяне і ціха па-польску сказаў: «Мой Мараўскі, растлумач мне, дзе тады былі брыдкія, бо кожная кажа пра сябе, што была красуняй у маладосці?» Я адказаў: «Не здзіўляйцеся, калі-небудзь тое самае і мы пра сябе скажам». На што ён мне прамовіў: «Ну, калі так, дык добра. І калі ты так скажаш пра сябе, дык не будзе вялікага граху. Ніколі ў жыцці я не бачыў такога прыгожага хлопца, якім ты быў у 1820-м годзе, калі мы пазнаёміліся ў Жмудзі». Пра густы не спрачаюцца. Мужчына, які лічыць каштоўнасцю свае аблічча — блазан. Калі ён па-сапраўднаму прыгожы, людзі будуць дараваць яму прыгажосць, але цаніць толькі за гэта стануць мала. Аднак і жанчыны зрэдчас калі ловяць толькі сваёй прыгажосцю, і таму непрыгожыя часцей абуджаюць моцныя жарсці, чым прыгожыя. Аднак калі Бог камусьці даў ўсё ў меру, і ён умее з прыстойнай годнасцю паказаць свой «рэкамендацыйны ліст» людзям, калі рысы і постаць яго ажыўлены адкрытай і сумленнай душой, тады, нягледзячы ні на якія іншыя якасці, чакае яго поспех у свеце. Я згадваю ўсё гэта, бо хачу трошкі нагадаць пра глупствы маёй маладосці і вяртаюся да падзей, якія самі сабой мне прыгадаліся. Распавяду я тры гісторыі ў розных стылях.

Неяк удзень я наведаў пані Яновічаву, стольнікаву нейкай літоўскай зямлі, забыўся ўжо, якой. Адным словам, я быў у пані стольнікавай, сяброўкі майго бацькі, высакароднай, усімі шанаванай дзевяностагадовай жанчыны. Мой бацька строга загадаваў наведваць яе хаця б раз на месяц. У той раз здарылася так, што ў яе нікога не было, хоць яе салон заўсёды ўдзень быў поўны. Каля стагадовай жанчыны, нягледзячы на яе лагоднасць, сямнаццацігадоваму хлопцу стала неяк нудна і маркотна. Усё, пра што я думаў — каб неяк прыгожа выслізнуць, выканаўшы такім чынам, загад бацькі. Бабуля ж, якая не прызвычаілася да самоты, радавалася, што перад ёй сядзіць такі шпак, як я, і хацела пацешыць мяне тысячай маленькіх плётак. Гэткая тайная дыпламатычная вайна паміж намі ішла ўжо паўгадзіны, калі, на маё шчасце, мы абодва пачулі грукат карэты каля брамы. Нехта прыехаў. Скарыстаўшы момант, з капелюшом у руцэ я пайшоў па паркеце, бо меў ужо права на гэту фамільярнасць з капелюшом у пані стольнікавай. Развітаўся са старой дамай. Пані стольнікава жыла ва ўласным доме на вуліцы Замкавай і ўладкавала яго па ўсіх правілах сучаснага камфорту. Сені ніжнія, сені верхнія і сходы ацяпляліся, што ў той час мелася толькі ў адным доме. Вільня ў гэтым сэнсе была і застаецца вельмі несучаснай. Рэчаў і сапраўдных выгод мала. А адвечная Коўня і зараз не мае перадпакояў. Госць вымушаны паліто ці каштоўнае футра пакінуць на сходах, якіх ніхто не пільнуе, альбо цягнуць за сабой лёкая. Праўда, у Коўні ужо гадоў з дваццаць ніхто не чуў пра злодзеяў. Пачулі пра іх толькі цяпер, калі ўвялі паліцыю. Але пойдзем далей. Выйшаўшы з перадпакоя пані стольнікавай, сустрэў лёкая ў галунах і абмінуў яго. На сходах было цёмна, і таму спускаўся павольна, калі ў дальніх сянях убачыў дзвюх дам. Гэта была княгіня… і сваячка пані маршалковай …, абедзвюх я раней толькі бачыў здалёк. Сустракаў іх на прыгожай імшы ў кс. дамініканаў па пятніцах і нядзелях, куды прыходзілі ўсе элегантныя жанчыны вышэйшага свету, каб паслухаць славутага дамініканскага прапаведніка Фалькоўскага, і куды сам чорт нас зацягнуў у вольныя ад заняткаў хвіліны. Дык вось, калі я параўняўся з гэтымі дамамі на сходах, княгіня, тады яшчэ маладая, свежая і прыгожая, зірнула на мяне нейкім дзіўным позіркам, робячы выгляд, што не ведае, дзе яна знаходзіцца і не ведае гэтага дома, у якім рэгулярна бывае па два разы на тыдзень. Спыніла мяне пытаннем: «Ці тут жыве пані стольнікава?» З глыбокім паклонам я адказаў, што тут.

Тады княгіня раптам азірнулася, убачыла, што навокал і ўверсе нікога няма, хутка схапіла мяне за шыю і пацалавала спачатку ў абедзве шчакі, а потым у вусны, але так, што маі вусны наведала палова яе каралавага язычка. Тым часам маршалкова няспешна падымалася па сходах. Усё заняло якую секунду. Я разгубіўся і стаяў чырвоны па самыя вушы, як бурак, а княгіня тым часам, звярнулася да сваёй спадарожніцы і, як нічога і не было, без найменшай збянтэжанасці, сказала: «Праўда, што ён прыгожы як анёл?». Успамінаючы гэта, я не раз казаў сам сабе: «Ах, калі б маладосць ведала, а старасць магла». Спаткаў яе гадоў праз пятнаццаць у іншым краі, мы былі ўжо цалкам іншымі, і гульня здавалася не вартай свечак.

Можа не будзе лічыцца вялікім грахом расказаць трошкі пра пані стольнікаву, гэта магло б даць пэўнае ўяўленне пра нашы старыя часы.

З дому Кашыцаў, заможная, яна выйшла замуж за багатага старога юрыста. Пляткарылі, што стары пан стольнік, аматар рымскага зводу законаў, з-за цяжкага целаскладу, пакінуў сваю жонку цалкам нявіннай, і ў такім стане яна пражыла да 100 гадоў. Па звычаях нашых бацькоў, стольнік перапісаў на яе сваю маёмасць на пажыццёвае ўладанне і неўзабаве памёр, а пані засталася ўладальніцай значанага маёнтка і вялікай сумы грошай. Яна пакінула свае капіталы ў надзейных руках, прыгожа ўладкавала свой дом у Вільні і пражыла ў ім 70 гадоў.

Дзякуючы сваім паводзінам, асцярожнасці ў размовах, ветлівасці, гасціннасці і сямейным стасункам, яна была вартая самай найвышэйшай павагі. Гэтыя ж якасці мелі ўсе пакаленні, з якімі яна пражыла свой век. Самыя старыя людзі XVIII ст., з якімі я пра яе размаўляў, не маглі ані ў чым папракнуць яе. Мне і іншым пані стольнікава казала, што ніхто і ніколі яе не кахаў, і яна сама ніколі ў жыцці нікога не кахала. Няма чаму зайздросціць, але ўсё адно гэта незвычайна! Яна была даволі высокая, худая як чапля і нават худзейшая за чаплю, не ведаю, ці важыла яна хоць з пуд, да таго ж па старадаўняй модзе насіла боты на абцасах, што рабіла яе яшчэ больш высокай. Уся яе гасцёўня поўнілася злымі як змеі і вельмі надакучлівымі папугаямі, яны размаўлялі, лаяліся, крычалі. Яна трымала заўсёды накрыты стол для сваякоў, знаёмых і сяброў. Дастаткова было завітаць да яе каля поўдня, каб знайсці тут смачны абед (Д 8). Усе самыя свецкія асобы Літвы пасля прыезду ў Вільню, абавязкова мусілі бываць у яе. Нават самыя выдатныя нашы афіцэры, якія гналі казакоў і авангардам увайшлі ў Вільню, спынялі коней перад яе балконам, выклікалі яе на ганак, першымі віталіся і выказвалі надзею на адраджэнне айчыны. Усе гэта адбывалася не таму, што яна калі-небудзь, каму-небудзь у чымсьці дапамагла — яна ніколі гэтага не рабіла, а таму, што гэткай была паўвекавая, перанятая ад бацькоў, мода і звычаі. І мой бацька, чалавек старой школы, нягледзячы на засвоеную ім новую цывілізацыю, быў поўны старых забабонаў у стасунках і звязах, і таму загадаў мне бываць у пані стольнікавай. Тут я пастаянна сустракаў Радзівілаў, Тызенгаўзаў, Храптовічаў, Вайсэнхофаў, Плятэраў, Ельскіх, Пшаздзецкіх, Тышкевічаў, Вайніловічаў і іншых. Дзіўна, але за столькі гадоў ніхто і ніколі не чуў, каб пані стольнікава дала каму-небудзь грошы ці падтрымала каго. З яе размоў было зразумела, што беднасць яе не датычыць і яна нават не разумее, «як можна быць беднай». Ці гэта была сціпласцю з ўтойваннем сваіх дабрадзействаў, ці толькі самалюбствам стогадовай бабулі — зараз пра гэта адзін Бог ведае. Не цікавіла яе нішто на свеце апроч хваробы і смерці яе старых сябровак, якія натуральна, даўно ўжо ўсе сышлі са сцэны, на якой яна адна грала да 100 гадоў. Адзінай яе жарсцю былі карты, у якія яна добра гуляла. Казалі, што ў лепшыя часы, бадай што, рэдкім быў той вечар, калі бабуля не клала ў кішэню 100 дукатаў, якія заўсёды насіла пад старасвецкай сукенкай. Калі трэба было адтуль нешта дастаць, яна пры ўсіх задзірала сукню, як быццам мела што паказаць, і гэтым вельмі здзіўляла моладзь. Мабыць гэткімі былі старыя норавы, бо і мая бабуля рабіла акурат тое самае, і графіня Сцыпіён, сястра слаўнага міністра, князя Ксаверыя Любецкага, да сваёй смерці ў 1847 г. рабіла тое самае, хоць ёй і не бракавала ні нашага, ні міжнароднага велікасвецкага выхавання, бо штогод яна па шэсць месяцаў праводзіла ў Парыжы.

А стольнікава любіла карты і гуляла кожны вечар. Добра было, калі яна выігрывала, але трэба было бачыць, калі справа даходзіла да пройгрышу. У яе змяняўся выраз твару, яна адразу ж пачынала цікавіцца сваім капотам і парыком. Увесь час папраўляла іх і круціла то ў адзін, то ў другі бок, заканчвалася гэта тым, што і тое, і другое зусім спаўзала. Для нас, маладых людзей, гэта было дзіўнае і смешнае відовішча. У мой час каля стольнікавай звычайна сядзела яе сястра панна Тэкля, 70-ці гадовая жанчына з адвіслай губой. Гэтая панна ўвесь свой пасаг, некалькі сотняў тысяч, прайграла ў карты і потым, калі ўсё ж не знайшла мужа, схавалася ў Святаміхальскіх ці Зарэчных сясцёр (законніц кляштара бенедыктынак) і па вечарах пацірала рукі, калі радавалася картачным перамогам. Казалі, што з кожнага выйгрышу стольнікавай, які дукат клаўся і ў яе кішэню, і таму яна радавалася выйгрышам сястры.

У доме стольнікавай апрача вялікіх паноў я пазнаёміўся з двума знакамітымі і паважанымі лекарамі: яўрэем Лібаўшчыцам ці Ляйбошыцам, як яго звычайна называлі ў народзе, тады ён быў ужо сляпым, але геніяльным і па-сапраўднаму ўнікальным чалавекам з асаблівым лекарскім нюхам, звалі яго «Яўрэйскім Богам», і Баранкевічам, недасведчаным лекарам, які славіўся тым, што сваёй практыкай купіў маёнтак, а яшчэ тым, што немцы за мяжой называлі яго не Баранкевіч, а «барон фон Кевіч».

Заўсёды я бачыў там вельмі папулярнага, паважанага і агульна шанаванага чыноўніка і заможнага абшарніка, старшыню Галоўнага віленскага суда Умястоўскага, якога, здаецца, звалі Тамаш. Не было ў Літве аніводнай важнай справы, якая б не прайшла праз яго рукі. Тады ён быў ужо даволі стары, апранаўся па-мясцоваму, і я ніколі не бачыў больш худога і сухога чалавека такога вялікага росту. Мой бацька, які здаўна меў з ім сяброўскія стасункі, казаў, што той заўсёды носіць бялізну з фланелі і на ваце, каб захаваць здароўе, і каб хоць нешта ўсё ж мелася на целе, бо анікому нават і думка не магла да галавы прыйсці, што Умястоўскі калі-небудзь мог мець страўнік і кішкі. Дык калі праўда, што ён яшчэ і ватай быў напханы, то, пэўна, і сам Вальтэр, незвычайная худзізна якога ўвайшла ў прыказкі, усёроўна ў параўнанні з ім выглядаў бы, як тлусты бернардын. Але калі з-за нейкага капрызу натура звяла аб'ём яго цела амаль што да нуля, дык ва ўзнагароду за гэта яна дала яму надзвычай магутны нос, які завяршаўся вялізнай цёмна-сіняй слівай, што заўсёды прыцягвала мае цікаўныя позіркі. Сорамна сказаць, але твар яго быў не для партрэта. Такім быў Умястоўскі, апякун асірацелай Літвы! Не было тастаменту, на якім не стаяла яго прозвішча. Пастаянная ўпартая праца, вялікія таленты, добрае веданне законаў і поўнае халаднакроўе далі яму гэтую слаўную перавагу над іншымі, і паколькі ён прайшоў шлях ад беднага шляхціца, як сам называў сябе, да багатага чалавека, нізкая зайздрасць выдумляла несправядлівыя абвінавачванні супраць яго — нібы гэты вялікі чалавек нажыў свае грошы за кошт даручаных яго апецы сірот! Аднак ніхто ніколі на яго не скардзіўся. Наадварот, шматлікія маладыя людзі, якія выходзілі з пад апекі, шанавалі яго як бацьку. За тыя 6 — 7 гадоў, калі я яго пастаянна бачыў, ён заўсёды быў апрануты ў адно і тое ж — адзін і той жа зялёны суконны кунтуш і пацёрты слуцкі пояс. Усё жыццё ён вызначаўся вялікай сціпласцю і пагардай да камфорту. Адзінай раскошай, якую ён палюбіў на старасці гадоў, былі два прыгожых коні-таранты і карэта, якая адпавядала ім па элегантнасці. Не дзіва, што доўга пражыўшы і мала патраціўшы, ён столькі назапасіў. Зведаўшы ўсё на свеце, меў своеасаблівую прымаўку, якую вельмі часта паўтараў, асабліва ў размовах пра справы: «Будзьце злымі з людзьмі». З далікатнасці ўстрымаюся, каб два разы не паўтарыць яго праўду! І за некалькі гадоў да смерці ён яшчэ мацней павінен быў упэўніцца ў сваёй прыказцы. Нежанаты, пазбягаў зайздросных размоў і плётак, неаднаразова за свае грошы купляў маёмасць для бедных, але па-панску выхаваных на яго грошы пляменнікаў, якім і так пакінуў бы ўсё пасля смерці. І тыя, з удзячнасці, як толькі дасягнулі пэўнага ўзросту, праз суд, бессаромна забралі яго маёнткі. І калі б ён не меў іншых сродкаў, абавязкова пакінулі б старога на бруку! Гэта былі сапраўдныя дзеткі XIX стагоддзя! Умястоўскі, хоць і стары юрыст, які ўсе зубы з'еў над статутамі, як чалавек старых каштоўнасцей, не мог сабе нават падумаць, што так можа здарыцца.

