Уступ
Як зроблена нудная кніга пра гісторыю дзяржавы?
На думку аўтара, нудная кніга ўключае сухі тэкст, бясконцыя цытаты з даўно неактуальных працаў, памылковыя дадзеныя, якія вандруюць з публікацыі ў публікацыю…
Але аўтар гэтых радкоў вырашыў напісаць нянудную кнігу!
Таму чытач не сустрэне тут паслядоўнага выкладу тых падзей, якія даўно апісаны ў іншых выданнях. Кароткі храналагічны выклад гісторыі Княства можна знайсці нават у вікіпедыі, але гэтая кніга прапануе чытачу іншае.
Аўтар, у канве акадэмічнай навуковай працы, канцэнтраваўся на развянчанні гістарычных міфаў, вылучэнні гіпотэз і асвятленні менш вядомых фактаў аб Вялікім княстве Літоўскім. Але інфармацыя тут дадзена ў навукова-папулярным ключы. Такім чынам, кніга спалучае ў сабе як прыкметы строга навуковай працы, так і навукова-папулярнага выдання.
Такі падыход дазваляе аўтару спадзявацца, што кніга не стоміць непрафесійнага гісторыка, але пры гэтым будзе нечым карысная і прафесіяналам нашага цэха.
Для кнігі была адабрана некаторая колькасць пытанняў, з ліку дасланых аўтару — як стандартных, так і даволі арыгінальных.
Валодаючы дастатковай кваліфікацыяй для ўласных даследаванняў і навукова-крытычнага падыходу да матэрыялаў аўтар шануе сцісласць. Таму, падчас працы над дадзенай кнігай, не ставілася задача стварыць вялізнае па аб'ёме выданне, пры гэтым перапісаўшы ў яго дзясятак працаў іншых гісторыкаў.
У якасці доказаў, тут выкарыстаны пэўныя дакументы, а гіпотэзы аформлены як гіпотэзы, а не «абсалютная ісціна».
Усё, вядома ж, для таго, каб стварыць максімальна аб'ектыўны аповед пра мінулае.
Працягваючы нясціпла хваліць сваю працу, аўтар адзначыць, што стараўся захоўваць «нацыянальную нейтральнасць».
Не сакрэт, што еўрапейская дзяржава, якой прысвечана гэтая кніга, да гэтага часу служыць прадметам спрэчак, і гэтыя спрэчкі, нярэдка, закранаюць нацыянальныя сімпатыі спрачальнікаў; гэта значыць, палемісты імкнуцца давесці, што Вялікае княства Літоўскае павінна з'яўляцца спадчынай менавіта іх народа.
Аўтар знаёмы з літоўскімі, беларускімі, польскімі і рускімі публікацыямі і канцэптамі, якія тлумачаць, што з сябе ўяўляла ВКЛ. І таму чытач зможа ўбачыць на старонках дадзенага выдання ідэі з розных гістарыяграфічных прастор, прычым кожная з іх была падвергнута крытычнаму аналізу, а не проста бяздумна ўпісана ў новы тэкст.
Аўтар самастойна пераклаў дакументы, якія тут цытуюцца, выканаўшы, сярод iншых, рыфмаваныя пераклады.
Сканчаючы гэтае дакучлівае ўсхваленне ўласнай працы, аўтар хоча прысвяціць некалькі слоў сваёй папярэдняй кнізе пра ВКЛ, якая мае назву «Вялікае княства Літоўскае і беларускі нацыянальны міф».
Чытач быў настолькі паблажлівы, што добра прыняў тую працу, таму яе стваральнік ад душы кажа дзякуй усім, хто прачытаў кнігу і застаўся задаволены. Ну а тым, каму кніга ўсё ж не спадабалася — дзякуй за выдаткаваны час.
Чытачу незнаёмаму са згаданай кнігай, аўтар, зразумела, раіць яе прачытаць.
Асаблівае задавальненне аўтару даставіла ўвага да яго мінулай працы з боку мэтраў айчыннай навукі, у прыватнасці, водгукі Вячаслава Леанідавіча Насевіча, якога аўтар чытаў яшчэ ў школьныя гады.
Застаецца спадзявацца, што і гэтая праца прыцягне ўвагу калег. Хоць кніга, як сказана вышэй, арыентавана на масавага чытача і не ўтрымоўвае велізарнага масіва новых дадзеных, яе тэкст, як таксама было адзначана раней, паказвае дэканструкцыю ўстояных міфаў, што, тэарэтычна, можа быць цікава не толькі аматарам гісторыі, але нават некаторым прафесіяналам.
Ну вось, дарагі чытач, хопіць лішніх слоў! Прыйшоў час для пытанняў і адказаў!
Аб пачатку і ўладарах
Як зьявілася слова Літва?
Першыя згадкі Літвы адносяць да 1009 года. У яе рэгіёне тады загінуў прапаведнік Бруна Кверфурцкі — нямецкі арыстакрат, які меў высокі сан біскупа.
У Кведлінбургскіх аналах, датаваных XI стагоддзем, чытаем аб тым, што Бруна быў абезгалоўлены in confinio Rusciae et Lituae, гэта значыць «на мяжы Русі і Літвы».
Адносна значэння і паходжання назвы існуе мноства розных версій. Больш-менш пераканаўчыя гіпотэзы звязваюць назву з прытокам Віліі, маленькай рэчкай Летаўкай. Аўтар можа тут заўважыць, што шлях наймення нейкага племя па назве геаграфічных аб'ектаў здаецца цалкам лагічным. Да прыкладу, дрыгавічы — адно з леглых у аснову беларускага этнасу ўсходнеславянскіх плямёнаў, верагодна, атрымалі назву дзякуючы балоцістай мясцовасці, якую яны займалі. У беларускай мове, як вядома, і зараз ёсць слова «дрыгва».
Палачане, якія засялялі першую самастойную дзяржаву продкаў беларусаў — Полацкае княства, як можна думаць, атрымалі назву ад ракі Палаты.
У сучаснай Рэспубліцы Літва дастаткова папулярная версія з паходжаннем імя краіны ад назвы дружыннікаў, што былі ў атрадах літоўскіх нобіляў. Такіх ваяўнікоў нібы звалі «лейчы». У гэтым выпадку тлумачэнне нагадвае версію з паходжаннем не зусім зразумелага славянам слова «русь», якім першапачаткова, як лічыцца, называлася варажская дружына скандынаўскіх манархаў, што кіравалі ўсходнеславянскімі землямі.
Маргінальная версія гаворыць аб паходжанні назвы Літвы ад славянскага племя люцічаў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Германіі. Абгрунтоўваюць гэтую сувязь звычайна назвамі населеных пунктаў на землях Беларусі, беларускімі прозвішчамі з коранем «лют» ды іншымі, аналагічнымі па дарэчнасці, аргументамі.
