Біблія і філятэлія
Наказваю вам: любіце адзін аднаго.
(Яна 15:17)
Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці,
каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны. (Другое да Цімафея 3:16,17)
Сьвятое пісьмо зьмяшчае праўду пра Бога і праўду пра чалавека і паказвае дзеі чалавецтва праз адносіны з Богам. Кнігі Сьвятога Пісаньня, якое складаецца з Старога і Новага Запаветаў, маюць агульную назву «Біблія». Назва паходзіць з грэцкай мовы і азначае ў перакладзе «кніга», якая зьяўляецца найбольш важнай з усіх кніг, проста «Кніга Кніг». Сапраўды, Біблія зьяўляецца адной з найважнейшых кніг у гісторыі сьвету, і не толькі ў сэнсе духоўным, але і літаратурным, гістарычным і сацыяльным. Няма ніякіх сумневаў, што для многіх людзей Біблія зьяўляецца свайго роду жыцьцёвай інструкцыяй, своеасаблівай кнігай псыхалягічнай, філязофскай, унівэрсальнай. Для мільёнаў Біблія была і застаецца крыніцай вечнай ісьціны і мудрасьці, вучыць любіць і дараваць.
Паводле дадзеных Уікліф Глябальны Альянс Біблія даступная для чытаньня ў 471 мове — гэта родная мова прыкладна 4,8 мільярдаў чалавек. Біблія перакладалася ўжо ў далёкай старажытнасьці. Першы пераклад Старога Запавету, зроблены ў трэцім стагодзьдзі да нашай эры. Пасьля ўзьнікненьня хрысьціянства стандартным перакладам Бібліі на лацінскую мову, якая выкарыстоўвалася ў набажэнстве, стала Вульгата, пераклад, зроблены Сьвятым Еранімам у 382—406 гадах.
На сёньняшні дзень Новы Запавет перакладзены на 1223 мовы, а часткі Бібліі — яшчэ на 1002.
Першая друкаваная Біблія — гэта Біблія Гутэнбэрга надрукавана ў 1452—1455 гады ў Майнцы Іяганам Гутэнбэргам.
Наш знакаміты зямляк Францыск Скарына з Полацку ў 1517 г. у Празе арганізаваў друкарню, пераклаў на тагачасную беларускую мову, напісаў прадмовы і на працягу 1517 -1519 г. надрукаваў 22 кнігі Старога Запавету. Скарына друкаваў Біблію як з рэлігійнымі так і з асьветніцкімі мэтамі, пра што піша ў прадмове: «дедтем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помножение в науце, мужем моцное утверьжение». Сваё выданьне Скарына ўпрыгожыў 52 гравюрамі, выкананымі ім.
Слушна было б, каб да 500 — гадовага юбілею было зроблена паштовае выданьне з усімі Скарынаўскімі гравюрамі. Гэта быў бы ня толькі знак павагі, але і сьветны падарунак філятэлістам усяго сьвету.
Дарэчы, першы поўны пераклад Бібліі з арыгінальных моў на польскую мову гэта Біблія Брэсцкая з 1563 г.
Як па перакладах так і па тыражы Біблія, сярод іншых кніг, ня мае сабе роўных. Таму Біблія аказвала і аказвае вялізарны ўплыў на чалавечую гісторыю, культуру і мастацтва.
На пачатку было Слова. Слова запісана ў Кнігу, а Кніга была супраць выяваў: «Не рабеце сабе куміраў і выяваў, і слупоў ня стаўце ў сябе, і камянёў з выявамі не кладзеце ў зямлі вашай, каб кланяцца перад імі, бо Я Гасподзь, Бог ваш». (Лявіт 26:1).
Не магло быць іначай сярод паганцаў, якія пакланяліся ідалам і прыносілі ім ахвяры. Абраны народ павінен быў быць верным Нябачнаму. І яўрэі не стварылі ніводнай выявы Бога. Першыя сцэны біблейныя паўсталі ў Рымскай імпэрыі. Гэта былі ілюстрацыі Септуагінты — грэцкага перакладу Старога Запавету. Стары Запавет забараняў тварыць выявы, а Новы Запавет не зьнімаў гэтай забароны. Але зьявіўся Бог-чалавек, Ісус, «выява Бога Нябачнага». Гэта выклікала мажлівасьць стварэньня вобраза Бога. Яшчэ доўга цягнуліся споры, хоць многія казалі аб вялікім пажытку ад выяваў біблейных. «Што чытаньне дае вушам, тое маўклівае малярства ставіць перад вачамі» казаў Сьвяты Базыль у 379 годзе, а ягоны брат Сьвяты Георгій з Нысы скажа, што абразы замяняюць кніжкі, прыносячы гледачу тыя самыя карысьці. Але яшчэ доўгі час Кніга і выява не знаходзілі шляху да паяднаньня. Яно зьявілася пасьля Нікейскага і Халкедонскага царкоўных сабораў і расквітнела ў Італіі эпохі Адраджэньня.
Матывы Біблейныя можна распазнаць у творах знакамітых мастакоў і скульптараў, паэтаў і пісьменьнікаў, творах, якія сабраныя ў знакамітых музэях, галерэях і бібліятэках усяго сьвету. Біблія аказала вялікі ўплыў на мову, якой размаўляем, на творчасьць музычную. Мы жывём у сьвеце, які ў значнай ступені стаў упарадкаваны праз культуру Біблійную.
Выдадзена шэраг кніг, дзе сабраныя самыя знакамітыя творы мастакоў, ілюструючых Біблію. Здавалася б, навошта займацца зьбіраньнем і апісаньнем, як паштовая марка ілюструе Біблейскія сюжэты. Але з дапамогай паштовых марак кожны жадаючы можа «напісаць сваю кнігу» з біблейскімі сюжэтамі, якая будзе рукатворнай і непаўторнай, бо немагчыма сабраць усе паштовыя маркі на Біблейскую тэму. Што дня паяўляюцца ўсё новыя экзэмпляры, а самыя першыя становяцца ўсё больш недаступнымі для многіх жадаючых іх мець. Праца пакліча ў пошук, паспрыяе новым знаёмствам і сяброўствам, паспрыяе пазнаваньню зьместу Кнігі, яго асэнсаваньню, прывядзе да веры або ўмацуе ў ёй.
Давайце зробім спробу паказаць дзеі вызваленьня чалавецтва праз паштовыя выданьні. Марка, уведзеная да штодзённага ўжываньня ў 19 ст., гэта доказ выкананьня паштовай аплаты. Разам з тым гэта наклееная на пісьмо мініяцюра, якая разам з пісьмом і яго зьместам пераадольвае граніцы моў і культур, злучаючы людзей і народы.
Пакажам з дапамогай паштовых марак доўгія дзеі збаўленьня, якія папярэдзілі нараджэньне, жыцьцё, дзейнасьць, сьмерць і паўстаньне зь мёртвых Ісуса Хрыста. Для таго, каб ня толькі разгледзець мініяцюрныя малюнкі, але як мага больш даведацца аб тым, што яны паказваюць. Толькі тады марка вучыць, забаўляе і выхоўвае.
Лявон Карповіч
Мястэчка Луна-Воля
Падзеі перад Нараджэньнем Ісуса. Нараджэньне, дзяцінства і юнацтва Ісуса Хрыста
Нараджэньне Маці Божай
Незадоўга да Нараджэньня Хрыста ў невялікім горадзе Галілейскім Назарэце жылі праведныя Ёакім з роду прарока і цара Давіда і Ганна з роду першасьвятара Аарона. Яны ня мелі дзяцей. А гэта ў тыя часы лічылася пакараньнем за грахі, так успрымалі іх стан суайчыньнікі. Аднак яны не гублялі надзеі на літасьць Божую і далі абяцаньне прысьвяціць Богу для служэньня ў храме дзіця, калі яго пашле ім Гасподзь. Аднойчы старац Ёакім прыйшоў у Ерусалімскі храм, каб прынесьці Богу ахвяру. Але першасьвятар не прыняў ахвяру, бо лічыў Ёакіма нявартым гэтага з-за бязьдзетнасьці. У вялікім смутку Ёакім пайшоў у пустэльню, дзе са слязьмі маліўся Богу аб дараваньні яму дзіцяці. Ганна, даведаўшыся што здарылася з мужам, таксама шмат і шчыра малілася. «Усё на зямлі прыносіць плод свой Богу; калі б у мяне было дзіця, я таксама прысьвяціла б яго Богу». Не паспела яна так падумаць, як зьявіўся перад ёй анёл і сказаў: «Ганна, твая малітва пачута Богам. У цябе скора народзіцца дачка; цераз яе будзе дадзена выратаваньне усяму сьвету і назавеш ты яе Марыяй. Імя гэта азначае «Ўзвышаная».
Анёл зьявіўся і Ёакіму і сказаў: «Бог прыняў малітву тваю і яўляе табе сваю мілату — жонка твая скора народзіць дачку Марыю, і народзінамі яе ўзрадуецца ўся зямля. І вось табе знаменьне: ідзі да храма Ерусалімскага і там, ля Залатых варот, сустрэнеш жонку тваю, каторай павядомлена тое, што і табе»
Ёакім паспяшаў у Ерусалім і сустрэў жонку ля Залатых варот.
Падзея знайшла адлюстраваньне на іконах і карцінах. У хрысьціянскай рэлігіі (праваслаўі, каталіцызьме, уніяцтве) абраз, ікона — гэта выявы Ісуса Хрыста, Богамаці і сьвятых, якія маюць культавае прызначэньне).
Гісторыі Ганны і Ёакіма прысьвяціў свае творы Джота ды Бандонэ (італ. Giotto di Bondone, каля 1267—1337). «Сцэны з жыцьця Ёакіма і Ганны», ён намаляваў на сьценах капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі ў 1305 годзе. Пачынаецца апавяданьне ў левым верхнім куце правай сьцяны і ўвесь гэты ярус прысвечаны падзеям, якія напаткалі Ёакіма і Ганну — бацькоў Марыі, Маці Хрыста. Фрэскі цыклу «Жыцьцё Ёакіма і Ганны» уключаюць наступныя падзеі:
— 1. Выгнаньне бязьдзетнага Ёакіма з храма.
— 2. Ёакім сярод пастухоў.
— 3. Зьвеставаньне Сьвятой Ганне.
— 4. Ахвярапрынашэньне Ёакіма.
— 5. Сон Ёакіма.
— 6. Сустрэча ля Залатых Варот.
Мастацтвазнаўцы пішуць, што ў гісторыі мастацтва цяжка знайсьці твор больш кранальны, чым гэта фрэска. На мосьце перад гарадскімі варотамі, нібы сьвятадзейнічаючы, урачыста і прымірэнча абдымаюць адзін аднаго двое старых, але яшчэ дужых людзей. Адчуваючы ўзаемную прыхільнасьць, яны адгадваюць пачуцьці і думкі адзін аднаго і адгукаюцца на іх. Тут сплятаюцца не целы, а душы. Па адной з легенд менавіта ў гэты момант была зачатая Марыя ад пацалунку мужа і жонкі.
Але радасьць пагадненьня ўтойвае ў сабе рок у выяве загадкавай жанчыны ў чорным, якая стаіць трохі наводдаль ад іншых жанчын, што выйшлі насустрач Ёакіму. Яна перасьцерагае і нагадвае, што бясхмарных радасьцей няма, і што за кожную хвіліну шчасьця будучыня адгоджвае нягодамі, прадказвае слаўны, але трагічны лёс Мацi Божай.
«Тым часам прайшлі пакладзеныя ёй месяцы, і Ганна ў дзявяты месяц нарадзіла і спытала спавівальную бабку: каго я нарадзіла? Адказала тая: дачка. І сказала Ганна: узвысілася душа мая ў гэты дзень, і паклала дачку. Паз некалькі дзён Ганна паправілася, і дала грудзі дзіцяці, і назвала яе Марыя». «Протаэвангельле Якава» (Гісторыя Якава пра нараджэньне Марыі).
Пад сьветлакарычневым балдахінам з зялёнай на карычневай падкладцы драпіроўкай на пасьцелі пад чырвонай коўдрай, аблакаціўшыся на падушкі, сядзіць Ганна ў сінім адзеньні і белай з чырвонымі затканымі палосамі намітцы. Побач стаяць служанкі з дарамі. Справа сядзіць Ёакім з кіем у руцэ. На пярэднім пляне — сцэна купаньня Маткі Боскай дзьвюма служанкамі. Гэта адзіны падпісаны аўтарам твор сярод твораў 17 ст. на Беларусі. Пётр Яўсеевіч намаляваў этнаграфічна дакладную карціну сялянскага быту Магілёўшчыны. Але будзем памятаць, што Маці Боская нарадзілася ў Ізраільскім горадзе Назарэце. Там прайшло дзяцінства Марыі.
Мастак паказаў, што нараджэньне Маці Божай адбылося ў асяродзьдзі бязьмернай любові, ў кругу анёлаў, якія клапаціліся пра яе з моманту яе нараджэньня.
У верасьні, менавіта гэтай залатой парой, адзначаецца Сьвята Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы Марыі як дзень сусьветнае радасьці. Нараджэньне Багародзіцы наблізіла прышэсьце на зямлю Царства Нябеснага.
Бацькі Марыі Ёакім і Ганна адносіліся да яе не толькі як да сваёй дачкі, але і як да скарбу, абяцанага Богу.
Калі дзяўчынцы споўнілася тры гады, бацькі сабралі родных і знаёмых, адзелі Марыю ў сьвяточнае адзеньне і пайшлі ў Ерусалім. Калі яны падышлі да храма, насустрач выйшаў першасьвятар Захарыя ў суправаджэньні іншых сьвятароў. Ганна паставіла Марыю на першую ступеньку і хацела весьці яе за руку, але ўсім на зьдзіўленьне дзяўчынка сама ўзышла па пятнаццаці ступенях храме без дапамогі.
Першасьвятар зразумеў, што гэта дзіцё незвычайнае і ўвёў яе ў «Сьвятое сьвятых», куды ён сам мог заходзіць толькі раз у год для ахвяраваньня.
Нараджэньне Дзевы Марыі маці Ісуса Хрыста не было падзеяй выпадковай, бо ёй была адведзеная важная роля ў ажыцяўленьні Боскай ідэі выратаваньня чалавецтва. Менавіта жанчына і паклала яму аснову і застаецца на ўсе часы носьбіткай духоўнасьці і чысьціні.
У храме Марыя навучалася Сьвятому Пісаньню і рознаму рукадзельлю.
Жыцьцё Прасьвятой Багародзіцы — гэта прыклад любові да Бога, любові да бліжняга, духоўнасьці. Яна — адзіная Дзева, душа якой не была абцяжарана ніводным грахом, ні на адзін момант. Паломнікі, пабыўшы ў Назарэце, сьведчаць, што неба там асаблівае, непараўнальнае ні з чым, яркаблакітнага колеру. Блакітны колер — сымбаль Божай Маці, яе чысьціні і духоўнасьці. Таму ўсе храмы ў яе гонар (асабліва драўляныя) прыгожага блакітнага колеру.
Шлюб Найсьвяцейшай Панны Марыі
Калі дзяўчынцы споўнілася 14 гадоў, першасьвятар сказаў ёй, што настаў час пакінуць храм, дзе яна правяла 11 гадоў, і ў адпаведнасьці з габрэйскім Законам павінна ўзяць шлюб.
Сарамліва і пакорліва прасіла будучая Маці Божая, каб дазволена было ёй застацца ў храме і служыць Богу, бо паклялася ў вечнай чысьціні. «Але калі Бог хоча іначай, — сказала яна, — хай спаўняецца Яго сьвятая воля».