Я апускаю анекдоты пра пані стольнікаву ў гадзіну яе смерці, бо, нягледзячы на 100 гадоў, паміраць ёй усё ж трэба было. Яны з'яўляюцца сямейнымі сакрэтамі. Але паколькі за столькі гадоў яе ніхто не бачыў у споведзі, бо, напэўна, спавядалася яна дома, людзі лічылі яе атэісткай з душой, адданай д'яблу. Яна баялася памерці, а такія старыя заўсёды маюць «рагатую» душу. У апошнія хвіліны ёй сапраўды здавалася, што бачыць перад сабой д'ябла, і што ён хоча яе скрасці. Сябры, якія яе атачалі і асабліва мая маці, якая наадварот, да самай сваёй смерці славілася святой жанчынай, чулі, як стольнікава ўвесь час прасіла паратунку ад д'ябла, які апанаваў яе. Гэта былі ілюзіі ўзросту і хвароба скажоных пачуццяў. Безумоўна, стольнікава ані сваімі словамі, ані ўчынкамі, не магла нікому даць права думаць, што яна атэістка.

Магчыма, самым смешным з яе ўдзелам быў наступны выпадак, які я магу сёння згадаць. Стольнікава вельмі клапацілася пра сваё здароўе, і таму за ёй рэгулярна наглядалі лепшыя і дарагія лекары. Дзякуючы іх намаганням, пры нармальным стане здароўя, а 9-й гадзіне яе страўнік заўсёды адчыняўся. Для гэтага ёй у ложак прыносілі адмысловую парцалянавую пасудзіну, у якую яна апаражнялася седзячы пад коўдрай на ложку. Яна ніколі не прымала візіты да абеду, і ўся яе шматлікая хатняя прыслуга разыходзілася па горадзе і рынках, не пільнавала дом. Неяк, як на ліха, у Вільню прыехаў правінцыял айцоў бернардынаў, паважаны стары, які, аднак, не ведаў свецкіх кодэксаў, але захацеў асабіста пакланіцца такой высакароднай пані. Ён прыйшоў як раз у тую кананічную і ціхую гадзіну, калі стольнікава, худая і лёгкая, як пёрка, сядзела на сваім парцалянавым троне. Не знайшоўшы слуг у перадпакоі, ён пайшоў далей і далей, покуль нарэшце не дабраўся да спачывальні. Можна ўявіць жах, сорам і збянтэжанасць стольнікавай. Правінцыял, аднак, ні аб чым не здагадаўся і, што яшчэ лепш, нічога не знюхаў. Ён і сапраўды нічога не зразумеў, бо каля трох чвэрцяў гадзіны сядзеў каля яе ложка ў фатэлі, а стольнікава акурат столькі ж часу сядзела на парцаляне і мусіла падтрымліваць з ім свецкую размову. І толькі, калі пачцівы ксянжыска сыходзіў, ён выказаў здзіўленне, што, стольнікава чамусьці сёння выглядала вышэйшай, чым звычайна.

Заканчваючы гэтае апавяданне, я павінен дадаць — тое, што я сказаў пры стольнікаву і яе дом, адпавядае таму, што я бачыў на ўласныя вочы, калі ёй было каля 100 гадоў. І калі я згадаў пра яе тагачасную абыякавасць да чужой бяды і адмову ад якой-небудзь пратэкцыі, дык такая холаднасць магла быць вынікам не толькі ўзросту, але і пакутлівых перажыванняў за свой доўгі век. Раней усё было не так! Яе сябры ведалі, што падчас касцюшкаўскай эміграцыі многія з першых літоўскіх паноў, пакідаючы радзіму, перадавалі ёй без найменшых пісьмовых дакументаў вялізныя сумы гатоўкай і значныя каштоўнасці ў кляйнотах. І ўсё гэта яна аддала ім пасля вяртання на радзіму. А поўнае павагі сяброўства, якое мелі да яе Рапнін, Булгакаў, Фрэзель, Мёнш (Д 9) і Галіцын, дазваляла разарваць ланцугі шматлікіх вязняў, якіх яна вярнула з глыбінь Сібіры.


Старая пані Гарэцкая з дому Рэўтаў, віленская войская, удава высакароднага, знакамітага і шанаванага ўсімі мужа, славілася сваім непахісным патрыятызмам. У 1792 г. і потым, маючы яшчэ малых сыноў, на руках выносіла іх на двор, хоць яны былі ўжо цяжкія, і плаціла па рублю маскоўскім жаўнерам, каб дзеці білі іх у твар. І падчас гэтага яна крычала сынам у вушы: «Бі маскаля, бі маскаля». Пані Гарэцкая мела тады пры сабе двух сыноў: Антонія — жаўнера Напалеона, мілага і сумленнага, умелага байкапісца і паэта поўнага дзіўнай прастаты, і другога — Юзафа, таксама вядомага чалавека, але толькі як шулера, хоць ён таксама з гонарам служыў у нашым войску. Юзаф быў імпульсіўны, ганарлівы, непрыемны, але падобны да сваёй маці, і яна прыкіпела да яго ўсім сэрцам. А быў гэтага не варты. Гэты Юзаф, прайграўся да кашулі і з роспачы шчасліва ўтапіўся ва ўласным маёнтку. Малодшы Антоні, з тварам брыдкім, як смяротны грэх, быў пры гэтым наймілейшым чалавекам — гледзячы сам на сябе ў люстэрка называў сябе «чыстым жыдком». Антоні ажаніўся з рафаэлевай Мадоннай, з паннай анёльскай знешнасці Веранікай з Эйдзятовічаў і ў 1831 г. эміграваў у Францыю.

Дом пані Гарэцкай быў адным з самых паважаных у Вільні. Дом са старымі традыцыямі, з якім не маглі зраўняцца тагачасныя навамодныя сфранцужаныя дамы іншых паноў. Я буду імкнуцца не часта згадваць такія дамы, бо іх і сёння ўсюды багата. Але дом Гарэцкай вылучаўся найвялікшай высакароднасцю і ветлівасцю, асаблівай прыгажосцю дам, якія там бывалі, і поўным выдаленнем адтуль «сваяцкага» элементу з асаблівым «куншутовым» водарам. Нягледзячы на тое, што абодва сыны добра на грошы «ашчыпалі» сваю маці, да таго ж яна не раз сплачвала іх даўгі, гэтая разумная жанчына змагла зэканоміць некалькі сотняў тысяч, чаго хапала для раскошнага жыцця ў тагачаснай Вільні.

Яе дачка Высагердава не была прыгожай. Чорная і худая, знешнасцю не кідалася ў вочы, але і брыдкай не была. Яна з’яўлялася выбітнай асобай, вельмі ветлівай, мілай, прыемнай, з добрым гумарам, начытанай і добра прынятай ва ўсіх еўрапейскіх дварах. Мела больш за прыгажосць — была прыемнай і добрай. Мела багацце. У яе доме, асобным ад матчынага, маладыя людзі, прытрымліваючыся старых завядзёнак, вельмі шляхетна і прыгожа бавілі час — у яе доме сумленна злучаліся старыя і новыя звычаі. Маладзён уважаў за гонар быць прынятым у яе, аднак колькасць прынятых была невялікай. Размаўлялі наперамен па-польску і па-французску, не звяртаючы на гэта асаблівай увагі, у той час, калі ў пані Гарэцкай, канешне ж, панавала польская мова, а хто пачынаў французіць з дамамі, таго там называлі толькі блазнам. Усе, хто ў яе бываў, ведалі мовы, але мусілі прыстасоўвацца да нораву старасвецкай матроны. І маці і дачка мелі рацыю, і ў іх абедзвюх нам было вельмі прыемна. Іх дамы сардэчна шанавалі і любілі. Сярод моладзі вышэйшага саслоўя нават ўвайшло ў моду закахацца ва ўдаву Высагердаву. Воляй-няволяй, трэба было гэтага прытрымлівацца і цяжка ўздыхаць, інакш цябе маглі абазваць словам з чатырох літар. Але яна, лагодная і мілая жанчына, ні ў каго з нас, блазнаў, не была закаханая, не мела ніякага какетства і нават не ведала, што яна ў нас у такой вялікай пашане. Выдадзеная прымусам замуж сваёй самавольнай маці, яна закахалася толькі пасля таго, як аўдавела. Адзіным чалавекам, які натхніў яе на такі моцны запал, і за якога яна хутчэй за ўсё пайшла б замуж, быў слаўны Казятульскі, палкоўнік, рыцар і гонар нашай зброі і войска. Іспанская куля пад Сарагосай на палову абрэзала яго плюмаж і менавіта такім малююць яго на гістарычных карцінах. Але пасля таго як Казятульскі страціў розум у Дрэздэне, небарачка Высагердава замкнулася ў жалобе свайго сэрца і толькі ў 1829 г., ужо старой, зрабіла глупства. Закахалася ў пляменніка, сына сваёй сястры Людвіка Замбрыцкага, прыгожага як анёл хлопца, які потым мусіў эміграваць у Францыю і там памёр ад сухотаў. З папскага дазволу, яна, у два разы за яго старэйшая, выйшла замуж за Людвіка. А ён, пэўна, палічыў за лепшае пайсці ў паўстанне, чым жыць у абдымках ужо старой для яго жанчыны.

Яе маці Гарэцкая мела тады ўжо больш за 60 гадоў, была чорная, як вугаль і сухая, як мумія. Казалі, што некалі яна была прыгожай, але, мусіць, гэта было вельмі даўно. Калі мы пазнаёміліся, у яе ўжо былі паралізаваныя ногі і ўвесь час яна ці ляжала ў ложку, ці яе вазілі ў механічным крэсле. Мела суровы і пагрозлівы твар, і калі бацька прадставіў мяне ёй, і я зірнуў на яе, у мяне ажно здрыгануліся лыткі. Але д'ябал не заўсёды такі страшны, як яго малююць.

Адметным было тое, што яна ўвесь час пісала лісты ўсяму свету і ніколі не магла дапісаць усе патрэбныя літары ў слове. Нават падпісваючыся, яна ніколі не пісала «Гарэцка», але ці «Грка», ці «Грцка». У гэтым сэнсе горшай за яе была гетманова Касакоўская, жонка павешанага ў 1794 г. Бо тая, калі заканчвалася папера, з-за рассеянасці, дапісвала ліст на стале, а потым, як быццам так і трэба, запячатвала і адпраўляла ліст і пры гэтым зусім не думала, што можа самае галоўнае, засталося на стале з чырвонага дрэва. Але і лісты Гарэцкай былі не лепшымі.

Мой бацька ў яе бываў, як у сябе дома. Расказвалі, што гэты слаўны лавелас, няздольны дараваць аніводнай жанчыне, калісьці меў з ёю блізкія стасункі і, што аднойчы ён, пераапрануўшыся ў эканома, некалькі сотняў міль па Беларусі ажно да Себяжа, сачыў за яе карэтай. Потым яны рассталіся, але сяброўства захавалася да яго смерці. Аднак, магчыма гэта проста бабскія плёткі (Д 10).

Дом пані войскай, у якім я «пад батагамі» майго бацькі таксама мусіў бываць, для мне быў вельмі сумны, бо хворая, старая, сварлівая, капрызлівая і слязлівая старая, як і пані стольнікава, любіла карты, у якія я ніколі ў жыцці не гуляў, але меўся там і іншы сапраўдны магніт! Яна заўсёды трымала пры сабе некалькі маладых паненак, сваячак ці прыжывалак. Працяглы час жылі з ёй панна Гагноўна, панна Ванкавічоўна, сястра слаўнага і рана памерлага мастака, панна Барцяроўна і шмат іншых. Усе яны былі ці вельмі ладныя, ці вельмі мілыя. Калі дзяўчына вясёлая, мы кідаемся ў заляцанкі. Але ў заляцанкі сціплыя, пачцівыя, прыстойныя — толькі ўздыхі з закочваннем вачэй.

Аднойчы я прыходжу, а дзверы ў пакой старой зачынены. Панны кажуць: «Пані войская моцна пакутуе і сёння нікога не прымае», — і робяць кіслыя міны. «Невялікая бяда», — падумаў я, бо ўжо прыняты ў дом. Праз 15 хвілін нашай балбатні старая пачала моцна званіць. Унучка Ванкавічоўна пабегла да яе, вярнулася і кажа: «Пані войская просіць пана да сябе». Іду. Дзверы за мной зачыняюцца. Трохі пастагнаўшы, трохі паскардзіўшыся, старая пачала сур'ёзна прасіць, каб я дазволіў сябе пацалаваць. Кепска, але што зробіш? Схапіла яна мяне дрыжачымі сухімі рукамі і як трэба, горача пацалавала. Потым падзякавала, і сказала, што ёй стала лепш. «Але ж ты, Стасю, такі ладны, што мне, старой, стрымацца цяжка», — дадала яна. І насамрэч яна паздаравела, бо адразу пасля гэтай нешчаслівай для мяне аперацыі, загадала адчыніць дзверы, і госці, якія сабраліся да таго часу, цэлы вечар гулялі з ёй у бастон.