Аўтар, мякка кажучы, скептычна глядзіць на падобныя развагі і прапануе прыхільнікам падобных тэорый запісаць у «спадчыну люцічаў» швейцарскі Люцэрн ці, да прыкладу, Пімпальгаон Лют у Індыі. Нашчадкам люцічаў, для людзей, якія разважаюць такім чынам, мабыць, павінен з'яўляецца і знакаміты нямецкі багаслоў Марцін Лютэр, а можа быць нават чарнаскуры змагар за правы афраамерыканцаў Марцін Лютэр Кінг. І вядома ж, у гонар люцічаў была названая кветка — казялец (люцік).
Кажучы больш сур'ёзна, варта адзначыць, што фанетычных супадзенняў, зразумела, недастаткова для вылучэння навукова абгрунтаванай гіпотэзы. Гісторыкі павінны карыстацца дадзенымі дакладных гістарычных дакументаў і дапаможных гістарычных дысцыплін, а не псеўданавуковым аналізам фанетыкі.
Капанні ў лексіцы гістарычных дакументаў увогуле з'яўляюцца любімым заняткам многіх гісторыкаў-маргіналаў.
Аўтар асабіста чытаў у інтэрнэце запісы некаторых аматараў гісторыі, якія цалкам сур'ёзна вяшчаюць пра адрозныя адзін ад аднаго народы лютаў, літванаў, літвінаў, лётаваў і іншых літванораў. Падобныя «народы» з'яўляюцца як следства разнабойнай перадачы замежнымі храністамі назову літоўцаў.
Думаць, што літваны і літоўцы з'яўляюцца рознымі народамі, гэта прыкладна так, як думаць, што замежнік які называе, да прыкладу, рускіх «рузькімі» гаворыць аб асобным народзе, а не проста перакручвае назву з-за няздольнасці яе правільна вымавіць.
Акрамя таго, прыхільнікі «люціцкай Літвы» могуць даваць спасылкі на псеўдагістарычныя працы аўтараў XIX-ХХ стагоддзяў, напрыклад, Паўла Шафарыка і Вацлава Пануцэвіча, якія ніколі не з'яўляліся кампетэнтнымі гісторыкамі.
Аўтар дастаткова падрабязна асвяціў тут «лютычную версію», каб адзначыць яе непраўдападобнасць, у сувязі з чым яе неабходна рэзка аддзяліць ад прыкладна раўназначных, у плане пераканаўчасці, «геаграфічных версій» і версіі воінаў-лейчы.
Пры гэтым, прыхільнікаў літоўцаў-лютычаў, сярод аматараў гісторыі, не так ужо і мала. Аўтар нават меў магчымасць камунікаваць з прафесійнымі гісторыкамі, якія падзяляюць падобныя погляды.
Дарэчы, не ясна навошта стваральнікам «люціцкай версіі» патрэбны гэтыя палабскія славяне, калі ва ўсходніх славян ёсць свае прыдатныя імёны. Вядомы, да прыкладу, сын кіеўскага ваяводы Лют Свенельдзіч, які згадваецца ў адносна дакладнай Аповесці мінулых часоў.
Менавіта ва ўсходнеславянскіх і балцкіх мовах дарэчна шукаць асновы для назваў населеных пунктаў рэгіёна і прозвішчаў мясцовых ураджэнцаў.
Але вернемся да назвы Літвы. Існуюць версіі, якія выводзяць назву гэтай балцкай дзяржавы ад нейкага міфічнага заснавальніка. Падобнай схемай тлумачаць назвы племя радзімічаў, легендарным правадыром якіх з'яўляецца нейкі Радзім. Ягоны брат Вятка, у сваю чаргу, нібыта даў імя племені вяцічаў.
У дадзеным кантэксце цікавыя звесткі знакамітага польскага гісторыка Юзэфа Крашэўскага, які згадвае пра князя Літво (Litwo). Гэты ўладца, паводле легенды, заснаваў замак Garto (Гродна), а імя князя перайшло на ўвесь ягоны край. Мабыць, на фармаванне такой гісторыі паўплывала найважнейшая роля Гродна ў ВКЛ, ведаючы пра якую стваральнікі легенды звязалі заснаванне наднёманскага горада з заснаваннем усёй літоўскай дзяржавы.
Часам слова Літва выводзяць ад простага і зразумелага славянам слова «ліць».
З вышэйпададзенага бачна, што адзінай, агульнапрынятай і абсалютна пераканаўчай версіі, якая тлумачыць назву Літвы, пакуль яшчэ няма.
Калі б аўтара настойліва прасілі выбраць адну з гэтых версій, то ён, мабыць, зрабіў бы стаўку на геаграфічную прыроду назвы, то бок пераход назвы ракі ці горада на тэрыторыю і этнас.
Аднак варта яшчэ раз падкрэсліць, што казаць, у дадзеным выпадку, варта толькі аб гіпотэзах.
Калі зьявілася Вялікае княства Літоўскае?
Некаторыя спецыялісты (у асноўным літоўцы) з'яўляюцца прыхільнікамі тэорыі ўтварэння ВКЛ яшчэ да Міндоўга. Да прыкладу, у пэўным Галіцка-Валынскiм летапісе згадваецца дамова валынцаў, заключаная ў першай палове XIII стагоддзя з вялікай колькасцю літоўскіх ўладароў, галоўным з якіх звычайна лічыцца той, што носіць даволі славянскае, па гучанні, імя, князь Жывінбуд.
Згодна з ГВЛ:
«Імёны літоўскіх князёў былі: старэйшыя Жывінбуд, Даўят, Даўспрунг, брат яго Міндоўг, брат Даўята Вілікаіл».
Гэтыя дадзеныя, у спалучэнні з іншымі дакладнымі звесткамі, дазваляюць абгрунтавана сцвярджаць, што ўжо на пачатку XIII стагоддзя (а, верагодна, і нашмат раней) у літоўскіх землях існавала добра пабудаваная, іерархічная піраміда, з манархам і арыстакратыяй на вяршыні.
Літоўскі гісторык Томас Баранаўскас дакранаецца да пытання існавання літоўскай дзяржавы ў сваім артыкуле «Mindaugo karunavimo ir Lietuvos karalystes problemos» і цалкам лагічна заўважае:
«Літоўская дзяржава, верагодна, існавала і да Міндоўга».
Пры гэтым традыцыйна лічыцца, што заснавальнікам ВКЛ быў першы і апошні літоўскі кароль Міндоўг, які кіраваў у XIII стагоддзі.
Аўтар падтрымлівае версію таго, што ВКЛ было менавіта аб'яднанай балта-славянскай (альбо славяна-балцкай) дзяржавай, адпаведна, менавіта Міндоўг, які першым распаўсюдзіў сваю ўладу на буйныя славянскія цэнтры Панямоння, зрабіў важны ўклад у стварэнне гэтай дзяржавы.