Першасьвятар, зьдзіўлены такім мудрым адказам, пераказаў яго ўсім сьвятарам для прыняцьця рашэньня. Галасы падзяліліся. Некаторыя лічылі, што, няма такога звычаю і таму не выпадае каб дзяўчынка засталася ў сьвятыні. І, нарэшце, што ў Ізраілі лічыцца грахом, калі жанчына не дае народу патомства. Другія былі такога меркаваньня, што нікога нельга прымушаць да шлюбу, асабліва гэта датычыцца Марыі, для якой, здаецца, у Бога ёсьць свае пляны. Яшчэ іншыя казалі, што трэба ў агульнай малітве прасіць Бога адкрыць Яго волю. Гэта прапанова ўсім спадабалася, таму ўсе сьвятары пачалі маліцца пры ўсіх людзях, як раптам пачуўся голас, каб першасьвятар склікаў усіх маладых людзей з племя Давіда. Кожны зь іх павінен прынесьці сухую пальмавую галінку. Чыя галінка зазелянее, той павінен быць нарачоным Марыі.
Па закліку сабраліся маладыя людзі, кожны напісаў на сваёй галінцы яго імя і аддаў першасьвятару. Першасьвятар сабраў усе галінкі і паклаў на алтар. Калі прыйшлі назаўтра, то ўбачылі, што ні адна галінка не зацьвіла. Зноў сьвятары сталі маліцца і зноў пачулі голас з Сьвятая Сьвятых, што не хапае яшчэ аднаго ўдзельніка. Доўга шукалі, пакуль не знайшлі, Язэпа, які на пыньне, чаму не прыйшоў разам з іншымі, адказаў, што не лічыў сябе годным і, акрамя таго, пастанавіў жыць халастым. Але па загаду першасьвятара ён прыбыў у Ерусалім. Калі паўторна галінкі злажылі на алтар, менавіта яго галінка зацьвіла прыгожай лілеяй. Акрамя таго на галаву Язэпа села белая як сьнег галубка. Язэп быў вельмі зьбянтэжаны, але павінен быў паддацца волі Божай. Неўзабаве паклікалі Марыю, каторая з дзявочым румянцам падала руку нарачонаму. Так у прысутнасьці сьведак адбыліся заручыны.
«Заручыны Марыі» (італ. Lo sposalizio della Vergine) — так называецца карціна Рафаэля Санці, якую ён намаляваў у 1504 годзе для капліцы Альбізініх (Albizzinich) у касьцёле Сан Франчэска ў Сіта дзі Кастэла. Цяпер карціна знаходзіцца ў зборах Пінакатэкі дзі Брэра.
У сярэдзіне бачым сьвятара, па левай старане — Мадонна і яе сьвіта з пяці жанчын з далікатнымі рысамі твару, поўнымі ўдзячнасьці. Справа Язэп з расьцьвіўшай галінкай і пяцёра мужчын, адзін зь якіх у роспачы і злосьці ломіць сваю галінку праз калена. Карціна напісана, калі Рафаэлю споўнілася усяго 21 год.
У 1613—1614 гадах Эль Грэка працуе над сваёй астатняй карцінай «Заручыны Богамаці».
«Нараджэньне Ісуса Хрыста было так: па заручынах Маці Яго Марыі зь Язэпам, перш чым сышліся яны, выявілася, што Яна мае ва ўлоньні ад Духа Сьвятога.
А Язэп, муж Яе, будучы праведны, не жадаючы зьняславіць Яе, хацеў употай адпусьціць Яе. Калі ж надумаў ён гэта, — вось, анёл Гасподні ў сьне явіўся яму і сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсьць ад Духа Сьвятога; і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх» (Паводле Мацьвея 1:18—21).
Шлюб за звычай адбываўся праз дзесяць — дванаццаць месяцаў пазьней. Пры вялікай прысутнасьці людзей у сьвятыні Ерусалімскай адбыўся гэты шлюб. Язэп ахвяраваў сваёй нарачонай агатавы персьцень на знак вернасьці. Персьцень гэты і цяпер знаходзіцца ў катэдры Пэруджы.
Дабравесьце
Пасьля заручынаў да шлюбу Марыя жыла адна. У той час паслаў Бог Анёла Гаўрыіла ў горад галілейскі Назарэт да Марыі. «Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; браславёная Ты сярод жанчын. А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне. І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога; і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус; Ён будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму не будзе канца. А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа не знаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага; і будзе народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым; вось, і Альжбета, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц; бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова. Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл» (Паводле Лукаша 1:26—38).
«Ён для нас людзей і для нашага збавеньня зышоў зь неба і дзякуючы Духу Сьвятому прыняў цела з Марыі Дзявіцы і стаў чалавекам» — абвяшчае урачыста Credo, cфармуляванае на Нікейскім і Канстантынопальскім Саборах у IV веку.
Бог зьвяртаецца да Марыі, каб празь Яе рэалізаваць свой адвечны плян. Чакае Яе даверу. Дыялёг, які вырашыў лёсы сьвету, стаў адной з найпапулярнейшых тэмаў у хрысьціянскім мастацтве ўсіх часоў.
Таямніца Увасабленьня, пачаткам якога ёсьць Дабравесьце, зьмяшчаецца ў сэрцы хрысьціянства. Адвечнае Слова, Сын Божы, сапраўдны Бог прыймае чалавечую прыроду, каб чалавек меў удзел у прыродзе Бога. Адбываецца гэта праз пасрэдніцтва Жанчыны, адаранай чалавечай свабодай.
На карціне Эль Грэка, напісанай у 1614 годзе, адсутнічаюць элемэнты архітэктуры, якія ёсьць на іншых карцінах. Тут усю карціну займаюць нябесныя постаці. Дабравесьце паказваецца як зьява панадчасовая. Нават постаці Марыі і Анёла выцягнутыя, здаецца, што яны ўзносяцца ў паветра. Гэта яшчэ больш падкрэсьлівае надпрыродную прычыну зачацьця.
Фігура Духа Сьвятога, зыходзячага на Марыю ў выглядзе галубіцы, становіцца цэнтральнай. Аточаны Ён бляскам, напамінаючым ясны агонь. На Ім канцэнтруецца ўвага, бо Ён вінавайца адбываючагася цуду.
Эль Грэка, мастак родам з Крыту, зьяўляецца аўтарам не менш дзесяці карцін пад назвай «Дабравесьце». Працаваў над сваімі карцінамі ў Вэнэцыі, Рыме і Гішпаніі. Яго карціны нельга зблытаць з працамі іншых мастакоў нават недасьведчанаму чалавекку.
Праўда ёсьць такая, што пораўні людзкі як і боскі памер таямніцы Дабравесьця ўвесь час зьдзіўляе, прамаўляе да сэрца і зьмяняе тых, каторыя ведаюць пра гэту таямніцу, над гэтай таямніцай задумваюцца, хочуць і гатовыя зьмяняцца.
Але, ці хочам гэтага мы? Ці знаходзім мы для гэтага час?
Сустрэча Марыі і Елісаветы
«І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў, і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала Елісавету. Калі Елісавета пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Елісавета напоўнілася Духам Сьвятым, і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго! І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне? Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім. і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада» (Паводле Лукаша 1:39—45).
Сьвяты Ян Хрысьціцель, які пазьней прадказваў прыход Збаўцы, зрабіў гэта першы раз у лоне сваёй маці. Яго ўзварухненьне паслужыла прычынаю, што Елісавета з дапамогай Духа Сьвятога распазнала ў Дзіцятку Збаўцу і укленчыла з пакораю перад Марыяй.
Такім чынам Елісавета стала першым чалавекам, якая абвясьціла Божай Маці яе будучыню.
Cловы прывітаньня Елісаветы ўвайшлі ў склад вядомай хрысьціянскай малітвы, званай Песьня Найсьвяцейшай Багародзіцы. У адказ Дзева Марыя прамовіла велічны падзячны гімн, які пачынаецца са слоў: «…праслаўляе душа Мая Госпада, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім» (Паводле Лукаша 1:46—48).
Дом Елісаветы і яе мужа Захарыі знаходзіўся ў Аін-Карыне (Вясна ў вінаградніку), маляўнічым прыгарадзе на захадзе Ерусаліма. Ён быў вядомы ў бізантыйскі пэрыяд, як горад Юдэі, які згадваецца ў Новым Запавеце (Лукаша 1:39). Гэта была радзіма Яна Хрысьціцеля, які абвясьціў аб прыходзе Ісуса Хрыста і хрысьціў яго ў рацэ Ярдан.
На горным схіле знаходзіцца царква Адведзінаў, якая належыць да ордэна францішканаў. Яна была пабудаваная на месцы, дзе знаходзіўся дом Елісаветы, маці Яна, які наведала Марыя.
Існуючая царква была пабудаваная ў 1955 годзе пасьля археалягічных раскопак на месцы папярэдняй царквы па праекце, распрацаваным вядомым італьянскім архітэктарам Антоніо Барлузі (Barluzzi), па-майстэрску ўпрыгожаная і ўтрымоўвае рэшткі старажытных пабудоў. Фасад Царквы ўпрыгожаны мазаікай, на якой адлюстраваны візыт Марыі, а сьцены дворыка ўпрыгожаны фарфоравымі таблічкамі з словамі Малітвы Марыі праслаўленьне Бога — Magnificant — «Праслаўляе душа мая Госпада…» на розных мовах.
«Даведаўшыся, што Марыя чакае дзіця, Язэп хацеў пакінуць Яе патаемна. Як чалавек вельмі добры, ён не хацеў аддаць Яе на зьнявагу і пакараньне згодна з суровым Законам. «Калі ж надумаў ён гэта, — вось, анёл Гасподні сьне явіўся ў яму і сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марыю жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Сьвятога; і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Ісус, бо Ён уратуе Сваіх людзей ад грахоў іхніх» (Мацьвея 19—21).
Што зрабіў Язэп, пачуўшы гэта?
«Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Гасподні, і прыняў жонку сваю і ня знаў Яе, нарадзіла Свайго першароднага Сына пакуль, і Ён даў Яму імя: Ісус» (Мацьвея 1:24,25).
Нараджэньне Сьвятога Яна Хрысьціцеля
З глыбінь мінулага, з мрокаў ананімнасьці Бог здабывае чалавека і ўключае яго ў рэалізацыю сваіх незвычайных плянаў. Так было зь Янам Хрысьціцелем і яго сям’ёй. Бог паклікаў яго, каб ён абвясьціў прыход Збаўцы і падрыхтаваў яўрэяў да Яго прыходу. Сам Ісус сказаў, што «сярод народжаных (…) не было большага за Яна Хрысьціцеля». Менавіта, дзякуючы гэтым словам Хрыста, вакол Яна Хрысьціцеля, якога называюць таксама Папярэднікам, разьвіўся моцна ажыўлены культ.
Нарадзіўся Ян Хрысьціцель у Аін-Карыне (Юдэя) за паўгоду да нараджэньня Хрыста. Яго бацькамі былі юдэйскі сьвятар Захарыя і Елісавета. Нараджэньне Яна Хрысьціцеля прадказаў Арханёл Габрыэль, які аб’явіўся Захарыі, калі той складваў ахвяру ў сьвятыні. Паколькі стары Захарыя не паверыў, што стане бацькам у такім узросьце, Арханёл учыніў так, што Захарыя анямеў ажно да нараджэньня дзіцяці.
У 1979 годзе пошта Сувэрэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна прысьвяціла сэрыю марак з выявамі панэляў, якімі дэкаравана купель Яна Хрысьціцеля у Баптыстэрыі ў Сіене. Адна зь іх прысьвечана падзеі, якая адбылася з Захарыям ў Сьвятыні.
Калі хлопчык нарадзіўся, родныя хацелі назваць яго так, як бацьку, Захарыем, але Елісавета настойвала на тым, што сына трэба назваць Янам. Гэта пацьвердзіў і Захарыя, напісаўшы імя «Ян» на паперы, і ў гэтую хвіліну да яго вярнуўся дар мовы.
Ян — ад габрэйскага біблейскага імя Johanan («Бог ёсьць міласэрны»). Гэтае імя — самае папулярнае сярод благаславёных і сьвятых, агульная лічба якіх перавышае дзьве сотні.
Тынтарэта вельмі дакладна паказаў сцэну, якая ўзьнікае ў доме з зьяўленьнем на сьвет маленькага чалавека.
У вялікім пакоі, дзе ў глыбіні пад полагам стаіць ложак парадзіхі, клапоцяцца жанчыны. Далёкім ад агульнага хваляваньня застаецца толькі бацька Яна, Захарыя, які абліччам нагадвае сівавалосых і натхнёных прарокаў. Ні на каго ня гледзячы, ён стаіць у баку, прыклаўшы рукі да грудзей і падняўшы погляд да нябёсаў; яго аблічча ўвасабляе пакорлівасьць волі Бога.
Увага жанчын паглынутая нованароджаным, якога ўзяла на рукі Марыя. Яе адрозьніваюць ад іншых ледзь прыкметнае зьзяньне вакол галавы і традыцыйны колер адзеньня — чырвоная сукенка і сіні плашч. Да дзіцяці схіляецца карміцелька, а служанкі занятыя сушкай і падрыхтоўкай пялёнак. На падлозе таз з вадой, жароўня з вуглямі, рыжы кот падпільноўвае бесклапотна разгульваючую курыцу.
Яшчэ ва ўлоньні маці Хрысьціцель узрадаваўся, адчуўшы прысутнасьць Мэсіі. Гэтая сустрэча нясе глыбокі сэнс. Ян Хрысьціцель як бы прадбачыў небясьпекі і жудасную несправядлівасьць якія выпадуць на долю Хрыста і будуць прасьледваць чалавецтва.
У Бібліі няма згадкі пра тое, што ў дзяцінстве Хрыстос і Ян сустракаліся. раўда, пры яго зьяўленьні на сьвет прысутнічала Найсьвяцейшая Дзева Марыя, якая прыйшла адведаць яго маці Альжбету. Але ў творчасьці вельмі многіх мастакоў, як бачым, ёсьць карціны, дзе Хрыстос і Ян разам.
Па паданьні слых пра нараджэньне Яна Папярэдніка дайшоў да цара Ірада і, калі прыйшлі ў Іерусалім вешчуны з пытаньнем пра тое, дзе знаходзіцца Цар Юдэйскі, які нарадзіўся, Ірад успомніў пра сына Захарыі, выдаўшы загад на забіцьцё немаўлятак, паслаў забойцаў і ў Іутту. Захарыя ў той час зьдзяйсьняў служэньне ў храме, а Елісавета схавалася з сынам у пустэльні. Забойцы запыталі ў Захарыі, дзе схаваў ён сына. Захарыя адказаў, што зараз ён служыць Богу і ня ведае, дзе яго сын. Яго забілі, пра што ўспамінае Бог у Сваім звароце да фарысэяў: «Каб апала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авэля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам» (Паводле Мацьвея 23:35).
«Нараджэньне Яна было падрабязна апісана. У апісаньні ёсць адна дэталь, якая ў Эвангельлі будзе часта паўтарацца. Анёл сказаў напалоханаму Захарыю: «Ня бойся!» Гэтае самае падбадзёрваньне не раз пачуюць Апосталы. І сёньня Касьцёл чуе яго і з надзеяй паўтарае ўсім людзям.
Ніводзін з нас не зьяўляецца ў сьвеце безыменнай шасцярэнькай. Бог ведае кожнага з нас па імені і ўсё пра нас. Кожнага з нас праз хрост Ён далучае да свайго існаваньня — адорвае надзеяй вечнасьці. Давайце ж не будзем баяцца!» — кажа, зьвяртаючыся да нас, ксёндз Яраслаў Грынашкевіч.
Сёньня, калі жыцьцё ва ўсіх сваіх праявах надзвычайна ўскладнілася, словы «Ня бойся!» актуальныя для нас, як ніколі.