Пані войская жыла на вуліцы Святаянскай у доме Урублеўскага. Насупраць стаяў вялікі дом, на які я ніколі не меў часу звярнуць увагу, бо глядзеў на вокны Гарэцкай і на ўніверсітэцкія заняткі заўсёды хадзіў па тым баку вуліцы, з якога, як малады вісус, мог убачыць панну Гагноўну ці каго яшчэ з іншых дзяўчат, пакланіцца і з усмешкай адказаць ім. Неяк, акурат улетку, як звычайна ішоў на лекцыю слаўнага на ўсю Еўропу натураліста Баянуса і глядзеў у вокны Гарэцкай — няма нікога! А псотніцы ўжо ведалі гадзіну, калі я іду на лекцыі, і звычайна мелі тады нейкі занятак каля акна. Апусціўшы нос, пачаў думаць пра сваю паразу, калі нешта звалілася мне на галаву. Паглядзеў пад ногі — некалькі дзесяткаў свежых руж. Паглядзеў угару — з малюсенькай белай ручкі і прыгожага кошыка на мяне высыпаюцца апошнія кветкі! Хто гэта можа быць? Не ведаю! Інстынктыўна зноў зазірнуў у акно Гарэцкай. А там, як на бяду, ужо стаяў шпег і сведка, панна Гагноўна, якая на ўсю гэтую сцэну глядзела з такім здзіўленнем і абурэннем, што ажно заламала пальчыкі і абедзве рукі праклала да бузі (роціка). Разгублены, рушыў я далей. На маім капелюшы засталося тры-чатыры ружы, з якіх блазны, мае калегі, досыць наздзекаваліся на лекцыі. Добра, ружы, але мне было цікава, чыя гэта была ручка? Латва было мне думаць пра гэта, бо шлях да шчасця прапанавалі ў такой квяцістай форме і без усялякіх намаганняў з майго боку! Нарэшце, я сустрэў гэтую арыгінальную, дзіўную, ззяючую цудоўнымі чарамі цела і душы жанчыну. Яшчэ адзін раз у жыцці я бачыў падобную ножку, але з таго часу ніколі не бачыў падобнай ручкі!

Адчыню заслону над усім, што было натуральнай выпадковасцю, магчыма неасцярожнасцю ці неабдуманым дзеяннем. Сама яна ў гэтым прызналася, і хто пасля гэтага шпурне ў яе камень? Але ружы, высыпаныя на мяне незнаёмкай, дагэтуль займаюць самае мілае і радаснае месца ў маёй памяці! І калі я меў у жыцці сапраўдную, адначасова і духоўную, і матэрыяльную асалоду, дык толькі ў тваіх салодкіх абдымках, бясцэнная, неапісальная ніякім пяром, ніякім красамоўствам, ніякімі словамі, Юлія! І сёння, прыціснуты да зямлі лёдам гадоў, масай памылак і цяжарам досведу, я столькі разоў на дзень аплакваю страту цябе, анёла, забранага на неба ў 20 гадоў. Не магу не прызнацца, што ты была для мяне адзінай! Што пра тваю дабрыню, тваё каханне, тваю рэдкую прыгажосць і аблічча, памяць пра агонь і сілу, з якой твая душа злілася з маёй, і сёння грэе маю кроў, якая, напэўна, ужо астывае і дражніць усе фібры майго даўно памерла для кахання сэрца!

Дадаткі

8. Пра яе на падобным абедзе Антоні Гарэцкі напісаў адзін са сваіх знакамітых, напоўненых досціпам экспромтаў, якімі сыпаў і сыпаў, як быццам трос грушу ці яблыню, і большасць з якіх, на жаль, страчаны, хоць у свой час іх ведалі ўсе.

Жыхар, здаецца, Лівоніі граф Моль, вырашыў, што ён паэт і, паверыўшы ў гэта, пераклаў і нават надрукаваў на польскай мове трагедыю Расіна «Бераніка». Толькі што надрукаваную і яшчэ пахкую ад друкарскай фарбы кніжку, ён прынёс на памяць пані стольнікавай і застаўся на абед. Акурат у гэты дзень выпадкова на абед да яе завітаў Гарэцкі, і калі ўсе былі занятыя размовамі па розных кутках залы, ён узяў ў рукі са століка невядомую яшчэ кніжку, хуценька прачытаў яе і напісаў на вокладцы:

Такая людскіх лёсаў доля,

Не ўнікне ўсё знішчэння!

Пасля стагоддзяў захаплення

Расін знайшоў свайго Моля!

І як нічога і не было, вярнуў кнігу на столік.

Пасля абеду Яновічава, нічога не ведаючы, захацела зрабіць прыемнасць Молю і наўмысна завяла размову пра яго Бераніку. Шчаслівы Моль зрабіў сціплую міну аўтара. Не цяжка ўявіць яго шчасце з гэтай нагоды. Але кожны госць між волі, калі глядзеў на вокладку, бачыў і эпіграму. Нарэшце сам Моль узяў кніжку, і лёгка можна ўявіць, як ён гэтаму ўзрадаваўся. На наступны дзень чатыры радкі ведаў увесь горад. Шкада, што большасць гэтых мімалётных вершыкаў Гарэцкага, у якіх ён быў па-сапраўднаму непараўнальным і вялікім, не засталася ані ў яго, ані ў чыёй-небудзь памяці.

Антон Гарэцкі не заўсёды, але час ад часу заікаўся. Гэта яго бянтэжыла, бо калі ён пачынаў заікацца, гэта мінала не хутка. Вяртаючыся з-за мяжы ён раз-пораз спыняўся ў Кракаве, дзе ў той час жыла вядомая сваёй прыгажосцю, элегантнасцю, розумам і досціпам панна Веляпольская, якая тады ўяўляла сабой тое, што сёння мае назву «свецкая львіца». Надта непрывабны Гарэцкі, аднак, вельмі любіў прыгожых жанчын, і як толькі ўпершыню ўбачыў прыгожую панну Веляпольскую, яна яго моцна заінтрыгавала. Ці з-за гэтага пачуцця, ці з-за чаго яшчэ, але падчас размовы з ёй паэт пачаў моцна заікацца. Нягледзячы на пашану, якую ўжо тады паўсюдна меў Гарэцкі, панна пырснула са смеху. Гэта вельмі пакрыўдзіла нашага паэта, але ён удаў быццам нічога не заўважыў. Гарэцкі ўсім спадабаўся, і яго папрасілі зрабіць запісы ў альбомах прысутных дам. Альбомы пасыпаліся градам. Панна Веляпольская, прымадонна гэтага салона, выступіла першай. Гарэцкі ўзяў яе альбом і не задумваючыся ні на хвіліну, напісаў:

У тых вершах вечная памяць пра дзве хібы застанецца.

Я заікнуўся, а пані з мяне смяецца.

І скажу нашчадкам, робячы параўнанне,

Што тут вінавата прырода, а там дрэннае выхаванне.

(Пераклад С. Судніка.)

9. а) Пасля далучэння Літвы увесь час мяняліся віленскія губернатары. Адным з іх быў нейкі Мёнш (Moensch), які па невядомых мне прычынах пазнаёміўся і вельмі зблізіўся з генералавай Фіцінгоф (у першым шлюбе Забела), добрай, міласэрнай, вельмі брыдкай, але багатай жанчынай вышэйшага свету. Яе дом на рагу вуліц Нямецкай і Троцкай да гэта часу вядомы пад яе іменем. Аднойчы пані Фіцінгоф адчула патрэбу даць абед для гэтага Мёнша і сабрала для яго паважанае таварыства, запрасіўшы некалькіх вучоных і прафесараў Галоўнай віленскай школы (універсітэта. — Л. Л.). У іх лік уваходзілі знаёмыя нам сваімі творамі Дызма Бонча-Тамашэўскі, Рэшка, Жыцкі і інш.

З ветлівасці расейскія чыноўнікі стараліся размаўляць ці хаця б разумець па-польску.

— Прадстаўляю губернатару, — сказала пані Фіцінгоф. — Пан Рэшка, прафесар.

Мёнш разявіўся, прыжмурыў вочы і зрабіў выгляд, што нічога не разумее.

— Прадстаўляю вам, — паўтарае гаспадыня. — Пан Рэшка, прафесар.

— Да… Да… знаю, знаю! Brodfresser! Brodfresser! — адказаў Мёнш, прыкідваючыся дурнем, каб выказаць сваю непавагу да вучоных.


б) Генералава Фіцінгоф зусім не ведала расейскай мовы. Але справы прымусілі яе паехаць у сталіцу. Яна была ўжо старая, набожная і заўсёды мела кепскі настрой.

Па парадзе свайго паўнамоцнага прадстаўніка ў Пецярбургу яна запрасіла да сябе сакратара Сената і размаўляла з ім па-польску, бо іншай мовы, апроч расейскай, сакратар не ведаў. Паляк і расеец заўсёды зразумеюць адзін аднаго, было б жаданне. Пры развітанні генералава ўклала ў руку сакратара пачку асігнацый, пры гэтым убачыла яго заручальны пярсцёнак, бо ён быў чалавек жанаты, і сказала:

— Буду мець задавальненне яшчэ раз наведаць пана дабрадзея, каб даверыць сябе яго апецы.

— Милости просим! Милости просим! — адказаў сакратар, усцешаны вялікім ганарарам і з мілым тварам пацалаваў ёй абедзве ручкі.

Пані Фіцінгоф ледзь не самлела на месцы, калі пачула яго словы!..

Праз некалькі хвілін падышоў яе паўнамоцны прадстаўнік і знайшоў старую ў спазмах жаху і зусім не падобную да сябе.

— Пані, што здарылася?

— Пабойся Бога, мой дабрадзей, якога ж ты мне сакратара Сената прывёў? Што гэта за людзі! Нейкія бязбожнікі, нягоднікі, распуснікі, бессаромнікі! Жанаты, малады, прыстойны мужчына і не саромеецца мяне старой! Узяў грошы і яшчэ патрабуе ад мяне кахання!

Тады паўнамоцны прадстаўнік, трымаючыся за бакі ад смеху, супакоіў яе сумленне і растлумачыў, як трэба разумець гэтыя словы.


с) Пасля апошняга падзелу краю, губернатар Літвы Булгакаў прымусіў шляхту ў Вільні прысягнуць на вернасць Кацярыне ІІ. Пасля гэтай цырымоніі ў Булгакава адбыўся вялікі афіцыйны абед. Побач сядзеў маршалак Бжастоўскі, які і раней меў з ім добрыя адносіны.

Падчас абеду Бжастоўскі пачаў патаемна хаваць за пазуху і ў кішэні срэбныя відэльцы і лыжкі.

— Што ты робіш, граф! — здзіўлена спытаў яго Булгакаў.

— Ах, пан губернатар, — адказаў Бжастоўскі. — Гэта нармальная з'ява — як толькі стаеш расейскім падданым, адразу свярбяць рукі, каб нешта ўкрасці!

У Булгакава хапіла розуму і досціпу, каб не раззлавацца з-за гэтага жарту.


10. У Стравеніках, у доме княгіні Агінскай, дарсунскай старасціны, пані вялікай цноты, дабрыні і агульнавядомай гасціннасці, да таго ж паважанай ва ўсім краі з-за яе пабожнасці, нягледзячы на яе сталы ўзрост, некалькі разоў на год адбываліся вялікія балі, на якія паважаныя госці прыязджалі нават і здалёк. Аднойчы на баль прыйшла вельмі прыгожая і маладая жанчына, пані Шымкоўская. Мой бацька, які ўсё сваё жыццё быў надзвычай слабы на жанчын, моцна заняўся ёй і ўвесь час казаў ёй кампліменты. Пасля абеду, калі госці яшчэ тлуміліся ў сталовай, ён пачаў так моцна прыцірацца да гэтай дамы, што бедная жанчына, каб абараніць сябе і пакараць нахабніка, гучна сказала:

— За каго пан мяне прымае? Хто даў вам права так са мной гаварыць і так абыходзіцца? Ведайце, я сумленная жанчына!

Бацька, нават не дазволіў ёй дагаварыць і адказаў халаднакроўна: «А я такіх як раз і кахаю найбольш!». І гэтымі словамі знянацку так здзівіў небарачку, што потым… Не ведаю, што было потым. Бо гэта вельмі старая гісторыя, якая адбылася яшчэ за польскім часам, і распавядалі яе мне толькі вельмі старыя людзі.

Раздзел 4. Канстанты Новамейскі, яго дзень, яго ўпэўненасць у паспяховасці ў жанчын. Дзве пані Высагердавы. Замбрыцкія. Др. Эме. Людвік Замбрыцкі. Новамейскі, яго стасункі. Побыт аўтара ў Вільні ў 1835 г. Намер сям'і ажаніць яго. Пані Марачэўская. Зайздрасць Новамейскага, яго хвароба

Такім чынам, у той час, калі я паволі станавіўся сваім чалавекам у розных дамах, мой Новамейскі быў заняты рознымі дробязямі: прыдумляў лепшыя шпількі (для гальштукаў), выбіраў і падбіраў тканіны, атрымліваў асалоду ад рэцэптаў печыва, смачных пернікаў, канфіцюраў, лікёраў. Як змяя скідае скуру, так і я цалкам забыўся пра яго, калі выйшаў са студэнцтва. Раптам, неспадзявана, мы сустрэліся ў некалькіх дамах. Я паставіўся да яго з павагай, як належыць ставіцца да старэйшага векам, і ён на пачатку паставіўся да мяне сур'ёзна, як быццам аказваў мне пратэкцыю і нібыта быў маім ментарам. Але дэкарацыі памяняліся! Пільны назіральнік, ён адразу заўважыў, што я стаю на цвёрдых нагах, і яму гэта не спадабалася. У свеце мае дзевятнаццаць-дваццаць гадоў цаніліся больш чым яго трыццаць з нечым, тут аддавалі перавагу лёгкай, але разумнай размове, а не яго звычайнай імітацыі сур'ёзнасці. А ў тых дамах, якія наведвалі бацькі, каб выпхнуць сваіх дачок, як гэта звычайна бывае ў горадзе, давераную асобу кс.-пралата Длускага ставілі значна ніжэй за заможнага паніча, з якім мелі надзею парадніцца праз шлюб. Ужо само маё ігнараванне тэм яго размоваў пра рукадзелле і вышыўкі на палатне, у чым ён ўпарта выстаўляў сябе крытыкам і знаўцам перад маладзёнамі, узбуджала дзявочую цікаўнасць да мяне.

У гэтых дробных і амаль што дзіцячых здарэннях паміж намі, дапытлівае вока згледзіць сутыкненне паміж сабой дзвюх ужо розных эпох і пачатак адыходу ад дробязных звычаяў і перабольшванняў галантнага XVIII ст. Дзейных асоб і сведкаў таго галантнага стагоддзя ў той час было яшчэ шмат, але стаў ўжо заўважны пераход да больш сур'ёзных сяброўскіх адносін, менш заснаваных на розных дробязях. Па-праўдзе, сучасная моладзь шчыра сядзіць над кніжкай у сябе дома і корміцца тэорыямі, каб адкрываць для сябе вышэйшыя мэты. Па-за домам, у таварыстве жанчын, нават міжвольна, яны мусяць змешваць прыемнасць з карысцю, павагу да прыгожа полу з пачуццём уласнай годнасці. Але тое, што раней было шчырым і таму нечага вартым, з-за няправільнага пераймання і скажонага разумення, стала для наступных пакаленняў толькі аблудай, няшчасным і нязграбным прытворствам.