Гады існавання літоўскай дзяржаўнасці можна, тэарэтычна, адлічваць і ад перыяду, які папярэднічаў праўленню Міндоўга. Але казаць пра ВКЛ, да ўзвышэння літоўскага манарха ў славянскіх гарадах, усё ж, на думку аўтара, не варта.
Ці праўда, што насамрэч Вялікае княства Літоўскае стварыў Войшалк, а не Міндоўг?
Вядома, што некаторыя даследчыкі выводзяць на першы план Войшалка, абвяшчаючы менавіта яго стваральнікам ВКЛ. У такой ролі гэты ўладца паказаны, напрыклад, у беларускага гісторыка-аматара Мікалая Ермаловіча і прафесара гісторыі Сяргея Рассадзіна.
На думку аўтара, Войшалк сапраўды ўнёс важнейшы ўнёсак у фарміраванне дзяржавы. Аб'ядноўваючы мяцежныя балцкія землі пад сваёй уладай, ён пры гэтым абапіраўся на дружыны славянскіх гарадоў.
Аднак Войшалк, заручыўшыся падтрымкай валынцаў, фактычна страціў поўную незалежнасць і выступаў хутчэй васалам галіцка-валынскіх князёў, чым паўнаўладным манархам. Можа сын Міндоўга адчуваў хісткасць свайго становішча і ўсведамляў, што з'яўляецца непатрэбным канкурэнтам для валынскіх Рурыкавічаў у барацьбе за ўладу над Літвой, і менавіта таму рабіў дзіўныя для магутнага князя спробы сыходу ў манастыр? Так ці інакш, валынцы не пасаромеліся падняць руку на князя-манаха, і Войшалк быў забіты сынам і спадкаемцам караля Данііла, Львом Данілавічам.
Пасля Войшалка ў ВКЛ валадарыў галіцка-валынскі князь Шварн Данілавіч. Аднак, па невядомых спецыялістам прычынах, улада ў Літве вярнулася ў рукі мясцовага манарха, а менавіта Тройдзеня.
Некаторыя літоўскія гісторыкі жадаюць бачыць у прыходзе літоўскага ўладцы нейкі зварот да «нацыянальных каштоўнасцяў» у тым ліку паганства, хаця акалічнасці атрымання ўлады Тройдзенем невядомыя.
Затое з Галіцка-Валынскага летапісу дакладна вядома пра хрысціянскіх братоў вялікага князя, што не сведчыць на карысць нейкага «літоўска-паганскага» характару дзяржавы, а наадварот гаворыць пра «падвойную прыроду» ВКЛ, у якім улічваліся інтарэсы як Літвы, так і Русі.
Менавіта Тройдзень нарэшце пачынае паспяхова супрацьстаяць валынцам, якія да гэтага практычна ўвесь час бяруць верх над літоўцамі, прынамсі ў запісах валынскіх храністаў.
Выкарыстоўваючы славянскую ваенную сілу, у прыватнасці, гарадзенскую дружыну, вялікі князь змагаецца з валынцамі і захоплівае вялікі буйны і багаты Драгічын (Драхічын).
Такім чынам, вялікія князі XIII стагоддзя, а менавіта Міндоўг, Войшалк і Тройдзень, на думку аўтара, унеслі вялікі ўклад у фарміраванне дзяржавы на ранніх этапах яе існавання. Таму, не адмаўляючы важную ролю Міндоўга, трэба ўлічваць значэнне яго прымачоў на троне Літвы, і перш за ўсё сына літоўскага караля, вялікага князя Войшалка.
Фарміраванне дзяржавы, зразумела, не скончылася ў XIII стагоддзі. Значны ўклад у развіццё краіны ўнёс вялікі князь Гедымін, які выразна абазначыў сталіцу Літвы, горад Вільню, і значна пашырыў межы сваёй краіны.
Але нават пры Гедыміне ВКЛ усё яшчэ нагадвала нейкую унію напаўнезалежных княстваў. Зямлямі, якія фармальна ўключаліся ў ВКЛ, кіравалі не толькі сыны Гедыміна, у прыватнасці, Альгерд і Кейстут (адпаведна, віцебскі і трокскі князі), але і, відаць, члены спрадвечных, славянскіх дынастый, да прыкладу, мінскі князь Васіль.
Падобным чынам быў арганізаваны пандзяржаўны звяз, вядомы ў гісторыі як Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі, дзе асобныя землі кіраваліся адносна незалежнымі ад імператара валадарамі.
Фарміраванне ВКЛ як адзінай краіны, з выразна выяўленай і структураванай цэнтральнай уладай, было доўгім, а важнейшы ўклад у стварэнне дзяржавы ўносілі розныя манархі.
Адкуль паходзілі манархі Вялікага княства Літоўскага?
Не ўносячы ў разуменне гісторыкаў нейкіх вялікіх нечаканасцяў старажытныя дакументы паказваюць, што Літвой кіравалі этнічныя літоўцы. Хоць, тут варта адзначыць, што існуюць розныя версіі паходжання літоўскіх ўладнікаў, пра што яшчэ будзе сказана далей.
Роднасныя сувязі балцкіх валадарцаў ВКЛ прадстаўляюць для даследчыкаў пэўнага роду складанасць, ці, кажучы інакш, генеалагічныя ланцужкі нясуць у сабе разрывы, якія не дазваляюць дакладна вызначыць ці звязаны першы і апошні кароль Літвы Міндоўг з вялікім князем Гедымінам.
Пасля Гедыміна паходжанне ўсіх літоўскіх манархаў ужо добра прасочваецца на падставе пэўных дакументаў.
Апроч найбольш знакамітых балцкіх ўладцаў ВКЛ, такіх як Міндоўг, Гедымін, Альгерд, Вітаўт і Ягайла, валадарамі Літвы з'яўляліся значна менш вядомыя манархі. Напрыклад, пасля Войшалка Літвой кіраваў Шварн Данілавіч з дынастыі Рурыкавічаў. Гэта князь з'яўляўся адзіным, калі можна так сказаць, афіцыйным прадстаўніком знакамітай манаршай дынастыі Русі на стальцы ВКЛ.
Зрэшты, Войшалк знаходзіўся ў падпарадкаванні іншага галіцка-валынскага Рурыкавіча, а менавіта Васількі Рамановіча, якога, паводле пэўнага Галіцка-Валынскага летапісу, сын Міндоўга называў «бацькам і панам», што з'яўляецца традыцыйным для летапісаў указаннем на васальную залежнасць. І хоць дакументы не дазваляюць даследчыкам вызначыць наколькі значнай насамрэч была залежнасць Войшалка ад Васількі, усё ж і гэтага Рурыкавіча можна лічыць фармальным вярхоўным уладаром Літвы, хоць ён не фігуруе ў традыцыйных пераліках вялікіх князёў літоўскіх.