Нарадзіўся вам сёньня Збаўца
Слова сталася целам і пасялілася між намі.
Паводле Яна 1:14
Калі Марыя была ўжо цяжарнай, выйшаў загад рымскага кесара Аўгуста. Дзе хто не жыў, дзеля перапісу павінен прыйсьці ў тое месца, дзе жылі яго продкі. Язэп і Марыя паходзілі з роду цара Давіда, таму павінны былі ісьці ў Віфлеем.
Ад Назарэту да Віфлеему было болей двухсот кілямэтраў. Такое падарожжа ў тыя часы патрабавала некалькі дзён праз гарыстую цяжкую для падарожжа, нават здаровым і сільным, Самарыю. Якая адважная была Марыя!
Маленькі пахілены чалавечак вядзе за сабой осьліка, на якім сядзіць кабета ў зялёнай накідцы. Ніхто на іх не зьвяртае ніякай увагі. Ніхто не здагадваецца, што тут народзіцца Сын Божы.
І, пакуль сям'я змагла дабрацца да месца, усе дамы былі запоўнены прыйшоўшымі людзьмі. Свабоднай была толькі пячора, куды заганялі авечак у час непагоды.
Тут у пячоры, уся мэбля якой складалася зь ясьляў з саломай, нараджаецца Збаўца. Слова становіцца целам і пасялілася між намі, Бог становіцца чалавекам. Многа разоў у розныя спосабы Бог прамаўляў да чалавека. Цяпер прамовіў да нас праз Свайго Сына!
Так Бог умілаваў сьвет, што Сына свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто ў Яго верыць не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
За сотні гадоў да нараджэньня Хрыста ў Бібліі былі запісаныя словы прарокаў Ізраіля, якія прадказвалі Яго прышэсьце. У Старым Запавеце, які пісаўся многімі людзьмі на працягу 1500 гадоў, зьмешчана больш за 300 прароцтваў гэтай падзеі. Першае зь іх выказана з вуснаў Бога ў прысудзе зьмею. Гэта быў плян выратаваньня грэшнага чалавека і вяртаньня яму бессьмяроцьця: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе: яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (Быцьцё 3:15).
Цудоўны вобраз укленчанай Марыі ў ціхім ушанаваньні і малітве перад ляжачым маленькім Дзіцяткам. Марыя нарадзіла Яго ў спосаб надпрыродны і першая аддала ўшанаваньне і паклон Дзіцятку, абнятаму прамяністай Глорыяй, згодна са словамі Сьвятога Пісьма: «Якога парадзіла і ўшанавала…». Дзіцятка, лежачы ў ясьлях з правай рукой у жэсьце бласлаўленьня, сымбалізуе Боскасьць і паўнату розуму ад хвілі Свайго нараджэньня. Паказаная далей стайнячка, вельмі ўбогая, сымбалізуе руіны дому Давіда, які калісьці быў каралём, і надыход новай эпохі. Бо нарадзіўся Той, Чыё каралеўства будзе «зацьверджана навекі», Які збудуе «новы дом».
Дзень Божага нараджэньня ад IV веку, часу ўстанаўленьня гэтага сьвята, стаў днём асабліва ўрачыстым у сьвеце хрысьціянскім. Сама падзея нараджэньня Ісуса Хрыста апісана вельмі суха ў Эвангельлях Мацьвея (1:18—25) і Лукаша (2:1—7). Людзкая набожнасьць патрабавала больш шырокага апісаньня Божага Нараджэньня. Гэта прывяло да шматлікіх проб адлюстраваньня гэтай тэмы ў розных формах мастацтва, пачынаючы з сярэдніх вякоў да цяперашняга часу. Многія з твораў паслужылі ілюстрацыямі да паштовых марак, якія выпускаюцца ва ўсіх краінах сьвету. На марках зьяўляюцца відарысы твораў Рафаэля і Джота, Дзюрэра і Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла і Тыцыяна, Батычэлі і Рубенса, Бэрніні і Пусэна, Рэмбрандта і Караваджа, Бацічэлі і Брэгеля, Іванова і Шагала…
Першая марка, прысьвечаная Божаму Нараджэньню, зьявілася 7 сьнежня 1898 года і дала пачатак новай тэме ў філятэліі. З таго часу колькасьць марак, прысьвечаных Божаму Нараджэньню, вырасла да тысяч і выдаецца поштамі усіх краін сьвету.
У першай палове XV стагодзьдзя асаблівых рысаў набрала сцэна нараджэньня Хрыста, якая атрымала назву «Ушанаваньне Дзіцяткі». Стала яна адной з найважнейшых ілюстрацый тэмы прышэсьця Ісуса на сьвет.
«Каляды — дзіўныя дні, незвычайныя. Быццам адкрываецца ў гэты час неба, адмыкаецца зямля, а ўсё тое іншае, нябачнае выпускае на сьвет белы сваіх насельнікаў». Тацяна Валодзіна.
Сьвяты час Божага Нараджэньня злучае нашы думкі і сэрцы, аб’ядноўвае нас сілаю міласьці Бога да чалавека і чалавека да Бога, напаўняе радаснай удзячнасьцю, якую прыносім Айцу за Яго неабсяжную міласьць да людзей, каторую абьявіў у сваім Сыне. Адбываецца гэта пры адной умове: мы павінны гэтага моцна хацець.
«Нарадзіўся голы, гаворыць Бог, каб ты мог вырачыся самога сябе.
Нарадзіўся ўбогі, каб ты мог лічыць Мяне адзіным багацьцем.
Нарадзіўся ў стаенцы, каб ты навучыўся асьвячаць кожнае месца.
Нарадзіўся слабы, каб ты ніколі Мяне не баяўся.
Нарадзіўся з любові, каб ты ніколі не ўсумніўся ў Маёй любові.
Нарадзіўся ноччу, каб ты паверыў, што магу асьвяціць усялякую рэчаіснасьць, ахутаную цемрай.
Нарадзіўся ў абліччы чалавека, гаворыць Бог, каб ты ніколі не саромеўся быць сабою.
Нарадзіўся як чалавек, каб і ты мог стаць сынам Божым.
Нарадзіўся, церпячы перасьлед з самага пачатку, каб ты навучыўся прымаць усялякія цяжкасьці.
Нарадзіўся ў беднасьці, каб ты быў просты ў адносінах да людзей.
Нарадзіўся ў тваім чалавечым жыцьці, гаворыць Бог, каб усіх людзей прывесьці да дома Айца».
Пастухі — першыя наведвальнікі Ісуса
Вакол Бэтлеема раскінуліся прасторныя пашы, дзе ў час нараджэньня Ісуса пастухі ноччу вартавалі свае статкі, каб які зьвер каб які зьвер не ўбіўся ў статак і не нарабіў шкоды. «Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім. І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям: бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь; і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях» (Лукаша 2:8—11).
Так пастухі сталі першымі.
«І раптоўна зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога ізаклікаючы: слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля» (Лукаша 2:12,13).
Людзі па прадказаньню прарокаў з нецярпеннем чакалі прыходу Мэсіі. Таму не дзіўна, што пастухі, пачуўшы такую навіну, пакінуўшы статак, пабеглі ў Бэтлеем.
«Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: хадзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Гасподзь. І пасьпяшаўшыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, Якое ляжала ў ясьлях» (Лукаша 2:14,15).
Сцэны зьяўленьня анёла і нябеснага воінства пастухам і наведваньня пастухамі Дзіцяткі адлюстравана многімі мастакамі ў сваіх творах, што, у сваю чаргу, надрукавана на паштовых марках розных краін.
У глыбіні карціны, калі прыгледзецца, убачым анёла, які абвяшчае добрую навіну пастухам, а на пярэднім пляне адзін з пастушкоў ужо падзіўляе Дзіцятка.
А калі ўбачылі, то расказалі ўсім, адкуль яны даведаліся, што нарадзіўся Хлопчык. Усе, пачуўшы гэта, былі вельмі зьдзіўленыя тым, што пастухі расказалі ім. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў сэрцы Сваім. Вярнуліся пастухі да свайго статку, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што яны чулі і бачылі, у адпаведнасьці з тым, што ім было сказана.
Сцэну наведваньня пастухамі Дзіцяткі намаляваў у сваёй працятай трапятаньнем карціне Карэджа (1489—1534) італьянскі жывапісец Высокага Адраджэньня. Немаўля Хрыстос азорвае карціну чароўным сьвятлом, сьвятлом гэтак яркім, што жанчына ля яго прымушана засланяць вочы ад гэтага асьляпляльнага зьзяньня. Кій пастуха вядзе погляд гледача ў глыб кампазыцыі, накіроўваючы яго ўгару да анёлаў, якія ў сваю чаргу, паказваюць уніз на Немаўля.
Сеньня, сьвяткуючы Эвангельле, паўсюдна бачым шопкі — ідылічную, салодкую карцінку, якая паўтараецца ў шматлікіх сцэнках Раства, якія паказваюцца падчас Калядаў. Гэтыя інсцэніроўкі ідэальна падыходзіць для сьвяточнага настрою, у якім мы знаходзімся ў гэты тыдзень. Ці не губляем мы аднак таго, што адбылося ў рэчаіснасьці? Габрэі чакалі на працягу стагодзьдзяў (і яшчэ чакаюць) на прыход Мэсіі. Ад Дабравесьця адбываліся падзеі, якія паказвалі, што гэта не звычайнае Дзіця. Калі Яно нарадзілася, анёл паслаў да яго пастухоў, кажучы ім, што адбылося. Яны пайшлі, знайшлі Дзіцятка, расказалі іншым, што адбылося. Складаецца такое ўражанне, што нечага, пры апісаньні гэтай падзе ў Бібліі, не хапае. Як бы штосьці прапушчана. Чаму навіна не распаўсюдзілася па ўсім Бэтлееме?
На полі блёку бачым Бэтлеемскую зорку і трох вандроўнікаў, якія рухаюцца за ёю. Хто яны? У левым куце бачым, што гэта тры каралі, тыя каму належыць наступнымі адведаць Збавіцеля. Над усімі Сьвяты Дух у выглядзе галуба, і лятаюць навокал вясёлыя і радасныя анёлкі.
Нарадзіўся Збаўца, а большасьць паводзіць сябе як бы нічога ня здарылася! Напэўна габрэі чакалі, што Мэсія зьявіцца ў залатой калясніцы, якая спусьціцца з неба, ці яшчэ ў які дзіўны, алё адпаведны падзеі, спосаб? Народзіны ў стайні ніяк не адпавядалі чаканьням. Ці мы не жывем такімі самымі пачуцьцямі? Молімся, просім Бога дапамагчы і чакаем на цуд, не зважаючы, што Бог пасылае людзей, якія гатовы нам дапамагчы, але мы на іх увагі, не звяртаем таму, што чакаем анёла? Гэта як у тым анекдоце, калі людзі, уцякаючы ад навадненьня, хочуць забраць з сабой сьвятара. Але ён адмаўляецца, гаворачы, што верыць у Боскую дапамогу. Вада ўсё прыбывае, зноў падплываюць людзі і клічуць сьвятара. Але сітуацыя паўтараецца. Праз некаторы час вада даходзіць да вежаў храма і новыя людзі, убачыўшы сьвятара, які чапляецца за званьніцу, каб не патануць, клічуць яго да лодкі. Але сьвятар рашуча адмаўляе, бо верыць у цуд. Нарэшце вада затапіла і вежы храма, так што сьвятар патануў. Па сьмерці стаіць перад Богам і з крыўдаю гаворыць: так верыў у Цябе і што? А Бог на гэта кажа: дурань, тры разы пасылаў табе дапамогу, чаму не скарыстаў?
Ахвяраваньне Дзіцятка Ісуса ў Сьвятыню
Калі мінула восем дзён пасьля нараджэньня Божага Дзіцяці, сьвятар учыніў на Ім абрад абразаньня. І дадзена было Яму імя Ісус. Гэтае імя, падказанае анёлам яшчэ да Яго нараджэньня, азначае: «Бог выбаўляе». Абразаньне было знакам саюзу заключанаму Богам з Абрамам васемнаццаць вякоў перад нараджэньнем Ісуса. Абрам разам з новым імем Абраам атрымаў ад Бога абяцаньне незьлічонага патомства.
Ад гэтага часу абразаньне сталася вонкавым выразамудзелу ў Божым абраньні ўсіх патомкаў Абраама.
Дзюрэр зьмяшчае сцэну абразаньня ў храме ў месцы Сьвятым. Заслону, якая аддзяляе Сьвятая Сьвятых, адхіляе Язэп, бо Хрыстос нарадзіўся і адкрывае людзям прыступку да Айца. Па левай старане сыметрычна постаці Марыі знаходзіцца незнаёмы назіральнік з сьвечкаю ў руцэ. Так аўтар пазначае пункт з якога павінна назірацца сцэна. Гледзячы на малюнак, глядач несьвядома атаясамлівае сябе з гэтым назіральнікам і становіцца ўдзельнікам сьвятой падзеі.
Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцьця Збаўцы Бог сьведчыць, што Ісус прыйшоў у сьвет не парушыць Закон, а выканаць яго.
Згодна Закону Госпада кожны першынец прысьвячаецца Богу. Таму, калі Ісусу споўнілася шэсьць тыдняў, Яго прынесьлі ў раскошны Ерусалімскі храм, каб скласьці адпаведную ахвяру як за першынца ды за ачышчэньне Маці, як сказана ў Законе Гасподнім, двух галубоў альбо двух галубіных птушанят (Паводле Лукаша 2:22—39).
Кожная назва ў Эвангельлі не зьяўляецца выадковай і адлюстроўвае розныя асьпекты сьвята. Так «Ачышчэньне» азначае выкананьне Закону Майсеевага, бо Закон прадпісвае жанчыне, што нарадзіла хлопчыка, сорак дзён ачышчацца ад «крыві», а потым адразу прынесьці щ храм ахвяру за сваё ачышчэньне.
Тут важна разумець, што жанчына ачышчаецца не ад нараджэньня, а менавіта ад крыві, якая суправаджае гэтую падзею, бо само па сабе нараджэньне дзіцяці ёсьць заўсёды чыстым і блаславёным. Кроў і пакуты, якія яго суправаджаюць, ёсьць знакам праклёну, які Бог наклаў на Еву за непаслушэнства і патрабуе ачышчэньня. Багародзіца была пазбаўленая гэтага праклёну паводле Божага Провіду.
Нараджэньне Хрыста было падобным да таго, як Ён пасьля Ўваскрэсеньня прыйшоў да вучняў праз зачыненыя дзьверы, так і тут не парушыў дзявоцтва Сваёй Маці. Але Яна прыйшла ў Храм, каб выканаць Закон, хаця не мела ў гэтым патрэбы. Яна прынесла ў Сьвятыню Таго, хто выбавіў Яе ад граху і праклёну — Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста.
«Ахвяраваньне» — таксама выкананьне Закону Майсея. Паводле яго мужчыны з калена Левія прызначаліся на службу ў Храме, а сваіх першынцаў ізраільцяне павінны былі выкупляць. Тое самае зрабіў і Язэп: ён прыйшоў у Храм, каб выкупіць Сына, але адначасова «пасьвяціць яго Госпаду» — значыць аддаць Богу назаўсёды і поўнасьцю. Выкананьне Закону было знакам дасканалай паслухмянасьці Богу. Як няпослух старога Адама прывёў да праклёну, так паслухмянасьць новага Адама — Хрыста — сталася збаўленьнем для людзей, пачаткам іх новай гісторыі жыцьця. І, у рэшце, гэтае сьвята ёсьць «Сустрэча». Збавіцеля не распазнаюць сьвятары, высокапастаўленыя служкі храма… Дзіцятка Ісуса сустракае Ганна-прарочыца. Канешне, яна чакала Збавіцеля, ведала, Хто такі Мэсія, пазнала Яго ў выглядзе Дзіцятка на руках Марыі. Але не толькі пазнала, а як сапраўдная прарочыца распавяла пра Яго ўсім, хто чакаў збаўленьня ў Ерусаліме. І ў гэтым ёсьць прыклад для нас. Каб нам, калі мы пабачылі Бога ці ў асабістай сустрэчы, ці ў Сьвятым Пісаньні, ці ў Эўхарыстыі, ці ў Таямніцах Царквы, не стацца падобнымі да сьвечкі, якую схавалі пад пасудзінай, але наадварот — асьвятляць пакой — засьведчыць і прапаведаць Бога сьвету і тым, хто «чакае збаўленьня».