У Новамейскага была смешнай яго дробязнасць ва ўсім. Ён замучыў краўца і шаўца. З кожнага фрака, прывезенага з Парыжа ці Варшавы, ён уласнай рукой выразаў выкрайкі з паперы, з кожнага пантофля загадваў рабіць форму. Перш чым прыняць ад майстра гарнітур ці абутак, ён мучыў яго два тыдні папраўкамі і даводзіў да адчаю. Але калі, здаецца, усё дасягала найвышэйшай ступені дакладнасці і дасканаласці, і ён надзяваў гэта на сябе, дык усё на ім сядзела нязграбна, мяшком, а абутак заўсёды выглядаў дрэнна з-за няправільнай формы яго нагі. […]

Няхай усе будуць шчаслівымі — падумаў я сто разоў. Я магу паручыцца, што ён сам шчыра верыў у сваю зорку і дзяліўся гэтай упэўненасцю з іншымі не як марнай хвальбой блазна, але з унутранага пераканання. Дазвольце мне прывесці вам толькі два прыклады. Сярод жанчын, якія толькі і чакалі знаку ад яго, каб як бяззбройная гарліца падпарадкавацца арлу ці магнетычнай уладзе ястраба, і якіх ён шкадаваў толькі з-за сваёй любові да цноты, была, як мне казалі, пані Ксаверава Мюлер, якая рэдка прыязджала ў Вільню. Тады я яе не ведаў, але чуў, што яна была жанчына з характарам, талентам, цнотамі, надзвычай вясёлага досціпу і была ўсімі любімая. Пасля няўдачнага замуства яна хавалася на вёсцы. Дадам, потым я даведаўся, што поўная жаночай празорлівасці, яна адразу шмат што зразумела пра Новамейскага і ніколі не хацела ўважаць яго вартым яе сяброўства. Другой фатальна ў яго закаханай была пані Высагердава, удава, пра якую я ўжо пісаў. Дадам яшчэ апошні раз некалькі слоў пра яе. Пра яе гарачую прыхільнасць да Казятульскага я ўжо казаў. Пасля няшчасця з ім добрая і пачцівая жанчына працяглы час, каля пятнаццаці гадоў, атрымлівала ўздыхі ад усёй віленскай моладзі і многіх знатных абшарнікаў з правінцыі, напрыклад, Гелгуда. Нарэшце голас прыроды перамог. У Вільню прыехалі вучыцца два яе пляменнікі Замбрыцкія. Абодва прыгожыя, добрыя, мілыя і маладыя, яны былі даручаны яе апецы, за якую яна адразу і ўзялася па-мацярынску. Яны часта бывалі ў цёткі і лічылі яе дом сваім бацькоўскім домам. Беднае сэрца цёткі, стомленае ўдаўством і працяглым супрацівам мужчынам, не магло супрацьстаяць высакароднасці і дабрыні майго прыяцеля і калегі Людвіка Замбрыцкага. Раптоўны выбух моцнага запалу, які яна спачатку ўспрымала як любоў да пляменніка, асляпіў гэту шляхетную, чулую і звыш меры годную жанчыну. Божа нябесны, як доўга не толькі ад людзей, не толькі ад каханага, але і ад самой сябе, яна рупліва хавала гэту бездань, якую вырыла пад яе нагамі занадта чуллівае сэрца! І як раз тады быў момант найбольш блізкіх стасункаў з Новамейскім. Ён цешыў сябе тым, што Высагердава закахалася ў яго. Яна, аднак, разумела неадпаведнасць свайго ўзросту і ўзросту пляменніка, разумела фальш сваёй пазіцыі і бачыла ў Новамейскім толькі пачцівага і зычлівага да яе чалавека. Напоўненая бурлівай страсцю, якую яна хавала ад усіх, Высагердава давярала яго разважлівасці і часта глядзела на Новамейскага сваімі чорнымі, самотнымі вачамі. У размовах пра жаночыя пачуцці і слабасці сэрца, яна шукала тую палёгку, якая на хвіліну вызваляе жаночую душу ад цяжкіх боляў. Аднак уласнае каханне Новамейскага прыняла авансам на свой рахунак гэтыя агульныя з ёй размовы. Таму можна ўявіць сабе яго здзіўленне, калі ён раптам даведаўся, што яна выходзіць замуж за Замбрыцкага. Дзеля Замбрыцкага, дзеля яго цяжкага лёсу, дзеля веры ў словы Святога Пісання, якія сёння мала цэняцца, дзеля чалавека, які будзе гэта чытаць, скажу яшчэ некалькі слоў.

Адна з дачок войскай Гарэцкай выйшла замуж за Замбрыцкага, знатнага і годнага жыхара Беларусі, адкуль паходзіў слаўны род Рэўтаў. Муж пяшчотна кахаў сваю жонку і не сумняваўся ў шчаслівым жыцці сярод прыгожых, як анёлы, дзяцей. Так і было, як раптам здароўе яго жонкі пачало пагаршацца. Ніякіх бачных прыкмет хваробы не было, але яна хварэла! Свежасць свяцілася на яе твары, аднак штодня яна скардзілася на здароўе і атрымлівала ад гэтага задавальненне. Клапатлівы муж кансультаваўся з рознымі лекарамі. Але з кожным днём было ёй усё горш і горш. Таму, калі лячэнне не дало аніякага выніку, ён вырашыў звярнуцца да вядомага ў тым краі доктара Эма, пра якога хадзілі розныя жартаўлівыя анекдоты. Гэта быў ужо немалады, напудраны немец, які шчыра прывязаўся да нашай зямлі і, вывучыўшы мову, перакручваў словы самым дзіўным чынам, памнажаючы тым самы каламбуры пра самога сябе. Эма заняўся лячэннем пані Замбрыцкай, і ёй стала лепей. Шчаслівы муж заказаў лекара на працяглы час. Эма, ужо тады багаты доктар і дзедзіч воласці, прыязджаў да іх раз на тыдзень. Паміж мужам і доктарам завязалася пяшчотнае сяброўства.

Замбрыцкі па старым звычаі пасля абеду гадзіну спаў, і гэты час запрошаны доктар заўсёды бавіў у кампаніі яго жонкі. Аднойчы, калі Замбрыцкага пасля абеду не ўзяў сон, ён падняўся з канапы і з вясёлым тварам пайшоў у другі бок дома да жонкі і яе госця. Увайшоў і на свае вочы пабачыў, як старэйшы за яго Эма выконвае шлюбныя абавязкі замест мужа! Не сказаўшы ані слова, зачыніў дзверы і вярнуўся ў свой пакой. Там, з разбітым сэрцам і душой, спустошанай нявернай жонкай, схапіў пісталет, які вісеў над ложкам і стрэліў сябе ў галаву. І з таго часу боскае небласлаўленне з'явілася над раней шчаслівым домам. Чарадой пайшлі смерці, калецтвы, страты, пажары. Праз нейкі час два сыны анёльскай прыгажосці прыехалі вучыцца ў Вільню. Старэйшы, хударлявы і стройны, на 23-цім годзе быў паралізаваны, пакутаваў і неўзабаве памёр. Малодшы недарэчна і нешчасліва ажаніўся з цёткай і пакінуў жонку амаль што адразу пасля вяселля, у 1831 г. пайшоў на маскалёў разам са шваграм Антоніем Гарэцкім і ў бітве пад Вільняй быў так шчасліва паранены, што варожая куля ўвайшла збоку між разяўленых вуснаў, не закранула зубоў і толькі знутры адсекла верхнюю губу. Пасля гэтай бітвы ён эміграваў у Францыю. Я бачыў яго у Парыжы, усё такога ж прыгожага і чароўнага. Аднак увесь час ён быў задуменны і сумны, але не сказаў мне, што ўсё было б добра, каб ён не звязаў сябе гэтым недарэчным шлюбам. Тысячы парыжанак працягнулі б да яго свае рукі, каб азалаціць. Праз паўгода, з цяжкім сэрцам і слязьмі, я даведаўся, што гэты чалавек, які меў сілу льва і спрыт леапарда, памёр у Парыжы ад сухотаў. На ім закончылася фамілія, здаўна вядомая сваімі шляхецкімі вартасцямі і багаццем.

Яго няшчасная жонка перажыла палітычныя ганенні, захварэла на артрыт, які ўспадкавала ад маці з бабуляй, і пераносіла сваю хваробу з дзіўным спакоем душы і нязменнай лагоднасцю. Астатак свайго жыцця правяла ў пакутах і болі. […]


Жанчына заўсёды закаханая не ў таго мужчыну, у якога насамрэч закаханая, а ў ідэал, які яна для сябе стварыла. Гэты ідэал можа быць вельмі розным, ён залежыць ад індывідуальнасці жанчыны. Пры гэтым галоўная праблемай мужчыны — угадаць гэты ідэал сваім інстынктам, вылічыць яго ці, што здараецца часцей, супасці з ім выпадкова.

Пераможаная перавагай Новамейскага над іншымі, раней сустрэтымі ёй мужчынамі, панна Мазуркевічоўна, выхаванка графіні Апалінарыі Плятэр, дачкі вядомага сваёй незвычайнай суровасцю полацкага ваяводы Жабы, пра якога раней многа расказвалі, і які стаў пэўным тыпажом, мілая і добрая паненка так шчыра прывязалася да Новамейскага, што захоўвала гэтае пачуццё трыццаць гадоў. Яна захавала сваё каханне нават нягледзячы на тое, што наш Адоніс вельмі нядоўга цаніў гэтую прывязанасць.

Смерць Длускага зрабіла Новамейскага па тастаменце спадкаемцам усяго яго фундушу і прывяла да канфліктаў і судовых працэсаў з хцівай да грошай віленскай капітулай. Капітула знайшла юрыдычныя перашкоды, каб не аддаваць яму фундуш пралата, гэта значыць аднаразовы гадавы даход з бенефіцыяў пралата юрыдычным спадкаемцам, які ў такіх выпадках выдзяляўся спрадвеку. Фундуш у гэтым выпадку складаў сто тысяч злотых. І таму, хто жыў на ўсім гатовым, трэба было пачынаць жыць з уласнага гроша, той, хто прызвычаіўся весці халасцяцкае жыццё за кошт пралата, трымаць пры гэтым і сабак, і коней, хутка адчуў, як пачала змяншацца крыніца яго даходаў. Трэба было падумаць, чым заняцца.

Жырмунскія Радзівілы: Мікалай, Караль, Францішак пасля смерці свайго дзядзькі Радзівіла Бердычоўскага, перанялі ў спадчыну Бердычаў, маёнтак з дзіўна заблытанымі інтарэсамі. Самі яны былі няздольныя разабрацца ў даўгах і ў сварках са сваім таленавітым братам Міхалам і сёстрамі Храпавіцкай і Радзівілавай, удавой іхняга дзядзькі, якая пазней выйшла замуж за Любамірскага. Патрэбны ім быў паўнамоцны прадстаўнік. І тады паўнамоцны прадстаўнік старога Тызенгаўза Чачот, вялікі чалавек са з'едлівым досціпам, рэкамендаваў Радзівілам Новамейскага.

Наступілі досыць доўгія, з частымі перапынкамі, перамовы, прычым Новамейскі адразу выехаў у Бердычаў як давераная асоба толькі князя Францішка. У той час, калі яшчэ жыў Длускі, да Новамейскага прыехаў крыху маладзейшы за яго брат Вінцэнт. Ён прыняў брата, але ў такім тоне, што кожны лёкай у доме меў большае значэнне, чым брат. Праўда, паміж братамі мелася вялізная розніца, але прыстойнасць вымагала, каб Вінцэнта усё ж паважалі больш за лёкая. Мне было балюча глядзець, як жорстка ён ставіцца да брата. […]

З дня ад'езду Новамейскага ў Бердычаў я страціў яго з поля зроку і не меў з ім больш ніякіх зносін. Я жыў на вёсцы ў бацькоў і ў Вільні, а потым паехаў у Пецярбург. Тым часам наступіў дзень 14 снежня 1825 г. Выбухнула шырокамаштабная змова, пра якую ўжо шмат сказана і сказана будзе яшчэ больш. Арышт галоўных кіраўнікоў і самае строгае расследаванне выявіла факт сувязяў расейскіх змоўшчыкаў з палітычнымі таварыствамі ў Літве, з масонамі. Новамейскі, хоць і жыў у той час на Валыні, быў схоплены разам з маршалкам Міхалам Ромерам, рэдкім прамоўцам Ігнатам Завішам, Струмілам, Вагерам, Чаркоўскім і іншымі і аказаўся ў пецярбургскай Петрапаўлаўскай фартэцы. Праз некаторы час, у 1828 ці 1829 г., ён і яго калегі атрымалі ад манарха свабоду. Тады я ўжо стала жыў у Пецярбургу, і ён наведаў мяне на хвіліну, бо ўсе яны мелі загад неадкладна пакінуць Пецярбург, а трэба яшчэ было сабрацца ў дарогу — час быў халодны і снежны.

Адам Міцкевіч змог у той дзень даць абед для Завішы, на якім быў і я. Іншыя слушна баяліся высунуць нос са сваіх пакояў, каб іх зноў не забралі ў турму. Усе, колькі іх было, мелі твары белыя, як галандскае палатно, нібы хто іх мукой прысыпаў. Столькі гадоў не бачылі сонца! Пасля гэтага, з 1829 па 1834 г. з Новамейскім я толькі ліставаўся. Ажно ў 1835 г., вяртаючыся з Парыжа, па справах заехаў у Вільню. Заставаўся там толькі пяць дзён, бо мой адпачынак ужо канчаўся. Вядома, я з ім сустрэўся і дазволіў выразаць папяровыя формы з маіх фракаў і іншага гардэроба, падараваў нешта з рэчаў на памяць. Паколькі я быў у Парыжы, каб атрымаць спадчыну, ён уявіў сабе, што я ўжо вельмі багаты. Казаў пра маю сітуацыю, пра тое, што я магу атрымаць у спадкі, і таму толькі ўздыхаў і ўздыхаў. Гэта была зайздрасць, але я мала тады звяртаў увагі на яе, аднак, гэта галоўная прычына патаемнай антыпатыі, якую ён хаваў ад мяне, ад іншых асоб і ад агульных сяброў.