Асвятляючы ўклад Рурыкавічаў у кіраванне Літвой можна адзначыць і некаторых жанчын, у прыватнасці, князёўну, вядомую як Марыя Віцебская, а таксама Іўліанію Цвярскую, якія не мелі надта вялікага ўплыву на палітыку краіны, але былі жонкамі вялікага князя Альгерда.
Некаторыя даследаванні ставяць пытанне аб паходжанні ад Рурыкавічаў княжацкага роду Вішнявецкіх. Як вядома, Міхаіл Вішнявецкі быў вялікім князем літоўскім і каралём польскім.
У венах Соф'і Гальшанскай, заснавальніцы магутнай дынастыі Ягелонаў, цякла кроў традыцыйна звязаных з Рурыкавічамi князёў Друцкіх. Пры гэтым, нябачаныя гісторыкамi мінулага генетычныя даследаванні, быццам бы паказваюць на паходжанне Друцкіх не ад Рурыкавічаў ці Гедымінавічаў, але ад нейкай мясцовай дынастыі, з ваколіц Друцка.
Генетычныя даследаванні таксама пацвярджаюць «варажскую версію» паходжання Рурыкавічаў, то бок кажуць аб паходжанні Рурыка аднекуль з наваколляў старажытнага шведскага горада Упсалы, дзе ўсё яшчэ ўзвышаецца самы велічны гатычны сабор Швецыі, які стаў магільным склепам тамтэйшых манархаў.
Зразумела, да інтэрпрэтацыі дадзеных генетычных даследаванняў гісторыкам трэба падыходзіць з вялікай асцярожнасцю, бо гэтыя звесткі нельга пацвердзіць праз вывучэнне гістарычных архіваў, а самі спецыялісты-генетыкі нярэдка супярэчаць адно аднаму. Вядома, што ў межах генетычнага даследавання беларусаў часам аб'яўляюць балтамі, а часам славянамі.
Прымаючы або адхіляючы скандынаўскае паходжанне вялікага князя Шварна, нельга, аднак, абгрунтавана адмаўляць прысутнасць скандынаваў на троне ВКЛ, бо ўладарамі Літвы былі прадстаўнікі шведскага каралеўскага дома Ваза (Васа), а менавіта: Жыгімонт III, Уладзіслаў IV і Ян II Казімір.
Літвой таксама валадарыў венгерскі арыстакрат Стэфан Баторый, чый род быў даволі цесна звязаны з родам Улада Цэпеша, прататыпа літаратурнага Графа Дракулы.
Прататыпам літаратурных персанажаў быў і яшчэ адзін вялікі князь літоўскі, а менавіта Генрых Валуа — кароль Францыі і брат Маргарыты Валуа: знакамітай «каралевы Марго», з твораў Аляксандра Дзюма.
У пераліку вялікіх князёў літоўскіх знаходзяцца прадстаўнікі трох польскіх арыстакратычных родаў: Ян Сабескі, Станіслаў Ляшчынскі і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Каралі польскія i вялікія князі літоўскія Аўгуст Моцны і Аўгуст III належалі да нямецкага роду Вецінаў.
Немалую ўладу ў ВКЛ мела вялікая княгіня Бона Сфорца, з італьянскага роду, прадстаўнікі якога былі мецэнатамі вялікіх людзей мастацтва, у прыватнасці, самага знакамітага мастака ўсіх часоў — Леанарда да Вінчы.
Бона, не з'яўляючыся манархам фармальна, аказвала значны ўплыў на жыццё краіны. Гэтая прадпрымальная жанчына здолела зарабіць у Літве вялікія грошы, дзякуючы сваім добрым эканамічным рэформам.
Падобная прадпрымальнасць і ўплыў Боны на палітыку яе мужа Жыгімонта I і сына Жыгімонта Аўгуста настолькі не падабаліся літоўскім і польскім магнатам, што благая слава трымалася і праз 82 гады пасля смерці каралевы, калі ўплывовы польскі вяльможа і князь Свяшчэннай Рымскай імперыі Каспер Дэнгаф называў каралеву польскую і вялікую княгіню літоўскую Цэцылію Габсбург «бонкай», гэтым намякаючы на жаданне Цэцыліі мець рэальную палітычную ўладу, падобна Боне Сфорцы.
Такім чынам, як не цяжка заўважыць чытачу, кампанія літоўскіх манархаў адрознівалася значнай разнастайнасцю і ў ёй прысутнічалі надзвычай цікавыя асобы.
Адкуль паходзіла дваранства Вялікага княства Літоўскага?
Не варта забывацца і на магутную арыстакратыю, тым больш што ў ВКЛ рана акрэслілася тэндэнцыя да абмежавання ўлады манарха.
На момант напісання гэтай кнігі, у артыкуле пра русінаў (Rusenai) літоўскай вікіпедыі знаходзіцца тэкст, які паведамляе, што продкі беларусаў амаль не ўплывалі на палітычныя працэсы Літвы да XVI стагоддзя, калі славянскія, паводле паходжання, магнацкія роды ВКЛ выйшлі на лідзіруючыя пазіцыі. Падобныя сцвярджэнні ўсё яшчэ папулярныя ў літоўскай гістарыяграфіі. Іх, аднак, можна лёгка абвергнуць дакументамі.
Яшчэ ў часы Міндоўга адзін з яго ваяводаў, паводле Галіцка-Валынскага летапісу, носіць славянскае па гучанні імя Хвал, хаця варта адзначыць, што імя, тэарэтычна, магло набыць больш славянскую форму дзякуючы славянскім складальнікам хронік.
Аднак без усялякага сумнення Афанасій Канстанцінавіч з Разані, які знаходзіўся ў ліку паплечнiкаў літоўскага манарха, належаў да славян, што яшчэ раз сведчыць на карысць рознай этнічнай прыналежнасці членаў ягонай світы.
Вядома, што продкі беларусаў, наваградскія і пiнскія феадалы, падтрымлівалі Войшалка падчас устанаўлення ягонай улады ў Літве.
ГВЛ апавядае:
«Войшалк, пайшоў з пінчукамі да Навагародка, і адтуль, узяўшы з сабою наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць».
Галіцка-Валынскі летапіс таксама згадвае хрысціянскае хрышчэнне братоў Тройдзеня, які кіраваў Літвой пасля Шварна. Наўрад цi пры такой сур'ёзнай прысутнасці хрысціянскіх валадарооў у жыцці Літвы, улада абыходзілася без славянскіх арыстакратаў, хоць скупасць крыніц абцяжарвае рэканструкцыю этнічнай карціны верхняга эшалона эліты ВКЛ, якое шчэ толькi зараджалася.
У часы Гедыміна яго найбольш адораным палкаводцам быў русінскі князь, вядомы як Давыд Гарадзенскі. Традыцыйная, але надзвычай слаба абгрунтаваная версія, прыпісвае Давыду паходжанне ад пскоўскага князя Даўмонта, хоць больш верагодна, што ён быў нашчадкам гродзенскіх князёў ці баяраў.