Самая ж сьветлая, напоўненая надзеяй сустрэча з Госпадам — у Сымона. Старэнькі сьвятар, які помніць яшчэ часы Юды Макавея, прыняў на свае рукі Бога. У час сваёй маладосьці, чытаючы Сьвятое Пісаньне, ён патрапіў у непаразуменьне ад словаў прарока Ісаі, які кажа: «… вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына.» Традыцыя расказвае, што ён падумаў, што гэта памылка: «Дзева зачне і народзіць». Сымон узяўся было сьцізорыкам сьцерці «Дзева», каб выправіць на «жанчына», але яго спыніў анёл Божы, які і пацьвердзіў праўдзівасьць напісанага, і прадказаў яму, што ён не памрэ, пакуль не пабачыць Мэсію.
Надышоў гэты шчасьлівы дзень. Сымон убачыў Хрыста. І што ён кажа да Бога? «Цяпер адпускаеш, Уладар, слугу Свайго ў супакоі…“, бо ён пабачыў збаўленьне сьвету, Сьвятло для прасьвятленьня ўсіх народаў. Сьмерць з гэтага моманту не так пужае, бо за змрокам — сьвятло і супакой.
Сымбалем гэтага сьвята ёсьць запаленыя сьвечкі. Сьвечка — сымбаль Хрыста, які прынёс сьвятло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы сьвечка таксама сымбалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла сьвятло веры, надзеі і любові. Яна была першай, якая паверыла, і таму Бог бязьмежна ўзвысіў Яе. Але прынёсшы Дзіцятка Ісуса ў Сьвятыню, з вуснаў Сымона Марыя пачула прароцтва пра тое, што «меч пройдзе праз Яе душу» (Лукаша 2:34).
Асьвячоныя ў дзень сьвята — «Сустрэча Госпада нашага Ісуса Хрыста» сьвечкі называюць «Грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніцаў, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небясьпекі стыхіі. Запаленую грамнічную сьвечку так сама даюць у рукі паміраючаму, каб Найсьвяцейшая Дзева Марыя прывяла яго душу ў неба.
Пакланеньне мудрацоў
Вол ведае гаспадара свайго, і асёл ясьлі гаспадара свайго; а Ізраіль ня знае Мяне, народ Мой не разумее. (Ісаі 1:3)
«Калі ж Ісус нарадзіўсяў Віфлееме Юдэйскім ў дні цара Ірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерусалім і кажуць, дзе народжаны Цар Юдэйскі? Бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерусалім зь ім. І сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос? Яны ж сказалі яму: у Віфлееме Юдэйскім, так бо напісана праз прарока: «І ты, Віфлееме, зямля Юдава, нічым ня меншы сярод ваяводзтваў Юдавых, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які ўсьцеражэ народ мой Ізраіля. Тады Ірад, употай паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх час зьяўленьня зоркі і, паслаўшы іх у Віфлеем, сказаў: ідзіце, добра разьведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажыце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму. Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця. Угледзеўшы зорку, яны ўсьцешыліся радасьцю вельмі вялікай, і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну» (Мацьвея 2:1—11).
Ніхто ня ведае, колькі сапраўды было тых мудрацоў. На вельмі старых карцінах з ІІ і ІІІ вякоў ёсьць іх двое, чацьвёра, шасьцёра і, нават, дванаццаць. Біблейскае апавяданьне аб мудрацах з Усходу ўзбагацілася многімі сымбалічнымі ўдакладненьнямі.
Стаўшы на калені перад Дзіцяткам, мудрацы паднесьлі Яму дары, пра якія казаў прарок Ісая: «Мноства вярблюдаў пакрые цябе — драмадэры з Мадыяма і Эфы; усе яны з Савы прыйдуць, прынясуць золата і ладан і ўзьвесьцяць славу Гасподнюю» (Ісая 60:6).
Золата як цару, ладан — як Богу і сьмірну — як чалавеку. Таму прынята, што было іх трое.
У VI в. мудрацоў назвалі каралямі, а ў VIII веку далі ім імёны: Каспар, Мэльхіёр і Балтазар. Гэтыя назвы сталі традыцыйнымі. Так называюць іх і цяпер.
Агульным на гэтых творах зьяўляецца паказ раскошы, падкрэсьленай незвычайнайнасьцю аддзеньня ўсходніх мудрацоў, багацьцем дарагіх дароў. Ва ўсякім разе відавочны пачатак Новай Эры, калі Бог становіцца Богам для ўсіх народаў сьвету, а не для аднаго абранага народу, як было раней. На Захадзе ўжо пачынаючы з IV веку 6 студзеня сталі адзначаць Сьвята Трох Каралёў, якое стала называцца Сьвятам Аб’яўленьня Гасподняга. І ад таго часу ў гадавой калейцы дзён ёсьць адзін асаблівы дзень, поўны шчасьця. І ёсьць у гэтым дні адна гадзіна бласлаўлёная. Усялякі енк болю замаўкае тады на зямлі, усялякая турбота мінае, як дым ветрам разьвеяны, усякія, хоць бы найсмутнейшыя губы расхіляе ўсьмешка надзеі. Гэта хвіліна, калі першы прамень зоркі каляднай з неба да зямлі даляціць.
Сцэна паднашэньня дароў мудрацамі стала тэмай для многіх твораў мастацтва, у якіх адлюстроўваюцца ў сымбалічны спосаб розныя ідэі. Так, пачаўшы ад сярэдніх вякоў, каралі становяцца прадстаўнікамі трох пакаленьняў: юнак, чалавек сталы і старац. Ці трох кантынэнтаў, на каторых галошана добрая навіна: Эўрапеец, Азіят і Негр.
Чаму Сьвяты, зьвязаныя з нараджэньнем Ісуса Хрыста зьяўляюцца такімі важнымі для нас?
Папершае, гэтыя Сьвяты нагадваюць нам, што Ісус прыйшоў для нас усіх. Першымі вітаюць Ісуса… пастухі. Але чаму пастухі? Праца пастуха была адной з самых пагарджаных прафэсій у тыя дні. Такія пагарджаныя прафэсіі ёсьць і сёньня. І хоць ніякая праца не ганьба, але ёсьць прафэсіі, у якіх не надта хочуць працаваць. Пастух — адна з такіх горшых прац. Але анёлы сказалі пра нараджэньне з самага пачатку менавіта пастухам. І пастухі былі першымі, каб вітаць яго.
Але гэта яшчэ не ўсё. У Эвангельлі ад Мацьвея чытаем, што яшчэ хтосьці прыйшоў пакланіцца Ісусу. Хто гэта? Вешчуны з Усходу. Вешчуны — поўная супрацьлегласьць пастухоў. Людзі вельмі адукаваныя, вельмі разумныя. У тыя часы гэта Усход быў цэнтрам навукі і ведаў. Былі гэта людзі вельмі багатыя. Яны прыносяць Ісусу золата, ладан і сьмірну — падарункі каралеўскія! Раней Вешчуны спыніліся на двары караля Ірада. Гэта як калі б хтосьці сёньня спыніўся ў палацы прэзыдэнта. Не абы хто можа спыніцца пры двары караля. Толькі высокапастаўленыя асобы, вельмі ўплывовыя! Толькі тыя, хто знаходзіўся сярод эліты тагачаснага сьвету.
Значыць Ісус прыйшоў таксама і да багатых і да мудрых! Яны таксама маюць патрэбу ў ім у якасьці Збавіцеля.
Зьвярніце ўвагу, што ўсе людзі ў Ім маюць патрэбу. Ісус прыйшоў для ўсіх: багатых і бедных, адукаваных і неадукаваных, маладых і старых, мужчын і жанчын, беларусаў, палякаў, немцаў, амэрыканцаў — да ўсіх людзей. Ісус прыйшоў для ўсіх — уключаючы вас і мяне.
Гэта першая прычына, чаму гэтыя Сьвяты радасныя. Яны нагадваюць нам, што Ісус прыйшоў для ўсіх нас. Не мае значэньня што мы жывем 2000 гадоў пазьней. Ісус прыходзіць таксама сёньня і хоча зьмяніць да лепшага жыцьцё кожнага.
Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфлееме, рэакцыі былі розныя. Адны хацелі яго забіць. Напрыклад, цар Ірад. Яму не пасавала, што нарадзіўся Ісус. Ён хацеў жыць па-свойму. Сёньня таксама шмат такіх ворагаў Ісуса. Але якіх людзей было найбольш? Абыякавых. Марыя і Язэп ішлі з хаты ў хату і прасіліся на пастой. Людзі ім адмаўлялі. Гэта вобраз абыякавасьці да Ісуса. І сёньня многія людзі проста абыякавыя. Часта яны ня дрэнныя, ня злыя, як правіла, вельмі прыстойныя. Ісус стукаецца ў іх сэрца. Але кажуць, не цяпер можа быць пазьней. Былі і тыя, хто прывітаў Ісуса з вялікай радасьцю, прыйшлі яны, каб пакланіцца Яму.
Да якой групы кожны сябе аднясе?
Будзьма як пастухі і мудрацы. Прывітаем Ісуса! Запросім у сваё жыцьцё! І тады Калядныя Сьвяты стануць самымі прыгожымі ў нашым жыцьці!
Уцёкі ў Егіпет
Аддаўшы дары: золата, ладан і сьмірну, мудрацы пайшлі адпачыць і ў сьне атрымалі наказ не вяртацца да Ірада, каб не казаць яму, дзе знайшлі Дзіцятка. Таму яны іншай дарогай адышлі ў сваю краіну.
«Калі ж яны адышлі, — вось, анёл Гасподні яўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго» (Паводле Мацьвея 2:13).
Калі прайшоў некаторы час, Ірад зразумеў, што яго падманулі, і вырашыў зрабіць усё магчымае, каб пазбавіцца ад таямнічага саперніка. «Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў пазабіваць усіх дзетак у Віфлееме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у мудрацоў.
Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: «Голас у Раме чуцен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і не хоча суцешыцца; бо іх няма» (Паводле Мацьвея 2:16 — 18).
У Вэронскай царкве Сьв. Стэфана знаходзіцца шэдэўр стылю барока — Капэла Нявінных. Капэла збудавана для захоўваньня мошчаў пяці вэронскіх біскупаў, рэліквій сарака хрысьціянскіх пакутнікаў, якія перш былі пахаваныя ў крыпце цэрквы, і, паводле легенды, рэліквіі чатырох нявінных немаўлятак, забітых Ірадам. Тут сабраны лепшыя вэронскіе творы жывапісу эпохі барока. На алтарах з мошчамі біскупаў тры цудоўныя карціны: «Забіваньне немаўлят» — працы Аціна Паскуале, Сорак пакутнікаў — Аляксандра Туркі і пяць вэронскіх біскупаў — Антонія Басэці. Гэтыя немаўляты лічацца ў хрысьціянстве першымі сьвятымі мучанікамі. У Парыжы ёсьць храм і могілкі прысьвечаныя ім. У католікаў дзень памяці сьвятых немаўлятак –28 сьнежня, у праваслаўных — 11 студзеня па новаму стылю.
«Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет, і быў там да Ірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта паклікаў Я Сына Майго» (Мацьвея 2:14—15).
Гэты Алтар належыць да найлепшых твораў польскага гатыцкага малярства XV веку. Першы раз паказваецца на ім рэалістычны выгляд прыроды, новы канон постацяў, эпічны і поўны драматызму паказ уцёкаў Сьвятой сям’і ў Егіпет.
У гэтай «трохчастковай» гісторыі: уцёкі Сьвятога сямейства ў Егіпет, забіваньне немаўлят, вяртаньне з Егіпту — толькі яе крайнія эпізоды ў інтэрпрэтацыях мастакоў маюць падставу ў Сьвятым пісаньні.
Паколькі аповед Мацьвея вельмі кароткі, мастакі шукалі падрабязнасьці ў іншых — апакрыфічных — крыніцах і з гэтых крыніц дабаўлялі ў свае карціны розныя элемэнты.
Галоўныя пэрсанажы ў гэтай сцэне — Дзева Марыя, якая едзе на асьле, немаўля, якога яна трымае на руках, і Язэп, як правіла, што вядзе асла. Звычайна працэсія на карціне рухаецца –варта падкрэсьліць — зьлева направа.
Паміж 1524 і 1530 гг. Антоніа да Карэджа (Correge) выканаў у купале Пармскага сабора велізарную фрэску «Ўнебаўзяцьце Багародзіцы». Нароўні з працамі Карэджа ў купале сабора паўсталі і яго знакамітыя алтарныя выявы, сярод якіх «Адпачынак на шляху ў Егіпет» з карагодам анёлаў. Чаша з вадой цудоўнай крыніцы ў руцэ Дзевынапаіць сына. Іосіф толькі што сарваў фінікі з пальмы, каб накарміць яго. У глыбіні бачны анёл, які прывязвае да дрэва стомленага асла. Вышэй — радасныя анёлы ў аблоках, аблітыя цёплым залацістым чароўным святлом.
Адпачынак на шляху ў Егіпет — папулярная тэма ў мастацтве. Дзева Марыя і Немаўлятка сядзяць на фоне пэйзажу, звычайна пад пальмавым дрэвам. Язэп прысутнічае тутака ж, асёл бачны на заднім пляне. Пажыткі ўцекачоў, злучаныя ў вузел, ляжаць на зямлі. У гары лятаюць анёлы і прыносяць ім ежу. Але малюнкі на марках не адлюстроўваюць падарожжа па пустыні. Гэта зьвязана з сымбалічным паданьнем абставін уцёкаў. Так, прысутнасьць на карцінах пальмавага дрэва, знака сьвету, давала падставу бачыць у гэтым сюжэце ілюзію на ўваход у Іерусалім, калі дарогу Выратавальніку высьцілалі пальмавымі галінамі.
Калі ў ляндшафце, адлюстраваным мастаком, ёсьць некалькі дрэў, то адно зь іх абавязкова будзе пальма.
Пра жыцьцё Сьвятой сям'і ў Егіпце ў Бібліі няма ніякіх зьвестак. Але мастакі не маглі не адюстраваць у сваіх творах гэты пэрыяд. Вядома, гэтыя працы плод іхай фантазыі. Удалося адшукаць толькі адно паштовае выданьне, на якім мы можам убачыць момант прыбыцьця Сьвятой сям’і ў Егіпет.
Задумаемся, чаму Марыя, якая верыла і ведала аб Боскім паходжаньні яе Сына, як ведаў аб гэтым і Язэп, чаму яны не разважаючы рушылі ў вельмі далёкі і небясьпечны шлях? Чаму не разважалі: што можа зрабіць хай сабе і цар Боскаму Дзіцятку? Дзеяньні іхнія тлумачацца поўнай і беззаганнай верай у Бога і падпарадкаваньнем Слову Божаму. Але Марыя не чула гэтага Слова, яна адклікнулася на словы Язэпа мужа свайго. І гэта прыклад сямейных адносін, прыклад поўнага даверу і павагі.