Праз год, калі некаторыя з маіх сваякоў распачалі беспрынцыповы, несумленны і бязбожны суд, мне давялося зноў прыехаць у Вільню. Трэба было ехаць за мяжу, але каб дарэмна не змарнаваць тэрмін у пашпарце, зычлівы і вельмі прыхільны міністр Польскага каралеўства Стэфан граф Грабоўскі, сам прапанаваў мне, каб я даў паказанні ў Вільні і гэтак забяспечыў свае інтарэсы, а калі прыйдзе час, паведаміў яму пра гэта. Тады ён павінен быў вырабіць мне замежны пашпарт у імператара. Польскае міністэрства ўваходзіла ў групу канцылярый, якімі асабіста кіраваў Яго Мосьць, і таму ніводны чыноўнік гэтага міністэрства не мог быць прыняты на працу, звольнены ці адпраўлены ў адстаўкі без яго ведама. Гэтак, для справы і ў чаканні пашпарта я мусіў сядзець у Вільні, але ўжо не ў ранейшай Вільні. Сустрэлі мяне як брата, з вялікай пашанай. Натуральна, з Новамейскім давялося сустрэцца ў некалькіх дамах, дзе ён заўсёды паводзіў сябе як мыла наеўшыся. Доўга не мог зразумець у чым прычына, але гэтак адбывалася кожнага разу, і я аднойчы паведаміў пра гэта гаспадыням. Тыя адказалі мне: «Ці ты не разумееш? Гэта ён зайздросціць твайму поспеху ў жанчын». Такой лухце, дальбог, я не мог паверыць, паверыць у такое — недаравальнае глупства для разумнага чалавека.

А гэта справа адбывалася наступным чынам. Брат маёй мачахі, Антоні Храпавіцкі, які вельмі добра да мяне ставіўся, сказаў: «Пане Станіславе, чаму ж ты не жэнішся?» А меў я тады ўжо 33 гады — узрост Езуса. «Вось тут ёсць мая пляменніца Цеханавецкая, прыгожая, як анёл, добрая, выхаваная і багатая паненка. Пазнаёмся з ёю, папрасі яе рукі — даю табе слова гонару, яна будзе тваёй», — сказаў ён. Я засмяяўся не ў голас, бо апроч таго, што трошкі інакш глядзеў на шлюб і не лічыў яго здзелкай, я пранікаў у самыя патаемныя куткі многіх сем'яў і мог паўтарыць словы графа Морыса дэ Сакса, які сказаў, што ніколі не ажэніцца, бо ніколі не бачыў мужа, годнага добрай жонкі і жонкі, годнай добрага мужа. Храпавіцкі ведаў, што я буду на балі, які ўся губерня давала вялікаму нягодніку князю Даўгарукаму (Д 11), генерал-губернатару Літвы і паабяцаў мне паказаць гэтую дзяўчыну ва ўсім бляску. І паказаў яе мне. Яна была маленькай, але цалкам прывабнай асобай з крыху большым, чым трэба носам. Мне казалі, што яна вельмі дасціпная і добрая. Усё было добра, але яна мне ўсё адно не спадабалася. Каб закончыць з гэтым, я сказаў Храпавіцкаму, які некалькі разоў правёў яе перада мной, што здаюся, але знаёміцца з ёй не стану. Стары потым быў прымушаны тлумачыць гэта яе маці ці нават ёй самой. Вядома, гэта гісторыя не палепшыла мой стан. Але з-за таго, што мая маці была таксама не супраць гэтага праекта, а браты панны, вельмі добрыя хлопцы, па загадзе сваёй маці пазнаёміліся са мной і бывалі ў мяне, я не мог у адказ не наведаць іх хаця б адзін раз. Відавочна, пакрыўджаная панна, спрабавала даць мне зразумець, што зусім пра мяне не дбае і ставілася да мяне з такой пагардай, прыкрытай, вядома, вытанчанай свецкай ветлівасцю, якую, аднак свецкія людзі з тактам бачаць адразу і могуць ацаніць. Самае смешнае, што жанчыны абараняюцца, калі на іх не нападаюць і нават не думаюць нападаць. Менш смешным выглядае толькі ліс, які не можа дастаць вінаград і з пагардай кажа, нібыта вінаград зялёны. Да гэтага часу я захапляўся чалавечай прыродай і з задавальненнем назіраў як нашы зямныя анёлы, пасля таго як іх трошкі падрапаюць, адразу ператвараюцца ў маленькіх змей. Панна потым шчасліва выйшла за Тышкевіча.

Адмова імператара ў адказ на шматразовыя просьбы графа Грабоўскага і пана Туркула, дазволіць мне выехаць у Парыж, вярнула мяне ў Пецярбург. Мяне зноў прынялі на дзяржаўную службу, і мне зноў давялося выдаткаваць шмат сродкаў. Бо, калі я з'язджаў адтуль, то амаль за бясцэнак прадаў усю маёмасць, мэблю, коней і г. д., а цяпер мусіў набыць гэта ўсё зноў. Далей, я буду не раз згадваць пра добрае стаўленне да мяне былога міністра скарбу Польскага каралеўства, а ў той час чыннага чальца Дзяржаўнай рады князя Ксаверыя Любецкага, чалавека, які ў Еўропе пануе сваім геніем, а паўсюдна сваёй дабрынёй. Не раз, калі я лячыў князя ад падагры, у адказ на мае просьбы за якога-небудзь беднага сваяка, ён загадваў абматаць яго ногі авечымі шкурамі і асабіста ішоў да міністра выпрошваць месца для майго небаракі. Новамейскі неяк даведаўся пра гэта. Збяднелы з-за палітычнага пераследу і падмануты Радзівіламі, ён не меў на каго абаперціся. Па яго просьбе я праз князя Любецкага, атрымаў рэкамендацыю да Кажухоўскага, галоўнага паўнамоцнага прадстаўніка Вітгенштэйнаў, які і да мяне ставіўся вельмі добра, каб прызначыць Новамейскага членам радзівілаўскай камісіі ў Вільні. Плацілі за гэта тысячу дукатаў на год. Новамейскі, хутчэй за ўсё, атрымаў бы гэтую працу, але сказаў некалькі разоў у горадзе, што ён не будзе дзейнічаць у духу Кажухоўскага. У гэтым я яго ніколькі не ганю, але Кажухоўскі адмовіў і мне, і князю.

У гэты час у самым пачатку станаўлення знаходзілася Міністэрства дзяржаўнай маёмасці, і па яго просьбе, мы шукалі сувязі, каб прызначыць Новамескага прэзідэнтам палаты. Спачатку гэта было даволі лёгка, бо мала хто мог прадбачыць, як хутка гэта ўстанова стане ледзь не галоўнай і будзе стаяць над іншымі. Князь Любецкі зноў паехаў да Кісялёва. Граф Кісялёў паабяцаў прыняць, калі Новамейскі не будзе належаць ні да якіх палітычных таварыстваў. Такі прынцып граф меў для ўсіх сваіх чыноўнікаў. Любецкі, які чуў пра Новамейскага толькі ад мяне, палічыў, што справа вырашана. І вось гэтага чалавека за палітычныя грахі пасадзілі ў крэпасць на некалькі гадоў.

Нарэшце сястра князя Любецкага, графіня дэль Кампа Сцыпіён, па маёй просьбе, парэкамендавала яго на пасаду паўнамоцнага прадстаўніка князя Канстанты Любамірскага, генерала расейскай арміі, самага годнага чалавека ў свеце. Не ведаю, чаму гэтак не атрымалася. Але я даведаўся, што Новамейскі з малым жалаваннем прыняў тую самую працу ў знакамітай княгіні, сенатаравай Агінскай з дому Неры, гэтай выключна ўнікальнай жанчыне, якой я яшчэ прысвячу некалькі адмысловых старонак.

Такім чынам, ніякія нашы планы не ажыццявіліся. І гэта добра, бо неўзабаве, праз некалькі месяцаў, ён сказаў мне ў вочы, што ніякіх планаў у яго са мной ніколі не было, і ён ніколі мяне ні пра што не прасіў.

Увесь гэты час у Пецярбургу мяне ананімна папярэджвалі, каб я быў больш асцярожны, бо мае віленскія сябры здраджваюць мне. Што мае канфідэнцыяльныя лісты, напісаныя да іх, бачылі ў руках асоб з варожымі да мяне намерамі. Але нікога не называлі. Я перапісваўся з некалькімі асобамі з Вільні і не мог, каб нават і хацеў, вылічыць, хто з прыяцеляў мяне падманвае. А паколькі я заўсёды сваю душу трымаў на адкрытай далоні і ішоў простай дарогай, то не меў таямніц і не асцерагаўся здрады. Толькі пасля майго вяртання ў Літву, жанчыны, мае былыя сяброўкі, прызналіся мне, што гэтыя безыменныя лісты пісалі яны і мелі на ўвазе Новамейскага, але баяліся, што іх лісты могуць прачытаць на пошце.

Магчыма далей, з іншай нагоды, я напішу, наколькі ў той час былі складанымі і далікатнымі мае сямейныя стасункі, і нават ў бацькоўскай хаце пада мною капалі ганебную яму. Але наша прымаўка пра тое, што кожны мае свой лёс, стала цалкам праўдзівай. У тыя хвіліны я не прадбачыў, што мае сэрца хутка кране самы вялікі боль! Бо набліжаўся прызначаны Божай рукой час, да якога я быў гатовы менш за ўсё (Д 12), час, калі мой высакародны, цнатлівы, шляхетны, светлы, бясцэнны для мяне, па-сапраўднаму строгі і з’едлівы чалавек, мой бацька, скончыць сваё жыццё! Пра гэта я даведаўся на эстафеце ў Пецярбургу. Мяне чакалі на пахаванні, і ўжо на чацвёрты дзень я быў у Вільні. Гэты выпадак выбіў мяне з таго кола жыцця, па якім я ўжо пачаў свабодна рухацца ў Пецярбургу.

Усё жыццё мне ані разу не дапамог шчаслівы выпадак. Усё што зарабіў — зарабіў крывёю і потам! Усё маё жыццё, мяне, як Тантала, лёс адрываў ад вады ў тую самую хвіліну, калі я набліжаўся да яе. Вось і тады так сталася! Самая лепшыя перспектыва мусіла быць разбітая праз абставіны, выкліканыя смерцю майго бацькі, пра гэта я раскажу ніжэй і ў сваім месцы.

Між тым, да багацця, якім я ўжо валодаў, і якое людзі, як звычайна, пераацэньвалі ў два ці нават у чатыры разы, дадаліся новыя грошы. Гэтага ўжо Новамейскі стрываць не мог! З гэтага часу, не збочваючы з дарогі знешняй прыстойнасці, ён патаемна стаў маім найпершым ворагам. Сваімі асцярожнымі, езуіцка-дыпламатычнымі меркаваннямі наконт мяне, ён спрабаваў сапсаваць і парушыць грамадскую думку, якую я заслужыў сваёй доўгай працай і спакойным жыццём. Натуральна, ён не меў да чаго прычапіцца, але не мог цярпець, што я ўсё раблю па-свойму, а не па-ягонаму. Ён хацеў быць маім настаўнікам і ўзяць мяне пад сваю апеку. Гэта не атрымалася, і таму ён, калі толькі пры ім размаўлялі пра мяне, казаў: «Так, так, гэта вельмі сумленны, справядлівы і вучоны чалавек, чалавек паважаны, але ганарлівы, фанабэрысты, эгаістычны, але …, але…» і г. д. без канца. Усё гэта было б яшчэ нічога, бо ўсе маюць сваё «але» і калі справа ішла пра мяне, дык я павінен быў дзякаваць Богу, што мае «але» яшчэ не былі подласцю! Горш было тое, што гэты чалавек, бавячыся, брудзіў мяне ў маіх справах, і не ведаючы майго стану, крыжаваў абраныя мной шляхі. Кожны, хто атрымлівае якія-небудзь спадкі, адразу бывае атачоны тысячамі бедных сваякоў, якія ўмомант з’яўляюцца як грыбы, і пра якіх спадчыннік ніколі не чуў ды не бачыў. І ўвесь гэты зброд уяўных сваякоў, якіх я ніколі ў жыцці не бачыў, пра якіх я ніколі не чуў, наваліўся на мяне як саранча, каб з-за любві да мяне жыўцом садраць скуру. Гэта подласць, а я ненавіджу подласць.

З чужога досведу я ведаў, што так здараецца заўсёды і меў час падрыхтавацца, каб прыняць іх заляцанні, ліслівасць і сардэчную любоў. Было б сорамна, хай нават і перад правінцыйнымі ашуканцамі, паказаць сябе дурнем і адчыніць гаманец і сэрца нахабнікам, якія спадзяюцца на тваю далікатнасць. Але я і без гэтага меў пра што падумаць. Неспадзявана абцяжараны справамі і асобамі, якія і сапраўды мне належалі, маючы на карку мачаху з усім дваром, коньмі, дзядзькамі і цёткамі, якія страцілі ўсе свае сродкі і мелі толькі спустошаныя маёнткі, абцяжараны бацькавымі пазыкамі, пра якія ён раней мне ніколі не казаў і нават не згадваў у тастаменце, бо, пэўна, разлічваў сам іх выплаціць — не да ласкавасці было мне ў той час. Аднак, Бог тое ведае, я зрабіў усё як сумленны шляхціц. Сплаціў усе пазыкі, нават тыя, на якія меліся толькі распіскі майго бацькі, не гледзячы на тое, што гэта «не па форме» ці на тое, што яны «не запісаны ў акты». Выглядаў як турэцкі святы, бо выдаткоўваў свае, а не спадчынныя грошы. Адразу падтрымаў тых людзей, якія былі таго вартыя. Лотрам, трутням і фальшывым сваякам, якія яшчэ на гасцінцы лезлі ў маю кішэню, бо лічылі мяне дурням, адмовіў адразу. Тады яны пайшлі шукаць дапамогу ў майго прыяцеля Новамейскага.

І той пачаў ім спагадаць! Абвінавачваць мяне перад імі! Каму я даў пяць дукатаў, той жаліўся, чаму не пяцьдзесят! Той, каму я праз свой уплыў знайшоў добрае месца на дзяржаўнай службе, шкадаваў, чаму я за свае грошы не выплаціў яму яшчэ і гадавое жалаванне! Нічога мне не кажучы, Новамейскі пачаў паўсюдна распавядаць пра мой эгаізм і мае заганы. Казаў маім сябрам, што я павінен быў пачаць сваё жыццё ў Літве толькі, калі аддам даўгі ўсіх сваіх сваякоў, якія па тракцірах, більярдах, дзяўчатах і падобных забаўках шчасліва і весела страцілі ўсё, што мелі. […] У рэшце Вільня так мне абрыдла, што я больш ніколі ў ёй не паказваўся. […]

Цяжкая хвароба, паралюш ног, звалілі гэтага чалавека. У такім стане ён жыве дагэтуль. […]

Заканчваю аб Новамейскім. Бачыце, які гэта быў мой стары і горача любімы сябар!

Дадаткі

11. Самым нягодным мясцовым генерал-губернатарам ад падзелу краю быў князь Даўгарукаў, пра якога я згадваў. Чалавек несумленны, фанабэрысты, напышлівы, ганарлівы марнатраўца, абжора, распуснік, кепскі муж і сын, кепскі бацька.