Удзельнымі князямі-васаламі вялікага князя літоўскага працягвалі заставацца хрысціянскія ўладцы, што, як мяркуецца, паходзілі з дынастыі Рурыкавічаў, напрыклад, князь Васіль з Мінска.
Даследчыкі могуць даволі ўпэўнена рэканструяваць склад дзяржаўнай эліты ВКЛ у часы Вітаўта.
У XIV — XV стагоддзях Літвой сапраўды кіруюць шматлікія прадстаўнікі балцкіх родаў, такіх як Манівіды, Гаштольды, Кезгайлы.
Пры гэтым у самым верхнім эшалоне ўлады ВКЛ знаходзіцца Ян Няміра. Гэтага дзяржаўнага дзеяча часта выводзяць ад балцкага продка, хоць аўтару не зразумела чаму феадал, які носіць славянскае па гучанні імя, павінен абавязкова быць балтам, а не паходзіць, напрыклад, ад кагосьці са славян-язычнікаў, якія захавалі веру прадзедаў у мультыканфесійным рэгіёне Панямоння.
Іншы важны паплечнік Вітаўта — Братоша, таксама носіць славянскае імя.
Важным саноўнікам быў пры Вітаўце Ходка Юр'евіч, верагодна, продак магнатаў Хадкевічаў.
Русінскія феадалы традыцыйна працягвалі адыгрываць важную ролю на ўсходніх землях, напрыклад, Фёдар Вясна быў віцебскім намеснікам.
Пералік літоўскіх баяраў, якія падпісалі Гарадзельскую унію, дазваляе рабіць высновы аб этнічным складзе тагачаснага дваранства ВКЛ, хаця тут варта ўлічваць, што многія важныя чальцы палітычнай эліты не ўдзельнічалі ў акце.
Спіс падпісантаў уніі паказвае пераважанне этнічных літоўцаў. Аднак і ў гэтым акце можна бачыць славянскія па гучанні імёны. Гербы ад палякаў атрымалі, у ліку іншых, нейкія Качан, Волчка і феадал з пацешным для сучаснага чытача імем — Канчан Суковіч.
З вышэйпададзеных, пацверджаных дакументамі фактаў, бачна, што продкі беларусаў адыгрывалі прыкметную ролю ў палітычным жыцці краіны на працягу ранніх перыядаў існавання ВКЛ, гэта значыць у XIII, XIV, XV стагоддзях, а не толькі з XVI стагоддзя, як гэта паказана ў непераканаўчых версіях літоўскай гістарыяграфіі.
У XVI стагоддзі палітычную эліту краіны напаўняюць русінскія роды, чаго не адмаўляе нават згаданы раней артыкул літоўскай вікіпедыі. У той перыяд элiта Літвы — магнаты, якія паходзяць з беларускіх земляў, а менавіта: Сапегі, Хадкевічы, Храптовічы, Валовічы, Глебовічы і інш. Адносна рэальных продкаў гэтых вяльможаў вядуцца спрэчкі, але больш новыя генеалагічныя публікацыі кажуць пра іх інцэптабеларускае (прабеларускае) паходжанне.
Тут аўтар, для прыкладу, можа адзначыць выдатную працу літоўскай спецыялісткі Генуты Кіркіене «Korzenie rodu Chodkiewiczow» у якой яна пераканаўча развенчвае старую і абсалютна безгрунтоўную версію паходжання Хадкевічаў ад кіеўскіх баяраў.
Выводзячыя свой радавод ад балцкіх продкаў Радзівілы і Пацы таксама адыгрывалі вядучую ролю ў палітыцы краіны. Пры гэтым прадстаўнікі эліты, зразумела, усяляк змешвалiся, фармуючы своеасаблівую «арыстакратычную сям'ю». Да прыкладу, Тэкля Валовіч даводзілася прабабкай найбагацейшаму магнату Рэчы Паспалітай Міхаілу Радзівілу Рыбаньку і, адпаведна, прапрабабкай «літоўскаму Мюнхгаўзену» Каралю Радзівілу Пане Каханку.
Акрамя продкаў літоўцаў і беларусаў, на пэўных адрэзках існавання ВКЛ, у эліце былі вельмі заўважныя члены польскіх родаў, напрыклад, Патоцкія.
Немалую вагу мелі прадстаўнікі нямецкай арыстакратыі, у прыватнасці: Дэнгафы, Тызенгаўзы і Плятэры.
Некаторыя магутныя славянскія роды, такія як Кішкі і Весялоўскія, выводзіліся з памежжа ВКЛ і Польшчы, і, адпаведна, тут дарэчная дыскусія аб іх этнічнай прыналежнасці.
Іншыя шляхетныя магнаты: Тышкевічы і Пацеі паходзілі з беларуска-украінскага памежжа.
У ВКЛ былі роды татарскага паходжання, дваранства з Маскоўскай Русі, уплывовы італьянскі род Сцыпіё-дэль-Кампа, і нават яўрэйская, паводле паходжання, шляхта.
І ўсё ж менавіта продкі беларусаў і літоўцаў далі Літве найбольшую колькасць уплывовых саноўнікаў.
Варта асобна згадаць найбольш магутных людзей, якія не належацлi да вялікакняскай дынастыі, але ўзнімаліся да ўзроўню фактычных ўладароў ВКЛ.
Велізарным аб'ёмам моцы валодаў, напрыклад, Мікалай Радзівіл Стары, які заклаў падмурак пад магутнасць свайго роду.
Бенедыкт і Казімір Ян Сапегі фактычна з'яўляліся некаранаванымі манархамі падчас гегемоніі іхняга роду ў Княстве, калі прадстаўнікі дома займалі амаль усе ключавыя пасады ў літоўскай частцы Рэчы Паспалітай.
З яшчэ адным «неафіцыйным манархам» звязана вельмі расцягнутая ў часе, займальная гісторыя.
У 1269 годзе нямецкія крыжакі сустрэліся ў бітве з літоўцамі на чале якіх стаяў вялікі князь Тройдзень. Сутыкненне адбылося побач з Ашэрадэнам. Рыцары пацярпелі даволі цяжкае паражэнне. Лівонская рыфмаваная хроніка паведамляе аб стратах, згадваючы, у прыватнасці, цікавага для нас, шляхетнага ваяра:
«Там Тызенгаўзен наш знатны,
Духам чысты і выдатны,
Душа на небе чакае малітвы,
А сам ён злёг у горане бітвы».
Прайшло больш за 480 гадоў і далёкі родзіч загінулага ў барацьбе з Вялікім княствам Літоўскім Тызенгаўзена, падскарбі надворны літоўскі Антоній Тызенгаўз, стаў фактычным намеснікам польскага караля ў Літве, гэта значыць, па сутнасці, уладцам народа, у барацьбе з якім калісьці загінуў яго сваяк.
Вось такая эфектная, іранічная ўсмешка хітраватай дамы-капрызніцы, што мае імя Гісторыя!