«А як Ірад памёр, — вось, анёл Гасподні ў сьне зьяўляецца Язэпу ў Егіпце і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраілеву; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву. Але пачуўшы, што Архелай валадарыць ў Юдэі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; і атрымаўшы ў сьне наказ, адышоў у межы Галілейскія, і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца» (Мацьвея 2:19—23).
У процілегласьць руху зьлева направа ва ўцёках у Егіпет на карцінах эўрапейскіх мастакоў, якія паказваюць вяртаньне з Егіпту — рух справа налева і Ісус ужо значна падросшы.
Пра вандраваньне Сьв. Сямейства ў Егіпет захавалася мноства паданьняў. Зь іх адно абвяшчае, што, калі Язэп з Дзіцяткам і Яго Маці ўвайшлі храм, дзе было 365 ідалаў, то ўсе ідалы ўпалі на зямлю і зьнішчыліся, і выканалася над імі слова прароцкае: «Вось, Гасподзь сядзіць на воблаку лёгкім і прыбывае ў Егіпет. І затрымцяць ад аблічча Яго ідалы Егіпецкія, і сэрца Егіпта растане ў ім» (Ісая 19:1).
Якая ж адважная была Марыя, калі, пачуўшы словы Язэпа аб тым, што трэба ісьці, узяла Дзіцятка і ноччу накіравалася ў невядомы шлях. Яны былі адважныя, бо ахоўвалі сваю сям’ю, жыцьцё свайго Дзіцяці ад бязьлітаснага Ірада.
Сьвяты Павал нагадвае: «Бог не даў нам Духа боязі, але сілы, любові і разважлівасьці» (2 Цім 1, 7). Гэта значыць, што, дзякуючы Божай ласцы, мы таксама пакліканыя да такой жа адвагі і разважлівасьці ў барацьбе за хрысьціянскую сям'ю, за кожнае ненароджанае і народжанае жыцьцё.
Мадонна — мая Спадарыня
Першым, хто намаляваў выяву Божай Маці, гэта Эвангеліст Лукаш. Згодна з паданьнем, ён пісаў выяву Багародзіцы з Самай Чысьцюткай Дзевы Марыі і Богамаці, убачыўшы Сваю Выяву, прамовіла: «Мілата Якая нарадзілася ад Мяне і Мая з гэтым абразам ды будзе».
З той пары да нашага часу была намалёвана вялізарная колькасьць выяваў Маці Божай. Ад выяваў на сьценах Рымскіх катакомбаў і да сучаснага мастацтва. Так толькі Рафаэль намаляваў 42 карціны, прысьвечаныя Мадоньне. Альбрэхт Дзюрэр стварыў акрамя аддзельных карцін цыкл гравюр «Жыцьцё Марыі». Больш дваццаці работ прысьвяціў Мадоньне Бэльліні…
Найбольш вядомы твор Альбрэхта Дзюрэра «Сьвята ружанцаў» (1506, Прага, Нацыянальная галерэя). На гэтай карціне Мадонну з Немаўлём ушаноўваюць імпэратар і Папа рымскі, а за імі — натоўп народу, у якім Дзюрэр намаляваў, у тым ліку многіх сваіх сучасьнікаў. Мадонна, Немаўля-Хрыстос і Сьвяты Дамінік, заснавальнік братэрства пацерак, раздаюць вянкі з руж укленчаным, якія моляцца. Чальцы братэрства пераконвалі вернікаў не проста перабіраць пацеркі, а ўяўляць, што іх пацеры — гэта ружы: белыя, сымбалізуючыя чысьціню Дзевы Марыі, і чырвоныя каралі нагадваюць пра кроў Хрыста. Таму карціна мае дзьве назвы «Сьвята пацерак» і «Сьвята ружовага вянка».
Ззаду справа стаіць перад дрэвам экстравагантна апрануты малады чалавек. Так мастак намаляваў сябе. Ён назірае за разьвіцьцём падзей перад ім і чытае пры гэтым дакумэнт, на якім Дзюрэр зьмясьціў свой подпіс і дату: 1506.
У карціне, якая лічыцца адной з самых выбітных прац Поля Гагена, перад намі «таіцянская» Марыя трымае маленькага Ісуса на руках, які далікатна прытуліўся да сваёй маці. У абодвух можна ўбачыць німб над галавой. Праходзячыя міма дзяўчыны, угледзелі гэту зьяву і схіляюцца перад Імі. Склаўшы рукі перад грудзьмі, яны шлюць Ім усякія добрыя пажаданьні. Ззаду іх лунае над зямлёй анёл з блакітнажоўтымі крыламі. Мастак упрыгожвае гэту незвычайную падзею ўсімі даступнымі мэтадамі і фарбамі, выкарыстоўваючы яркую маляўнічасьць прыроды.
Кампазыцыя «Мадонна Ларэта» ўпрыгожыла фамільную капэлу Кавалетці ў царкве Сант-Аўгустына ў Рыме.
Іншая назва карціны — «Мадонна деі Пелегрыні». На карціне два пілігрыма (па-італьянску — пелегрыні) схілілі калены перад выявай. Мадонна з Немаўлём пазіраюць спакойным і ўважлівым поглядам на вернікаў.
Мадонна з Немаўлём малявалася гэтак часта і з такой колькасьцю варыянтаў — у інтэр'еры, на пэйзажным фоне, у асяродзьдзі мноства сьвятых, данатараў і іншых «удакладняючых» падрабязнасьцяў, што ў назве карціны стала неабходным паказваць якую — небудзь асаблівасьць, характэрную менавіта для яе. Так, дадзеная выява Богамаці з Немаўлём атрымала вядомасьць як «Мадонна на лузе» ці «Мадонна на сенажаці». Мадонна моліцца над сьпячым на яе каленях Дзіцяткам. Іх пастава вельмі натуральная і разам з тым сымбалічная: кампазыцыя дзьвюх постацяў не можа не выклікаць ва ўяўленьні выяву будучага аплакваньня Хрыста.
Знакамітая карціна Рафаэля — «Сыкстынская мадонна» (па назьве манастыра, для якога была напісаная алтарная выява) — і, верагодна, самая знакамітая з усіх карцін, калі-небудзь напісаных.
Аб гэтай карціне напісаныя тамы розных прац, але мне найбольш да спадобы тое, што напісаў Васіль Гросман. Гэта варта цытаваньня.
«Рафаэль у сваёй Мадоньне выдаў таямніцу матчынай прыгажосьці. Але не ў гэтым невычэрпнае жыцьцё карціны Рафаэля. Яна ў тым, што цела і твар маладой жанчыны ёсьць яе душа, — таму так чароўна Мадонна. У гэтым зрокавым малюнку матчынай душы сёе-тое недаступна сьвядомасьці чалавека.
[…] Прыгажосьць Мадонны трывала злучана з зямным жыцьцём. Яна дэмакратычная, людзкая; яна ўласьцівая масам людзей — жаўтатварым, касавокім, гарбатым з доўгімі бледнымі насамі, чорнатварым з кучаравымі валасамі і тоўстымі вуснамі, яна ўсечалавечна. Яна душа і люстэрка чалавечае, і ўсе, хто глядзяць на Мадонну, бачаць у ёй чалавечае, — яна выява матчынай душы, і таму прыгажосьць яе навечна сплецена, зьлітае з той прыгажосьцю, што ўтойваецца, невынішчальна і глыбока, усюды, дзе нараджаецца і існуе жыцьцё, — у скляпах, на гарышчах, у палацах, у ямах».
У карціне Ганса Мемлінга «Мадонна на троне з Дзіцяткам і двума Анёламі» яго Мадонна лірычная. Мемлінг да драбнюткіх падрабязнасьцяў старанна стварае аблічча Мадонны і даходзіць у яе малюнку да таго, што яна падаецца ідэальнай. Алёлы прысутныяў дзяцінстве Ісуса. Еа карціне адзін анёл падносіць дзіцятку яблык, другі грае.
«Сьвятая Марыя (з габрэйскай Miriam) у розных мовах азначае Тую, якую любіць Бог, і Тую, якая любіць Бога, усяляе радасьць, зьяўляецца ўзорам прыгажосьці, не ўчыніла граху.
Мацi Касьцёла азначае, што Касьцёлам зьяўляемся ўсе мы, веруючыя людзі, таму Яна зьяўляецца Маці для ўсіх нас.
Мацi ласкi Божай — так сказаў пра Яе арханёл Габрыэль, «поўная ласкі», без граху.
Мацi беззаганная азначае, што Бог выбраў Марыю для зьдзяйсьненьня свайго спрадвечнага пляну збаўленьня чалавека і такім чынам бязьмерна ўзвысіў Яе над усімі стварэньнямі.
Мацi непарушная — Маці, але пры гэтым заўсёды беззаганная Дзева.
Люстра справядлiвасьцi азначае, што Яна ўвасабляе саму справядлівасьць, г. зн. сьвятасьць.
Сталiца мудрасьці азначае, што мудры той, хто ўмее добра, узорна жыць.
Марыя зьяўляецца сьвятыняю Духа Сьвятога, таму мы называем Яе Сьвятыня духоўная.
Вежа Давiдава азначае, што Яна Найпрыгажэйшая з Давідавых збудаваньняў. Як вядома, Марыя паходзіла з роду Давідавага.
Словы Вежа з косьці слановай
нагадваюць пра тое, што слановая костка вельмі каштоўны матэрыял, які служыць для аздобы дарагіх рэчаў і вырабу ўпрыгожаньняў.
Залаты доме азначае, што Яна самая прыгожая і бясцэнная.
Арка Запавету — Арка або Каўчэг, у якім знаходзіліся скрыжалі Божага Запавету, каўчэг — гэта знак прысутнасьці Бога.
Брама нябесная азначае, што Марыя, нарадзіўшы Ісуса Хрыста, адчыніла браму ў неба, якая была зачыненая пасьля першароднага граху Адама і Евы.
Зорка ранiшняя азначае, што Марыя, як тая Зорка, зазьзяла на небасхіле, прадвяшчаючы вялікае Сьвятло, г. зн. Ісуса Хрыста.
Каралева Анёлаў азначае, што Маці Божая зьяўляецца Каралеваю, бо Яе Сын, Пан Ісус, — Валадар Сусьвету і ўсіх стварэньняў.
Заклік Каралева сем’яў дапісаны ў літанію ў 1995 г., каб каб напамінаць пра тое, што Маці Божая павінна валадарыць у кожнай сям’і» –так прыгожа напісала Іна Ламака.
Маленькі Ісус у Храме
Ісус жыў і выхоўваўся ў Назарэце. У гады дзяцінства і юнацтва Ісуса Назарэт бы быў усяго невялікай вёскай, якая разьмяшчалася на палогіх узгорках Галілеі над Ізраільскай далінай. Зьвестак пра трыццацігадовы адцінак жыцьця ў Назарэце ў Бібліі няма, акрамя аднаго выпадку. Вось апісаньне з Эвангельля паводле Лукаша: «А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і мілата Божая была на Ім. Кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі. І калі Яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны таксама як звычайна ў Ерусалім на сьвята; калі ж, пасьля заканчэньня дзён сьвята, вярталіся, застаўся Хлопчык Ісус у Ерусаліме; і не заўважылі таго Язэп і Маці Ягоная; але думалі, што Ён ідзе зь іншымі; прайшоўшы ж дзённы шлях, пачалі шукаць Яго сярод родзічаў і знаёмых; і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго. Праз тры дні знайшлі яго ў храме, сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і распытваў іх; усе, хто слухаў Яго, зьдзіўляліся з розуму і адказаў Ягоных» (Паводле Лукаша 2:40—47).
Храм у Ерусаліме пабудаваны Ірадам. У Ерусаліме адноўлены такі выгляд Храма, калі дванаццацігадовы Ісус быў у ім.
Калі ўрачыстасьці Сьвята закончыліся і бацькі Ісуса адправіліся ў зваротнае падарожжа, ён застаўся ў Ерусаліме, як бы хацеў успрыняць усю Мудрасьць і Сьветласьць, якія захоўвалі муры Сьвятыні. Тут Ён быў у Сябе, у доме свайго Айца. Калі дванаццацігадовы хлопец сядзеў паміж вучонымі, слухаў іх і задаваў ім пытаньні, Яго Бацькі з болем у сэрцы шукалі Яго праз тры дні, абыходзячы ўвесь Ерусалім. Праз тры дні знайшлі Яго ў Сьвятыні. Тое, што яны ўбачылі, вельмі іх зьдзівіла. Зьдзівеньне Бацькоў зразумелае. На карціне Дзюрэра на Іх твары адлюстроўваюцца мноства розных пачуцьцяў: яшчэ жывы боль, выкліканы зьнікненьнем Сына, радасьць, што Ён знайшоўся, зьдзіўленьне нечаканымі Яго паводзінамі і атачэньнем.
Мастакі стараліся пашырыць зьвесткі з Бібліі аб размове Ісуса з вучонымі мужамі ці, як іх яшчэ называюць, дактарамі.
Буйным плянам на наступнай карціне Дзюрэра паказаны твары мудрацоў і Хрыста. Адчуваецца «напруга дыспуту». У цэнтры кампазыцыі — рукі Ісуса, Ён упэўненна адлічвае на пальцах свае аргумэнты ў гутарцы. Рукі аднаго з настаўнікаў сьведчаць пра «нярвовасьць і збянтэжанасьць».
Які зьмест адказаў дванаццацігадовага Ісуса настаўнікам юдэйскім?
Эвангеліст нічога не кажа пра гэта. Гутарка праходзіла ў храме і вялася з кніжнікамі, якія займаліся тлумачэньнем Сьв. Пісаньня, таму можна не сумнявацца ў тым, што пытаньні і адказы як настаўнікаў, так і Ісуса дакраналіся прароцтваў пра Мэсію. У гэтай гутарцы Ісус выяўляе не толькі мудрасьць, але і веды Сьв. Пісаньня, якія прыводзяць у зьдзіўленьне кніжнікаў.
Працяг апісаньняў такога ж зьдзіўленьня мы знаходзім у далейшых апавяданьнях Эвангелістаў.
«Калі Ісус прыйшоў у сінагогу ў Назарэце і стаў вучыць там, то «І ўсе засьведчылі Яму гэта, і дзівавалі са словаў мілаты, якія зыходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: ці не Язэпаў гэта сын?» (Паводле Лукаша 4:22).
Паўней зьдзіўленьне юдэяў перадае Мацьвей: «І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы? […] адкуль жа ў Яго ўсё гэта?» (Паводле Мацьвея 13:54—56).
А калі Ісус вучыў у храме, то: «І дзівавалі, Юдэі, кажучы: як Ён ведае Пісаньні ня вучыўшыся?» (Паводле Яна 7:15).
Характэрна, што і жыхары Назарэта, роднага горада Ісуса, і юдэі, гэта значыць ворагі яго, сьведчаць, што ён не хадзіў ні ў якую школу. Сам Ісус ня толькі не аспрэчвае гэтага, але сьцвярджае: «Маё вучэньне — не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне…» (Яна 7:16).
Вось гэтаму вучэньню Таго, Які паслаў, вось гэтым словам Самога Бога дзіваваліся юдэі, калі слухалі пропаведзь Ісуса. І несумнеўна, тая ж прамудрасьць Божая выявілася ў пытаньнях і адказах дванаццацігадовага Ісуса. Звярніце ўвагу, што Ісус — Бог і чалавек — не атрымаў мудрасьць з дапамогай нейкіх зьнешніх цудаў, але ў выніку сьціплай і карпатлівай працы.
«І ўбачыўшы Яго, зьдзівіліся; і Маці ягоная сказала Яму: Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я зь вялікаю скрухаю шукалі Цябе. Ён сказаў ім: навошта было вам шукаць Мяне? ці вы ня ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму? Але яны не зразумелі сказаных Ім словаў» (Лукаша 2:48,49).