Сярод паважаных і сумленных людзей яго лічылі абсалютным злодзеем. Нягоднік, на жаль, самавольна і, як яму хацелася і падабалася, кіраваў тутэйшым народам гадоў дзесяць з лішкам.

Гэты злы чалавек прадстаўляў манарху наш край незадаволеным, кіпячым і ў кожны момант гатовым да паўстання, гатовым на ўсё, каб вярнуць сябе свабоду, у той час як мясцовым людзям гэта нават не прыходзіла ў галаву. Рабіў нам вялікі гонар, бо маляваў такімі небяспечнымі. Гэтак ён даваў зразумець, што толькі яго талент, здольнасці і пільнасць утрымліваюць Літву ад новага выбуху і рабіў сябе патрэбным Пецярбургу. Яму верылі, і таму ён рабіў, што хацеў.

Яго справы належаць гісторыі. А я толькі перакажу анекдот і, каб мяне зразумелі, мне неабходна даць некаторыя тлумачэнні. Не думайце, што нейкія мае асабістыя непрыемныя дачыненні з ім прымушаюць мяне гэта пісаць. Ён ніколі не зрабіў мне нічога ані добрага, ані кепскага. Але сумленны чалавек мусіць казаць праўду.

Князь Далгарукаў быў настолькі тлусты, што літаральна нагадваў надзьмуты пухір. Пад канец жыцця для яго давялося рабіць адмысловую прыступку ў карэце бо ён даўно ўжо ў звычайную карэту не мог сесці. А калі падчас прыезду Аляксандра І яго пасадзілі на каня, дык ён падобны быў на воз сена.

І ўсё ж жанчыны, зразумела, што нашы жанчыны, западалі на яго! І на шчасце гэтага краю, невылечная слабасць жанчын да гэтага казла і яго слабасць да іх, сталі прычынай таго, што яго нарэшце прыбралі адсюль — з-за палітычнага страху, каб больш, чым трэба, не паддаўся нашэптванням нашых жанчын!

Ах, нашы жанчыны! Бачыце, бачыце, што значыць займаць важную пасаду. Такая лялька, такі Адоніс, такі малы, такі лавелас з таліяй ў некалькі сажняў, такі сапячы мех, такі потны ўзімку і ўлетку прыгажун, такі тлушч, такі буцэфал, такі кацялок з брыдкім тварам і смярдзючым целам — ніводная жанчына не павінна была б звярнуць на яго ўвагу, але адвярнуцца з жалем ці агідай. Аднак ён насамрэч купаўся ў моры любоўных уцех. Падмануў і развёў з мужамі дзвюх самых прыгожых жанчын Вільні — пані Калкоўскую (з дому Падбярэзскіх) і пані Забелу (жонку Ігнацыя, з дому Ваўжэцкіх), з апошняй, пасля працяглага скандалу і некалькіх заручын, ён нарэшце ажаніўся. Але найлепей, што Калкоўскую, кінутую з-за Забелы, Калкоўскую, якая пасля гэтага танула ў роспачы, ён зноў, слухайце зноў, у другі раз, выдаў замуж за таго ж Калкоўскага! Яго ён абяцаў узнагародзіць пасадай, і трэба сказаць, што сваё слова гэтаму падвойнаму мужу, гэтай асобе ў апошняй ступені дэградацыі, стрымаў. Паехаў ён з падвойнай каханай жонкай на пасаду нейкага дарадцы ў Смаленск!

Не ведаю як каму, але калі я кажу пра гэтых бессаромных шэльмаў, мне кроў б'е ў галаву.

Пэўна, спытаеце: «А што нашы мужчыны?»

Яны задаволеныя, шчаслівыя, і я ім нават зайздрошчу! Вось, напрыклад, так ганебна пакрыўджаны муж, мой калега па школе, Ігнацы Забела, былы павятовы і былы губернскі маршалак шляхты і таму ўзор высакароднай шляхетнасці. За сваю сужэнскую крыўду атрымаў чын радцы стану ад Даўгарукава. […]

Апроч вялізнага заробку, вялікага «сталовага» даходу, дзяржаўнага палаца, бязвыплатна перададзенага Даўгарукаму, ён з каго мог збіраў грошы пад відам пазыкі. Але Даўгарукаў не ўмеў і не збіраўся лічыць грошы, якія так лёгка ішлі яму ў рукі, і ўвесь час іх марнатравіў. Заўсёды меў патрэбу ў грашах і заўсёды быў голым. Але заправадзіў раскошу ў нашым бедным краі. Балі ішлі за балямі. Даваў ён, давалі яму. Жанчыны адна перад адной выдумлялі строі і знішчалі такім чынам багацце сваіх мужоў і дзяцей.

Даўгарукаў як мог падтрымліваў гэта і такім чынам заахвочваў знішчэнне капіталаў шляхты, чым давёў да галечы вёску, але, што яшчэ горш, здэмаралізаваў Літву! Хай пан Бог даруе яму, але я сумняваюся ў гэтым. А ён ўжо паўстаў перад судом Божым.

Не было ў нас багатага яўрэя, багатага чыноўніка ці, тым больш, багатага абшарніка, якому ён не запусціў бы пазуры ў кішэню і не выхапіў бы адтуль грошы. Я чуў, што Тышкевіч падараваў яму 6 000 дукатаў і ведаў, што ніколі іх не верне. Праз пазыкі і рознага роду пагрозы забраў у віленскага кагала 30 000 рублёў.

Маючы пасады ў месцах, дзе ўсё дазволена, ён і ў Харкаве, дзе потым таксама стаў генерал-губернатарам, забраў 90 000 срэбных рублёў у магістратуры агульнай апекі, настрашыўшы сваёй помстай і ссылкай у Сібір. Яму далі скарбовыя грошы, а ён памёр. І гэтыя няшчасныя людзі былі пакараныя па законе і загубленыя разам з жонкамі і дзецьмі.

Калі гэты забойца столькіх няшчасных сем'яў, праз асаблівую міласць Бога, быў канчаткова скінуты з «каралеўскай» пасады ў Вільні і пераведзены на падобную па назве, але не такую выгадную пасаду ў Харкаў, і на яго месца прызначаны чалавек разумны, сціплы і пачцівы — генерал Мірковіч, на Даўгарукага накінуліся крэдыторы, бо не мелі ўжо страху, каб з ім цырымоніцца. Тады ён ажаніўся са сваёй каханкай Забелавай з Ваўжэцкіх і атрымаў за яе некалькі дзясяткаў тысяч срэбных рублёў ад яе старога і сквапнага бацькі. Гэтымі грашыма закрыў самыя важныя дзюры, чым замыліў вочы іншым і змог больш-менш спакойна ўцячы з Вільні. Аднак і потым заўсёды меў вялікія даўгі. Пасля ягонага ад'езду, назаўтра, віленскі віца-губернатар сустрэўся на вуліцы з саркастычным і трапным жмудзінам, баронам Краўзэ:

— Что новенького, — спытаў віца-губернатар, — Князь Долгорукий уже выехал?

— Не совсем, однако ж, — адказаў Краўзэ. — Руки, правда уехали, но долги всё-таки здесь остались.

12. Пасля пятнаццаці гадоў блуканняў па свеце, у 1838 г., я вяртаўся у сваю загроду. Прывяла мяне туды сумная і балючая смерць майго бацькі, самага сумленнага і пачэснага чалавека ў свеце, які, каб не быў сапраўдным старапольскім ліцвінам, дык, напэўна, нарадзіўся б сапраўдным спартанцам. Чалавек, які, што з'яўляецца рэдкасцю ў наш час, здолеў выціснуць увесь мёд XVIII стагоддзя у свае шляхетныя вусны і пры гэтым нават не дакрануўся да яго смяротнай атруты. Чалавек, які ўзняўся над брудным узроўнем ванітаў, якія ўсе жыццё атачалі яго з усіх бакоў. […]

Раздзел 5. Род Нагурскіх. Ян Нагускі, яго стасункі з бацькам аўтара, намер ажаніцца, самагубства, смерць. Тышкевічы. Анекдот пра скарб графа Тышкевіча. Старадаўнія шляхецкія абеды з супоў. Каэтан Нагурскі. Гісторыя са спадкамі ад Нагурскага і Сільвястровіча. Нагурскі і Высагерд у Венецыі і раман з Марыяй Неры. Раман бацькі аўтара з Неры. Шлюб Нагурскага з Неры ў Вільні. Раман Нагурскай з Людвікам Пацам. Хвароба і смерць Нагурскага. Добрыя справы, зробленыя бацькам аўтара для Нагурскай, і канец іх адносін. Раман Нагурскай з Агінскім і Бенігсенам. Шлюб з Агінскім. Характарыстыка сенатаравай Агінскай. Уратаванне ёй маёнтка мужа. Тост жонкі Бенігсена за Левіса

Я ўжо вышэй згадваў і абяцаў расказаць яшчэ пра тое, што памяталі ў маёй сям'і пра сенатараву княгіню Агінскую, тут я згадаю яе, як вельмі рэдкі і павучальны тып, здольны шмат чаму навучыць нас у штодзённым жыцці. Яе справамі займаўся Новамейскі. Каб мяне лепш зразумелі, трэба вярнуцца крыху назад.

Яшчэ ў часы Станіслава Аўгуста на Літве яскрава ззяў згаслы сёння род Нагурскіх. Ззяў ён з-за фамільных сувязяў і значнага багацця. У той час вядомымі асобамі ў той сям'і быў стары скнара — бацька Нагурскі, багаты чалавек, сквапны і хцівы, і два яго сыны — Каэтан і Ян, якія з-за шматлікіх спадкаў, якія яны атрымалі, былі багатымі як і іх бацька. Чэрствы стары зайздросціў ім, псаваў жыццё і амаль што адкрыта жадаў смерці сыноў, каб стаць іхнім пераемнікам. Гэтак было ў хатніх справах, а ў грамадскім жыцці ўсе трое былі добрымі грамадзянамі, якія ўсімі магчымымі спосабамі імкнуліся падтрымаць жыццё сваёй бацькаўшчыны, якая ў той час ужо памірала. З сыноў, Каэтан — сквапны і занудны буркун, меў слабае здароўе і твар падобны да сушанай апельсінавай лупіны, яго не надта любілі. Яна любілі ўсе, бо ён быў прыстойны, здаровы, малады, чалавечны, адкрыты, шляхетны, меў цудоўнае сэрца і розум. Мой бацька сябраваў з ім як Арэст з Піладам. Іх сяброўства яшчэ больш умацавала дапамога майго бацькі на соймах, дзе ён, маючы добрае пяро, пісаў выступы Яну, які не меў падобнага таленту. Пра іх сяброўства ведала ўся Літва. Старому Нагурскаму і ягонаму сыну Каэтану вельмі не спадабалася, калі яны даведаліся, што Ян Нагурскі на імяніны падараваў майму бацьку 100 хат у Вількамірскім ці ў нейкім іншым жмудскім павеце. Гэтае шчодрае віншаванне было зроблена так далікатна, што бацька не мог адмовіцца ад падарунка і прыняў яго. Але горды і чулы юнак ў душы пачаў баяцца, што падарунак дасць Яну права на нейкае вяршэнства ў іх адносінах. Гэтая думка замацавалася ў яго галаве. Таму ён не спяшаўся ўваходзіць у правы валодання гэтым маёнткам. Між тым, аднойчы, нібы наўмысна і як на ліха, тата горача паспрачаўся са сваім сябрам і ўявіў сабе, што той хоча ўразіць яго сваім падарункам. Таму не ўнёс дакумент у акты і на вачах сябра парваў паперу на кавалкі. Нагурскі, як я ўжо казаў, быў далікатным чалавекам. Яму было крыўдна, але ён зразумеў прычыну, і іх ранейшае сяброўства захавалася, бадай што, з падвоенай пашанай. Але копію дакумента не аднавіў. І на гэтым скончылася знакамітая гісторыя з сотняй хат, пра якую згадвалі ўвесь час, колькі я сябе памятаю.

Неўзабаве Ян Нагурскі закахаўся ў Карпёўну і зрабіў ёй прапанову. З радасцю атрымаў абяцанне яе рукі. Але з-за перашкод, якія рабіліся з абодвух бакоў, падрыхтоўка да вяселля некалькі разоў адкладвалася. І калі, нарэшце, ён паехаў да Карпа на вяселле, то па дарозе адкрыў у сябе сорамную хваробу, якую падчапіў ці ў Вільні ці ў Варшаве, і якой пры яго памяркоўным жыцці і мерах засцярогі ніяк не мог чакаць. Поўны далікатнасці, пакрыўджаны і закаханы, ён ведаў, што лячэнне зацягнецца на некалькі тыдняў, і таму чарговы раз трэба будзе адкласці вяселле, бо немагчыма было ажаніцца і потым на нейкі час адмовіцца ад сужэнскіх абавязкаў. Бядак набраў думак у галаву, не было каму яго суцешыць і не было з кім параіцца — звар'яцеў, страціў розум і стрэліў сабе ў рот з пісталета! Аднак нейкім цудам куля толькі слізганула па твары, і лекары разам з маім бацькам, які быў недалёка, адразу прыбеглі да яго. Здавалася, швы хірургаў і сяброўства майго бацькі супакоілі яго і цела, і думкі. Дактары абяцалі жыццё, а накіраваная маім бацькам эстафета прывезла ад яго нарачонай словы ўцехі, ліст гэты і сёння захоўваецца ў мяне.

Нагурскі выглядаў вясёлым і радасным, бо застаўся жывым, але патаемна падрыхтаваў і падпісаў вельмі кароткі тастамент. Здавалася, ён верыў ва ўсё, што ўкладвала ў яго сэрца і розум прыяцельскія стасункі, радасць ад свайго вяртання да жыцця маляваў рознымі словамі ўдзячнасці і здавалася так натуральна з усімі пагаджаўся, што ўсіх ўвёў у зман. І на сёмы дзень пасля замаху на сваё жыццё ўжо здавалася, што небяспека прайшла, і мой знясілены дзяжурствам бацька на некалькі гадзін пакінуў свайго хворага сябра, каб адпачыць. Нагурскі толькі таго і чакаў і толькі ўдаваў, што спіць і такім чынам супакоіў сваю ахову. Напісаў алоўкам некалькі слоў майму бацьку: «Хто аднойчы зрабіў на сябе замах, з-за гонару не можа больш жыць». Сваімі рукамі сарваў з сябе швы і пластыры, раздзёр раны і праз некалькі гадзін увесь у крыві памёр. Гэта быў адзін з самых высакародных, самых прыстойных, самых перспектыўных людзей нашай бацькаўшчыны, якая ўжо памірала. Мой бацька і праз 50 гадоў, да сваіх апошніх дзён, не мог казаць пра яго без слёз і штодзень з нейкай нагоды згадваў яго. Захоўваў розныя дробязі свайго сябра і пры канцы жыцця перадаў іх мне.