Ці праўда, што літоўцы захапілі Наваградак?
Тут аўтар адносна сцісла акрэсліць самыя важкія, на яго погляд, аргументы pro et contra.
Звычайна спрэчкі наконт захопу літоўцамі зямель будучай Беларусі прывязаны менавіта да Міндоўга і гарадоў Панямоння, і перш за ўсё Навагрудка, хаця фарміраванне ВКЛ ішло не адно стагоддзе і ўключала ў сябе мірнае, як можна думаць, далучэнне беларускіх зямель, напрыклад, адыход да вялікіх князёў літоўскіх Віцебскага. княства, які адбыўся, як лічыцца, дзякуючы дынастычнаму шлюбу Альгерда з нейкай віцебскай князёўнай, званай Марыя.
Гаворачы аб часах XIII стагоддзя, можна адзначыць, што Міндоўг, як вядома з дакладнага дакумента, булы Папы Рымскага Аляксандра IV, датаванай 6-м сакавіка 1255 года, захапіў нейкія землі «Рускага каралеўства», якімі, тэарэтычна, маглі быць землі Навагрудка. Гэтыя землі Папа, у сваім пасланні, дазваляў Міндоўгу пакінуць сабе.
Аўтар асабіста перакладаў арыгінальны лацінскі тэкст булы і можа пацвердзіць, што гаворка ішла менавіта аб захопе нейкіх земляў.
Такія звесткі пацвярджаюць не толькі спробы літоўскай экспансіі на Русь, але і некаторыя поспехі літоўскіх феадалаў.
Некаторыя спецыялісты лічаць дакумент Папы неабвержным доказам захопу Навагрудка. То бок у гэтым выпадку «Каралеўствам Русі» нібыта было Галіцка-Валынскае княства, у палітычнай арбіце якога знаходзіліся гарады Панямоння.
Тут, аднак, існуе праблема. Загадкавае «Каралеўства Русі» названа без прывязкі да канкрэтных абласцей.
Вядома, што літоўскі даследчык Артурас Дубоніс бачыць у гэтым «Каралеўстве» Полацкае княства. У сваёй працы «Дзве мадэлі літоўскай экспансіі на Русі (XIII — пачатак XIV стагоддзя)» гісторык піша:
«З Даніілам Міндоўг жыў у мiры, таму пантыфік не мог дабраславіць літоўскую экспансію ў гэтым напрамку. Іншым Рускім каралеўствам, якое апынулася ў цэнтры ўвагі Міндоўга, магло быць толькі Полацкае княства».
Звяртае на сябе ўвагу некалькі наіўнае сцвярджэнне Дубоніса аб тым, што Папа чамусьці павінен быў кіравацца, у сваім зацвярджэнні за Міндоўгам захопленых рускіх земляў, станам перамір'я літоўцаў з Даніілам Галіцкім, хоць галіцка-валынскія князі і Міндоўг бясконца хадзілі па крузе перамір'яў і новых войнаў, а Папу, як вынікае з булы, цікавілі новыя, даступныя для хрысціянізацыі, вобласці, якія межавалi з «Каралеўствам», і менавіта таму ён зацвердзіў захопленыя тэрыторыі за Міндоўгам. У такой сітуацыі патэнцыйнага росту каталіцкага ўплыву, Апостальскую Сталіцу наўрад ці збянтэжыў бы канфлікт Міндоўга і Данііла, для спынення якога, у Папы так цi iнакш не было абсалютна эфектыўных сродкаў. У дадзеным выпадку нам, аднак, важней упэўненасць доктара Артуруса наконт таямнічага «Каралеўства».
Рускі гісторык А. В. Маёраў, у сваёй працы «Первая уния Руси с Римом. Часть 4» таксама вельмі ўпэўнена называе ўладанні Аляксандра Неўскага тымі самымі загадкавымі землямі з булы пантыфіка. У публікацыі Маёрава чытаем:
«Дазвол Папы на захоп рускіх земляў, дадзены літоўскаму каралю ў буле „Catholice fidei cultum“, несумненна, меу на ўвазе землі ў іншай частцы „Рускага каралеўства“ і быў накіраваны супраць іншага ўладара Русі — наўгародскага і ўладзімірскага вялікага князя Аляксандра Неўскага».
Такім чынам, Дубоніс упэўнена называе «Каралеўства» Полацкім княствам, а Маёраў упэўнена гаворыць аб тым, што гэта ўладанні знакамітага Аляксандра Неўскага.
Аўтар гэтых радкоў, падводзячы своеасаблівы вынік пад упэўненымі выказваннямі калегаў, можа тут таксама ўпэўнена заўважыць, што «Каралеўства Русі», як бачна з вышэйпрыведзеных цытат, застаецца прадметам спрэчкі спецыялістаў, і булла Аляксандра IV не можа служыць доказам захопу менавіта Наваградка, хоць нейкія рускія землі літоўскі князь, відаць, сапраўды далучыў з дапамогай ваеннай сілы.
Була Папы, пры гэтым, застаецца, па меркаванні аўтара, найболей важкім, ці, кажучы сціплей, адным з найболей важкіх аргументаў на карысць захопу гарадоў Панямоння.
Што ж, раней даследчыкі не мелі і такога, бо захоп Навагрудка выводзіўся проста на падставе з'яўлення літоўскага нобіля ў славянскім горадзе.
Цяпер трэба звярнуць увагу на аргументы супраць захопу Навагрудка літоўскімі рацямі.
Аўтар хоча, кажучы ў паўжартаўлівым тоне, звярнуцца да «гістарычнай прэзумпцыі нявіннасці», то бок заявіць, што захопу горада не было, пакуль гэты захоп не даказаны.
У прынцыпе, можна было б нават абмежавацца такім падыходам.
Варта адзначыць, што зацяганае ў гістарычнай літаратуры сцвярджэнне аб запрашэнні наваградскім баярствам Міндоўга да сябе на княжанне не мае ўвогуле ніякай асновы ў пэўных дакументах. Гэта добры прыклад пераходу звычайнай хісткай гіпотэзы ў разрад фактаў, гэта значыць узор гістарычнага міфа.
Аднак у якасці аргумента на карысць добраахвотнага аб'яднання тут дарэчы згадаць некаторыя дакладныя летапісныя звесткі.
Вядома, што адным з важкіх аргументаў на карысць добраахвотнага прыняцця балцкага ўладара-паганца ў славянскім горадзе можа служыць хрышчэнне манарха. Справа ў тым, што гісторыкам вядомая сітуацыя, у якой хрышчэнне было звязана з мірным прыняццем літоўскага князя, і яна выдатна задакументавана ў пэўных крыніцах. Гаворка, зразумела, аб хрышчэнні забойцы Міндоўга, пскоўскага князя Даўмонта, які прыняў хрысціянскую веру і выдатна служыў ўзяўшым яго да сябе пскавічам, пакінуўшы аб сабе добрую памяць. Добрую настолькі, што былы язычнік нават быў кананізаваны і стаў святым рускай праваслаўнай царквы.