Прыгожа сцэну спатканьня апісвае Роман Брандштэцьцер: «У гэтую ўласна хвіліну Марыя і Язэп убачылі Ісуса. Марыя у наплыве радасьці бегла да Яго, каб Яго абняць. Але Язэп уражаны выглядам Хлопца сярод дактароў, прытрымаў жанчыну за плячо і забыўшы нядаўні непакой, паглынаў у сябе Яго натхнёныя і мудрыя словы. Але жанчына, вызваліўшы сваё плячо з далоні мужа, пабегла па ступенях порціку, расхіліла дактароў і кінулася на шыю укаханаму Сыну гаворачы: «Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я зь вялікаю скрухаю шукалі Цябе».
Трыццаць гадоў схаванага жыцьця
«І калі яны зрабілі ўсё паводле Закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і мілата Божая была на Ім» (Паводле Лукаша 2:38,39).
«І Ён пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт; і быў у паслушэнстве ім. І Маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім. А Ісус мацаваўся ў мудрасьці і росьце і ў любові ў Бога і людзей» (Паводле Лукаша 2:50,51).
Два кароткіх фрагмэнты Эвангельля ад Сьвятога Лукаша, апісвае нам 30 гадоў схаванага жыцьця Ісуса ў Назарэце. Абодва апісаньня не даюць нам практычна ніякіх гістарычных дэталяў. Не аб дзяцінстве, не аб першых гадах Яго маладосьці. Не кажа нічога пра дарослае жыцьцё Ісуса. Даведваемся толькі, што Ён жыў у Назарэце і добра разьвіваўся, як і любое здаровае, акружанае клапатліваю апекаю і каханьнем бацькоў дзіця. Не гледзячы на гэта, гэтыя два фрагмэнты маюць вельмі вялікае значэньне. Праз трыццаць гадоў Ісус вучыцца цалкавітаму адданьню Айцу, выкананьню Яго волі. Праз трыццаць гадоў Ісус вучыцца пакорнай і цярплівай службе бліжнім. Жыцьцё Ісуса ў Назарэце прамаўляе да нас, што манатонная штодзённасьць не павінна быць пакутлівай ці, тым болей, зьнішчальнай. Але можа быць месцам адкрытым на мілату, на любоў да Бога, на любоў да бліжняга, на мілату да сябе самога. Жыхары Назарэту, каторыя што дзень знаходзіліся з Ісусам, размаўлялі зь Ім, маліліся зь Ім у сынагозе, будуць зьдзіўляцца падчас Яго публічнай дзейнасьці і будуць задаваць пытаньне: «Адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы? ці не цесьляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда? і сёстры Яго ці ня ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта? І паняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім. І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхняга» (Паводле Мацьвея 13:54—58).
Ісус не выдзяляўся нічым надзвычайным, што магло бы казаць аб Яго незвычайнай будучыні. Можа для таго параўнаўча мала мастацкіх твораў прысьвечана жыцьцю Ісуса ў Назарэце? Можна назваць такія творы, як «Сьвяты Язэп-цясьляр» Жоржа дэ Латур, «Разьвітаньне Хрыста з Маткай» Альбрэхта Дзюрэра, «Ісус у доме сваіх бацькоў» (Майстэрня цесьляра) сэра Джона Эверта Мілеса…
Апошняя карціна напісана ў 1849—50 гады. Захоўваецца ў Tate Britain, Лёндан. Мастак намаляваў сцэну ў майстэрні цесьляра. Цясьляр — Сьв. Язэп робіць дзьверы. Маленькі Ісус парэзаў руку. Гэты парэз напамінае знак стыгмату, правобраз расьпяцьця. Маці Сьв. Марыя цалуе Сынка ў шчаку пакуль Язэп разглядае параненую руку. Малады Ян Хрысьціцель нясе ваду, каб прамыць рану, што сымбалізуе пазьнейшае Вадохрышча. Сьвятая Ганна выдаляе цьвік абцугамі. Памочнік Язэпа, які прадстаўляе патэнцыйных будучых апосталаў, назірае за гэтай падзеяй. Тут яшчэ многа зашыфраваных сымбаляў. Лесьвіца напамінае пра лесьвіцу Якава; голуб сымбалізуе Сьвяты дух. Авечкі ў загоне на заднім пляне ўяўляюць будучыню хрысьціянскай паствы. Затое тэма Сьвятога сямейства з ІсусамДзіцяткам была самай каханай тэмай мастацтва Высокага Адраджэньня. Найбольш выбітныя мастакі ахвотна і многа малявалі Марыю з Немаўлём і Сьвятым Язэпам, часта дадаючы хлапечую постаць Сьвятога Яна Хрысьціцеля.
Тэма Сьвятога сямейства цалкам адпавядала попыту на прыватныя рэлігійныя карціны, якія асьвячалі хатні ачаг, ідэю шлюбу і бацькоўства.
Марыя, якая сядзіць на траве, прымае ад Язэпа Дзіцятка, якое ставіць ножку на Яе плячо, а ручкамі абапіраецца на галаву. Ззаду з-за мурку высоўваецца малы пуцаваты хлопец у вярблюджай шкуры, які трымае ў руцэ невялікі крыж. Гэтыя рэквізыты інфармуюць, што гэта маленькі Сьвяты Ян Хрысьціцель.
Андрэа Мантэнья у сваёй карціне, як і большасьць майстроў эпохі Адраджэньня, зьвяртаецца да выявы Мадонны з Немаўлём, якія ўвасабляюць уяўленьне зямной прыгажосьці і глыбіні найпрыгажэйшага з чалавечых пачуцьцяў — мацярынства. Мадонна глядзіць на Немаўля сур'ёзна, са стрыманай пяшчотай, Твары Язэпа і Елісаветы, якія зьдзіўляюць сваёй жыцьцёвай сілай, нясуць на сабе адбітак пражытых гадоў і перажытых пакут. Яны адцяняюць квітнеючую юнацкасьць Марыі. Язэп і Елісавета як бы ахоўваюць Мадонну і яе каханьне да Дзіцяці.
Сюжэт мірны, а карціна сумная. Пранізьлівыя колеры, замкнёнасьць кампазыцыі. Позіркі старэйшых зьвернутыя на Хрыста і толькі маленькі Ян, якога ў будучыні назавуць Хрысьціцель, адвёў вочы і заклікае да маўчаньня, нібы прадракаючы лёс Немаўляткі Хрыста. Дарэчы, а што ў кошыку, які як бы ў руцэ ў Хрысьціцеля? Можа хто-небудзь ведае?
Альбрэхт Дзюрэр, як ніхто другі, сваімі работамі ілюстраваў цэлыя тэмы Бібліі. Ім створаны сэрыі гравюр: «Страсьці Храстовы», «Жыцьцё Марыі», «Апакаліпсіс», «Сем Жахаў Марыі»…
Гравюра «Сьвятое сямейства з пяцьцю анёламі» створана ў 1503 годзе. У цэнтры ліста постаць Марыі з немаўлём на каленах. Над імі — Бог-бацька і знак Сьвятога Духа (голуб, які выпраменьвае Сьвятло). За Багародзіцай анёлы сваімі крыламі агароджваюць яе і Язэпа. Зьлева — частка прасёлкавай дарогі, ля ног Марыі сьцелюцца палявыя кветкі. Выява Марыі займае асноўную частку ліста. Яна сядзіць на ўзвышэньні. Край спадніцы драпіруецца на пярэднім пляне. Шыракаполы плашч атачае яе постаць і хавае ўзгорачак і камень, на якім яна сядзіць. Галава Марыі не пакрытая, пышныя валасы хвалямі спадаюць на плечы. Постаць Язэпа таксама намалявана ў поўны рост. На яго галаве манаскі капялюшык, у руках ён трымае свой капялюш, як знак пакланеньня і служэньня, у руцэ ў яго дарожны кій. Марыя, Ісус і Язэп — асноўныя выявы гравюры. Анёлы намаляваны дзьвюма групамі. Яны аддаюць хвалу Немаўлю. Тэма мацярынства, закладу неўміручасьці роду чалавечага — аснова задумы мастака.
Найбольш выбітныя мастакі ахвотна і многа малявалі Марыю з Немаўлём і Сьвятым Язэпам, часта дадаючы хлапечую постаць Сьвятога Яна Хрысьціцеля. Гэтая сцэна цалкам адпавядала попыту на прыватныя рэлігійныя карціны, якія асьвячалі хатні ачаг, ідэю шлюбу і бацькоўства. Дазваляла паказаць цяпло ўзаемных адносін, важнасьць сям’і ў фарміраваньні дзіцяці і ўкараняла ўвасобленага Бога ў звычайным чалавечым Сьвеце.
«Мадонна з Дзіцём і Сьвятой Ганнай» — адна з самых прыгожых карцін Караваджа (1605—1606) Багародзіцы для свайго часу. Маці Божая маладая і прыгожая вучыць свайго сына, якога яна трымае, зьнішчыць зьмяю, сымбаль зла або першароднага граху. Сьвятая Ганна, у гонар якой прызначалася карціна, маршчыністая старая бабуля, сьведка падзеі.
Ісус, азораны залатым Сьвятлом, якое сыходзіць з неба, параніў сябе, робячы цярновы вянок. Маці з сумам назірае за сынам, ведаючы, якія пакуты Яго чакаюць. Сцэна поўная сымбаляў. Фіялетавая туніка — вопратка, якую насілі Сьвятары падчас Адвэнту, шыцьцё і кнігі спасылаюць на каханьне да працы, садавіна на стале намякае на выкуп, галубы — на ахвяру…
Марыя ведае, што яна ў бліжэйшы час будзе сузіраць, як Ён, яе Сын, мучыцца на крыжы. Яго цела паламаюць, пакрыюць ранамі.
«Мая каханая Маці», кажа Ісус ёй: «Ты павінна прыгатаваць сябе. Такая воля Айца Майго. І адкупленьне чалавецтва можа быць дасягнута толькі за кошт кожнай кроплі Крыві Сына Твайго.»
Гэту галерэю прыкладаў выяваў карцін Сьвятога сямейства, надрукаваных на паштовых марках, можна было б доўжыць і доўжыць. Але гэта можа зрабіць кожны ахвочы сам для сябе, падбіраючы, перш за ўсё тое, што хоць кропельку наблізіць да большага разуменьня Бібліі.
Абразы Маці Божай
Сусветная іканаграфія ведае 700 назваў ікон Багародзіцы. Марыялогія вылучае наступныя тыпы: Адзігітрыя («Шляхаводніца»), Аранта («Знаменьне»), Еляуса («Замілаваньне»), і Акафістная.
Вылучаецца асобна тып Агіёсарытыса («Нявеста Ненявестная») — Багародзіца без Дзіцяці Хрыста.
Пошты краін сьвету не ў стане адлюстроўваць усё мноства ікон і кожная краіна выбірае найбольш шануемыя і блізкія для яе народу. Так і я ў сваім артыкуле вырашыў расказаць аб найбольш шануемых абразах Маці Божай на Беларускай зямлі і аб іконах, якія адлюстравала на сваіх марках Беларуская пошта.
Спрадвеку на нашай зямлі і сярод праваслаўных, і сярод каталікоў культ Багародзіцы быў асаблівы. Маці Божая — Заступніца, Апякунка, Збавіцельніца, Міласэрная… Беларускі народ шмат прыдумаў Ёй імёнаў, у якіх — непазбыўная надзея і самая шчырая вера. Можа, таму на Беларусі столькі прыгожых і вельмі жыцьцёвых легенд аб Яе дзівосным зьяўленьні, столькі камянёў-сьледавікоў — на іх відаць адбітак зграбнай ступні, і лічыцца, што такія сьляды пакінула Багародзіца, ходзячы па нашай зямлі, столькі цудатворных ушаноўваемых ікон…
Ікона–акно ў духоўны сьвет, у яе свая мова, праз якую перадаецца духоўная інфармацыя непасрэдна ў патаемныя глыбіні сэрца чалавека. Ікона — гэта сьвята для вока, бо Сьвятыя на вобразах увасабляюць унутраны слых і занатаваньне пачутага Божага Адкрыцьця.
Звыш 300 гадоў Вастрабрамская Божая Маці зьяўляецца асаблівай Заступніцай літоўскіх, беларускіх і польскіх земляў. Прыгожае адлюстраваньне Найсьвяцейшай Марыі Панны са зьлёгку схіленай галавой у арэоле з дванаццаці зорак і шматлікіх праменяў схіляе да роздуму і малітвы.
Далікатная стройная постаць Багародзіцы з прыадкрытымі вачамі і скрыжаванымі на грудзях далонямі абуджае любоў і давер. Несамавітая лагоднасьць, задуменнасьць, асалода і адначасова глыбокая павага выпраменьваюцца з гэтай выявы. Ікона была прывезеная ў Вільню з Крыма з Корсуні Вялікім князем Літоўскім Альгердам. Ён падараваў яе сваёй жонцы, якая ў сваю чаргу прынесла яе ў дар Сьвята-Троіцкай абіцелі, што ўзьнікла на тым месцы, дзе загінулі сьвятыя мучанікі Антоній, Ян, Яўстафій. У 1498 годзе адбылася закладка новай сьцяны і брамы з вялікай вежай у Вострым канцы Вільні. Пабудаваная брама атрымала назву Вострая Брама. У капліца над Вострай Брамай зьмясьцілі цудоўны абраз Вастрабрамскай Божай Маці.
Каля 1671 г. выява Маці Міласэрнасьці была закрыта срэбранай пазалочанай сукенкай. Сярэбраны паўмесяц з выгравіраваным надпісам: «Падзяку Табе складаю Божая Маці за тое, што Ты выслухала мае просьбы і прашу Цябе, Маці Міласэрнасьці, будзь ласкавая да мяне», які знаходзіцца ў ніжняй частцы абраза — гэта вота з 1849 г. Галаву Божай Маці аздабляюць дзьве кароны. Адна — у стылі барока для Каралевы Нябёсаў, другая — у стылі ракако — для Каралевы Польшчы. Вострая Брама зьвязана таксама з культам Божай Міласэрнасьці. Абраз Божай Міласэрнасьці быў намаляваны ў Вільні і выстаўлены для публічнага агляду менавіта ў Вострай Браме (26 — 28 красавіка 1935 г.). Тут таксама Сьв. Фаўстына мела аб’яўленьне трыюмфу абраза Божай Міласэрнасьці. Гэтае аб’яўленьне зьдзейсьнілася. Вуснамі тысяч пілігрымаў з усяго сьвету можна сказаць: «Я схіляю галаву, аглядаючы Цябе, Каралеву ўсяго Сусьвету, і прашу Твайго благаслаўленьня».
Цудатворны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай ведаюць і шануюць не толькі ў Польшчы. Абразы Маці Божай Чэнстахоўскай ёсьць таксама ў касьцёлах і цэрквах Беларусі і Летувы і большасьць зь іх шануюцца як цудатворныя.