Яна Карпёўна, атрымаўшы такі ўдар у самае сэрца, на пэўны час аддалася слязам і роспачы, хацела замкнуцца ў кляштары, але падпарадкавалася загаду свайго строгага бацькі і з параненай душой аддала сваю руку Тышкевічу, старасце вялятыцкаму.

Род Тышкевічаў, які здаўна вылучаўся фамільнымі і грамадзянскімі цнотамі, за паўстагоддзя значна павялічыў сваё багацце, і стараста вялятыцкі Міхал стаў самым багатым панам у Літве. Пакінуў трох сыноў і дачку, якая пабралася з Леонам Сапегам, і ўсе яны ёсць першымі багачамі нашага краю. Ніводзін з Тышкевічаў сябе нічым не запляміў. Ніколі не зрабіў крыўды свайму бліжняму. А калі, маючы грошы, чакаў, каб танна купіць дарагі маёнтак, дык хто ж хоча купіць дорага? Гэта слаўная лінія Тышкевічаў заўсёды, нават і сёння, мае шчасце на спадчыну, што нікому не шкодзіць і, магчыма, ёсць найменшым з грахоў, але дае зайздроснікам тэмы для размоў.

Няхай наступная гісторыя ў гомеапатычных дозах раскажа вам пра тое, як здабываліся вялікія багацці, і чаму гэта немагчыма ў нашы часы.

Неяк мой бацька ў самую адлігу паехаў да Яна Нагурскага на лёгкай брычцы. Недзе ў Жмудзі на жудаснай дарозе зламалася вось. З падстаўленай жэрдкай дацягнуўся да першай карчмы.

— Каваля!

— Няма, пане, каваля, і на тры мілі навокал няма яго, — адказвае карчмар.

— А няхай у цябе снег згарыць! Што рабіць? Немагчыма ехаць яшчэ 3 мілі!

Літасцівы карчмар, чухаючы патыліцу, адказаў:

— Есць каваль у двары, але ён не мае права займацца іншай працай, апроч як у маёнтку. Можа б пан зараз пайшоў у двор, бо якраз тут ужо некалькі тыдняў бавіцца сам дзедзіч, дык вам, напэўна, не адмовілі б у дапамозе.

— Чый гэта маёнтак?

— Графа Тышкевіча (бацькі ці дзеда, старастаў вялятыцкіх).

Што рабіць? Бацька пайшоў па гразі. Прайшоў праз браму, і ні сабака не забрахаў, і нікога не сустрэў. Ніводнай жывой душы! Тады падышоў да вялікага панскага драўлянага дома. Агромністыя сені, і зноў нікога няма! Пайшоў налева, да дубовых дзвярэй і адчыніў іх.

У вялікім пакоі, абстаўленым драўлянымі зэдлікамі і чыстымі дубовымі сталамі, на лаве, прыстаўленай да аднаго са сталоў, сядзеў сівы, як галубок, прыгожа прычэсаны і паголены маленькі дзядок у кашулі, суконных портках на раменьчыку са спражкай і ў чаравіках з казлінай скуры, ён плёў сеткі. Убачыўшы госця, дзядок падняўся і ціхім голасам спытаў, хто ён і чаго хоча? Бацька адказаў, што ён хацеў бы мець прыемнасць бачыць графа. Дзядок яшчэ больш ціхім голасам паказаў на дзверы: «Граф там, і калі б вы былі так ласкавы сесці тут і пачакаць, я б схадзіў, пабудзіў яго і паведаміў пра вашае прыбыццё».

Праз 10 хвілін выйшаў сам граф. Як здзівіўся мой бацька, калі пазнаў у ім таго ж самага старога, толькі апранутага ў жупан, кунтуш і боты! Стары з цікавасцю выслухаў госця, загадаў неадкладна прыцягнуць у сядзібу брычку і пажадаў адрамантаваць яе ўласным коштам. А паколькі было ўжо позна, пакінуў бацьку на ноч.

Да самай цемры бавіліся размовамі. Стары быў зачараваны сваім госцем і задаволены ім, як самім сабой. Нарэшце падалі вячэру. На першае — бурачкі з вяндлінай, на другое — крупнік з вэнджанай паўгуськай, на трэцяе — аўсяная каша з селядцом. Стары з зайздросным апетытам з'еў усё і падбадзёрваў госця. Потым яны сардэчна развіталіся, і бацька, як толькі развіднела, працягнуў свой шлях. Тры супы, тры супы адзін за другім! Гэта жах! І якія супы! Адкідваю скупасць, бо відавочна гэта была старалітоўская мода! Бо нават і я яшчэ памятаю такі самы банкет.

З-за брыдкіх і агідных корчмаў нашы бацькі па ўсім краі і па ўсіх дарогах мелі знаёмых альбо сяброў, да якіх заўсёды заязджалі на начлег ці адпачыць. Мой бацька рабіў так усё жыццё, пакуль не перажыў усіх сваіх сяброў. Аднаго разу, калі для лячэння жонкі ён гасцяваў у Гуфеланда ў Берліне, палкоўнік войскаў ВКЛ Бернард Пянчкоўскі, наш прыяцель і сусед, які, як і ўсе, трымаўся такой жа сістэмы, збіраўся на імяніны нашых агульных сяброў ў Сянно, што на Наваградчыне, і ўзяў з сабой мяне, 13-ці гадовага на той час хлопца. І ён гэтак жа сама ехаў ад хаты да хаты. Мы ехалі 30 міль бадай што 10 дзён! Падчас гэтага падарожжа ён неяк заехаў адпачыць да вельмі паважаных і ўжо бялюткіх, як снег, мужа і жонкі. Імя іх не памятаю. Сумленныя і заможныя гаспадары ад душы радаваліся, гэта было бачна па іх анёльскіх тварах. Крахталі, ахвотна завіхаліся, каб нас задаволіць і падалі нам акурат 4 супы! Халаднік, курыны булён, боршч з вяндлінай і крупнічак з бычыным хвастом, як раней казалі «з каралеўскім носам», бо ў Станіслава Аўгуста быў крывы, арліны нос! Сумленныя старыя! Сёння нам смешнае гэтае меню. Але раней людзі былі ім задаволеныя, сытыя і, напэўна, больш шчаслівыя, чым мы! Нашы продкі значна больш часу прысвячалі сваёй душы, чым раскошы сваіх кішак. Памятаючы гэта, раскажу яшчэ адну гісторыю пра таго самога старога Тышкевіча, які гэтак добра прыняў майго бацьку.

У маёнтку, дзе ён стала пражываў, быў трохпавярховы мураваны лямус падобны на замак. На трэцім паверсе меліся жалезныя дзверы з некалькімі ўнутранымі і навяснымі замкамі. Увесь паверх быў адной вялікай залай, выкладзенай вытанчанай галандскай цэглай. Тут стары багач трымаў сваю гатоўку — грошы былі ссыпаны ў кучу нібыта зерне. У адным куце ляжалі медзякі, у другім бітыя талеры. Пасярэдзіне, таксама кучай, ляжалі галандскія дукаты. Стары часта патаемна хадзіў сюды і бавіўся, тым, што, як дзеці пясок, сыпаў золата праз пальцы. На гэтым паверсе меліся два круглыя, высокія акны, але яны былі цеснымі і вузкімі — праз іх ніхто не мог бы трапіць усярэдзіну. Аднойчы стары заўважыў, што яго золата як быццам нехта парушыў. Але сам сабе не паверыў. Тады ён пазначыў сваё золата як эканом пазначае збожжа. І зноў нехта парушыў! Ой, кепска! Нікому не сказаў і пачаў пільнаваць. Вядома, што лепшая пара для зладзеяў — поўдзень. У гэты час дваровая прыслуга сядае разам за стол пад гукі барабана ці звона, і хата пусцее. Тады бяда садам і фруктам, бяда агуркам і гарбузам! Злодзеі вылазяць з кожнага кута, бо упэўненыя, што іх ніхто не заўважыць. Стары, вядома, ведаў пра гэта і аднойчы апоўдні прабраўся ў свой лямус. Лямус межаваў з садам. Каля яго стаяла вялікае дрэва. Гаспадар сядзеў тут ужо з чвэрць гадзіны, калі пачуў шоргат у акне, які прыцягнуў яго ўвагу. Бачыць, на крывым і доўгім кіі праз акно нехта прасунуў моцна абмазаны дзёгцем лапаць. Гэты лапаць некалькі разоў дакрануўся да кучы дукатаў. Золата прыліпла да дзёгцю. Знізу кій моцна патрэслі і злёгку прыліплыя манеты пасыпаліся долу. Тады паволі і асцярожна кій і лапаць высунуліся назад. Стары цярпліва сачыў за ўсім гэтым і адразу ўскараскаўся да акна каб ўбачыць, як ягоны селянін, дваровы пастух, злазіць з дрэва па садовай драбіне, абірае з лапця дукаты і зносіць іх у далоні. Так граф даведаўся, хто здраднік, але трэба было яшчэ даведацца, дзе ён хавае грошы. Пастух, прайшоў з дзесятак-другі крокаў, агледзеўся, залез пад куст парэчак і закапаў скрадзенае за дзень. Потым стары знайшоў там каля тысячы скрадзеных такім чынам дукатаў.


Але вернемся да Нагурскіх. Пасля смерці Яна яго бацька з братам сабраліся на пахаванне. Адкрылі тастамент. Нябожчык, каб не пакрыўдзіць свайго бацьку, зрабіў яго разам з баратам Каэтанам спадкаемцам свайго фундушу. Адразу ж пасварыліся паміж сабой. Але, што яшчэ горш, у тастаменце былі прадугледжаны 7000 дукатаў майму бацьку, пра што ён не ведаў. Стары Нагурскі хціва шукаў, як пазбавіцца гэтага запісу. Сын Каэтан, чалавек больш сумленны, але таксама хцівы і сквапны, вынайшаў спосаб. Прапанаваў тату толькі палову. Бацька адпісаў абодвум, што сумуе з-за смерці свайго адзінага ў жыцці сябра, не мае часу думаць пра фінансавыя інтарэсы і з усім пагаджаецца, нават калі не дастане ні гроша. Яму адразу залічылі 4000 дукатаў, але ён вярнуў усе грошы і так закрыў гэты сумны рахунак.

Тут трэба прызнаць, што мой бацька «нарадзіўся ў сарочцы». Вялікія і малыя грошы сыпаліся на яго без аніякіх высілкаў, нават, калі ён сам гэтага не чакаў. Адзін з самых смешных запісаў на яго імя меўся ў тастаменце Сільвястровіча, старога, заможнага і бяздзетнага месціча-юрыста, перакананага патрыёта і чалавека свайго часу — вельмі дасціпнага, грубага але і сур'ёзнага. У сваім тастаменце Сільвястовіч пісаў: «Майму прыяцелю, пану Апалінарыю Мараўскаму, запісваю 200 дукатаў за тое, што ён носіць вельмі прыгожую старалітоўскую вопратку. А пану Станіславу Ажахоўскаму запісваю 100 дукатаў за тое, як ён прыгожа, „на бок“, носіць шапку».

У дзяцінстве мой бацька быў прымушаны маёй 15-ці гадовай маці, выхаванай ў Варшаве, апранацца па-французску, гэта яна паставіла галоўнай умовай шлюбу. Потым бацька змяніў свой строй. Праз год ці трохі пазней Сільвяровіч памёр. Тады зачыталі яго тастамент, змест якога раней ніхто не ведаў, і знайшлі запіс пра майго бацьку. Але ў дадатку да тастамента прачыталі наступныя словы: «Пану Мараўскаму, які ўжо пераапрануўся па-французску, здымаю вышэйзгаданы запіс, бо з любой кропкі гледжання ён лепш выглядаў у кунтушы». Тады ўсе смяяліся з дзівацтва старога, але сёння, магчыма, шмат хто падумае, што ён разумеў усё лепш за іншых.

Хаця мой бацька зусім не любіў Каэтана Нагурскага, даўняе сяброўства з яго братам стала прычынай таго, што яны мелі добрыя стасункі. Каэтан пасля смерці свайго бацькі стаў адным з найбагацейшых паноў Літвы. Але неўзабаве з'явіліся Касцюшка і Ясінскі. Нагурскі далучыўся да паўстання і пасля бітвы пад Мацяёвіцамі уцёк у Венецыю. Там ён сустрэўся з таксама збеглым Высагердам, і разам яны спыніліся ў адной беднай карчме. Карчмар, нейкі Неры, быў адначасова і вясёлым італьянцам-гандальерам. Аднекуль ён даведаўся, што ў яго спыніліся знакамітыя эмігранты, і хваліўся імі, а таксама спяваў і граў небаракам. Яго старэйшай дачка, дзяўчына дзіўнай прыгажосці, прыслугоўвала і таксама спявала ім баркаролы. Абодва эмігранты закахаліся ў яе. Больш спрытны і маладзейшы Высагерд убачыў у сябры суперніка, выкраў маладую Марысю і ўцёк з ёй у Фларэнцыю. Нагурскі неадкладна кінуўся ў пагоню, выкраў яе ў Высагерда і паабяцаў ажаніцца. Па дарозе ён даведаўся, што ўжо можа смела вяртацца дахаты, і паехаў з дзяўчынай у Варшаву. Толькі там, калі трошкі астыў першы запал, убачыў, што ягоная красуня не мае ані адукацыі, ані манер, ледзь чытае і піша і таму не можа быць не толькі жонкай, але нават і наложніцай, бо ў Літве будзе выклікаць толькі жарты і кпіны. Яшчэ не маючы магчымасці назаўсёды з ёй расстацца, ён зняў для яе пансіён, наняў некалькі гувернантак і, добра заплаціўшы за самую строгую адасобленасць і таемнасць знаходжання тут дзяўчыны, паехаў у Вільню парадкаваць свае справы. У Вільні ён знайшоў Высагерда і яны добра разам пасмяяліся са сваіх італьянскіх любоўных прыгод.