Таму не дзіўна, што праваслаўнае хрышчэнне Міндоўга, малюючы аналогію з выпадкам Даўмонта, дазваляла б падмацаваць версію аб мірным з'яўленні балцкага князя ў Навагрудку.
І летапіснае пасведчанне аб хрышчэнні Міндоўга сапраўды ёсць.
Густынскі летапіс паведамляе, што ў 6754, то бок, паводле сучаснага падлiку, 1246 годзе:
«Вялікі князь літоўскі Міндоўг прыняў веру хрысціянскую ад усходу, з многімі сваімі баярамі».
Такім чынам, балцкі нобіль прыняў усходняе хрысціянства (праваслаўе) ды яшчэ і са шматлікімі баярамі, што выразна сведчыць на карысць палітычнай матывацыі такога кроку.
Здавалася б, вось выдатнае сведчанне на карысць добраахвотнага прыняцця свайго па веры князя ў Навагародскай зямлі. Праблема тут у крыніцы гэтых звестак. Густынскі летапіс з'яўляецца познім дакументам. Да таго ж, інфармацыя аб праваслаўным хрышчэнні Міндоўга не пацвярджаецца надзейнымі крыніцамі. Усё гэта прыводзіць да таго, што большасць даследчыкаў, не без падстаў, адмаўляе зараз хрышчэнне 1246 года.
Але аўтар хоча дастаць з рукава джокер і злёгку знерваваць прыхільнікаў тэорыі захопу Навагрудка. Для гэтага трэба звярнуцца да пэўнага Галіцка-Валынскага летапісу. У iм можна прачытаць наступныя радкі:
«Войшалк пачаў княжыць у Навагародку, і знаходзячыся ў паганстве пачаў праліваць шмат крыві. Забіваў ён кожны дзень трох-чатырох чалавек. А калі ў нейкі дзень нікога не заб'е, вельмі засмучаўся. Калі ж заб'е каго, тады весяліцца. Потым увайшоў страх Божы ў яго сэрца, і ён думаў, жадаючы прыняць святое хрышчэнне. І хрысціўся тут жа ў Навагародку, і стаў хрысціянінам».
Томас Баранаўскас, у сваёй працы «Навагрудак у XIII стагоддзі: гісторыя і міф», піша, што прыведзены вышэй тэкст ГВЛ «адлюстроўвае гвалтоўнае ўкняжанне Вайшалгаса ў Навагрудку, за якім ішлі жорсткія рэпрэсіі».
Аўтар ужо завочна апаніраваў літоўскаму спецыялісту, паказваючы на тое, што пра паходжанне нібыта рэпрэсаваных нічога не сказана, і не зразумела чаму яны павінны быць няшчасным мірным насельніцтвам Навагрудка (а менавіта да такога разумення падштурхоўвае праца Томаса), а не палітычнымі супернікамі літоўскага паходжання, ці палоннымі валынцамі, ці, да прыкладу, татарамі.
Але ў кантэксце важней іншае. Звярніце ўвагу на сутнасць дакладнага паведамлення летапісу.
«І хрысціўся тут жа ў Навагародку, і стаў хрысціянінам».
Гэтыя дадзеныя і з'яўляюцца той самай жаданай інфармацыяй аб хрышчэнні князя-язычніка падчас праўлення ў старажытнарускім горадзе.
Адхіліўшыся ад прыцягнутых за вушы рэпрэсій і нейкага катарсісу, якім летапісец тлумачыць жаданне ўладцы хрысціцца, можна вылучыць менавіта інфармацыю аб прыняцці Войшалкам хрысціянства. Хрост валадара, безумоўна, сведчыць тут на карысць добраахвотнага прыняцця мясцовым насельніцтвам балцкага князя.
Праўда, паводле летапісу, хрышчэнне адбываецца пазней пачатку княжання, але гэта, на думку аўтара, ніяк не мяняе сутнасці: князь-язычнік быў ахрышчаны падчас кіравання ў хрысціянскім горадзе, прыкладна гэтак жа, як гэта адбылося ў выпадку Даўмонта Пскоўскага.
У такім кантэксце мае значэнне і дакладная інфармацыя ГВЛ аб падтрымцы Войшалка наваградцамі, калі той «узяўшы з сабою наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць». Як бачна, жыхары Наваградка, з'яўляючыся ахвярамі рэпрэсій, пра якія пісаў Баранаўскас, чамусьці падтрымліваюць Войшалка. Ці не гаворыць гэта пра тое, што ніякіх рэпрэсій не было, а якраз наадварот: хрышчоны дзеля кіравання ў Наваградку Войшалк, стаў для славянскіх жыхароў рэгіёна сваім князем, такім, якім быў для пскавічоў літоўскі перабежчык Даўмонт.
Зразумела, паведамленне летапісу падштурхоўвае да таго, каб бачыць у хрышчэнні навагародскага валадара палітычны акт, а не проста спантаннае дзеянне. Войшалк, як вынікае з дакументаў, быў актыўным і не пазбаўленым разважлiвасці, палітычным і ваенным дзеячом — сынам свайго бацькі, хітрага і паспяховага тактыка. І таму рашэньні князя варта асэнсаваць з пазіцый палітычнага прагматызму.
Верагодна, зрэшты, што сама палітычная канцэпцыя магла быць вызначана Міндоўгам. У рамках такой сістэмы вярхоўны ўладар заставаўся паганцам (Міндоўг быў ім, нават фармальна прыняўшы каталіцызм), а яго блізкія сваякі, што валадарылi ў найважнейшых славянскіх гарадах, прымалі ўсходняе хрысціянства. Гэтая сiстэма тлумачыць хрысціянскае хрышчэнне братоў Тройдзеня. Яе можна бачыць i ў часы Гедыміна, калі яго сыны прымалі хрысціянства і кіравалі ў хрысціянскіх удзелах. Зразумела, тут можна ўказаць і на выключэнні з правілаў, як, напрыклад, паганства віцебскага князя Альгерда, якое, зрэшты, аспрэчваецца на падставе некаторых дакументаў, у прыватнасці, Сінодыка Кіева-Пячэрскай лаўры і гандлёвай дамовы Гедыміна з Лівонскім Ордэнам ад 1 лістапада 1338 года.
У фінале дадзенай главы аўтар хоча падкрэсліць, што значэнне недаказанага захопу Навагрудка ў любым выпадку перабольшана. Тэарэтычна, гэты захоп мог мець месца, але стаўленьне да яго мясцовага насельніцтва ўсё роўна можа служыць прадметам дыскусіі. Цікавасць да недаказанага захопу абумоўлена, відавочна, жаданнем адказаць на пытанне чыёй дзяржавай было ВКЛ.