Чэнстахоўскі абраз Божай Маці адносіцца да ліку 70-ці абразоў, якія напісаў сьвяты «Эвангеліст Лукаш у Ерусаліме ў Сіёнскім храме, у якім Ісус Хрыстос зьдзейсьніў Астатнюю Вячэру. У 66—67 гадах, у час нашэсьця рымскіх войск на Ерусалім, хрысьціяне адышлі ў мястэчка Пеллу і разам з іншымі сьвятынямі яны захоўвалі ў пячорах абраз Божай Маці. Яго ў 326 годзе падаравалі царыцы Алене ў падзяку за адшуканы Жыватворны Крыж Гасподні, і яна прывезла яго ў Канстантынопаль. На землі ВКЛ цудатворны абраз быў прынесены заснавальнікам горада Львова (Лемберга — 1267—1270 гг.) ГаліцкаВалынскім князем Львом Данілавічам і разьмешчаны ў Бельзскім замку. У час татараман-гольскага нашэсьця захопнікі асадзілі замак Бельз. Зьвярнуўшыся за дапамогай да Маці Божай, князь Уладзіслаў вынес ушаноўваемы вякамі абраз з царквы і паставіў на гарадзкой сьцяне. Абраз быў прабіты стралой і зь яго пацякла кроў, сьляды якой назаўсёды захаваліся на палотнішчы, а на варожае войска апусьцілася шкодная імгла, і татары зьнялі асаду і адышлі. Заступніца Нябесная прысьнілася князю і прасіла даставіць цудатворны абраз на Ясную гару Чэнстахоўскую. У 1352 годзе там быў заснаваны манастыр і манахам Паўлінскага ордэна князь Уладзіслаў перадаў каштоўную сьвятыню.
Праз некалькі гадоў абіцель была абрабавана, укралі ўсе каштоўнасьці. Пагрузілі на падводу і абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, але нябачная сіла ўтрымлівала коней і вазок, на якім яна ляжала, не змог зрушыцца з месца. Тут жа рабаўнікі атрымалі і справядлівую кару: аднаго разарвала на кавалкі, у другога адсохла рука, некаторыя раптоўна памерлі, іншыя асьлеплі.
Ў 1430 г. царква зноў была захоплена і ўдарыў рабаўнік карціну два разы мячом і хацеў ударыць яшчэ, але не пасьпеў стукнуць у трэці раз, упаў на зямлю і ў агоніі і болю і памёр. Меч разрэзаў на абразе шчаку Маці Божай і раны ад мяча бачныя на абразе да гэтага часу. У сярэдзіне 17 стагодзьдзя швэдскі кароль Карл Х Густаў захапіў Варшаву і Кракаў, але пацярпеў паражэньне пад Чэнстаховам, і гэта ўспрынялі як заступніцтва Маці Божай. Кароль Ян Казімір, вярнуўшыся ў Львоў, абнародаваў маніфэст, у адпаведнасьці зь якім аддаваў сваю дзяржаву пад заступніцтва Божай Маці, называючы Чэнстахоўскі Яе абраз «Польскай Каралевай». Вайна са швэдамі ў 1656 годзе завяршылася пасьпяхова для Польшчы. У спэцыяльнай кнізе Чэнстахоўскага манастыра засьведчана мноства цудаў, якія адбываліся пад «дзеяньнем» абраза Маці Божай, зь якога былі зроблены многія копіі для каталіцкіх і праваслаўных храмаў.
Надзейную падтрымку для зьдзяйсьненьня Промысла аб нацыі Гасподзь даслаў праз старажытную ікону Багародзіцы «Непарушная сьцяна». Аранта адна з самых першапачатковых выяваў Царыцы Нябеснай, якая ўпрыгожвае цэнтральную крыпту Менскага кафэдральнага Сьвята-Духава сабора. Арыгінал сьвятыні знаходзіцца ў алтары Кіеўскага Сафійскага сабора. На працягу дзевяці стагодзьдзяў ікона заставалася непашкоджанаю, таму атрымала назву «Непарушная сьцяна». У самыя цяжкія часы яна дапамагала беларуска-ўкраінскім землям. На вялікім паўкружжы вакол іконы ідзе грэчаскі надпіс чорнай мазаікай: «Бог пасярод Яе і нішто не пераменіцца: дапаможа ёй Бог раніцай і пасьля таго». На вялікім паўкружжы вакол іконы ідзе грэчаскі надпіс чорнай мазаікай: «Бог пасярод Яе і нішто не пераменіцца: дапаможа ёй Бог раніцай і пасьля таго».
У зборы Нацыянальнага мастацкага музэя Рэспублікі Беларусь знаходзіцца адзін з нешматлікіх беларускіх абразоў XVI стагодзьдзя, якія захаваліся да нашых дзён — Маці Божая Адзігітрыя Смаленская з Дубянца.
Гэты абраз прадстаўлены ў пастаяннай экспазыцыі старажытнабеларускага мастацтва, бо зьяўляецца ўнікальным помнікам выяўленчага мастацтва і духоўнай культуры беларускага народа.
Гісторыя іканаграфічнага тыпу «Адзігітрыя» узыходзіць да часоў Вялікай Бізантыі, якая зацьвердзіла хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй і ўзяла на сябе місіянэрскую ношу асьветніцтва хрысьціянскім вучэньнем славянскіх земляў.
Ікона Маці Божая Баркалабаўская зьявілася ў Баркалабаўскім жаночым манастыры непадалёк ад Быхава ў 50-я гады XVII стагодзьдзя. Згодна з гістарычнымі зьвесткамі, яна была захоплена войскамі цара Аляксея Міхайлавіча падчас вайны з Рэччу Паспалітай у адным з храмаў Беларусі. Абраз везьлі на ўсход як каштоўны трафэй. Але калі абоз у 1659 годзе праяжджаў паўз Баркалабаўскі манастыр, коні сталі як укапаныя. Захопнікам нічога не засталося, як пакінуць Адзігітрыю ў ігуменьні манастыра. З таго часу Баркалабаўская ікона стала адной з самых шануемых ва Усходняй Беларусі.
Абраз, якому пакланяліся не толькі праваслаўныя, праславіўся цудамі падчас Паўночнай вайны і вайны 1812 года. Сяляне куплялі ў храмавыя сьвяты васковыя фігуркі свойскай жывёлы і, прыклаўшы іх да іконы, несьлі іх дамоў як найлепшы абярэг для сваёй гаспадаркі.
У 1920 годзе Баркалабаўскі манастыр закрылі, але ікону сьвятары і прыхаджане зьбераглі. Ікона знаходзіцца ў Царкве Сьвятой Тройцы ў горадзе Быхаве Магілёўскай вобласьці.
У 1658 годзе манах Грыгорый Дубенскі піша копію з Ялецка-Чарнігаўскай іконы — Ільліна-Чарнігаўскую ікону, якая цяпер знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага запаведніка. У сваю чаргу Ільліна-Чарнігаўская ікона гэта сьпіс з Замкавай (Навагрудскай) іконы Божай маці, якая прыбыла ў Навагрудак па меркаваньню Васіля Тацішчава і Міколы Ермаловіча ў 1044 годзе з Яраславам Мудрым. 12 лютага 1799 года перад гэтай іконай быў ахрышчаны Адам Міцкевіч і потым, калі ён у трохгадовым узросьце ўпаў з вакна і забіўся, то быў ажыўлены ля Замкавай іконы.
Іканапісец Протаіерэй Фёдар Повный зрабіў сьпіс з абраза Уладзімірскай Божай Маці — галоўнай сьвятыні Расіі. Па паданьні абраз быў напісаны яшчэ пры жыцьці Найсьвяцейшай Дзевы Эвангелістам Лукашам на дошцы таго стала, за якім трапэзьнічалі Ісус Хрыстос, Марыя і Язэп Заручнік.
Калі Апостал прынёс гэты абраз, каб паказацць Найсьвяцейшай Багародзіцы, яна сказала: «Мілата Народжанага ад Мяне і Мая з абразам гэтым ды будзе!»
Выява гэтага абраза знаходзіцца і на трэцяй марцы блёку «2000-годзьдзе Хрысьціянства», дзе і раней апісаная рэпрадукцыя іконы Багародзіцы «Непарушная сьцяна» Аранта.
Гэты абраз належыць да іканаграфічнага тыпу Еляўса — Замілаваньне. Іконы гэтага тыпу перадаюць любоў, якая яднае Маці з Сынам. У іх больш падкрэсьліваецца чалавечая натура Хрыста ў адрозьненьне ад Адзігітрыі, дзе акцэнт падае на Боскасьць Ісуса.
Марыя, прадстаўленая да паловы постаці, трымае на правай руцэ Дзіцятка, Якое ласкава туліцца да Яе. Дзіцятка туліцца шчакою да шчакі Маці, абдымаючы Яе за шыю сваёю леваю рукою, а праваю дакранаецца да Яе ключыцы. Марыя схіляе сваю галаву да Сына, паказваючы леваю рукою на Ісуса, як на прадказанага Збаўцу сьвету, адзіную Дарогу, Праўду і Жыцьцё. Твар Марыі засяроджаны, сумны, з вялікімі аліўкавымі вачыма, зьвернутымі на поўны задуменьня тварык Ісуса, які туліцца да Яе. На залаціста-вохрысты, у белай аблямоўцы, акруглы німб Маці Божай заходзіць меншы — крыжовы німб Дзіцятка, таксама залаціста-вохрыстага колеру з дзьвюма грэцкімі літарамі «I» («ёта») — азначае імя Ісус, а «Н» («эта») можа азначаць слова hegemon — правадыр, кароль. Верагодна, гэтыя літары зьяўляюцца скарачэньнем ІХЕН — Iesus Chrystos eleison hymas і азначаюць наступнае: Ісус Хрыстос, зьмілуйся над намі.
Абраз Маці Божай Будслаўскай намаляваны алеем на палатне памерам 72×65 см, іканаграфічна належыць да заходне-эўрапейскага тыпу Адзігітрыі. На зваротным баку дошкі знаходзіцца надпіс з каштоўнымі зьвесткамі аб гісторыі абраза і зьвесткамі аб аўтары.
Іканаграфія тыпу Адзігітрыі, трактаваная вольна, у духу італьянскага Рэнесанса. Маці Божая намаляваная да пояса, у чырвонай адзежы, белым галаўным уборы і цёмназялёным мафорыі з карункавай аблямоўкай. Дзіцятка на левай руцэ ў вольнай паставе, у сьветлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы. Пухлыя ручкі працягнутыя да Маці: правая дабраслаўляе, а левай Ісус Хрыстос як бы дае Маці гранат, шматзначны знак вечнага жыцьця, а таксама Хрысьціянства, шматлікіх вернікаў якога адлюстроўваюць зерні.
На абразе — срэбны аклад, арнамэнтаваны вольна раскінутымі колерамі, і карона з каштоўнымі камянямі. Абраз складзены ў срэбную раму з арабескавым арнамэнтам у стылі позьняга Рэнесансу, у арнамэнт упісаная постаць Сьвятога Казіміра і, магчыма, Сьвятой Ядвігі. Усе гэтыя ўпрыгожваньні належаць да найлепшых узораў ювэлірнага мастацтва ў Беларусі. На абароце дошкі знаходзіцца надпіс з каштоўнымі зьвесткамі пра гісторыю абраза і алтара.
У 1591 г. у Слаўнай Будзе быў узьведзены драўляны касьцёл. Верагодней за ўсё, у гэты час тут зьявіўся абраз Маці Божай, які пазьней быў названы абразом Маці Божай Будслаўскай. У 1598 г. яго атрымаў мінскі ваявода Ян Пац з рук папы Клімэнта VIII. Пасьля сьмерці Яна Паца капэлян Ісаак Салакай у 1613 г. перадаў абраз у кляштар айцоў бернардынаў. Хутка выява Маці Божай Будслаўскай стала адной з самых папулярных на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Зьмешчаны ў касьцёле, гэты абраз з самага пачатку быў шанаваны простымі людзьмі і ў хуткім часе праславіўся шматлікімі цудамі і ласкамі. У 1635 г. ён быў перанесены ў галоўны алтар. Першы цуд апісаны ў 1617 годзе, калі сьляпы пяцігадовы хлопчык Ёзафат Тышкевіч (пазьней вядомы айцец кармэліт), молячыся перад абразом, раптам атрымаў зрок.
Ад пачатку 1990-х аднаўляецца культ абразу. Штогод пачалі адбывацца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. У 1991–1992 абраз быў рэстаўраваны Віктарам Лукашэвічам. 2 ліпеня 1996 папскі нунцый арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі абвясьціў папскае пасланьне, у якім Маці Божая Будслаўская названая патронкай МенскаМагілёўскае архідыяцэзыі, у народзе лічыцца Апякункай Беларусі. У 1998 кардыналам Казімерам Сьвёнткам цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай быў каранаваны папскімі каронамі.
Акном, якое зьвязвае сьвет нябесны і зямны, стала, па словах сьвяціцеля Грыгорыя Паламы, Божая Маці: «Вечна дзева Марыя — мяжа створанай і нястворанай прыроды, і Яе, як умясьцілішча Незьмясьцімага, будуць ведаць тыя, хто ведае Бога, і ўхваляць Яе пасьля Бога тыя, хто ведае Бога. Яна грунт тым — хто да Яе ідзе, Яна — Хадайніца за тых, хто пасьля Яе, і Заступніца спрадвечная. Яна — прадмет прароцтваў, пачатак апостальства, сьцьверджаньне мучанікам, падстава настаўнікам. Яна — слава зямных, весялосьць нябесных, упрыгожаньне ўсяго створанага. Яна — пачатак, крыніца нашага спадзяваньня на Нябёсах, якое і дасягнём толькі яе малітвамі за нас, у Славу найперш ад Бога Айца народжанага і ў апошнія часы ад Яе ўцелясьнёнага Ісуса Хрыста Госпада нашага, Яму належыць уся слава, гонар і пакланеньне цяпер, заўсёды і ў векі вечныя».
Маці Божая, просім цябе, маліся за нас грэшных цяпер, назаўжды, і навекі вякоў. Амінь.
Ян Хрысьціцель у пустынях
Эвангельле згадвае пра дзяцінства Яна сьцісла: «А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю» (Паводле Лукаша 1:80).
Ян нарадзіўся на паўгода раней за Хрыста і ў маладым узросьце адасобіўся ў Юдэйскай пустыні, дзе вёў вельмі строгае аскетычнае жыцьцё. Там ён адчуў пакліканьне абвяшчаць набліжэньне Божага валадарства і пачаў удзяляць хрост пакаяньня ў Ярдане. Вакол яго сабралася супольнасьць вучняў, да якой спачатку належалі і некаторыя з Апосталаў (Андрэй, Ян).
Па выразу адной царкоўнай малітвы, прарок Ян быў сьветлай ранішняй зоркай, якая сваім бляскам перабольшвала зьзяньне ўсіх іншых зорак і прадказвала раніцу добрага дня, які асьвятляўся духоўным Сонцам Хрыстом.
«Пачатак Дабравесьця Ісуса Хрыста, Сына Божага, як напісана ў прарокаў: „вось, Я пасылаю анёла Майго перад Табою. […] Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сьцежкі Яму“. Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў. І выходзілі да яго ўся краіна Юдэйская і Ерусалімляне; і хрысьціліся ў яго ўсе ў рацэ Ярдане, спавядаючыся ў грахах сваіх. А ў Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай, і еў акрыды і дзікі мёд. І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рэмень абутку Ягонага; я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым» (Марка 1:1—8).
Асноўнай тэмай пропаведзяў Яна быў заклік да пакаяньня.
Ян Хрысьціцель у кароткай туніцы стаіць на скале, перад ім вялікая група мужчын і дзіця, зьмешчанае на пярэднім пляне. Ян ня быў звычайным прапаведнікам — ён перадаваў людзям волю Бога, як старажытныя старазапаветныя прарокі, і нават больш гэтага, бо на яго сышоў Дух Сьвяты яшчэ ва ўлоньні маці (Паводле Лукаша 1:15). Ісус паказаў на Яна як на прыход прарока Ільлі, якога чакалі (Паводле Мацьвея 11:14; 17:12). «Ян люду, што прыходзіў хрысьціцца ў яго, казаў: выродзьдзе яхідніна? хто намовіў вас уцякаць ад будучага гневу? Прынясеце ж плады годныя пакаяньня, і ня думайце гаварыць самі сабе: „бацька ў нас Абрагам“; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму; ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь. І пыталіся ў яго людзі: што ж нам рабіць? Ён сказаў ім у адказ: у каго дзьве адзежыны, той дай таму, хто ня мае; і ў каго ёсьць ежа, рабі тое самае» (Лукаша 3:7—11).