Пасля зняцця секвестру з маёнткаў і вяртання Каэтана мінула каля 8 месяцаў, калі справы вымусілі майго бацьку паехаць у Варшаву, куды ў той час цяжка было атрымаць пашпарт. Наведвальнікаў у Варшаве было вельмі мала. Нагурскі даведаўся пра гэта падарожжа і напярэдадні ад'езду прыйшоў, каб нібы развітацца з маім бацькам. Але потым, убачыўшы, што больш нікога няма, замкнуў усе дзверы і, паверыўшы слову майго бацькі пра захаванне таямніцы, прызнаўся яму пра венецыянку Неры, прасіў перадаць ліст яе апякунцы, бываць у яе і выэкзаменаваць ступень прагрэсу, які гэта яшчэ зусім нязграбная і неахайная дзяўчына зрабіла ў навуках і мове, а таксама перадаць ёй на выдаткі 600 дукатаў. Апроч таго, ён прасіў не пісаць яму ніякіх лістоў, якія могуць канфіскаваць, а ўсё расказаць асабіста пасля вяртання. Бацька абяцаў. Паехаў. Пазнаёміўся з паннай. Чакаў убачыць якую-небудзь субрэтку. Якое ж было яго здзіўленне, калі ён убачыў даму дзіўнай прыгажосці і бліскучымі здольнасцямі. Яна ўжо магла стаць дасканалым гонарам салонаў, ужо добра размаўляла па-французску і па-італьянску без венецыянскага акцэнту, хутка пісала без вялікіх арфаграфічных памылак — словам, была ўжо выдатна выхаванай паннай, ад якой ані ў якім разе не тхнула карчмой! Толькі ў музыцы яна не змагла прасунуцца наперад, што вельмі не спадабалася майму бацьку, які сам захапляўся музыкай, спяваў з вялікім густам і граў на двух інструментах — на гітары і на вільдаморы (viola d’amour), якую сёння ўжо ніхто не памятае. Хаця сёння і адмаўляюцца ад усялякай меладычнасці ў музыцы, але ўсё ж дзіўна, што гэты меладычны і гучны інструмент аказаўся цалкам забыты, і бачыў я яго толькі ў майго бацькі. Неяк ён, калі даўно ўжо закінуў свае таленты, якім у маладосці быў абавязаны шматлікім перамогам, загадаў прынесці вільдамору са скарбца, каб я убачыў, як на ёй граць. Мне, праўда, тады было ўсяго 14 гадоў, але калі ён узяў некалькі акордаў, а потым зайграў нейкую душэўную песеньку, я расплакаўся як дзіця. Няхай я, але наш стары сусед, які тады гасцяваў у нас, рупліва мяне падтрымаў.

Калі новы апякун пазнаёміўся з выхаванкай, калі яны пачалі размаўляць пра музыку, граць і спяваць разам, закахаліся яны як насельнікі неба, і ў гэтым каханні, цалкам задаволеныя, пражылі амаль што паўгода. Трэба прызнаць, што гэтак мой бацька назаўсёды страціў давер Нагурскага, чаму потым ён прыпісваў фатальныя і згубныя для яго фартуны наступствы ў стасунках з гэтай асаблівай жанчынай. Так ён гэта разумеў, хоць і быў добра прасякнуты тагачаснай французскай галантнасцю, якая ставілася да падобных рэчаў, як да жартаўлівых прыгод. Увесь свет ведаў, што яны з Каэтанам ніколі не падабаліся адзін аднаму, і таму выбіць з-пад яго зэдлік было не такім ужо і цяжкім, смяротным грахом.

Хочаш — не хочаш, трэба было вяртацца з Варшавы і пакінуць гэты магаметанскі рай! Але яны яшчэ не паспелі насыціцца адна адным! Мой бацька быў цалкам адданы панне Неры і ахвотна напісаў Нагурскаму пра поспехі, якія яна дасягнула за такі кароткі час, раіў яму як мага хутчэй прывезці яе ў Літву. Нагурскі, чыё здароўе значна пагоршылася за апошнія некалькі месяцаў (ён пакутаваў ад хранічнай чорнай жаўтухі), вырашыў што здароўе і настрой вернуцца да яго, як толькі прыедзе каханая. Прывёз яе, і новы Пігмаліён, ап'янелы ад цела, манер і добрага тону сваёй Галатэі, адразу пачаў паўсюдна публічна прадстаўляць яе як сваю жонку, з якой ён таемна ажаніўся ў Італіі, чым прымусіў жудасна пакутаваць астатніх сямейнікаў, якія чакалі яго смерці! Яны пачалі сачыць за італьянкай і распаўсюджваць весткі, што яна яму не жонка. Віленскія дамы абурыліся такай зухаватасцю і бессаромнасцю: «Як ён насмеліўся прывесці сваю наложніцу ў паважаныя дамы!».

Неры ведала пра гэта і, відочна, далей ёй самой проста не ставала такту. Ужо вышэй меры насыціўшы хворага псеўда-мужа, працягвала яна старую інтрыгу з маім бацькам, пры гэтым удавала лютую прывязанасць да Нагурскага, пастаянна яе дэманстравала, пастаянна сядзела ў яго на каленях, прыціскалася да яго, цалавала і такім чынам цалкам вычарпала і знудзіла хворага, які адчуваў сваё знясіленне. І калі, з аднаго боку, пайшла чутка, што яна не жонка, а з другога, яна адчула непрыхільнасць Нагурскага да сябе, Нагурскага, які яшчэ не даў ёй аніякіх гарантый. Пасля некалькіх гадзін кахання з маім бацькам, яна ўпала да яго ног і маліла каб ён выратаваў яе з гэтай багны і схіліў Нагурскага да шлюбу з ёй. Але Нагурскі, хоць і не меў ніякіх падазрэнняў, не дазволіў нават пачаць размову пра шлюб і толькі пагадзіўся пакрыць выдаткі на вяртанне панны Неры ў Венецыю.

Тады мой бацька прыйшоў да добрага каплана, кс.-біскупа Пільхоўскага і сілай красамоўства растлумачыў гэтаму лагоднаму, як ягнё, залатавусту, усімі шанаванаму, пабожнаму чалавеку, які нічога не падазраваў, гэтую гісторыю. І тады, калі пакуты Нагурскага ад хваробы сталі большымі, чым звычайна, біскуп наведаў яго і выкрыў грэх супраць Бога і людзей, той пакаяўся і пагадзіўся на шлюб. Так праз ласку майго бацькі, дачка карчмара Неры стала пані Нагурскай.

Між іншым, каханне мінулага стагоддзя звычайна мела даволі вузкія межы, бо грунтавалася толькі на сексуальных пачуццях. Таму яно не магло быць працяглым, але праз гэта забяспечвалася вялікая гнуткасць і ўзаемаразуменне. Мой бацька і пані Нагурская ўсё ж надакучылі адна аднаму, адкрыта ў гэтым прызналіся і гэтак захавалі ўзаемнае сяброўства і свабоду без рэўнасці ў адносінах з іншымі. Бацьку гэта задавальняла, бо ён на той час меў ажно тры інтрыгі, калі не лічыць сувязі з Нагурскай. Адна платанічная, бо датычыла жанчыны рэдкай цноты, але дзве іншыя моцна высмоктвалі яго сілы і грошы. Загнаны, як паштовы конь, ён быў рады пазбавіцца ад цяжару стасункаў з Нагурскай.

На яго шчасце, прыехаў малады на той час Людвік Пац, які потым стаў генералам, а ў 1831 г. эмігрантам, беспрытульным выгнанцам і закончыў ён сваё жыццё ад гарачкі ў Смірне. Гэта быў прыстойны, багаты малады чалавек у самым прывабным веку. Жанчыны цікавіліся ім, і ён не бараніўся ад іх, але на гэтым не спыняўся і шукаў прыгод у менш далікатных і больш брудных крыніцах. Нагурская пакахала яго па-свойму, па-італьянску. Пац пажадаў належным чынам адказаць ёй, нягледзячы нават на тое, што пакутаваў ад нясціплай хваробы. Ён уступіў з ёй у цесную сувязь і перадаў сваю хваробу, а сам, узняўшы хвост, уцёк з вільнянкай. Хворы Нагурскі, на бяду, цяпер часцей, чым звычайна, прагнуў кахання са сваёй жонкай. Выпадала альбо неяк засцерагчыся ад настойлівага мужа, альбо адкрыць свой сорам і ганьбу! Новы зварот да майго бацькі. З усёй пакорай прызналася, і ён сакрэтна знайшоў для яе трох дактароў, узяў на сябе ўсе клопаты па стрыманні яе мужа і гэтак зрабіў для гэтай жанчыны новую важную паслугу.

Віленскія лекары не бачылі паратунку ў сваёй навуцы і параілі Нагурскаму для лекавання чорнай жаўтухі змяніць клімат і выехаць за мяжу, у Вену, дзе на той час працавалі знакамітыя дактары Франкі, бацька і сын, і было шмат іншых добрых лекараў.

Выехалі. Але весткі з дарогі пакідалі мала надзеі. Больш за тое, калі Нагурскі прыехаў у Вену, яго з усіх бакоў засыпалі ананімнымі лістамі з папярэджаннямі, што жонка збіраецца яго атруціць. Нарабілі яму клопатаў, але сваю жонку ён ужо і без гэтага не мог зносіць. Абрыдла яму дачка кухара, і ён прыбраў яе далей ад сваіх вачэй і прыклаў усе намаганні, каб выратаваць свае жыццё. Падазрэнні былі фальшывымі. Але не таму, што пані не была гатовая зрабіць такі крок, а таму, што не мела ад мужа ніякага запісу на маёмасць і яе лёс цалкам залежаў ад яго жыцця. А смерць тым часам набліжалася! І ў гэтай крытычнай сітуацыі яна зноў звярнулася да майго бацькі і напісала да яго жаласны ліст, які ён доўга захоўваў у сваёй калекцыі і паказаў яго мне, а потым аднойчы, у хвіліну гневу і абурэння на гэтую жанчыну, кінуў у агонь разам з многімі іншымі яе памятнымі рэчамі. У тым лісце яна заклінала яго боскімі ранамі і ўсім для яго святым, каб кінуў ўсё і паспяшаўся ў Вену ратаваць яе. Быў тады заняты сваімі важнымі справамі, але прыслухаўся да гэтага роспачнага голасу і хутка паехаў у Вену, прарваўся да хворага Нагурскага, які зачыніўся ад ўсяго белага свету, і сваім красамоўствам пераканаў яго завяшчаць 400 000 злотых сваёй жонцы. Больш вырваць з вантробаў Нагурскага для яе не змог, бо свае мільёны той запісаў на аддаленую і невядомую сям'ю.

Гэта было трэцяе і галоўнае дабрадзейства, якое мой бацька зрабіў гэтай жанчыне за час іх мімалётнага цялеснага кахання. Здаецца, яна павінна была быць яму ўдзячнай. Але ў італьянцаў ёсць прыказка: «Як толькі небяспека мінае, падмані і святога».

Неўзабаве, пасля вяртання майго бацькі ў Літву, Каэтан Нагурскі памёр за мяжой. Яго жонка, што магла, узяла ад яго, па-свойму закахалася ў нейкага кавалера Анджаліні і паехала за ім у Дрэздэн, дзе гэты Анджаліні быў пасланнікам. Пры гэтым даслала майму бацьку, не спытаўшы яго, ці згодны і мае вольны час, паўнамоцтвы на ўрэгуляванне яе інтарэсаў у Літве, якім нешта пагражала. І ён зрабіў гэта для яе. Але ён не мог управіцца з уладкаваннем закладу маёнтка Куртавяны ці Куртаўцы (дакладна ўжо не памятаю) і таму паслаў туды свайго брата Мікалая, маладога, прыгожага і вельмі сумленнага хлопца з належнымі інструкцыямі. Брат нечакана знайшоў там італьянку, родную сястру Нагурскай, цішком прывезеную з Венецыі, каб атрымаць тут адукацыю і, калі падвучыцца, выйсці замуж.

І яна добра падвучылася! Не мела дзіўнай прыгажосці сваёй сястры, але была добрай і чулай. З-за пастаяннага кантакту на вёсцы мой брат закахаўся ў яе. У выніку гэтага рамана брат нечакана стаў сваяком пані Нагурскай. Нягледзячы на ўсе намаганні, жанчына даведалася пра гэта ад паслужлівых людзей і, як няцяжка здагадацца, была не рада, бо яе асабістае каханне было безвыніковым. А панна, калі ўсё загаілася, пакінула наш край і вярнулася ў Італію, дзе з дапамогай старэйшай сястры выйшла замуж за нейкага італьянскага графа ці князя, які пра яе нічога не ведаў і да гэтага часу з ёй шчасліва жыве.

Знуджаная Анджаліні, страціўшы грошы, узятыя гатоўкай пасля смерці мужа, Нагурская нарэшце мусіла вярнуцца ў сваю міласэрную Літву, прыгожую і заўсёды чароўную. Покуль яна завяла новыя раманы, мой бацька — яе стары прыяцель, без усялякай ахвоты заняў каля яе месца і зноў пачаў ўдзельнічаць у інтэрмедыях. У любоўных гульнях, абвостраных доўгай адсутнасцю, з Нагурскай здарыўся вельмі прыемны для мужчыны выпадак, які мог сведчыць, што з-за моцных пачуццяў яна цалкам забылася. Лавелас ганарыўся сваім трыумфам, не змог утрымаць гэту гісторыю ў сакрэце і патаемна расказаў яе адной са сваіх каханак. Рэўнасць расчыніла вусны. У той жа вечар пра гэта даведалася ледзь не ўся Вільня. Праз некалькі дзён дайшло і да Нагурскай, якая, каб палепшыць грамадскую думку, удавала з сябе засмучаную ўдаву, таму агульнае стаўленне да яе значна і як быццам несправядліва, пахіснулася. А ў той час яна ўжо палявала на Бенігсена, які толькі што прыехаў сюды генерал-губернатарам. Усё, што магло выклікаць гнеў і лютую раз'юшанасць львіцы, адразу выбухнула на майго бацьку. Каралева шведская Крысціна адсекла галаву Манальдэскі. Наша італьянка не магла зрабіць гэтага, але ёй моцна карцела. Сяброўства з бацькам, яго паслугі, дабрадзейства і апека сталіся як быццам пісаныя на пяску і адразу зніклі, адсюль і назаўсёды засталася толькі помста, італьянская помста! Падставай для гэтага стала цяжарнасць яе сястры, якая нібыта зрабілася ганьбай для яе дома і крыўдай яе крыві. А таксама, нібыта парушэнні закону, якія Мікалай Мараўскі, быццам бы навязаў яе сям'і ў Куртавянах. Маючы пратэкцыю Бенігсена, яна адразу адазвала ранейшыя юрыдычная паўнамоцтвы, якія прынеслі толькі беды і нягоды, і з таго часу не прапускала нават найменшай магчымасці нашкодзіць майму бацьку. Нарэшце яны зненавідзелі адна аднаго і нават у старасці, як я памятаю, туды, куды з візітам прыехаў Мараўскі, але там была Агінская — яна адразу знікала, і тое ж самае рабіў мой бацька.

18+

Книга предназначена
для читателей старше 18 лет

Бесплатный фрагмент закончился.

Купите книгу, чтобы продолжить чтение.