Аднак сутычкі феадалаў на ранніх этапах станаўлення дзяржавы, вядома ж, не вызначаюць, самі па сабе, нацыянальны характар поліэтнічнай дзяржавы, які залежыць ад палітычнай і культурнай ролі таго ці іншага этнасу.
Спалучэнне культурнай дамінацыі продкаў беларусаў з іх палітычнай суб'ектнасцю дазваляюць цяперашнім беларусам лічыць спадчыну ВКЛ сваёй, незалежна ад абставін экспансіі балцкіх нобіляў XIII стагоддзя.
Ці праўда, што кіруючая дынастыя Літвы паходзіла ад полацкіх князёў?
Адкрыўшы Уваскрэсенскі летапіс XVI стагоддзя можна прачытаць наступныя радкі:
«Княжылі Рагвалодавічы ў Полацку, і напаў на іх Мсціслаў Уладзіміравіч Манамах, і Полацк узяў, а Рагвалодавічы збеглі ў Царград. А Літва ў той час давала даніну князям Полацкім, але кіравалі ёй свае гетманы… Вільняне ўзялі сабе з Царграда дзяцей князя полацкага Расціслава Рагвалодавіча, князя Давіла і яго брата, князя Маўкольда… А ў князя Маўкольда сын, князь Міндоўг».
Падобная версія паходжання кіруючай дынастыі ВКЛ падабалася Мікалаю Ермаловічу, але нават гэты беларускі гісторык-рамантык, які не заўсёды прытрымліваўся правілаў строгай навуковай працы, адзначыў нетыповыя для полацкіх князёў імёны царградскіх Рагвалодавічаў.
Цяпер дадзеныя позняга Уваскрасенскага летапісу, якія тычацца продкаў Міндоўга, могуць часам падтрымліваць маргінальныя гісторыкі-аматары.
У надзейных крыніцах князь Расціслаў Рагвалодавіч не з'яўляецца. І тым больш міфічнымі фігурамі выглядаюць яго дзеці, якія носяць невядомыя ў полацкіх Ізяславічаў імёны.
У сувязі з гэтым у акадэмічным дыскурсе полацкія карані адзінага караля Літвы амаль заўсёды фiгуруюць як легенда, створаная летапісцамі дзеля абслугоўвання прэтэнзій расійскіх цароў на землі Вялікага княства Літоўскага.
Ці праўда, што ўладары Літвы паходзілі ад рымскага перабежчыка Палямона?
Нейкі шляхетны рымлянін — Палямон, паводле легенды, адправіўся ў рэгіён ракі Нёман, дзе і пасяліўся са сваімі таварышамі, знайшоўшы высокія горы, дубровы і мноства дзічыны. Вядома, Палямону спадабалася такая багатая зямля, і «рымляне» засталіся тамака жыць назаўжды.
Такія звесткі змяшчаюцца ў «Хроніцы Быхаўца».
Стваральнікам, (а часам толькі папулярызатарам) «рымскай версіі», лічаць польскага гісторыка Мацея Стрыйкоўскага, які працаваў у XVI стагоддзі. Акрамя таго, мяркуецца, што аснову легенды заклаў яшчэ польскі храніст XV стагоддзя Ян Длугаш, які адзначаў падабенства літоўцаў з італьянцамі.
Цікавы ў дадзеным кантэксце «расійскі адказ Галівуду», гэта значыць аналагічная легенда, створаная як частка ідэалогіі маскоўскіх уладароў.
У лісце цара Івана Грознага да вайсковага дзеяча ВКЛ Аляксандра Іванавіча Палубінскага змяшчаецца дастаткова падрабязны пераказ маскоўскай легенды:
«Аўгуст, кесар рымскі, валодаючы ўсім сусветам, паставіў сюды брата свайго Пруса, які ўжо быў згаданы. Далонню і літасцю жывапачатковай Тройцы стварылася царства ў Русіі: у чатырнаццатым калене ад Пруса прыйшоў Рурык, стаў княжыць у Русіі і Ноўгарадзе, і сам назваўся вялікім князем і горад Вялікім Ноўгарадам нарок».
Далей пісар Грознага даводзіць апавяданне да самога Івана, паведамляючы пра яго «трыманне скіпетрам Расійскага царства».
Як можна бачыць, маскоўская легенда з'яўлялася вельмі блізкім аналагам літоўскай легенды аб Палямоне.
Але гэта яшчэ не ўсе цікавыя радкі ў лісце цара да Палубінскага. Варта ўдакладніць, што літоўскі князь выдатна дапякаў сваімі ваеннымі поспехамі царскім ваяводам падчас Лівонскай вайны. Зразумела, гэта выклікала гнеў цара, які ў своеасаблівай манеры, як бы дэманструючай яго шызоіднае расшчапленне псіхікі, адначасова ўсхваляў літоўскага вяльможу і абражаў яго. У подпісы царскага паслання Палубінскі названы «добрым дваранінам», а крыху далей «блазнам».
Але асабліва цікавы водгук расійскага манарха на легенду аб Палямоне. У сваім лісце князь Аляксандр, род якога нібыта ішоў ад Гедыміна, відаць, так ці інакш пахваліўся цару сваім паходжаннем. Ці не таму Іван Васільевіч надаў так шмат увагі легендзе аб сваёй сувязі са старажытнымі ўладцамі Рыма? На генеалагічную легенду Палубінскага цар даў максімальна з'едлівы адказ, бліснуўшы каламбурам.
«А запісваеш сябе Палямонава роду, хоць ты паўразумава роду (у арыгінале: полоумова. Заўв. Я.А.), таму што прыйшоў кіраваць дзяржавай, а ўтрымаць не здолеў, сам патрапіў у халопы да іншага роду».
У якасці ідэалагічнай асновы прэтэнзій на землі ВКЛ, рускім царам было карыснае паходжанне літоўскіх князёў ад міфічнага Маўкольда з дынастыі Рурыкавічаў, але, як можна бачыць, цар не стаў прама аспрэчваць тое, што Палубінскі нашчадак Палямона.
Не абмежаваўшыся адным ударам па гонару спадчынніка рымлян, Грозны зноў укалоў ненавіснага князя ў іншых радках ліста, паўтарыўшы думку аб прыслугоўванні спадчыннікаў Палямона:
«А з гэтай граматай мы паслалі да цябе ваяводу свайго, князя Цімафея Раманавіча Трубяцкога, сына Сямёна, Івана, Юрыя, Міхаіла, князя Дзмітрыя, сына вялікага князя Альгерда, у якога твае продкі Палямонава роду служылі».
Відаць, «вялікі гасудар, цар і вялікі князь усяе Русіі» выйшаў такi пераможцам са спаборніцтва ў дасціпнасці. Затое літоўскі князь і іншыя ваеначальнікі ВКЛ засталіся пераможцамі на полі бою… Іван Грозны прайграў Лівонскую вайну.
Бесплатный фрагмент закончился.
Купите книгу, чтобы продолжить чтение.