У выявах Босха могуць уразіць ці зьбянтэжыць дробная дэталь, невялікі фрагмэнт — і сам па сабе і ў сувязі з цэлай карцінай. Сьв. Ян Хрысьціцель фантастычным пэйзажам, мала падобным на Палестыну 1-га стагодзьдзя. Сьвяты ляжыць сярод узгоркаў, на сакавітай траве. Мэсія яго (як Папярэдніка) ясная па яго поглядзе на ягня — знак Хрыста.
«Пыталіся ў яго таксама і воі: а нам што рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзіце, не паклёпнічайце, і задавольвайцеся сваёй платай» (Паводле Лукаша 3:14).
Прыняць ад Яна хрост прыйшоў Ісус, і Ян, паказваючы на Яго, сказаў: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі сьвету».
З пачаткам грамадзкага служэньня Ісуса Хрыста Сьвяты Ян засьведчыў, што яго місія, як Папярэдніка, завяршылася: «Ён мае расьці, а я — малець» (Яна 3:30).
Хрышчэньне Ісуса Хрыста
Гэта ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.
(Паводле Мацьвея 3:17)
Ісус Хрыстос хрысьціўся ад Яна. Эвангеліст Лукаш расказвае ў Эвангельлі пра нараджэньне Яна Хрысьціцеля, жыцьцё ў пустыні, прапаведаваньне і хрышчэньне. Сам Ісус сказаў, што «сярод народжаных (…) не было большага за Яна Хрысьціцеля».
Гасподзь падрыхтоўваў Яна да вялікага служэньня. Ён павінен быў аб’явіць народу пра хуткі прыход Мэсіі, Ісуса Хрыста, і заклікаць народ да пакаяньня. Так адбывалася тое, пра што прарокі пісалі за сотні гадоў да нараджэньня Яна: «Бо ён той, пра якога напісана: „вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою“ (Мацьвея 11:10)». «Голас таго, хто кліча: у пустыні падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце ў стэпе сьцежкі Богу нашаму…» (Ісая 40:3).
Многія пыталіся: «Няўжо Ян той абяцаны мэсія, Збавіцель?». Ян на гэта адказваў: «Ідзе Мацнейшы за мяне».
Адлюстроўваючы падзею Хрышчэньня, мастак сумяшчае Хрышчэньне і сашэсьце Сьвятога Духа, што ўвайшло ў традыцыю.
Ва ўзросьце трыццаці гадоў Ісус пакінуў Назарэт і прыйшоў на раку Ярдан каб хрысьціцца ад Яна. Ісус не меў патрэбы хрысьціцца ў пакаяньні, як хрысьціўся народ. Але Ён прыйшоў, каб прыняць хрост і асьвяціць яго Сваім прыкладам, і зрабіць першай і галоўнай Тайнай, дзякуючы якой мы становімся хрысьціянамі, дзецьмі Божымі і сябрамі Ягонай Царквы. Прыйшоў, каб абвясьціць сьвету аб прыходзе Мэсіі, які быў засьведчаны Богам Айцом і Сашэсьцем Сьвятога Духа. Ян жа сказаў Яму: «Мне трэба ў Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне?» Але Ён сказаў у адказ яму: «дапусьці цяпер, бо так належыць нам зьдзейсьніць усякую праведнасьць». Тады Ян дапускае Яго. Ахрысьціўшыся, Ісус адразу выйшаў з вады і, вось адчыніліся раптам нябёсы, і ўбачыў Ян Духа Божага, які сыходзіў, як голуб, на Ісуса Хрыста. І голас з неба Бога Айца гучна прамовіў: «Гэта ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў».
У знакамітай галерэі Уффіці ў Флярэнцыі захоўваецца карціна флярэнтыйскага майстра другой паловы 15 в. Андрэа Верок’ё «Хрышчэньне Хрыста». Але ў каталёгу яна ідзе яшчэ як твор Леанарда да Вінчы. Бо анёл на пярэднім пляне зьлева намаляваны юным вучнем Верок‘ё Леанардам да Вінчы. Гэты анёл парушае гледача, як вобраз новага сьвету, які нясе Хрыстос.
«Хрышчэньне Хрыста» — адзіная карціна, пра якую пэўна вядома, што яна прыналежала алтарнаму цыклу, напісанаму для школы «абутых» аўгустынаў у Мадрыдзе.
Ян Хрысьціцель лье на галаву Хрыста Сьвятую ваду, якая нібы зыходзіць з зіхатлівага Сьвятла, падараванага Богам Бацькам і Сьвятым Духам, знакам якога зьяўляецца голуб. Уся карціна напоўненая адчуваньнем духоўнасці.
«Тады Ісус быў паведзены Духам у пустыню, на спакушэньне ад д'ябла.
І, пасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, напасьледак згаладаўся. І падступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі. А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых»» (Мацьвея 4:1—4).
Дэталь карціны Тыцыяна, на якой Хрыстос спакушаецца маладым д’яблам у абліччы прыгожага нявіннага юнака, які намаўляе Хрыста ператварыць камень ў хлеб, даказваючы, што ён сапраўды Сын Божы.
«Тады бярэ Яго д'ябал у сьвяты горад і ставіць Яго на крыле храма, і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: „Анёлам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю“. Сказаў яму Ісус: напісана яшчэ: „не спакушай Госпада Бога твайго“. Зноў бярэ Яго д'ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы сьвету і славу іх, і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне. Тады кажа яму Ісус: адыдзі ад мяне, сатана; бо напісана: „Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы“. Тады пакідае Яго д'ябал, — і вось, анёлы прыступілі і слугавалі Яму» (Паводле Мацьвея 4:5—11).
Усе тры спакусы Хрыста намаляваў Сандра Бацічэлі на фрэсцы ў Сыкстынскай капэле.
Зьлева ўгары — д'ябал угаворвае Хрыста, ператварыць камяні ў хлеб. У цэнтры ўгары — д'ябал, замаскіраваны, як пустэльнік спрабуе пераканаць Хрыста кінуцца ўніз. Справа ўгары — д’ябал паказвае Сыну Бога бляск сусьветнага багацьця, якое ён яму прапануе. Аднак, Хрыстос адганяе д'ябла, і той паўстае ў праўдзівым, д'ябальскім выглядзе. Побач, тры анёла падрыхтавалі стол да імпрэзы эўхарыстыі і сталі служыць Хрысту.
Спакушэньне Збавіцеля ў пустыні зьяўляецца сымбалям для кожнага чалавека. Нават самыя моцныя людзі баяцца і пакутуюць, хочуць улады і багацьця, спрабуюць адмовіцца ад заганаў сумленьня і Дэкалёгу. Як аказаць супраціўленьне такім праяўленьнем зла, як расьсеяць цемру чалавечага сэрца? Як знайсьці Бога сярод розных праблемаў і стварыць у сабе такі стан духа, які дазволіў бы адрозьніць Сьвятло ад цемры, праўду ад маны, свабоду ад рабства?
У гэтым творы няма дзеяньня, але бачна паказана жыцьцё духу, праца думкі. Ногі Хрыста зраненыя вострымі камянямі, постаць паніклая, рукі пакутліва сьціснутыя, над пахіленай галавой незаўважаемы Ім цячэ і цячэ час. А тым часам змардаваны твар Хрыста перадае ня толькі пакуту, але, насуперак усяму, выяўляе неверагодную сілу волі і гатовасьць зрабіць першы крок па камяністым шляху, які вядзе да Галгофы. Спакуса, што зьдзейсьнілася з Хрыстом у пустэльні, здараецца з кожным з нас.
Мы ня можам праводзіць час у кельлях пустэльнікаў, каб задумацца над уласнай верай і глыбінёй сваёй сувязі з Богам. Аднак… Калі хто хоча выратаваць сябе, то павінен умець стварыць сабе такія ўмовы, каб увайсьці ў найбліжэйшы кантакт з Богам. Таму «пустыняй» можа быць кожнае месца цішыні і роздуму, дзе кожны робіць рахунак сумленьня для сябе і падрыхтоўваецца для далейшай дзейнасьці.
Пасьля спакушэньня д’яблам Ісус вяртаецца з пустыні. Гэту падзею адлюстраваў у сваім творы мастак Аляксандр Іваноў. Яго адправілі ў Італію вучыцца мастацтву, а ён застаўся там аж на 28 гадоў. У Італіі пачаў працу над манумэнтальным палатном «Яўленьне Хрыста народу». Час ішоў, а канца працы не было відаць. Дваццаць гадоў патраціў мастак, каб стварыць гэты цуд. У цэнтры карціны Ян у акружэньні народу “ у вопратцы з вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай». «На другі дзень бачыць Ян Хрыста, Які ідзе да яго, і кажа: вось Ягня Божае, Якое бярэ на Сябе грэх сьвету…» (Паводле Яна 1:29).
Сярод тых хто сабраўся на беразе Ярдану багатыя і бедныя, знатныя і прыніжаныя, моцныя і ўбогія, юнакі і старцы, мудрыя і прастадушныя, добрыя і злыя…
Адныя вераць словам Яна, другія не, іншыя задумаліся. Не ўсе хочуць, каб сьвет зьмяніўся і дабро перамагло зло. Багатым шкада свайго багацьця, уладары баяцца згубіць уладу… Сымэтрычна Яну разьмешчана постаць раба. Раб прысеў ля свайго ўладальніка, твар якога невідочны, але ўся фігура раскрывае яго статус. Раб у момант пачатку адзяваньня пана пачуў словы Яна. На яго твары з прывычным выразам пакуты ўпершыню засьвяцілася надзея. Але не толькі. Тут і радасьць, недавер, насьмешка і добрая ўсьмешка, якая ўпершыню зьявілася на гэтым змучаным твары.
Працуючы над карцінай мастак зрабіў вельмі многа эскізаў, шукаючы адпаведныя варыянты. Гэтыя эскізы набылі самастойнае жыцьцё пад назвай «Біблейскія эскізы».
Калі пасьля амаль 30-гадовага камуністычнага выхаваньня мне давялося з забітай беларускай вёсачкі трапіць у Трацякоўскую галерэю і ўбачыць гэту карціну, да мяне ўпершыню прыйшоў Бог. Яна адна з мноства іншых карцін засталася ў памяці назаўсёды і стала першым штуршком на пошук дарогі да ісьціны. Так як народ на карціне Іванова я ўпершыню ўбачыў Хрыста, які як бы зьявіўся і мне так сама, як тым людзям на беразе Ярдана…
Пакліканьне першых вучняў
«А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі. І кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім. Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Якава Завядзеевага і Яна, брата ягонага, у лодцы з Завядзеем, бацькам іхнім, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх. І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім» (Мацьвея 4:18—22).
Найболей поўна аповяд Мацьвея ілюструе ватыканская фрэска Даменіка Гірландая. Яна вядомая пад назвай «Пакліканьне Апосталаў Пятра і Андрэя», але ўважлівы погляд глядача можа выявіць, што мастак намаляваў таксама пакліканьне Якава і Яна. На фрэсцы тры моманты гэтай падзеі.
Хрыстос як бы ідзе па беразе возера зьлева направа — «Адтуль, ідучы далей…» (Паводле Мацьвея 4:21); у левай частцы фрэскі на заднім пляне Хрыстос зьвяртаецца да Пятра і Андрэя, якія знаходзяцца ў лодцы; у цэнтры на пярэднім пляне Хрыстос, відавочна, прамаўляе свае галоўныя словы: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў». Апосталы стаяць перад Ім укленчаныя; нарэшце, у правай частцы фрэскі на заднім пляне Хрыстос ужо ў суправаджэньні Пятра і Андрэя зьвяртаецца да Якава і Яна, якія сядзяць разам зь іх бацькам у лодцы.
Марк пакліканьне вучняў апісваі так: А праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі. І сказаў ім Ісус: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі за Ім. І прайшоўшы адтуль далей, Ён угледзеў Якава Зевядзеевага і Яна, брата ягонага, таксама ў лодцы; яны ладзілі мярэжы, і адразу заклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім» (Марка 1:16—20).
«…Яны злавілі вялікае мноства рыбы, і нават мярэжа ў іх рвалася. І далі знак супольнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі пасобіць ім, і прыйшлі, і напоўнілі абедзьве лодкі, так што яны пачалі тануць. Убачыўшы гэта, Сымон Пётр прыпаў да каленяў Ісуса і сказаў: выйдзі ад мяне, Госпадзе! бо я чалавек грэшны. Бо жах агарнуў яго і ўсіх, хто быў зь Ім, ад гэтага ўлову рыбы, імі злоўленае; таксама і Якава і Яна; сыноў Зевядзеевых, якія былі супольнікамі Сымону. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся; ад сёньня будзеш лавіць людзей. І выцягнуўшы абедзьве лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Ім» (Лукаша 5:1—11).
Што да вучняў Ісуса, то першым зь іх Лукаш згадвае ў гэтым эпізодзе Пятра. Ён і ў Рафаэля намаляваны бліжэй усіх да Хрыста. Перад Выратавальнікам Пётр стаіць на каленях. За ім Андрэй — жэст яго рук выяўляе зьдзіўленьне. Двое рыбакоў у другой лодцы, якія цягнуць сеткі, — Якаў і Ян. Трэці ў іх лодцы — іх бацька Зэбэдэй. Рафаэль малюе, як яны насілу цягнуць сець, поўную рыбы.
Цудоўная лоўля рыбы ёсць правобразам Божага пакліканьня для Апосталаў. З гэтага часу яны перасталі займацца рыбнай лоўляй, але сталі на шлях служэньня Богу — «лаўцамі чалавекаў» для Царства Божага.
Хоць сюжэт пакліканьня Пятра і Андрэя сустракаецца ў заходнім жывапісе найболей часта, вядомыя прыклады ілюстраваньня пакліканьня другой пары вучняў — Якава і Яна, сыноў Зэбэдэя. Аб гэтым карціна (1510г.) Марка Базаіці.
Хрыстос стаіць на беразе возера; Яго суправаджаюць ужо Пётр і Андрэй; з лодкі, што прычаліла да берага, выходзяць Якаў і Ян, першы ўжо схіліў калені перад Хрыстом, які благаслаўляе яго. Не гледзячы на тое што і Мацьвей і Марк, чые аповяды мог мець на ўвазе мастак, аднадушныя ў сьцвярджэньні, што Якаў і Ян пакінулі «лодку і бацьку свайго», Базаіці малюе, што іх бацька, таксама робіць крок з лодкі.
Аб пакліканьні часта думаем у кантэксьце пакліканьняў Сьвятарскіх і манаскіх. Але, ці не датычыць пакліканьне кожнага з нас? Бо ў рэшце рэшт, Бог заклікае кожнага з нас да выкананьня нашай ролі.
Хтосьці могуць быць добрымі бацькамі, хтосьці адчувае пакліканьне быць добрым урачом або настаўнікам, або звычайным добрым работнікам. Як знайсьці гэта ў сабе? Як пачуць голас пакліканьня? Часам гэта проста, бо мы «ад пачатку» ведаем, кім мусім быць. І, часам гэта нам удаецца, а часам не. Я з раньняга ўзросту быў упэўнены, што буду лётчыкам. Не адбылося. Ці азначае гэта, што жыву не па прызначэньню? Не думаю, напэўна маё жыцьцё было скарэктавана. Ці я ад пачатку памыляўся і не зразумеў сваё пакліканьне? Толькі як яго зразумець? Як пачуць і не сысьці з правільнага шляху?
Бесплатный фрагмент закончился.
Купите книгу, чтобы продолжить чтение.